«АТЛАНТЫ́ЧНЫ ВАЛ»,

сістэма доўгатэрміновых ваенных умацаванняў, створаных Германіяй у 1940—44 уздоўж еўрап. ўзбярэжжа ад Даніі да Іспаніі (даўж. больш за 4 тыс. км, буд-ва не было завершана). Уяўляў сабой лінейную (без эшаланіравання ўглыб) сістэму абарончых збудаванняў са слаба ўмацаванымі ўчасткамі. Быў прарваны англа-амер. войскамі ў чэрв. 1944 пры высадцы ў Нармандыі.

т. 2, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІКАЛЬЦЫ́Т,

дробназярністая метамарфізаваная горная парода, якая складаецца з кальцыту і хрызатылу і звычайна мае гнёзды, плямы і жылы высакароднага серпенціну (гл. Змеявік). Колер жоўты, зеленаваты, блакітны і інш. са шматлікімі жылкамі і ўзорамі. Утвараецца пераважна ў выніку кантактавага метамарфізму даламітавых парод. У паліраваным выглядзе выкарыстоўваецца для ўнутранага аздаблення будынкаў і розных вырабаў.

т. 2, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЙТО́НА-БІЧ (Daytona Beach),

прыморскі кліматычны курорт у ЗША. На ПдУ ад г. Джэксанвіл, на беразе Атлантычнага ак. Вельмі цёплы субтрапічны клімат з гарачым летам, сусветна вядомы пляж (37 км) са шчыльнага белага пяску, багатая расліннасць, іанізаванае паветра ствараюць умовы для адпачынку (асабліва зімовага) і лячэння многіх хвароб. Цэнтр паруснага спорту і турызму.

т. 6, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРГО́НЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі жанчыны-пачвары. Вызначаліся жахлівым выглядам: крылатыя, укрытыя луской, са змеямі замест валасоў, з ікламі, з поглядам, які ператварае ўсё жывое ў камень. Іх тры, старэйшыя бессмяротныя, малодшая, Медуза, смяротная. Персей адсек ёй галаву, з крыві забітай нарадзіўся крылаты конь Пегас.

Да арт. Гаргоны. Галава Медузы. Мастак Караваджа. Каля 1600.

т. 5, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎЖНА,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 22 км на ПдУ ад г.п. Расоны. Пл. 0,28 км², даўж. 2,4 км, найб. шыр. 240 м, даўж. берагавой лініі 4,8 км. Пл. вадазбору 3,9 км². Берагі высокія, на У зліваюцца са схіламі. На Пд выцякае ручай у р. Дрыса.

т. 6, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУК,

у шырокім значэнні — уся друкаваная прадукцыя, у больш вузкім — перыядычныя выданні, пераважна газеты і часопісы. Як адзін са сродкаў масавай інфармацыі і прапаганды адыгрывае значную ролю ў развіцці асветы і культуры, фарміраванні светапогляду, пашырэнні навук. ведаў і інш. Гл. Выдавецкая справа, Газета, Кніга, Часопіс, Кнігадрукаванне, Перыядычны друк, Заходнебеларускі друк, Друк акупацыйны, Друк падпольны.

т. 6, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРО́ЖКА,

снасць для лоўлі драпежнай рыбы. Прадаўгаватая металічная пласціна з кручком або якарком на канцы, прымацаваная да доўгага шнура, што цягнуць за чаўном ці лодкай. Кручок (якарок) маскіруюць чырвонымі ніткамі ці тканінай. Шнур намотваюць на спец. калаўроцік (матавільца) або дошчачку. Д. вядома на Беларусі са старажытнасці, у наш час выкарыстоўваецца рыбаловамі-аматарамі.

І.​М.​Браім.

т. 6, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ФНІС,

у грэчаскай міфалогіі сіцылійскі пастух незвычайнай прыгажосці, стваральнік пастухоўскіх песень. Лічыўся сынам Гермеса і німфы. Паводле адных міфаў, памёр ад безнадзейнага кахання, паводле другіх — быў аслеплены закаханай німфай за здраду і ў адчаі кінуўся са скалы ў мора. Міф пра Д. выкарыстоўваўся ў ант. л-ры (Феакрыт, Вергілій, Лонг) і ў букалічнай паэзіі 17—18 ст.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАДЗІ́Н (ад гетэра... + грэч. dynamis сіла),

маламагутны высокачастотны генератар электрычных ваганняў з самаўзбуджэннем. Схема гетэрадзіна бывае лямпавая, напр. з гептодам, і паўправадніковая. Стварае ваганні дапаможнай частаты, якія змешваюцца са знешнімі (карыснымі) высокачастотнымі, у выніку атрымліваюцца ваганні пастаяннай рознаснай (прамежкавай) частаты. Выкарыстоўваецца ў пераўтваральніках частаты супергетэрадзінных радыёпрыёмнікаў, гетэрадзінных частатамерах, радыёвымяральных прыладах і інш.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЕ́КА,

загарода са ссечаных дрэў, паваленых крыж-накрыж верхавінамі ў бок праціўніка. На Русі вядома з 13 ст. Шырока выкарыстоўваліся на межах Рас. дзяржавы ў 16—17 ст. (т. зв. засечныя межы). У войнах 20 ст. З. рабілі як перашкоду супраць пяхоты і конніцы праціўніка, звычайна іх умацоўвалі калючым дротам, мінамі і прыкрывалі агнём.

т. 6, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)