Verdelung f -, -en

1) нада́нне высакаро́днасці [шляхе́тнасці] (чалавеку, звычаям)

2) паляпшэ́нне паро́ды (жывёлы)

3) бат. акульту́рванне

4) абагачэ́нне (руды)

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

ГІПСАВА́ННЕ ГЛЕ́БЫ,

унясенне ў глебу гіпсу для нейтралізацыі залішняй шчолачнасці, шкоднай для многіх с.-г. раслін; спосаб хім. меліярацыі саланцоў і саланцовых глеб. Пры гіпсаванні глебы натрый у глебе замяшчаецца кальцыем, у выніку паляпшаюцца яе фіз., фіз.-хім. і біял. якасці. Глеба становіцца камякаватай, палягчаецца яе апрацоўка, паляпшаюцца водапранікальнасць і аэрацыя, павышаецца ўрадлівасць. На Беларусі гіпсаванне глебы праводзяць з мэтай угнаення (абагачэнне глебы кальцыем і серай).

Для гіпсавання глебы выкарыстоўваюць пераважна сырамолаты гіпс прыродных пакладаў, фосфагіпс (адходы вытв-сці суперфасфату і прэцыпітату), адходы содавай прам-сці. Уносяць перад ворывам і пасля яго пад культывацыю. Эфектыўнасць павялічваецца, калі гіпсаванне глебы спалучаюць з глыбокім ворывам, арашэннем, унясеннем угнаенняў, снегазатрыманнем і затрыманнем талых вод, пасевам шматгадовых траў. Гл. таксама Вапнаванне глебы.

Н.​М.​Івахненка.

т. 5, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНАЯ СЫРАВІ́НА,

здабытыя карысныя выкапні, падвергнутыя апрацоўцы, неабходнай для іх гасп. выкарыстання; таварная прадукцыя горназдабыўной прамысловасці. М.с. падзяляецца на рудную (руды ўсіх металаў), нярудную (гл. Нярудныя карысныя выкапні) і гаручую (гл. Каўстабіяліты). Для атрымання таварнай прадукцыі некат. віды здабытых карысных выкапняў (нафта, газ, баксіты, марганцавыя і хромавыя руды, мінер. буд. матэрыялы, прэсныя і мінер. падземныя воды і інш.) патрабуюць нязначнай апрацоўкі (абяссольванне, абязводжванне, ачыстка, сушка, фільтраванне, драбленне і інш.). Для інш. відаў карысных выкапняў з-за невысокай канцэнтрацыі карысных кампанентаў, фіз. і інш. асаблівасцей, каб атрымаць тэхналагічна каштоўныя таварныя прадукты, якія б задавальнялі патрабаванні прам-сці да сыравіны, неабходна глыбокая перапрацоўка (гл. Абагачэнне карысных выкапняў). На Беларусі здабываюць такую М.с., як каменная і калійныя солі, нафту, розныя мінеральныя будаўнічыя матэрыялы, торф, сапрапель, прэсныя і мінер. падземныя воды.

П.​З.​Хоміч.

т. 10, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛУРГІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна цяжкай прамысловасці, якая спецыялізавана на атрыманні металаў з руды і інш. матэрыялаў, на змене хім. саставу, структуры і ўласцівасцей метал. сплаваў. Уключае чорную металургію і каляровую металургію. Вядзе здабычу і абагачэнне няруднай сыравіны для чорнай металургіі, вырабляе чорныя і другасныя каляровыя металы, трубы, метызы вытв. прызначэння, другасную апрацоўку чорных металаў, цвёрдыя сплавы тугаплаўкіх і гарачатрывалых металаў. На Беларусі найб. прадпрыемствы — Беларускі металургічны завод, Магілёўскі металургічны завод, Бел. навукова-вытв. аб’яднанне парашковай металургіі, Рэчыцкі метызны з-д. Сталь выплаўляюць таксама цэхі пераважна машынабуд. з-даў. У Мінску дзейнічае з-д па другаснай перапрацоўцы каляровых металаў. У 1997 М.п. уключала 19 прадпрыемстваў, на якіх занята 14 тыс. чал.; выраблена: чыгуннага ліцця 209 тыс. т, сталі 1220 тыс. т, гатовага пракату 1072 тыс. т, стальных труб 30,7 тыс. т (13 314 тыс. м), металакорду 40,4 тыс. т.

т. 10, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЎЛІ́ЧНАЯ ЗДАБЫ́ЧА вугалю,

падземная распрацоўка радовішчаў вугалю, пры якой працэсы яго адбойкі ў забоях, транспартавання і пад’ёму на паверхню робяцца энергіяй вадзянога патоку (сродкамі гідрамеханізацыі). Вада (пераважна падземная, з шахтавага водаадліву) падаецца ў забой па трубаправодах помпамі.

Вугаль адбіваецца ад масіву з дапамогай гідраманітораў або механагідраўлічных машын, змываецца вадой і транспартуецца па нахіленых жалабах (самацёкам) або па трубах (пад ціскам) да цэнтр. камеры гідрапад’ёму, адкуль гідрасумесь падымаецца на паверхню вуглясосамі ці эрліфтамі і падаецца на абагачальную ф-ку для абагачэння (гл. Абагачэнне карысных выкапняў), абязводжвання і сушкі вугалю. Выкарыстаную ваду ачышчаюць у адстойніках і зноў падаюць у гідрашахту (па замкнёным цыкле). Горнае мацаванне, схема вымання і праветрыванне забояў у гідрашахце такія ж, як у звычайнай «сухой» шахце. Гідраўлічная здабыча практычна выключае пылаўтварэнне, павышае прадукцыйнасць працы, аднак дае большыя сіраты і здрабненне вугалю.

Гідраўлічная здабыча вугалю: 1 — цэнтрыфуга; 2 — грохат; 3 — адстойныя бункеры; 4 — рэзервуар тэхнічнай вады; 5 — высоканапорная помпавая станцыя, 6 — гідраманіторы; 7 — драбілка; 8 — зумпф участковага вуглясоса; 9 — вуглясос гідрапад’ёму.

т. 5, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯРО́ВАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,

найбольш энергаёмістая галіна цяжкай прам-сці, якая ажыццяўляе здабычу і абагачэнне руд, вытв-сць і апрацоўку каляровых, высакародных і рэдкіх металаў, у т. л. сплаваў, перапрацоўку другаснай сыравіны, а таксама здабычу алмазаў. Спадарожная прадукцыя галіны — хім. злучэнні, мінер. ўгнаенні, буд. матэрыялы і інш. У залежнасці ад віду прадукцыі, якую вырабляюць, у складзе галіны вылучаюцца медная, свінцова-цынкавая, нікель-кобальтавая, алюмініевая, тытана-магніевая, вальфрама-малібдэнавая, высакародных металаў, цвёрдых сплаваў, рэдкіх металаў прам-сць. Роля К.м. ў сучаснай эканоміцы хутка расце ў сувязі з развіццём новых галін прам-сці: атамнай, ракетнай, касмічнай, электроннай, прыладабудавання і інш. Найб. развіта К.м. ў ЗША, Расіі, Казахстане, Японіі, Кітаі, Канадзе, Германіі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Паўд.-Афр. Рэспубліцы, Бразіліі і інш.

На Беларусі з канца 19 ст. існавалі невял. медзеплавільныя прадпрыемствы саматужнага тыпу, якія выкарыстоўвалі металалом. Цяпер у Мінску існуе завод другаснай перапрацоўкі каляровых металаў, ёсць невял. ліцейная вытв-сць у Гомелі і Мазыры.

Літ.:

Хрущев А.Т. География промышленности СССР. 3 изд. М., 1986.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 7, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІТО́БА (Manitoba),

правінцыя ў цэнтры Канады, на Пд мяжуе з ЗША. Пл. 650,1 тыс. км². Нас. 1,2 млн. чал. (1994). Адм. цэнтр — г. Вініпег. Гар. насельніцтва каля 70%. Найб. гарады: Брандан, Томпсан, Лін-Лейк, Гранд-Рапідс. На ПнУ размешчана плоская забалочаная нізіна, у цэнтры і на Пн — Лаўрэнційскае ўзв., на Пд — Манітобская нізіна. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -20 °C, ліп. 18 °C, ападкаў да 650 мм за год. Густая рачная сетка. Найб. рэкі: Нельсан, Чэрчыл, Хейс. Шмат азёр, у т. л. Вініпег, Манітоба, Вініпегосіс. На Пн тундравая расліннасць, якая змяняецца хваёвымі і стэпавымі ландшафтамі. Прам-сць: перапрацоўка с.-г. прадукцыі, у т. л. мясакансервавая, мукамольная, малочная, маслабойная; здабыча і абагачэнне нікелева-медных руд, дрэваапрацоўка. Развіты нафтахім., хім., маш.-буд., металаапрацоўка, паліграф., швейная прам-сць. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых (пшаніца, авёс, ячмень, жыта), тэхн. культур (лён, рапс, сланечнік). Мяса-малочная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Порт Чэрчыл (вываз збожжа). Турызм.

т. 10, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ АЎСТРА́ЛІЯ (Western Australia),

штат на З Аўстралійскага Саюза. Пл. 2525,5 тыс. км². Нас. 1687,3 тыс. чал. (1993). Адм. ц.г. Перт. Б.ч. паверхні — плато выш. 400—500 м, занятае пераважна пустынямі (Гібсана, Вялікая Пясчаная, Вялікая пустыня Вікторыя) з зараснікамі скрэбу і салёнымі азёрамі, на Пн — саваннай. На плато асобныя горы і хрыбты, у т. л. хр. Хамерслі (1226 м). На Пн адасобленае плато Кімберлі. На ПдЗ невял. раён з хрыбтамі Дарлінг і Стэрлінг (1109 м). Найб. развіты здабыча жал. руды (Ямпі-Саўнд, Пілбара і інш.), баксітаў (Дарлінг, Бугенвіль, Мітчэл), золата (Калгурлі, Тэлфер, Норсмен), алмазаў, нікелю, марганцу, медзі, малібдэну, хрому, каменнага вугалю, нафты і прыроднага газу. Перапрацоўка і абагачэнне руд. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне, нафтаперапрацоўка, хім., харч., дрэваапр. і лесапільная. Асн. прамысл. цэнтры: Перт, Фрымантл, Куінана, Калгурлі. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — авечкагадоўля воўнавага кірунку (каля 30 млн. галоў авечак). Апрацоўваецца каля 4 млн. га зямель, пераважна на ПдЗ. Вырошчваюць пшаніцу, авёс, ячмень. Садоўніцтва, вінаградарства. На Пн у даліне р.

Орд арашальнае земляробства (бавоўна, рыс, цукр. трыснёг). Гал. марскі порт — Фрымантл-Куінана.

т. 7, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНАЯ СПРА́ВА,

галіна навукі і тэхнікі, звязаная з дабычай з нетраў зямлі карысных выкапняў. Пошук радовішчаў, вызначэнне колькасці, якасці і ўмоў залягання выкапняў робіцца пры правядзенні геолагаразведачных работ (уключаюць геал. здымку, пошукавыя работы, папярэднюю, дэталёвую, эксплуатацыйную разведку і інш.). Цвёрдыя карысныя выкапні здабываюць адкрытай распрацоўкай радовішчаў і падземнай распрацоўкай радовішчаў на прадпрыемствах-рудніках (шахтах), аснашчаных горнымі камбайнамі, інш. машынамі і механізмамі.

Пры адкрытым спосабе здабычы будуюць прадпрыемствы-кар’еры (разрэзы) і выкарыстоўваюць розныя горныя вырабаткі (траншэі, рудаспускі, катлаваны, дрэнажныя шахты і інш.). Укараняюцца сродкі і метады геатэхналогіі. Вадкія і газападобныя карысныя выкапні (нафта, мінер. вада, прыродны газ і інш.) здабываюць з дапамогай буравых свідравін (гл. Нафтаздабыча), газіфікацыяй паліва, вышчалочваннем і інш. Удасканальваюцца спосабы падводнай здабычы (пераважна нафты). Завяршальны працэс горнай тэхналогіі — абагачэнне карысных выкапняў. Радовішчы распрацоўваюць паводле праекта, які вызначае тэхналогію горных работ і сістэму распрацоўкі пакладу. Вял. ўвага аддаецца выбухованебяспечнасці, горнавыратавальнай справе, горнаму нагляду. Фіз.-мех. ўласцівасці горных парод, з’явы, што адбываюцца пры здабычы карысных выкапняў, спосабы здабычы, арганізацыі вытв-сці і інш. вывучаюцца горнай навукай. Адносіны, звязаныя з выкарыстаннем і аховай нетраў рэгулююцца горным заканадаўствам. Гл. таксама Горнахімічная прамысловасць.

Б.​А.​Багатаў.

т. 5, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАТЭ́ХНІКА (ад агра... + тэхніка),

сістэма прыёмаў вырошчвання с.-г. раслін, тэхналогія раслінаводства. Уключае апрацоўку глебы, унясенне ўгнаенняў, падрыхтоўку насення, сяўбу і пасадку, догляд пасеваў, барацьбу з пустазеллем, шкоднікамі і хваробамі с.-г. раслін, уборку ўраджаю і інш. мерапрыемствы (усе працэсы ўзаемаабумоўлены і складаюць агратэхн. комплекс).

Прыёмы агратэхнікі, звязаныя з выкарыстаннем сістэмы с.-г. машын і заснаваныя на дасягненнях аграбіял. навук, пачалі складацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. Задача сучаснай агратэхнікі — забеспячэнне высокіх ураджаяў пры мінім. затратах працы і сродкаў на адзінку высакаякаснай прадукцыі, захаванне ўрадлівасці глебы і ахова яе ад эрозіі (гл. Эрозія глебы). Выбар прыёмаў агратэхнікі абумоўліваецца спецыялізацыяй гаспадаркі, глебава-кліматычнымі ўмовамі, біял. асаблівасцямі культур і ажыццяўляецца ў сістэме севазваротаў.

На Беларусі, размешчанай у зоне дастатковага ўвільгатнення і бедных дзярнова-падзолістых глебаў, асн. мэта агратэхнікі — абагачэнне глебы пажыўнымі рэчывамі, паляпшэнне яе фіз.-хім. уласцівасцяў, рэгуляванне воднага рэжыму (гл. Акультурванне глебы, Вапнаванне глебы, Меліярацыя). З мэтай найлепшага выкарыстання ўгнаенняў створана аграхім. служба і на ўсе гаспадаркі складзены аграхім. картаграмы. Распрацоўку тэарэт. асноў і практычных метадаў агратэхнікі ўзначальваюць н.-д. ін-ты Мін-ва сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Панников В.Д., Минеев В.Г. Почва, климат, удобрение и урожай. 2 изд. М., 1987;

Моргун Ф.Т., Шикула Н.К., Тарарико А.Г. Почвозащитное земледелие. 2 изд. Киев, 1988;

Механизация обработки почвы и посева при интенсивных технологиях возделывания сельскохозяйственных культур. Горки, 1993.

т. 1, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)