біскві́т, ‑у, М ‑віце, м.

1. Пульхнае салодкае печыва з цеста, у якое пакладзена шмат жаўткоў і бялковай пены.

2. Фарфор, двойчы абпалены, але не пакрыты палівай. Са скрынкі, адразу за адкінутым вечкам, выраслі кавалер і дама з бісквіту. Караткевіч.

[Фр. biscuit.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гіпс, ‑у, м.

1. Мінерал белага або жоўтага колеру (абпалены і раздробнены прымяняецца ў будаўніцтве, лепцы і медыцыне). Здабыча гіпсу. Пласт гіпсу.

2. Скульптурны злепак з такога мінералу. Ля ўваходу .. застылі ўвекавечаныя ў гіпсе слаўныя сыны беларускага народа. «Маладосць».

3. Цвёрдая хірургічная павязка з такога мінералу, якую накладваюць пры пераломах, вывіхах для прыдання нерухомасці пашкоджанай частцы цела. Налажыць гіпс на пашкоджаную нагу.

[Грэч. gýpsos — мел, гліна.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад паліць ​1 (у 2 знач.).

2. у знач. прым. Абпалены. Паленая вапна. □ У даляглядзе пад яркім сонцам горы колеру паленай цэглы лезуць адна на адну. Бядуля.

3. у знач. прым. Які апаліўся, падгарэў. Запахла паленай збажыной, полымя абняла палову палёгка, пакідаючы чорныя прагаліны. Гурскі. Ад гарачыні з буракоў пацёк на цэглу сок, і ў хаце доўга пахла паленым цукрам. Пальчэўскі. / у знач. наз. па́ленае, ‑ага, н. Узляцеў фантан іскраў, засмярдзела паленым. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асму́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад асмужыць.

2. у знач. прым. Туманны, імглісты; пакрыты смугой. Я вельмі люблю.. бялюткія, заснежаныя палі, па-зімоваму асмужанае вячэрняе неба, маўклівыя ў шэрані прысады. Асіпенка. У асмужанай красе Твой бачу, восень, воблік. Панчанка. // Пацямнелы. Месцам каля хлявоў яшчэ прытаіліся кучкі абледзянелага, асмужанага снегу. Крапіва.

3. у знач. прым. Абпалены сонцам; абветраны, загарэлы. На Зосі была зялёная ў чырвоных палосах вязаная кофта, яна пасавала да асмужанага, чарнабровага твару з задуменнымі чорнымі вачыма. Хадкевіч. Пастрыжаны, схуднелы, з асмужаным, пацямнелым тварам, бацька весела расказваў, якую смачную зварылі яны.. бульбу і як здорава елі яе, запіваючы бульбяным жа варам. Мехаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)