НАДНЫ́РАЧНАЯ ЗАЛО́ЗА,

парны эндакрынны орган вышэйшых пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны над ныркамі. Складаецца з вонкавага коркавага (кара) і ўнутр. мазгавога рэчываў, укрыта капсулай. У кары Н.з. вылучаюць 3 зоны: клубочкавую, пучковую і сеткавую, якія адрозніваюцца будовай і функцыяй. Клеткі кары Н.з. сакратуюць гармоны кортыкастэроіды (гідракартызон, альдастэрон, кортыкастэрон і інш.), якія маюць высокую біял. актыўнасць, рэгулююць мінер. абмен у арганізме, абмен вугляводаў, бялкоў, тлушчаў, таксама сінтэзуюць і выдзяляюць палавыя гармоны андрагены і эстрагены. Клеткі мазгавога рэчыва Н.з. сакратуюць адрэналін і норадрэналін, якія стымулююць абмен рэчываў у арганізме, рэгулююць артэрыяльны ціск, частату сэрцабіцця і інш. Гармоны Н.з. адыгрываюць значную ролю ў працэсах адаптацыі арганізма да неспрыяльных умоў, забяспечваюць выжыванне яго пры стрэсах.

А.​А.​Арцішэўскі.

т. 11, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭФЕДРЫ́Н,

арганічнае рэчыва з групы алкалоідаў, якое атрымліваюць з розных відаў эфедры; лек. сродак, што ўзбуджае ц. н. с. Ужываюць Э. гідрахларыд.

Бясколерныя ігольчастыя крышталі або белы крышт. парашок. Прыродны Э. — L-ізамер, сінт. — рацэмат. Горкага смаку, без паху, растваральны ў вадзе, мал. м. 201.7, tпл 216—220 °C. Па дзеянні блізкі да адрэналіну (павялічвае сілу і частату сардэчных скарачэнняў, павышае артэрыяльны ціск, расшырае бронхі і інш.), але эфект Э. развіваецца больш павольна і захоўваецца працяглы час. У адрозненне ад адрэналіну мацней узбуджае ц. н. с. і не разбураецца пры прыёме ўнутр. Часткова дэзамінуецца ў печані, каля 40% выводзіцца ў нязменным выглядзе з мачой. Ужываюць пры рыніце. артэрыяльнай гіпатаніі. алергічных працэсах і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 18, кн. 1, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛІНАМІМЕ́ТЫКІ (ад халін + грэч. mimētikos узнаўляльны, які можа пераймаць),

лекавыя сродкі, прыродныя і сінт. рэчывы. Адрозніваюць Х. прамыя і непрамыя. Прамыя ўзбуджаюць халінарэцэптары клетак арганізма, на якія ўздзейнічае ацэтылхалін. Яны падзяляюцца на 3 групы: м-Х. (мускарын, які ўтрымліваецца ў мухаморах, пілакарпін і інш.), н-Х. (нікацін, лабелін, анабазін і інш.) і м-н-Х. (ацэтылхалін, карбахалін). Да непрамых Х. адносяцца антыхалінэстэразныя сродкі (празерпін, фізастыгмін, галантамін).

М-Х. выклікаюць звужэнне зрэнкі, зніжэнне ўнутрывочнага ціску, брадыкардыю і інш. Н-Х. актывуюць сімпатычную нерв. сістэму. узмацняюць вылучэнне адрэналіну з наднырачнікаў, павышаюць артэрыяльны ціск. рэфлекторна ўзбуджаюць дыханне і інш. Пры дзеянні м-н-Х. пераважаюць эфекты м-Х. Выкарыстоўваюцца пры лячэнні глаўкомы. для прафілактыкі і ліквідацыі атаніі кішэчніка і мачавога пузыра, пры атручэнні халіналітыкамі і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ангіятэнзі́н

(ад ангія- + лац. tensus + напружаны)

біялагічна актыўнае рэчыва, якое ўтвараецца ў крыві жывёл і чалавека і рэгулюе артэрыяльны ціск, водна-солевы абмен, стымулюе сакрэцыю гармонаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

НЫ́РАЧНАЯ НЕДАСТАТКО́ВАСЦЬ,

паталагічны стан, пры якім ныркі часткова ці цалкам страчваюць здольнасць падтрымліваць пастаянства хім. саставу ўнутр. асяроддзя арганізма. У выніку парушаюцца водна-электралітны баланс, кіслотна-шчолачная раўнавага, затрымліваецца выдаленне з арганізма прадуктаў азоцістага абмену. Устойлівая Н.н. (на 70% і больш) вядзе да самаатручэння. Бывае вострая і хранічная. Прычыны вострай Н.н. — шок, цяжкае абязводжванне арганізма і страта солей, атручэнне ртуццю, некат. лек. прэпаратамі і інш. Пры вострай Н.н. рэзка скарачаецца выдаленне мачы, узнікае смага, задышка, ірвота, мышачныя сутаргі. Хранічная Н.н. абумоўлена хранічнымі захворваннямі нырак і іх пашкоджаннямі пры хваробах абмену рэчываў (напр., цукр. дыябеце), некат. хваробах крыві і інш. У хворых на хранічную Н.н. скура шэра-жоўтага колеру, павышаны артэрыяльны ціск, у цяжкіх выпадках вял. ацёкі, кома. Лячэнне: дыета, тэрапеўт., ачышчэнне крыві (напр., гемадыяліз), у канчатковай стадыі хранічнай Н.н. — перасадка ныркі.

В.​С.​Пілатовіч.

т. 11, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛА́ПС (лац. collapsus аслабелы, знясілены) у медыцыне, вострая сасудзістая недастатковасць. Характарызуецца зніжэннем сасудзістага тонусу і аб’ёму цыркулюючай крыві. Пры гэтым памяншаецца прыток вянознай крыві да сэрца, зніжаецца сардэчны выкід, паніжаецца артэрыяльны і вянозны ціск, парушаецца перфузія тканак і абмен рэчываў, узнікае гіпаксія галаўнога мозга, прыгнечваюцца жыццёва важныя функцыі. Прычыны ўзнікнення К.: уздзеянне інфекц., таксічных, фіз., алергічных і інш. фактараў на сасудзістую сценку, сасударухальны цэнтр, сасудзістыя рэцэптары, памяншэнне масы цыркулюючай крыві (напр., пры вял. страце крыві і плазмы), глыбокі наркоз, недастатковасць наднырачнікаў, хваробы сэрца (інфаркт міякарда, парушэнне сардэчнага рытму і інш.), тромбаэмбалія лёгачных артэрый, хуткі пераход з гарыз. становішча ў верт., доўгі пасцельны рэжым, калі чалавек доўга стаіць і інш. Прыкметы: раптоўная слабасць, бледнасць скуры і слізістых абалонак, халодны пот, прыгнечаны, затарможаны стан, часты пульс, галавакружэнне; прытомнасць звычайна не траціцца (гэтым К. адрозніваецца ад непрытомнасці). Лячэнне: аксігенатэрапія, лякарствы для стымулявання кровазвароту і дыхання.

М.​А.​Скеп’ян.

т. 7, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)