манархічная форма праўлення ў Расіі, пры якой цару (з 1721 імператару) належалі вярх. правы ў заканадаўстве, кіраванні краінай, камандаванні арміяй і флотам. З сярэдзіны 16 ст. ў Расіі складвалася саслоўна-прадстаўнічая манархія: цар правіў разам з Баярскай думай, для вырашэння найважнейшых пытанняў склікаліся Земскія саборы. З канца 17 ст. адбываўся пераход да абсалютнай манархіі (гл.Абсалютызм), якая зацвердзілася ў час праўлення Пятра I [1682—1725, аднаасобна правіў з 1696], Пазіцыі С. аслаблены рэвалюцыяй 1905—07, у ходзе якой была створана заканад.Дзяржаўная дума. У ходзе Лютаўскай рэвалюцыі 1917, пасля адрачэння ад прастола Мікалая II і яго брата Міхаіла Аляксандравіча, С. спыніла існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́КАЎ II (James; 14.10.1633, Лондан — 5.9.1701),
кароль Англіі [1685—88]. З дынастыі Сцюартаў. Сын Карла I, брат Карла II. Імкнуўся аднавіць абсалютызм і яго апору — каталіцкую царкву. У 1685 распусціў парламент і правіў аднаасобна; у 1687 выдаў «Дэкларацыю аб верацярпімасці», якая адкрывала шлях да ператварэння каталіцызму ў дзярж. рэлігію, замяніў на важных дзярж. пасадах прыхільнікаў англіканства католікамі. Палітыка Я. II выклікала кансалідацыю апазіцыйных сіл. Скінуты ў выніку дзярж. перавароту, т.зв. Слаўнай рэвалюцыі (1688—89), якая скончылася перамогай апазіцыі і запрашэннем на прастол Вільгельма Аранскага (гл.Вільгельм III Аранскі). Пасля высадкі Вільгельма ў Англіі Я. II у снеж. 1688 уцёк за мяжу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛЬЕ́ (Meslier) Жан (15.6.1664, Мазерні, Францыя — паміж 28.6 і 6.7.1729),
французскі філосаф, атэіст, заснавальнік рэв. кірунку ў франц. утапічным сацыялізме. Свае погляды выклаў у творы «Завяшчанне», які ў 18 ст. распаўсюджваўся ў рукапісах сярод розных прадстаўнікоў франц. грамадскасці (выд. 1864). У ім М. крытыкаваў рэлігію, сац. няроўнасць, абсалютызм і феад.-прыгонніцкі лад Францыі. Лічыў, што аб’яднанне працоўных і паўстанне супраць прыгнятальнікаў з’яўляецца зыходнай перадумовай пабудовы ідэальнага камуніст. грамадства, заснаванага на сумесным валоданні ўсімі дабротамі і абавязковай для ўсіх працы. У тэорыі пазнання ён зыходзіў з таго, што існуюць вечныя ісціны, якім не патрэбны доказ; яснасць і недвухсэнсавасць ідэй прымаў у якасці крытэрыю ісціны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКА́ЗКІН Сяргей Данілавіч (19.10.1890, г. Новачаркаск Растоўскай вобл., Расія — 14.4.1973),
савецкі гісторык-медыявіст, акадэмік АНСССР (1958). Герой Сац. Працы (1970). Скончыў Маскоўскі ун-т (1915), з 1920 выкладаў у ім (з 1949 заг. кафедры). З 1962 заг. сектара гісторыі сярэдніх вякоў Ін-та гісторыі АНСССР. Асн. працы па праблемах сярэдневяковай гісторыі (агр. адносіны, гісторыя зах.-еўрап. сялянства; ератычныя рухі, абсалютызм, Адраджэнне), гісторыі дыпламатыі і інш. Аўтар і рэдактар падручнікаў для ВНУ па гісторыі сярэдніх вякоў, адзін з аўтараў «Гісторыі дыпламатыі» (т. 1, 1941; 2-е выд., 1959), «Усеагульнай гісторыі» (т. 3—4, 1957—58), «Гісторыі Францыі» (т. 1, 1972). Дзярж. прэмія СССР 1942.
Тв.:
Очерки по истории западноевропейского крестьянства в средние века. М., 1968;
Избранные труды по истории. М., 1973;
Из истории социально-политической и духовной жизни Западной Европы в средние века. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГУСТ II (August) Моцны
(12.5.1670, Дрэздэн — 1.2.1733),
курфюрст саксонскі (Фрыдрых Аўгуст I; 1694—1733), кароль Рэчы Паспалітай [1697—1706, 1709—33]. Сын саксонскага курфюрста Іагана Георга III. Стаў курфюрстам у Саксоніі пасля смерці брата Іагана Георга IV. У 1697 перайшоў у каталіцтва і пасля смерці караля Яна III Сабескага выбраны на трон Рэчы Паспалітай. У 1699 завяршыў польска-тур. войны (гл.Карлавіцкі кангрэс 1698—99). Меў намер ператварыць ВКЛ у незалежную дзяржаву са спадчыннай манархіяй. Удзельнічаў на баку Расіі ў Паўночнай вайне 1700—21. Шведскі кароль Карл XII на тэр. Беларусі і Літвы разбіў яго войскі і паводле Альтранштацкага міру 1706 прымусіў Аўгуста II адрачыся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. Пасля паражэння швед. арміі каля Палтавы (1709) вярнуўся на трон Рэчы Паспалітай. У 1716 спрабаваў усталяваць тут абсалютызм. У змаганні з самавольствам шляхты абапіраўся на падтрымку Прусіі і Расіі, што прывяло да ўмяшання апошняй ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай. Празваны Моцным за фіз. сілу і любоўныя прыгоды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦЯРЫ́НА II Аляксееўна (сапр. Софія Фрэдэрыка Аўгуста Ангальт-Цэрбсцкая; 2.5.1729, г. Шчэцін, Польшча — 17.11.1796),
расійская імператрыца [1762—96]. З 1745 жонка Пятра III. Маці Паўла I. 9.7.1762 з дапамогай гвардыі скінула з прастола мужа. Праводзіла актыўную ўнутр. (асветны абсалютызм, Генеральнае межаванне, Даравальная грамата 1785, задушэнне Сялянскай вайны 1773—75 і інш.) і знешнюю (Варшаўскі дагавор 1768, рус.-тур. войны 1768—74 і 1787—91, рус.-швед. вайна 1788—90, неўмяшанне Расіі ў вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, удзел Расіі ў падзелах Рэчы Паспалітай, далучэнне да Рас. імперыі бел. і інш. зямель) палітыку. Займалася літ. творчасцю і публіцыстыкай.
Тв.:
Рус.пер. — Записки императрицы Екатерины II. М., 1990 (Рэпрынт. перадрук: Лондон, 1859).
Літ.:
Россия XVIII в. глазами иностранцев. Л., 1989;
Андреев В. Представители власти в России после Петра I: Репр. воспр. изд. 1871 г.Мн., 1990;
Каменский А.Б. «Под сению Екатерины...»: Вторая половина XVIII в. СПб., 1992;
Анішчанка Я.К. Беларусь у часы Кацярыны II (1772—1796 гг.). Мн., 1998.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
ТАКВІ́ЛЬ (Tocqueville) Алексіс (29.7.1805, Вернёй-сюр-Сен, Францыя — 16.4.1859),
французскі сацыёлаг, гісторык-і паліт. дзеяч. У 1831—32 вывучаў пенітэнцыярную сістэму ў ЗША. З 1838 чл. Акадэміі маральных і паліт. навук, з 1841 — Франц. акадэміі. З 1839 чл. Палаты дэпутатаў, з 1848 — Устаноўчага, з 1849 — Заканад. (віцэ-старшыня) сходаў. Міністр замежных спраў (1849). Адзін з лідэраў кансерватыўнай Партыі парадку. У працах «Аб дэмакратыі ў Амерыцы» (1835), «Стары парадак і рэвалюцыя» (1856) аналізаваў супярэчнасці «дэмакр. рэвалюцыі», сутнасць і перспектывы дэмакратыі. Першая фаза развіцця дэмакратыі, на яго думку, — стварэнне абс. манархіі, у якой «знаць ужо зламана, а народ яшчэ не ўзняўся», у сувязі з чым уладары «цешацца паліт. стабільнасцю і ўсемагутнасцю». Рэвалюцыя, у т. л. і Франц. рэвалюцыя 1789—94, звяргае абсалютызм, адмяняе феад. прывілеі, зацвярджае трыумф эгалітарызму, але не пазбаўляе грамадства ад вынікаў абсалютызму, замяняе старую форму тыраніі дэмакр. дэспатызмам, а феад. няроўнасць — неабмежаваным панаваннем «іерархіі функцыянераў», якія складаюць «машыну кіравання». У гэтых умовах народ адхілены ад улады, ператвараецца ў аднародную масу, якая набывае скажоную форму роўнасці — «роўнасць у рабстве». У выніку ўзнікае індывідуалізм. які адхіляе людзей ад улады, ізалюе іх адзін ад аднаго і падштурхоўвае іх да прыватнага жыцця, у бок ад грамадскіх адносін і палітыкі. Каб абясшкодзіць грамадства ад новых форм дэспатызму, якія ствараюцца самім развіццём дэмакратыі, апорай свабоды павінна стаць, на думку Т., развіццё самасвядомасці і самакіравання, добраахвотных асацыяцый грамадзян, а таксама пашырэнне рэліг. перакананняў, якія па сваёй прыродзе несумяшчальныя з усеўладдзем дзяржавы і яго культам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯШЧЭ́ННЫ САЮ́З,
саюз еўрапейскіх манархаў, заключаны пасля краху напалеонаўскай імперыі. 26.9.1815 у Парыжы рас. імператарам Аляксандрам I, аўстр. імператарам Францам I і прус. каралём Фрыдрыхам Вільгельмам III падпісаны т.зв. Акт свяшчэннага саюза. 19.11.1815 да С.с. далучыўся франц. кароль Людовік XVIII, потым большасць манархаў Еўропы. Вялікабрытанія не ўвайшла ў саюз, але падтрымлівала яго палітыку. Дзейнасць С.с. была накіравана на ажыццяўленне рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15, задушэнне рэв. і нац.-вызв. руху ў Еўропе. Вядучая роля ў саюзе належала Аляксандру I і К.В.Метэрніху. На 1-м Ахенскім кангрэсе 1818 вырашаны пытанні пра датэрміновы вывад акупац. войск з Францыі, пра захаванне ў Еўропе дзярж. граніц, вызначаных Венскім кангрэсам, і абсалютысцкіх рэжымаў. На Тропаўскім кангрэсе 1820 Расія, Аўстрыя і Прусія падпісалі пратакол, якім абвяшчалася права ўзбр. ўмяшання ў справы інш. дзяржаў (у адпаведнасці з гэтым рашэннем Аўстрыя задушыла Неапалітанскую рэвалюцыю 1820—21 і рэвалюцыю 1821 у П’емонце). Лайбахскі кангрэс 1821 санкцыяніраваў аўстр. інтэрвенцыю ў Неапалі і П’емонце. У адпаведнасці з рашэннем Веронскага кангрэса 1822 франц. армія ў 1823 уварвалася ў Іспанію, задушыла рэвалюцыю і аднавіла абсалютызм. Супярэчнасці паміж С.с. і Вялікабрытаніяй узніклі з-за розных адносін да вайны за незалежнасць ісп. калоній у Амерыцы 1810—26, паміж Расіяй і Аўстрыяй — у сувязі з процілеглымі адносінамі да грэч.нац.-вызв. паўстання 1821—29. Паўстанне дзекабрыстаў у 1825 у Расіі, рэвалюцыя 1830 у Францыі і Бельгіі, паўстанне 1830—31 у Польшчы, Літве і Беларусі моцна падарвалі С.с. У пач. 1830-х г. саюз фактычна распаўся (фармальна ў 1848 у час рэвалюцыі 1848 у Францыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫКТАТУ́РА,
1) сістэма неабмежаванага паліт., эканам., сац., духоўнага панавання на чале з лідэрам-дыктатарам. Яго імя або вызначаемая ім сац.-паліт. ідэя дае назву адпаведнай разнастайнасці дыктатарскага рэжыму (цэзарызм, банапартызм, абсалютызм, фашызм, таталітарызмі г.д.). Характарызуецца падаўленнем грамадзянскай супольнасці, паліт. тэрорам, канцэнтрацыяй улады ў руках дыктатара, усталяваннем юрыд. абмежаванняў паліт. правоў і свабод. Унутраная і знешняя палітыка ва ўмовах Д. грунтуецца на ідэалогіі месіянізму, прымусу непакорных. Паводле марксісцка-ленінскай тэорыі Д. — заканамерная з’ява класава-антаган. грамадства. Д. пралетарыяту ўстанаўліваецца ў выніку сацыяліст. рэвалюцыі і ахоплівае пераходны перыяд ад капіталізму да сацыялізму і мае на мэце буд-ва камунізму. Пры неабходных умовах яна выкарыстоўвае насілле для падаўлення супраціўлення эксплуататарскіх класаў і дзейнасці варожых сацыялізму элементаў. Ва ўмовах канчатковай перамогі сацыялізму Д. пралетарыяту завяршае сваю гіст. місію і ператвараецца ў агульнанародную дзяржаву пры захаванні кіруючай ролі камуніст. партыі да пабудовы камунізму. Д. — з’ява гіст., таму яе трэба разглядаць толькі ў канкрэтным гіст. кантэксце. Пры некаторых абставінах яна адыгрывала станоўчую ролю, захоўвала законнасць, парадак і тэр. цэласнасць краіны ў перыяд паліт. і сац.-эканам. крызісаў, а таксама адбіцця знешняй агрэсіі і прадухілення грамадз. вайны. Таму ў канстытуцыях некаторых краін (Францыя, Італія) прадугледжана магчымасць стварэння т.зв. «канстытуцыйнай Д.», якая мае магчымасць у надзвычайных сітуацыях ажыццяўляць экстранныя захады для аднаўлення законнасці і парадку ў краіне.
2) Спосаб ажыццяўлення дзярж. уладай непасрэднага выкарыстання ўзбр. насілля ў надзвычайных становішчах.
Літ.:
Джилас М. Лицо тоталитаризма: [Пер. с серб.-хорв.]. М., 1992;
Маркс К. Восемнадцатое брюмера Луи Бонапарта // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 8;
Ленін У.І. Дзяржава і рэвалюцыя // Тв. Т. 25. (Полн. собр. соч. Т. 33);
Яго ж. Аб дыктатуры пралетарыяту // Тв. Т. 30. (Там жа. Т. 39).