Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР НЕ́ЎСКІ (каля 1200 — 14.11.1263),
князь наўгародскі [1236—51], вял. князь уладзімірскі (з 1252). Праводзіў палітыку абароны паўн.-зах. зямель Русі ад шведаў, якіх разбіў у Неўскай бітве 1240, пасля чаго стаў звацца Неўскім. Выйграў бітву супраць крыжаносцаў у Лядовым пабоішчы 1242. Імкнуўся ўстанавіць мірныя адносіны з Залатой Ардой. Маючы на мэце аб’яднанне сіл у барацьбе са шведска-ням. экспансіяй, падтрымліваў цесныя сувязі з Полацкам. У 1239 ажаніўся з Аляксандрай, дачкой полацкага князя Брачыслава Васількавіча. На адной з пячатак князя была выява конніка, якая нагадвала герб «Пагоня». Пасля смерці кананізаваны правасл. царквой. У Расіі з 1725 і ў СССР з 1942 быў уведзены ваенны ордэн Аляксандра Неўскага.
Аляксандр Неўскі. Цэнтральная частка трыпціха П.Дз.Корына. 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР ДО́БРЫ (? — 1432),
малдаўскі гаспадар (правіцель) у 1400—32. Рэарганізаваў войска, фінансы, упарадкаваў судаводства, праз раздачу гандл. прывілеяў купцам спрыяў развіццю гарадоў. Заваяваў порт Кілію ў вусці Дуная, у 1410 і 1422 аказаў ваен. дапамогу Польшчы ў войнах з тэўтонцамі. Садзейнічаў цэнтралізацыі і ўмацаванню незалежнасці Малдаўскага княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР МАКЕДО́НСКІ, Аляксандр III Вялікі (Alexandros ho Megas; 21.7.356 да н.э., г. Пела — 10.6.323 да н.э.),
цар Македоніі [336—323], славуты палкаводзец і дзярж. дзеяч стараж. свету. Сын Філіпа II. Выхавальнікам яго быў Арыстоцель. Упершыню вызначыўся ў бітве пры Херанеі (338). У 336—335 расправіўся з прэтэндэнтамі на трон і аднавіў макед. панаванне ў Грэцыі. У 334 — пач. 327, каб пераадолець эканам. і сац. крызіс грэч. гарадоў-дзяржаў (полісаў), здзейсніў паходы супраць перс. дзяржавы. Пасля перамог на р. Гранік (334), пры Ісе (333), Гаўгамелах (331) і інш. падпарадкаваў сабе царства Ахеменідаў, захапіўшы велізарныя багацці. У 329—328 заваяваў Сярэднюю Азію. З вясны 327 да 325 ажыццявіў інд. паход, заняў Пенджаб (бітва каля р. Гідасп у 326), імкнуўся дасягнуць даліны р. Ганг, але, змушаны войскам, вярнуўся ў заваяваны раней Вавілон, зрабіў яго сталіцай сваёй дзяржавы. Раптоўна памёр. Паходы Аляксандра Македонскага спрыялі ажыўленню гандл. абмену паміж Усходам і Захадам, станаўленню эліністычнай матэрыяльнай і духоўнай культуры (заснаваны больш за 70 гарадоў, у т. л.Александрыя, Герат, Кандагар). Створаная ім самая вялікая стараж. дзяржава (ад Балкан у Еўропе да Індыі і паўд. граніц Егіпта), пазбаўленая цесных унутр. сувязяў, развалілася пасля яго смерці. На яе тэр. ўзнік шэраг эліністычных дзяржаў.
Літ.:
Шифман И.Ш. Александр Македонский. Л., 1988;
Бойназаров Ф.А. Проблемы традиции и современности: Образ и личность Александра Македонского. М., 1990;
Маринович Л.П. Греки и Александр Македонский: К проблеме кризиса полиса. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР II (? — 1605),
цар Кахетыі [1574—1605]. Пашырыў гандлі. сувязі з краінамі Еўропы і Азіі, умацоўваў цэнтр. ўладу. Для ўмацавання абароны краіны аднаўляў гарады-крэпасці і манастыры, набываў у Маскве зброю, выпісваў пушкароў і збройнікаў. Шукаючы збліжэння з Расіяй, у 1587 прыняў прысягу на вернасць цару Фёдару Іванавічу. Забіты ўласным сынам Канстанцінам па загадзе іран. шаха Абаса.
папа рымскі з 1159. Юрыст і тэолаг, праф. кананічнага права ў Балонні. Папскі легат у Германіі, з 1153 папскі канцлер. Імкнуўся да верхавенства ўлады папства. З гэтай мэтай вёў паспяховую барацьбу з імператарам Фрыдрыхам I Барбаросам з дапамогай Ламбардскай лігі. Асудзіў англ. караля Генрыха II за забойства Т.Бекета (1170) і прымусіў яго прызнаць уладу папаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР III (10.3.1845 — 1.11.1894),
расійскі імператар [1881—94]. З дынастыі Раманавых. Сын Аляксандра II. Наследнікам прастола стаў пасля смерці (1865) старэйшага брата. Прыхільнік інтарэсаў найб. кансерватыўных колаў дваранства і буйных землеўладальнікаў, непахіснай самадзяржаўнай улады (29.4.1881 прыняты адпаведны маніфест). У 1883 у гонар сваёй каранацыі амнісціраваў удзельнікаў паўстання 1863—64. Прымаючы пад увагу тэндэнцыі капіталіст. развіцця краіны, правёў у 1880-я г. рэформы: панізіў выкупныя плацяжы б. прыгонных сялян (1881), часоваабавязаных сялян перавёў на абавязковы выкуп (1883), у еўрап.ч. Расіі адмяніў падушны падатак (1887). З канца 1880-х г. пачаўся перыяд адкрытай рэакцыі і т.зв. контррэформаў: уведзены ін-т земскіх начальнікаў (1889, на Беларусі з 1900), перагледжаны земскія і гарадавыя палажэнні, ліквідавана універсітэцкая аўтаномія, узмацніліся нац. прыгнёт нярускіх народаў, уціск нац. культур, русіфікацыя; па Украіне і Беларусі пракацілася хваля яўр. пагромаў. Знешняя палітыка вызначалася міралюбівасцю. У перыяд яго царавання ў асноўным завершана далучэнне да Рас. імперыі Сярэдняй Азіі (1885), заключаны франка-рус. саюз (1891—93), адносіны з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй пагоршыліся.
Літ.:
Твардовская В.А. Александр III // Российские самодержцы, 1801—1917. М., 1993.