асобная іерархічная карпарацыя прафес. служак культу ў розных рэлігіях, якая выконвае ролю пасрэдніка паміж Богам і вернікамі, ажыццяўляе арганізац., магічна-культавыя дзеянні і прапаведуе веравучэнне пэўнай рэлігіі. Д. сфарміравалася ў стараж. часы на аснове жрэцтва і па сутнасці з’яўляецца прадаўжальнікам яго традыцый. У залежнасці ад свайго становішча і функцыі ў царкве Д. падзяляецца на вышэйшае і ніжэйшае. У некат. рэлігіях прадстаўнікоў вышэйшага Д. шануюць як намеснікаў Бога на зямлі (папа рымскі ў каталіцызме) або як увасабленне бажаства (далай-лама ў ламаізме, кіраўнік секты ісмаілітаў). У шэрагу рэлігій Д. падзяляецца на белае (абслугоўвае прыход, храмы; складаецца з асоб жанатых, што знаходзяцца ў адным шлюбе, неразведзеных) і чорнае (спалучае манаства са свяшчэнніцкім санам, дае зарок бясшлюбнасці, поўнага паслушэнства і г.д.). У першых хрысц. абшчынах Д. не існавала. У 2 ст. склаўся ін-тепіскапаў (кіраўнікоў хрысц. абшчын), у 4 ст. пашырылася манаства, потым на аснове епіскапату ўзнікла папства. Канчаткова ў хрысціянстве Д. сфарміравалася ў 5 ст., пасля таго, як яно стала дзярж. рэлігіяй Рымскай імперыі. У Стараж. Русі, у т. л. і Беларусі, куды хрысціянства прыйшло ў канцы 10—11 ст. з Візантыі, паступова фарміраваліся кадры свяшчэннаслужыцеляў, усталёўвалася выразная царк.-адм. структура, якая складалася з епархій на чале з епіскапамі. Узначальваў іерархію Д. кіеўскі мітрапаліт, што падпарадкоўваўся канстанцінопальскаму патрыярху. У 1448 на чале Рус.правасл. царквы быў пастаўлены мітрапаліт Маскоўскі і ўсяе Русі. У 1589 вышэйшы правасл. іерарх быў пасвячоны ў сан патрыярха. У 14—16 ст. амаль усю тэр. Беларусі ахоплівала Віленскае біскупства (дыяцэз), якое налічвала 259 парафій каталіцкай царквы. Д. тут было прадстаўлена арцыбіскупамі, біскупамі, суфраганамі (памочнікамі біскупаў), плябанамі, вікарыямі і інш. Падобная структура Д. была характэрна і для Беларускай грэка-каталіцкай царквы, якая ўсталявалася ў выніку Брэсцкай уніі 1596. У 1790 у 14 бел. паветах ВКЛ было 143 правасл., 1199 уніяцкіх, 83 рымска-каталіцкія і 16 кальвінісцкіх прыходаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі служылі 104 протаіерэі, 1924 святары, 234 протадыяканы, дыяканы і паддыяканы, 1911 псаломшчыкаў, прычэтнікаў, пеўчых і званароў. З 2-й пал. 16 ст. на Беларусі разгарнула дзейнасць і стварыла свае абшчыны пратэстанцкае Д. — кальвіністы, лютэране, антытрынітарыі. Мячэці мусульм. абшчын, якія таксама дзейнічалі на Беларусі, абслугоўваліся муламі (імамамі) і муэдзінамі (памочнікамі).
Рэліг. жыццё і дзейнасць Д. на Беларусі сталі актыўна адраджацца ў 1990-я г. На пач. 1997 зарэгістравана 37 рэліг. канфесій (афіцыйна дзейнічаюць больш як 20), 2120 рэліг. абшчын. Правасл. епархіі ўзначальваюць 2 архіепіскапы і 8 епіскапаў, кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы з’яўляецца мітрапаліт Мінскі, Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. У благачынных акругах (аб’ядноўваюць 964 прыходы) служаць больш за 900 свяшчэннікаў. Вышэйшую іерархію каталіцкай царквы (аб’ядноўвае 362 прыходы) з 1994 узначальвае мітрапаліт мінскі і магілёўскі Казімір Свёнтак. Дэкан Бел. грэка-каталіцкай царквы (уваходзяць 11 абшчын) Ян Матусевіч. Розныя катэгорыі Д. абслугоўваюць 332 абшчыны Саюза хрысціян веры евангельскай, 37 — адвентыстаў сёмага дня, 14 — сведкаў Іеговы, 33 — старавераў, 22 мусульм. абшчыны, 15 іудзейскіх абшчын і інш. Падрыхтоўкай Д. на Беларусі займаюцца духоўныя навучальныя ўстановы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВА́Н,
мастацкі тэкстыльны выраб, звычайна з шматколерным узорам, прызначаны пераважна для ўпрыгожвання і ўцяплення жылля. Бываюць ворсавыя і бязворсавыя (кілімы, паласы, шпалеры, габелены), маляваныя на тканіне, радзей паперы або цыраце. Вырабляюцца ручным спосабам, з сярэдзіны 19 ст. і машынным з воўны, шоўку, ільну, бавоўны, штучных валокнаў. Маст. асаблівасці вызначаюцца фактурай тканіны, характарам матэрыялу і фарбавальнікаў, фарматам, суадносінамі бардзюра і цэнтра поля Д., характарам і кампазіцыяй арнаменту, колеравым строем.
Найб. раннія Д. выяўлены пры раскопках Пазырыкскіх курганоў Горнага Алтая і датуюцца 5—4 ст. да н.э. Захаваліся звесткі пра Д. ў Асірыі, Вавілоне, Егіпце. З Д. Усходу найб. вядомы іранскія, перс., туркм.. азерб. і інш. У Зах. Еўропе вядомы з 11 ст. (Д. з Баё, Францыя, і інш.). З 16 ст. асаблівае месца займаюць шпалеры (флам., франц., нямецкія), у 17—18 ст. вылучаюцца ворсавыя Д. мануфактуры Саванеры (засн. ў 1624 у Парыжы). У 19 ст. з развіццём фарб. вытворчасці маст. ўзровень рэзка падае і пачынае адраджацца толькі з сярэдзіны 20 ст.
На Беларусі дыванаткацтва мае даўнія традыцыі, нац. характар узораў, кампазіцыі колераў, тэхнікі. Побач з дэкар. посцілкамі ткалі нар. Д., якімі ўпрыгожвалі жылыя памяшканні і інтэр’еры храмаў. Нар. бязворсавыя Д. ткалі ў тэхніцы кіліма, закладання, 2-асноўнай, тыпу габелена (напр., Гродзенскія падвойныя Д.). У розных раёнах мелі сваю традыц. расфарбоўку і арнамент. Ткалі Д. з геам. і раслін. арнаментам, антрапа- і зааморфнымі выявамі. У гарадах і мястэчках ткалі на заказ т. зв. дворскія бязворсавыя Д., блізкія па кампазіцыі да нар., або пераймалі зах.-еўрап. стылі і матывы дэкору. У 18—1-й пал. 19 ст. вылучаюцца вырабы Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур, магнацкіх мануфактур у Нясвіжы, Міры, Карэлічах, Слоніме і інш., якія вызначаліся высокай тэхнікай ткацтва і прыгажосцю. З 19 ст. вядомасць набылі маляваныя Д., ствараліся на аснове багатых традыцый узорыстых тканых Д. і посцілак (творы А.Кіш, Я.Драздовіча і інш.). Маст. вобраз такіх Д. аналагічны творам наіўна-рэаліст. кірунку. Сучасныя нар. майстры вырабляюць і бязворсавыя Д. Ворсавыя Д. машыннага вырабу ствараюцца на прадпрыемствах акц. т-ваў «Віцебскія дываны» і «Дываны Брэста». Гал. кірунак — стварэнне Д. з бел. арнаментам, што адпавядаюць сучаснаму інтэр’еру па стылявым і колеравым вырашэнні. Бел. Д. экспанаваліся на міжнар. выстаўках у Германіі, Італіі, Польшчы, Інданезіі, дзе адзначаны дыпломамі. Вырабы акц.т-ва «Дываны Брэста» ўзнагароджаны брыльянтавай зоркай у Мексіцы (1994) і «Залатой аркай» у Іспаніі (1995).
Літ.:
Трызна Дз.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981;
Maríkowski T. Dawnie tkaniny i hafty w Polsce w XVI—XVIII w. Wrocław, 1954;
Моран А. де. История декоративно-прикладного искусства: От древнейших времен до наших дней: [Пер. с фр.]. М., 1982.
Азербайджанскі дыван «куба». 19 ст.Туркменскі дыван «бешыр». 1900.Персідскі дыван «фараган». 19 ст.Да арт.Дыван. У.Гусеў. Дыван «Арнаментальны». 1979. Брэсцкі дывановы камбінат.Дыван маляваны. А.Кіш. Рай. 1930—40-я г.Да арт.Дыван. Л.Цыбульская. Жакардавы дыван. 1984.Турэцкі дыван «кула». 17 ст.Дыван маляваны з Мядзельскага раёна Мінскай вобл. 1950-я г.