Існавала ў 16—19 ст. у Мінску. Пра буд-ва ратушы ў Мінску ў 1499 прыведзены звесткі ў прывілеях па арг-цыі кіраўніцтва ў горадзе паводле магдэбургскага права (апісаны яе часткі і іх прызначэнне, але месца пабудовы невядома). Упершыню пра ратушу як існуючую ўстанову ўпамінаецца ў 1582. У 1591—1600 пастаўлены новы мураваны будынак ратушы на Высокім рынку (у 1600 на вежы ўстаноўлены першы гар. гадзіннік). У 1640 будынак моцна пашкоджаны пажарам, у 1656 часткова разбураны. Рэканструяваўся ў 2-й пал. 17 і 2-й пал. 18 ст., у 1744 адноўлены па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам войта С.Буржынскага. У канцы 18 ст. перабудавана ў стылі класіцызму (арх. Ф.Крамер). 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты пакатым вальмавым дахам. Цэнтр. частка сіметрычна па кампазіцыі гал. фасада вылучана рызалітам з 3-маршавай лесвіцай, акцэнтавана чацверыковай вежай, завершанай купалам са шпілем з флюгерам. Рызаліт і тарцы аформлены 4-калоннымі порцікамі іанічнага ордэра. Дэкар. вырашэнне будынка дапаўнялася каванымі агароджамі балконаў у порціках і на вежы. У 1819 ратуша зноў рэканструявана. Да яе фасада з ПдУ прыбудавана мураваная агароджа, упрыгожаная стукавым дэкорам і жывапіснымі кампазіцыямі. Побач з ратушай разбіты невял. рэгулярны сквер. У 1825—35 бакавыя порцікі былі завершаны франтонамі. У будынку знаходзіліся магістрат, суд, гаўптвахта, паліцыя, архіў, у 1830-я г. — муз. школа. У 1847 зала на 2-м паверсе прыстасавана пад т-р (афармленне інтэр’ераў маст. Я.Кураткевіча; гл.Мінскі ратушны тэатр). У 1857 будынак ратушы і сквер знішчаны. У канцы 19 ст. сквер адноўлены. Захаваліся падмуркі і падвальныя памяшканні ратушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЯ́ВІН (Уладзімір Георгіевіч) (н. 12.1.1941, г. Екацярынбург, Расія),
бел. артыст эстрады, кампазітар. Нар.арт. Беларусі (1979). Засл. дз. культ. Польшчы (1980). Нар.арг.СССР (1990). Вучыўся ў Свярдлоўскім муз. вучылішчы (1956—58). З 1962 артыст Бел. філармоніі, з 1969 маст. кіраўнік Дзярж.бел.эстр. ансамбля «Песняры». У творчай дзейнасці своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучаецца з глыбокім веданнем нар. песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Аўтар шматлікіх апрацовак бел.нар. песень, якія вызначаюць стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку бел.нар. песеннасці і сучаснай эстр. музыкі («Касіў Ясь канюшыну», «Па ваду ішла», «А ў месяцы верасні», «Рэчанька», «Купалінка», «Перапёлачка», «А ў полі вярба», «Каліна» іінш.). Сярод твораў: опера-прытча «Песня пра долю» (1972), вак. цыкл «Я не паэта...» (1981) і песенна-інстр. кампазіцыя «Песня — бясцэнны дар» (1982) на словы Я.Купалы, муз. спектакль «На ўвесь голас» на словы У.Маякоўскага (1988), песенна-інстр. кампазіцыі «Ванька-Устанька» на словы Я.Еўтушэнкі (1975), «Праз усю вайну» на словы бел.ірас. паэтаў (1985), «Вянок Багдановічу» на вершы М.Багдановіча (1991), вак. кампазіцыя «Крык птушкі» на словы Ю.Рыбчынскага, песні, у т. л. «Александрына», «Завушніцы», «Чырвона ружа», «Ой, калядачкі»; «Балада пра чатырох заложнікаў»; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976. Лаўрэат Усесаюзных конкурсаў артыстаў эстрады (1970), выканаўцаў сав. песні (1973, 1-я прэмія), міжнар. фестывалю песні «Залаты леў» (1973, Лейпцыг), 2-га фестывалю паліт. песні ў Хельсінкі (1978). Гал. прыз фірмы «Мелодыя» «Залаты дыск» (1982).
Літ.:
Бржазоўскі А. Лідэр «Песняроў» у сямейным ансамблі // Работніца і сялянка. 1991. № 6;
Завадская Н. Вокально-инструментальный ансамбль «Песняры» // Певцы советской эстрады. М., 1992. Вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ГЕР (Niger; ад берберскага рака),
рака ў Зах. Афрыцы (у Гвінеі, Малі, Нігеры, Беніне, Нігерыі). Даўж. 4160 км, пл. басейна 2092 тыс.км². Па даўжыні іпл. басейна займае 3-е месца ў Афрыцы пасля рэк Ніл і Конга. Пачынаецца пад назвай Джаліба са схілаў Леона-Ліберыйскага ўзв., цячэ ў вузкай даліне, потым выходзіць на раўніны прыроднай вобласці Судан. Паміж гарадамі Ке-Масіна і Тамбукту падзяляецца на шматлікія рукавы і цячэ ў моцна забалочанай даліне з мноствам праток, старыц і азёр, утварае ўнутр. дэльту (раней рака ўпадала ў вял. бяссцёкавае возера). У раёне г. Тамбукту рукавы злучаюцца ў адно рэчышча. Ніжэй г. Елва перасякае Паўн.-Гвінейскае ўзв. ў парожыстым рэчышчы. Далей да вусця (каля 750 км) рака цячэ ў шырокай даліне, пасля ўпадзення р. Бенуэ рэчышча дасягае шыр. да 3 км. За 180 км ад акіяна, каля г. Аба, пачынаецца дэльта Н. (пл. 24 тыс.км²), у якой вылучаецца мноства рукавоў, найб. Нун і Фаркадос (суднаходны). Гал. прытокі: Міло, Бані (справа), Сакота, Кадуна, Бенуэ (злева). Паводкі ў чэрв.-вер., у ніжнім цячэнні другі паводак у лютым. Сярэдні расход вады 9,3 тыс.м³/с (макс. да 35 тыс.м³/с). Гадавы сцёк каля 300 км³. Цвёрды сцёк 67 млн.т. У дэльце марскія прылівы. Выкарыстоўваецца для арашэння; пабудаваны плаціны Эгрэт (каля г. Бамако) і Сансандынг (каля аднайм. паселішча). Буйная ГЭСівадасх. Каінджы, ніжэй — ГЭС Джэба. Рыбалоўства. Суднаходная на асобных участках: ад Курусы да Бамако, ад вадаспада Сатуба (ніжэй унутр. дэльты) да Ансонга, ад г. Ніямей да вусця. Важнейшыя гарады: Куруса (Гвінея), Бамако, Тамбукту (Малі), Ніямей (Нігер), Джэба, Лакоджа, Аніча (Нігерыя). У дэльце Н. марскі порт — Порт-Харкарт (Нігерыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ ПАХО́Д 1934—36, Вялікі паход,
перабазіраванне асн. сіл Кіт.Чырв. Арміі (КЧА) з цэнтр.іпаўд. раёнаў Кітая на ПнЗ. У выніку наступлення войск Гаміньдана на чале з Чан Кайшы ўрад Кіт.Сав. Рэспублікі (КСР) і кіраўніцтва Камуністычнай партыі Кітая (КПК) былі блакіраваны ў раёне стыку правінцый Цзянсі і Фуцзянь. У гэтых умовах ЦККПК вырашыў прабівацца сіламі 1-га фронту КЧА (каманд.Чжу Дэ, паліт. камісар Чжоў Эньлай) на ПнЗ, бліжэй да мяжы з СССР. Паход пачаўся 16.10.1934 і да снеж. 1934 войскі 1-га фронту КЧА выйшлі да прав. Гуйчжоў, дзе на нарадзе ў г. Цзуньі (снеж. 1935) старшыня Савета нар. камісараў КСР Мао Цзэдун пры падтрымцы ваенных адхіліў ад кіраўніцтва ген. сакратара ЦККПК Цын Бансяня і дабіўся прызначэння сябе паліт. камісарам 1-га фронту КЧА. Пазбягаючы сустрэчы з гал. сіламі Чан Кайшы, войскі КЧА накіраваліся ў прав. Сычуань, дзе ў чэрв. 1935 злучыліся з 4-м фронтам КЧА (камандуючы Сюй Сянцянь, паліт. камісар Чжан Гатао). У жн. 1935 сілы аб’яднаных франтоў КЧА (камандуючы Чжу Дэ, ген.паліт. камісар Чжан Гатао) прадоўжылі рух на Пн. Неўзабаве б.ч. іх была вымушана вярнуцца ў прав. Сычуань, але 2 корпусы КЧА на чале з Мао Цзэдунам у кастр. 1935 прабіліся ў паўн. частку Шэньсі, дзе ўжо існаваў сав. раён. У кастр.—ліст. 1936 да іх далучыліся рэшткі 2-га, 4 і 6-га франтоў КЧА. У выніку П.-З.п. былі страчаны ўсе сав. раёны ў цэнтр.іпаўд. Кітаі, але захавана кіруючае ядро КПКі камандаванне КЧА.
Літ.:
Браун О. Китайские записки, 1932—1939: Пер. с нем. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯ́РЫ,
1) вышэйшы слой феад. грамадства ў Кіеўскай Русі, пазней — у Рускай дзяржаве. Былі васаламі князя, абавязанымі служыць у яго войску, маглі перайсці да другога князя. Мелі свае вотчыны і васалаў. У 17 ст. розніца паміж баярамі і дваранствам сцерлася.
2) Служылыя людзі ў Рус. дзяржаве, якія ўваходзілі ў Баярскую думу.
3) Ваенна-служылыя людзі ў ВКЛ. Паходзілі з баяр Полацкага, Тураўскага і Смаленскага княстваў, баяр ідружыннікаўвял. князёў літоўскіх. У 13—16 ст. большасць баяр атрымала саслоўныя прывілеі феадалаў. Частка з іх была прамежкавай групай паміж феадаламі і сялянамі. Пачынаючы з Гарадзельскага прывілея 1413, для абазначэння саслоўя феадалаў побач з тэрмінам «баяры» ў афіц. актах ужываўся тэрмін «баяры-шляхта» або шляхта. Большасць баяр былі васаламі гаспадара (вял. князя), частка — буйных феадалаў-князёў, паноў, буйных баяр. Значная колькасць баяр-шляхты мела па некалькі або зусім не мела феадальна-залежных сялян. Акрамя баяр-шляхты існавала значная група ваенна-служылых людзей, куды ўваходзілі не толькі нашчадкі дробных бел.іліт. баяр і дружыннікаў, але і прадстаўнікі вярхоў сялянства. Яны падзяляліся на баяр панцырных, путных баяр або проста баяр (часам іх звалі служкамі), слуг путных, слуг дамовых. Усе яны атрымлівалі надзелы зямлі пры ўмове нясення службы, гал. чынам вайсковай. Значная ч. баяр да канца 16 ст. аформілася як шляхецкае саслоўе. На Беларусі ад назвы сац. групы баяр замацаваліся тапонімы: Баяры, Малыя Баяры, Баяры Дзікушкаўскія і тыпу Баяркі, Баярск.
4) Катэгорыя сялян у ВКЛ у 2-й пал. 17—18 ст. За надзел выконвалі павіннасці, плацілі чынш. Не былі асабіста свабодныя, не служылі ў апалчэнні і, па сутнасці, з’яўляліся прыгоннымі. Да канца 18 ст. многія баяры пераведзены на становішча чыншавых і нават цяглых сялян.
5) У Румыніі — феадалы і памешчыкі. Як клас ліквідаваны паводле закону аб аграрнай рэформе 20.3.1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАХА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
на Пд Еўрапейскай часткі Расійскай Федэрацыі. На ПнУіУ мяжуе з Казахстанам, на Пд абмываецца Каспійскім морам. Утворана 27.12.1943. Пл. 44,1 тыс.км². Нас. 1008,8 тыс.чал. (1994), гарадскога 70%. Цэнтр — г.Астрахань. Найб. гарады: Ахтубінск, Харабалі, Алтанжар.
Прырода. Вобласць у межах Прыкаспійскай нізіны з Волга-Ахтубінскай поймай і дэльтай Волгі. Паверхня раўнінная (б.ч. тэрыторыі ніжэй за ўзр. м., ад -2,7 м на Пн да -27,5 м на Пд). Характэрны ўзгоркавыя падняцці (саляныя купалы выш. да 150 м) іБэраўскія бугры ў дэльце Волгі. Карысныя выкапні: кухонная соль, гіпс, нафта, газ, бішафіт. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-растудз. ад -10 °C на Пн да -6 °C на Пд, ліп. каля 25 °C. Ападкаў каля 200 мм за год. Гал. рака Волга (з Ахтубай), падзяляецца на мноства рукавоў (больш за 800, найб. Бахтэмір, Болда, Бузан), якія ўтвараюць яе складаную дэльту. Шматлікія прэсныя (ільмені) імінер. азёры; самае вял. салёнае возера — Баскунчак. У раслінным покрыве пераважаюць злакі (кавыль, ціпчак, жытнік), палын і салянкі паўпустыняў на светла-каштанавых саланцаватых і бурых глебах. У Волга-Ахтубінскай пойме і дэльце Волгі — пойменныя лясы, лугавая расліннасць на алювіяльных глебах; трапляюцца лотас, чылім (вадзяны арэх), зараснікі трыснягу. У водах больш за 50 відаў рыб, каля 30 — прамысловыя. У Астраханскай вобласці — Астраханскі запаведнік.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: лёгкая (трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, футравая), харч. (рыбная, агароднінакансервавая, мясная, саляная), машынабудаванне і металаапрацоўка (суднабудаванне, суднарамонт). Развіты дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, нафтагазаздабыўная (гл.Астраханскае радовішча), хім.іінш.прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Пасевы збожжавых, вырошчванне агародніны, садавіны, бахчавых; асн. культуры — рыс, памідоры, кавуны (на арашальных землях). Мяса-воўнавая авечкагадоўля і мяса-малочная жывёлагадоўля. Развіты рачны і марскі транспарт. Порт — Астрахань. Чыг. лініі Астрахань—Саратаў, Астрахань—Верхні Баскунчак—Валгаград, Астрахань—Гур’еў; аўтадарогі Астрахань—Валгаград, Астрахань—Эліста і Астрахань—Кізляр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДАІ́ЗМ (франц. dadaïsme ад dada драўляны конік; у пераносным сэнсе — дзіцячы лепет),
мадэрнісцкая літ.-маст. плынь у Зах. Еўропе ў 1916—22. Узнікла ў Цюрыху ў асяроддзі нігілістычна настроенай інтэлігенцыі, якая ўспрыняла 1-ю сусв. вайну як праяўленне ў чалавеку адвечных звярыных інстынктаў, а розум, мараль эстэтыку — толькі як іх маскіроўку. Тэарэтыкі Д. абвяшчалі поўны разрыў з літ. традыцыяй і існуючымі сац. ўстоямі («дадаісцкія маніфесты» Т.Тцара, Г.Баля, Р.Гюльзенбека). Гал. патрабаванне паэтыкі Д. — «спантаннасць», «аўтаматызм», якія выключалі разумовую дзейнасць у стварэнні тэкстаў, што па-сутнасці вяло да страты іх камунікатыўнасці. Дадаісты практыкавалі змяшэнне стылістычна несумяшчальных фрагментаў розных тэкстаў (а таксама ўключэнне ўжо гатовага тэксту), бязладнае гука- і шумаперайманне («бруізм»), эксперыменты са стварэннем «мудрагелістай» мовы, насуперак агульнапрынятым нормам. Большасць літ. тэкстаў паслядоўнікаў Д. так і засталіся на ўзроўні эксперыментаў, аднак найб. вядомыя паэты выйшлі за рамкі нігілістычных дэкларацый і стварылі шэраг значных твораў, што прадвызначылі паэтыку сюррэалізму (зб. «Магнітныя палі» А.Брэтона і Ф.Супо, «Жывёлы і іх людзі, людзі і іх жывёлы» П.Элюара, «Феерверк» Л.Арагона іінш.). Праграмны ірацыяналізм і дэманстратыўны антыэстэтызм характэрны і для мастакоў-дадаістаў (французы М.Дзюшан, М.Эрнст, Ф.Пікабія, швейцарац Г.Арп, немец К.Швітэрс іінш.). Іх метады зводзіліся да бессэнсоўных каракуляў (падобных на дзіцячы малюнак), псеўдатэхн. чарцяжоў, камбінацый выпадковых прадметаў, наклеек на палатно і да т.п. У 1920-я г. ў Францыі Д. зліўся з сюррэалізмам, у Германіі — з экспрэсіянізмам. Некаторыя ням. дадаісты выкарыстоўвалі прыёмы вулічнага малюнка (сатыр. графіка Ж.Гроса) ці мантажу (паліт. плакаты Дж.Гартфілда). Дадаісцкія метады камбінавання «гатовых» прадметаў у сярэдзіне 20 ст. далі пачатак поп-арту.
Літ.:
Каптерева Т. Дадаизм и сюрреализм // Модернизм. 3 изд. М., 1980.
К.М.Міхееў (дадаізм у літаратуры).
Да арт.Дадаізм. Г.Арп. Дошка з яйкамі 1922.Да арт.Дадаізм. М.Эрнст. П’ета, або Рэвалюцыйная ноч. 1923.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСАПАТА́МСКАЯ НІЗІ́НА.
Міжрэчча, нізіна ўздоўж рэк Тыгр і Еўфрат, гал.ч. ў Іраку, а таксама ў Іране, Сірыі і Кувейце. Даўж. больш за 1000 км, шыр. 400 км. Размешчана на месцы перадгорнага прагіну альпійскай складкаватай зоны М. Азіі і Ірана. Складзена з пясчана-гліністых алювіяльных адкладаў рэк, марскіх адкладаў іінш. Паводле характару рэльефу падзяляецца на паўн.ч. (Верхняя М.н., або Джэзірэ) да шыраты г. Багдад — узгорыстае плато з невял. ўзвышшамі (Джэбель-Сінджар, 1359 м, Джэбель-Хамрын іінш.) іпаўд.ч. (Ніжняя М.н., або Вавілонія) — плоская нізіна, ніжэй за 100 м над узр. мора. Тэр. Ніжняй М.н. перыядычна заліваецца паводкавымі водамі, моцна забалочаная, асабліва ўзбярэжжа Персідскага заліва. Клімат на Пн субтрапічны, кантынентальны, на Пд трапічны, пустынны. Лета гарачае, т-ра 33—34 °C. Зіма на Пн умераная (сярэдняя т-ра студзеня 7 °C, маразы да -18 °C), на Пд цёплая (15—17 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў 200—300 мм, на Пд паніжаецца да 100 мм. Максімум ападкаў — зімой. Па М.н. працякаюць рэкі Тыгр і Еўфрат, якія зліваюцца ў агульнае рэчышча Шат-эль-Араб, на ПдЗ — р. Карун. Расходы рэк нераўнамерны на працягу года, частыя паводкі разбуральнай сілы. Расліннасць паўпустынная і пустынная, палынова-салянкавая, толькі на схілах узвышшаў Верхняй М.н. растуць дрэвы і хмызнякі (дубы, фісташкі). Уздоўж рэк — галерэйныя лясы: еўфрацкая таполя, вербы, тамарыскі. У Ніжняй М.н. — фінікавая пальма. Жывёльны свет прадстаўлены грызунамі, паўзунамі, членістаногімі. З буйных млекакормячых — газель, дзікі асёл, шакал. У затапляльных зарасніках уздоўж рэк шмат вадаплаўнай птушкі, водзяцца дзікі. Развіта багарнае і паліўное земляробства (пшаніца, рыс, бавоўнік, фінікавая пальма), качавая жывёлагадоўля. Радовішчы нафты: Кіркук, Румайла іінш. Буйныя гарады: Багдад, Басра (Ірак), Абадан (Іран). М.н. адзін са стараж. цэнтраў цывілізацыі (Асірыя, Вавілонія іінш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДУ́РАС, Андурас (Honduras),
Рэспубліка Гандурас (República de Honduras), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. На З мяжуе з Гватэмалай, на ПдЗ — з Сальвадорам, на У — з Нікарагуа; на Пн абмываецца Карыбскім м., на Пд — зал. Фансека Ціхага ак. Падзяляецца на 18 дэпартаментаў. Пл. 112 тыс.км². Нас. 6 млн.чал. (1995). Сталіца — г.Тэгусігальпа. Дзярж. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Гандурас — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1982. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатны Нац. кангрэс (128 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць Кабінету міністраў.
Прырода. На большай ч. краіны горы і ўзвышшы. Цэнтр.ч. займае складкава-глыбавае нагор’е выш. да 2865 м. Вялікае значэнне маюць міжгорныя басейны і катлавіны з слабахвалістай паверхняй. У горных раёнах бываюць разбуральныя землетрасенні. Уздоўж узбярэжжаў нізіны, самая вялікая з іх — Маскітавы бераг. Ёсць радовішчы золата, серабра, медзі, свінцу, цынку, жал. руды, вугалю іінш. Клімат трапічны, пасатны, на нізінах і ў далінах гарачы (сярэднія месячныя т-ры ад 22 да 26 °C), на нагор’і цёплы (ад 10 да 24 °C). Ападкаў за год на паўн.-ўсх. схілах гор больш за 3000 мм, на ўчастках, заслоненых гарамі ад пасату, каля 1000 мм. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Пад лесам 34% тэрыторыі. На нізінах і ніжніх схілах гор (да выш. 700 м) трапічныя лясы. Вышэй, у далінах і міжгорных басейнах, на горных схілах, закрытых ад вільготных вятроў, вечназялёныя субтрапічныя і дубова-хваёвыя лясы. У найб. сухіх раёнах — травяністая расліннасць саваннаў. Нац. паркі: Ла-Тыгра, Рыо-Платана; ёсць рэзерваты і лясныя заказнікі.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва гандурасцы, народ, які сфарміраваўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Індзейцы (7%, плямёны ленка, пайя, хікаке, міскіта, сума іінш.) жывуць пераважна каля граніцы з Гватэмалай, негры (2%) — на паўн. ўзбярэжжы. У антрапал. адносінах каля 85% метысаў, 10 — індзейцаў, 2 — неграў, 1% — еўрапейцаў. 97% вернікаў католікі, ёсць групы неграў-пратэстантаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 53,6 чал. На 1 км². Большая ч. яго сканцэнтравана ў міжгорных катлавінах і на паўн. ўзбярэжжы. Каля паловы насельніцтва жыве ў гарадах. Найб. гарады (1993, тыс.ж.): Тэгусігальпа — 718,5, Сан-Педра-Сула — 378,3, Эль-Прагрэса — 124,9, Данлі — 116. У сельскай гаспадарцы занята 62% працаздольнага насельніцтва, у абслуговых галінах — 20, у прам-сці — 9, будаўніцтве — 3%.
Гісторыя. У 2—6 ст. у зах.ч. Гандураса існаваў г. Капан, адзін з буйнейшых цэнтраў цывілізацыі майя. У час адкрыцця Х.Калумбам у 1502 тэр. Гандураса была заселена індзейскімі плямёнамі. З 1524 пачалося заваяванне Гандураса іспанцамі. Індзейцы мужна супраціўляліся, аднак іх паўстанне (1537—39), якое ўзначальваў Лемпіра, пацярпела паражэнне. Значная ч. карэннага насельніцтва вынішчана або памерла ад непасільнай працы на рудніках. У 1542 Гандурас увайшоў у склад віцэ-каралеўства Новая Іспанія (з 1560 у складзе ген.-капітанства Гватэмала). 15.9.1821 абвешчана незалежнасць Гандураса, і ён увайшоў у склад Мексіканскай імперыі. З 1823 у складзе Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. З 1838 самаст. дзяржава, прынята 1-я канстытуцыя. У сярэдзіне 19 ст. ішла жорсткая барацьба паміж кансерватарамі (партыя буйных землеўладальнікаў) і лібераламі (партыя буржуазіі), якая суправаджалася грамадз. вайной, неаднаразова адбываліся дзярж. перавароты. Адносная стабілізацыя наступіла з прыходам да ўлады ў 1877 ліберала М.А.Сота, пры якім сталіца перанесена з Камаягуа ў Тэгусігальпу. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацнілася пранікненне ў Гандурас амер. капіталу. На ўзбярэжжы Карыбскага мора закладзены велізарныя бананавыя плантацыі, Гандурас паступова ператварыўся ў краіну монакультуры. Амер. фірмы, якія валодалі бананавымі плантацыямі, былі па сутнасці «дзяржавай у дзяржаве». Выступленні гандурасцаў супраць амер. засілля бязлітасна душыліся. Пасля беспаспяховых паўстанняў 1931—32 у краіне ўстанавілася дыктатура прадстаўніка Нац. партыі Т.Карыяса Андзіны; былі забаронены дэмакр. арг-цыі, праследавалася апазіцыя. У час 2-й сусв. вайны Гандурас удзельнічаў у антыгітлераўскай кааліцыі. На выбарах 1954 і 1957 перамог ліберал Ж.Р.Вільеда Маралес. У час яго праўлення праведзена некалькі прагрэс. рэформаў, у т. л. прыняты закон аб агр. рэформе (1962), але практычна сістэма землеўладання не змянілася.
У выніку ваен. перавароту 1963 прэзідэнтам абвешчаны палкоўнік О.Лопес Арэльяна (1956—71). У 1964—65 у некат. раёнах краіны пачалася партыз. барацьба, выступленні працоўных і студэнтаў, супраць якіх былі кінуты войскі. Унутр.і знешняя рэакцыя справакавала ў ліп. 1969 узбр.тэр. канфлікт з Сальвадорам (завяршыўся ў 1992; паводле рашэння Міжнар. Гаагскага трыбунала Гандурас атрымаў 2/3 спрэчнай тэр.). Улада ваенных існавала да 1982, калі прэзідэнтам быў выбраны ліберал Р.Суаса Кордава. Але армія не падпарадкавалася прэзідэнту. Пад выглядам барацьбы з паўстанцамі армейскія спецслужбы ажыццяўлялі рэпрэсіі і тэрор, сотні людзей прапалі без вестак. Гэта выклікала хвалю пратэсту ў краіне і за мяжой. У сак. 1993 урад Р.Гальегаса стварыў спец. камісію для расследавання абвінавачванняў супраць армейскіх спецслужбаў; большасць з іх пацвердзілася. На выбарах у ліст. 1993 перамог К.Р.Рэйна, які пачаў рэфармаванне ўзбр. сіл. Гандурас — чл.ААН з 1945, Арг-цыі амер. дзяржаў, Арг-цыі цэнтральнаамер. дзяржаў іінш.міжнар. арг-цый. Паліт. партыі: Нац. партыя, Ліберальная партыя Гандураса, Сацыяліст. партыя, Хрысц.-дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Гандурас — адна з самых адсталых краін Зах. паўшар’я, агр. краіна з эканомікай монатаварнага тыпу, адна з гал. вытворцаў і экспарцёраў бананаў. У валавым унутр. прадукце доля сельскай гаспадаркі 28%, апрацоўчай прам-сці — 16, горназдабыўной — 2, абслуговых галін — 38%. Апрацоўваецца 14% тэр., пад лугамі і пашай 30%. Большая ч. зямельных угоддзяў належыць мясц. латыфундыстам і кампаніям ЗША. Сялянства беззямельнае і малазямельнае. Характэрны нізкі агратэхн. ўзровень. На ўзбярэжжы Карыбскага мора плантацыі бананаў (збор 931 тыс.т., 1993, у асобныя гады да 1,5 млн.т), цукр. трыснягу (каля 3 млн.т), бавоўны. Горная ч. краіны — зона пераважна спажывецкага земляробства, вырошчваюць (1993, збор тыс.т): кукурузу — 638, сорга — 91, рыс — 35, фасолю іінш.харч. культуры; экспартныя культуры — кава і тытунь. Развіта агародніцтва, субтрапічнае і трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля арыентавана на ўнутр. рынак. У горных раёнах на пашы і лугах гадуюць буйн. раг. жывёлу (2,3 млн.гал.), паўсюдна ў сял. гаспадарках — свіней (0,6 млн.гал., 1993) і птушку. Важная галіна гаспадаркі — лоўля крэветак і амараў. Цэнтр рыбалоўства і здабычы морапрадуктаў — зал. Фансека. Прам-сць прадстаўлена ў асн. перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Невял. здабыча серабра, золата, свінцу, сурмы, цынку. У г. Агультэка металург. з-д выпускае каля 100 тыс.т сталі за год, працуе на мясц.жал. рудзе. У г. Пуэрта-Картэс нафтаперапр.з-д перапрацоўвае за год 500 тыс.т імпартнай нафты. Ёсць цэм.з-д, цэлюлозна-папяровы камбінат. У гарадах невял. прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. маслабойнай, цукровай, піваварнай, спіртагарэлачнай, кансервавай, тытунёвай), тэкст., швейнай, гарбарна-абутковай, дрэваапр., мэблевай, буд. матэрыялаў, керамічнай, металаапр., хім., гумаватэхн. прам-сці. Асн.прамысл. прадпрыемствы знаходзяцца ў г. Сан-Педра-Сула і яго наваколлі і ў Тэгусігальпе. На ПнУ, Пд, у горных далінах — нарыхтоўкі каштоўнай драўніны. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз штогод, на ГЭС у горных раёнах і невялікіх ЦЭС у гарадах. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 8950 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1700 км. Па ўзбярэжжы Ціхага ак. праходзіць участак Панамерыканскай шашы. На Пн для вывазу бананаў да партоў пракладзены вузкакалейныя чыгункі агульнай даўж. 785 км. Асобныя ўчасткі рэк (даўж. 465 км) у нізоўях выкарыстоўваюцца для суднаходства. Знешні гандаль забяспечваецца марскім транспартам. Гал. парты: Пуэрта-Картэс і Пуэрта-Кастылья (на Пн), Сан-Ларэнса (на Пд). У сувязі з ільготным падаткаабкладаннем да партоў Гандурас прыпісаны гандл. флот з 252 суднаў агульным танажом каля 1 млн.т. У краіне 11 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Тэгусігальпы. Развіваецца замежны турызм. Гандурас экспартуе бананы (у асобныя гады складаюць да 60% па кошце), каву, крэветкі іінш. морапрадукты, мінер. сыравіну, мяса, драўніну; імпартуе машыны ітрансп. сродкі, хім. прадукты, тавары нар. попыту, паліва, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША (65% экспарту, 45% імпарту), Японія, Бельгія, Нідэрланды, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — лемпіра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРУ́НСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,
помнік архітэктуры 18 ст. Створаны ў в. Баруны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Уключае царкву, манастырскі корпус, вежу-званіцу і капліцу. У 1692 пабудавана драўляная царква, у 1700—07 на яе месцы — мураваная (згарэла, у 1715 адбудавана, не захавалася). Новая мураваная царква пабудавана ў 1747—57 паводле праекта арх. А.Асікевіча ў стылі віленскага барока, дабудавана ў 1760—70. Трохнефавая 2-вежавая базіліка з паўкруглай апсідай накрыта 2-схільным дахам. Дэкар. аздабленне сканцэнтравана на пластычна вырашаным гал. фасадзе. Вежы пастаўлены пад вуглом да бакавых нефаў: паўд. 3-ярусная квадратная ў плане завершана гранёным купалам, ад другой застаўся ніжні ярус, накрыты 4-схільным купалам. Да вежаў з абодвух бакоў прылягаюць брамы з пластычнымі абрысамі. Паўн. брама злучае царкву з 2-яруснай вежай-званіцай. Манастырскі корпус пабудаваны ў 1778—93. Будынак Т-падобны ў плане, 2-павярховы, пры аднаўленні ў канцы 19 ст. яму нададзены рысы класіцызму. На пач. 19 ст. тут працавала публічная 6-класная школа базыльян (адкрыта ў 1793). На плошчы перад царквой размешчана капліца — цэнтрычны 2-ярусны аб’ём (чацвярык на васьмерыку; пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст.).