адбі́цца, адаб’юся, адаб’ешся, адаб’ецца; адаб’ёмся, адаб’яцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Адкалоцца, адламацца. Ад кубка адбілася ручка.

2. Даючы адпор, абараніцца ад нападу, ад чыіх‑н. непрыязных, варожых дзеянняў. Неспакой узрастаў. Чорт яго ведае, ісці ці не?.. Падумаў: «Калі правакацыя, адаб’юся. Не так проста ўзяць Галая». Асіпенка. // Абараніцца, вызваліцца. Не паспеў адбіцца ад адной [пчалы], як зараз жа цэлая плойма густой сеткай замільгацела ў вачах. Дуброўскі. // Пазбавіцца, вызваліцца ад чаго‑н. Нельга адбіцца ад думкі, што гэтыя дзве хаты, нібы тыя заядлыя маладзіцы-суседкі, пасварыліся і паадварочваліся адна ад адной. Сабаленка.

3. Адстаць ад тых, з кім быў разам. Гэта было маленькае дзікае качанятка, якое, відаць, адбілася ад чародкі. Краўчанка. [Эміль Клебер] не мог нікога знайсці з сваіх таварышаў. Ён ведаў, што некаторыя з іх забітыя тут дзесьці ляжаць. А жывыя напэўна адышлі кудысьці, і ён адбіўся ад іх. Чорны.

4. Аддаліцца, парваць сувязь з кім‑, чым‑н. Адбіцца ад дому. // Перастаць рабіць што‑н., займацца чым‑н. □ Няма яму [Міхалу] нядзелькі, свята — Ідзе ды йдзе ён, як закляты; У шчэпку высах з той хады, Ад сну адбіўся, ад яды. Колас.

5. Сустрэўшы на шляху перашкоду, змяніць свой напрамак на другі, адваротны (пра гукі, прамені і пад.). Крыкі, рогат, воплескі пакаціліся па пустыннай пратоцы і адбіліся рэхам між дзікіх скал. Маўр.

6. Адлюстравацца на гладкай, бліскучай паверхні. Да берага Нёмана прарваўся першы бранявік. Нават нахабна адбіўся ў спакойнай.. вадзе. Брыль. // перан. Адлюстравацца ў вобразах, паняццях (пра з’явы аб’ектыўнай рэальнасці).

7. Выявіцца, атрымаць вонкавае праяўленне (пра пачуцці, стан і пад.). Трывога адбілася ў .. [Аксені] на твары, і рукі ўжо неяк неахвотна гарнуліся да працы. Пестрак.

8. Выклікаць сабой якое‑н. пачуццё, адчуванне; адазвацца. Потым надыдзе зіма, прыйдзе вясна, вернецца лета і зноў настане восень, залатая і непаўторная, зменяцца далягляды і адаб’юцца навек у душы чалавека. «Маладосць».

9. Зрабіць уплыў, уздзеянне на каго‑, што‑н. Частыя ўзлёты і падзенні адбіліся на здароўі.. Скашынскага. Чарнышэвіч. Адмоўна адбілася на развіцці байкі і іншых сатырычных жанраў блытаніна, якая яшчэ не так даўно мела месца ў поглядах на сатыру. Казека.

10. Астацца пасля каго‑, чаго‑н., пакінуць адбітак. Сляды мядзведзя выразна адбіліся на мокрым пяску каля берага. В. Вольскі. // перан. Захавацца ў памяці.

•••

Адбіцца ад рук — перастаць слухацца, перастаць падпарадкоўвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адбі́цца, адаб’ю́ся, адаб’е́шся, адаб’е́цца; адаб’ёмся, адаб’яце́ся, адаб’ю́цца; адбі́ся; зак.

1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Тое, што і адламацца, адкалоцца.

Ручка кубка адбілася.

2. Даць адпор, абараніцца; вызваліцца; пазбавіцца.

А. ад ворага.

3. ад каго-чаго. Адстаць ад тых, з кім быў разам (разм.).

А. ў дарозе ад кампаніі.

4. ад каго-чаго. Парваць сувязь з кім-, чым-н., перастаць рабіць што-н., займацца чым-н. (разм.).

А. ад дому.

А. ад вучобы.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сустрэўшы на шляху перашкоду, змяніць свой напрамак на другі, адваротны (пра гукі, прамяні і пад.).

Крык адбіўся рэхам у гарах.

6. Адлюстравацца на гладкай, бліскучай паверхні.

Дрэва адбілася ценем у вадзе.

7. перан. Адлюстравацца ў вобразах, паняццях.

У лірыцы адбілася жыццё людзей.

8. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Атрымаць вонкавае праяўленне, выявіцца (пра пачуцці, стан і пад.).

Трывога адбілася на твары жанчыны.

9. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Выклікаць сабой якое-н. пачуццё; адазвацца; захавацца ў памяці.

Родныя далягляды навек адаб’юцца ў душы.

10. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), на кім-чым. Зрабіць уздзеянне, уплыў на каго-, што-н.

Цяжкая праца адбілася на здароўі.

11. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Пакінуць адбітак.

На пяску адбіліся сляды ног.

Адбіцца ад рук — перастаць слухацца, падпарадкоўвацца.

|| незак. адбіва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

звалі́ць 1, звалю́, зва́ліш, зва́ліць; зак., каго-што.

1. Ударам або штуршком паваліць, заваліць. Вецер зваліў дрэвы. □ Сушчыцкі хацеў абараніцца нажом, але не паспеў, — пагранічнік спрытна зваліў яго. Пальчэўскі. // Спілаваць, ссячы (дрэва, лес). — Сляды прывялі ў гэты двор, — зычна пачынае [Драгун]. — Самаўпраўная парубка. Гаспадар гэтага дома зваліў дзве сасны. Навуменка. // Зрэзаць, скасіць (пра траву). Зваляць, бывала, луг у пракосы, сена зграбуць, а хмарка пакажацца — прыслухоўваюцца да далёкага грому людзі. Бялевіч. // Прымусіць упасці, забіўшы або падстрэліўшы. — Біў я ў цэль. Калі б не я яго, дык ён мяне зваліў. Гурскі. // перан. Пазбавіць улады, пасады; скінуць. «Ты думаеш, так і зваліш Бабейку? Пачакай, пабачым яшчэ, хто каго...» Хадкевіч.

2. перан. Адолець, асіліць каго‑н. (пра сон, хваробу і пад.). Сон зваліў. □ Гарачка зваліла .. [Аляксея Мартынавіча] на нары. Грамовіч.

3. Скінуць (што‑н. вельмі цяжкае). Зваліць мех з плячэй. // перан. Збавіць сябе ад чаго‑н. цяжкага, непрыемнага. Зваліць з сябе клопат.

4. перан.; на каго-што. Пералажыць на каго‑н. (свае абавязкі, справы і пад.). Малодшы сын рашыў астацца дома і памагаць брату па гаспадарцы, бо старэйшы не глядзеў яе зусім, усё зваліў на старога бацьку. Дамашэвіч. // Несправядліва прыпісаць каму‑н. чужую віну, учынак. — Ты ж вінаваты... Толькі, мусіць, усё роўна на мой узвод зваляць. Мележ.

5. Неакуратна скідаць, беспарадкава злажыць куды‑н. у адно месца. Зваліць дровы ў кучу.

•••

Зваліць з ног — а) прымусіць упасці. [Саўку] нагналі і аглушылі калом, звалілі з ног. Колас; б) прымусіць злегчы (пра хваробу, працу, гора і пад.). Хваляванні, бяссонныя ночы, думы пра лёс камуны звалілі .. [Вераб’ёва] з ног. Дуброўскі.

Зваліць з плячэй — збавіцца ад чаго‑н. непрыемнага, цяжкага.

Зваліць з хворай галавы на здаровую — перакласці віну з вінаватага на нявіннага.

звалі́ць 2, звалю́, зва́ліш, зва́ліць; зак., што.

Зрабіць з шэрсці, пуху і пад. шляхам валення. Зваліць валёнкі. Зваліць сукно.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)