у старажытнагрэчаскай міфалогіі і паэме «Іліяда» траянскі царэвіч, сын цара Прыяма і Гекубы. У спрэчцы Афрадыты з Герай і Афінай за званне прыгажуні прысудзіў перамогу Афрадыце. За гэта Афрадыта дапамагла яму выкрасці прыгажуню Алену, жонку спартанскага цара Менелая, што стала прычынай Траянскай вайны. У канцы вайны П. з дапамогай Апалона забіў грэч. героя Ахіла, але і сам загінуў. Вобраз П., асабліва сюжэт «суд П.», карысталіся папулярнасцю ў мастакоў і скульптараў (Л.Кранах Старэйшы, П.П.Рубенс, А.Канова і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКЛЕ́ПІЙ,
у грэчаскай міфалогіі бог лячэння, сын Апалона і німфы Караніды. Уменню лячыць навучыўся ў кентаўра Хірона. Калі Асклепій наважыўся ўваскрашаць памерлых, Зеўс забіў яго маланкай. Асклепія ўяўлялі ў вобразе барадатага мужчыны ў доўгім плашчы, які абапіраўся на абвіты змяёй кій. Асклепій быў асабліва папулярны ў г. Эпідаўр; найб. вядомыя свяцілішчы Асклепія на в-ве Кос, у г. Пергам, пры іх існавалі мед. школы. Яму прысвячалі рэльефы на свяцілішчах, яго выявы былі на гемах і манетах. У рым. міфалогіі Асклепію адпавядае Эскулап.
Асклепій. Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРНА́С (Parnasos),
горны масіў у Грэцыі, на Пн ад Карынфскага зал. Выш. 2457 м. Складзены з вапнякоў, вяршыня скалістая. Да выш. 1000 м укрыты міжземнаморскімі хмызнякамі і хваёвымі лясамі. Каля падножжа П. — стараж.-грэч.г. Дэльфы, археал. запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны; рэшткі помнікаў архітэктуры 7 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. Паводле стараж.-грэч. міфалогіі П. — месцазнаходжанне Апалона і муз; у пераносным значэнні — садружнасць паэтаў, парнаскія кветкі — вершы, парнаскія сёстры — музы. Адсюль выраз «Узысці на П.»: дасягнуць сапр. поспеху і прызнання ў л-ры і мастацтве. Арх. музей. Нац. парк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕЎС,
у грэч. міфалогіі вярхоўны бог, уладар багоў і людзей. Месцам знаходжання З. лічыўся Алімп. Яго атрыбутамі былі эгіда (шчыт), скіпетр і арол. Першапачаткова З. — бог маланкі, грому і дажджу, пазней аб’яднаў рысы інш. багоў. Паводле міфаў, З., малодшы сын Кронаса і Рэі, брат і муж Геры, пасля перамогі над бацькам, тытанамі і гігантамі пачаў правіць светам разам з братамі Пасейдонам і Аідам. З. — бацька многіх багоў і багінь, у т. л.Апалона, Арэса, Дыяніса, Афіны, Афрадыты, герояў Геракла, Персея і інш. У Рыме культ З. зліўся з культам Юпітэра.
Зеўс (Зеўс Атрыколі). Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФСКІ О́РДЭР,
адзін з трох асн. грэчаскіх арх.ордэраў. Склаўся ў 2-й пал. 5 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі (карынфская калона ў храме Апалона ў Басах на Пелапанесе, каля 430 да н.э.) як больш насычаны дэкорам варыянт іанічнага ордэра. Вызначаецца высокай капітэллю, упрыгожанай стылізаванымі лістамі аканта і завіткамі; мадульёны або больш развітыя кансолі пад увянчальнай плітой карніза замяняюцца дэнтыкуламі або выкарыстоўваюцца ў спалучэнні з імі. Ад інш. ордэраў адрозніваецца большай лёгкасцю прапорцый, насычанасцю дэкорам. Атрымаў пашырэнне ў архітэктуры элінізму і асабліва Стараж. Рыма. На Беларусі быў пашыраны ў архітэктуры класіцызму з характэрнай для бел. дойлідства гладкай паверхняй ствала калоны. Выкарыстоўваўся ў архітэктуры 1950-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСІСТРА́Т (Peisistratos; каля 600—527 да н.э.),
афінскі тыран у 560—527 да н.э. (з перапынкамі). Вызначыўся перамогамі ў 565 да н.э. ў вайне з Мегарай. Праводзіў палітыку ў інтарэсах сялян і гандл.-рамесніцкага насельніцтва; раздаваў сял. беднаце канфіскаваную ў эўпатрыдаў зямлю, арганізаваў дзярж. крэдыт на льготных умовах, увёў дзярж. дапамогу інвалідам вайны. Пры П. ўмацаваліся гандл. сувязі Афін з Фракіяй і Прычарнамор’ем, агульнадзярж. значэнне набылі культы Дэметры і Дыяніса; у Афінах пабудаваны храмы Афіны Палады і Апалона Піфейскага на Акропалі, новы рынак, водаправод, якім карысталіся да 18 ст., працягвалася будаўніцтва гавані Пірэй; былі запісаны і адрэдагаваны паэмы Гамера. З імем П. звязана ўзнікненне першага ў Грэцыі тэатра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭМІ́ДА,
у грэчаскай міфалогіі багіня, дачка Зеўса і Леты, сястра-блізніца Апалона. Спачатку Артэміда — апякунка жывёл і палявання, багіня месяца, пазней — заступніца шлюбу і дзетанараджэння. Яе ўяўлялі прыгажуняй у доўгім адзенні з паўмесяцам на галаве, з факелам ці з лукам і стрэламі ў руках. Лічылі, што нарадзілася Артэміда на в-ве Дэлас. Найб. вядомыя свяцілішчы Артэміды на п-ве Атыка і ў г. Эфес. У Эфесе быў храм Артэміды, прылічаны грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету (спалены ў 356 да н.э. Герастратам). У рым. міфалогіі вядома як Дыяна. Міф пра Артэміду натхніў ант. скульптараў Праксіцеля, Леахара, грэч. вазапісцаў, пазней — Тыцыяна, П.П.Рубенса, Рэмбранта, пісьменнікаў Дж.Бакачыо, Г.Гейнэ і інш.
Да арт.Артэміда. Артэміда Версальская. Скульпт. Леахар. Канец 4 ст. да н.э. Рымская копія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭ́НА (грэч. Kyrēnē),
старажытны горад у Паўн. Афрыцы (цяпер г. Шахат, Лівія). Засн. каля 630 да н.э.грэч. каланістамі з в-ва Фера. Да 460 да н.э. правіла царская дынастыя, потым усталявалася рабаўладальніцкая дэмакратыя. Каля 331 да н.э. заваявана Аляксандрам Македонскім, з 322 у складзе дзяржавы Пталамеяў, з 96 да н.э. пад уладай Рыма. Адзін з гандл. і культ. цэнтраў антычнасці. Пасля ліквідацыі паўстання іудзеяў (117 н.э.) заняпала. У 7 ст. зруйнавана арабамі. У выніку археал. раскопак (вядуцца з пач. 20 ст.) адкрыты рэшткі ант. помнікаў: комплексаў акропаля, Капітолія, Цэзарэума і Агары; храмаў Апалона (канец 7 ст. да н.э.), Артэміды (6 ст. да н.э.), вялікіх і малых тэрмаў (1—2 ст.), тэатра, а таксама каменная скульптура, керамічныя вырабы і інш. У К. нарадзіўся стараж.-грэч. філосаф Арыстып.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛО́СКІ САЮЗ, Першы афінскі марскі саюз,
аб’яднанне стараж.-грэч. полісаў узбярэжжа і а-воў Эгейскага м. Створаны каля 478 да н.э. пад гегемоніяй Афін. Узнік у перыяд грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. для барацьбы супраць перс.Ахеменідаў дзяржавы. Сходы саюза праходзілі на в-ве Дэлас (адсюль назва) у свяцілішчы Апалона, дзе да 454 да н.э. захоўвалася саюзная казна. Фармальна гэта быў саюз незалежных і раўнапраўных полісаў, але яго справы фактычна вялі афіняне. Паступова Д.с. ператварыўся ў Афінскую марскую дзяржаву. У эпоху росквіту ў яго ўваходзіла да 200 гарадоў. Спробы саюзнікаў выйсці з-пад афінскай апекі жорстка караліся. У Пелапанескую вайну 431—404 да н.э. пачаўся распад Д.с., у 404 пасля паражэння ў вайне па патрабаванні спартанцаў і іх саюзнікаў саюз распушчаны. Адноўлены ў 378—377 да н.э. як Другі афінскі марскі саюз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РШТЫН ((Morsztyn) Збігнеў) (каля 1628, Польшча — 13.12.1689),
польскі паэт і перакладчык. З 1646 служыў у Радзівілаў на Беларусі і Літве. За ўдзел у ваен. паходах атрымаў пасаду мазырскага мечніка (1657). Сябраваў з жыхарамі Слуцка — мемуарыстам С.Незабітоўскім і выдаўцом К.Клакоцкім. У паэме «Слаўная перамога над туркамі...» (1674), якая была двойчы выдадзена ў Слуцку, ушанаваў памяць удзельнікаў бітвы пры Хаціне (1674). Там жа надрукаваны яго верш на смерць Клакоцкага (1675). Аўтар вершаванага цыкла «Эмблемы» (1678—80), прысвечанага князёўне К.Радзівіл, паэт.зб. «Хатняя Муза» (увайшлі вершы 1675—83), паэмы «Песня ў прыгнёце» (1671), элегій «Жалобныя плачы Апалона з музамі» (1682). У яго паэзіі адбіліся рысы барока, у ёй гучыць заклік да рэліг. цярпімасці, асуджэнне амаральнасці магнатаў.
Тв.:
Muza domowa. Т. 1—2. Warszawa, 1954;
Wybór wierszy. Wrocław, 1975.
Літ.:
Pelc J. Zbigniew Morsztyn, arianin i poeta. Wrocław, 1966;
Яго ж Zbigniew Morsztyn na tle poezji polskiej XVII w. Warszawa, 1973.