ПО́КРЫВА ТЭКТАНІ́ЧНАЕ, шар’яж,

пакаты насоў мас горных парод у выніку тэктанічных рухаў на іншыя (часцей больш маладыя пароды) па субгарыз. або пакатахвалістай паверхні на вял. плошчы з перамяшчэннем у дзесяткі — некалькі соцень кіламетраў. Перамешчаныя масы наз. алахтон, а пароды, што залягаюць у аснове покрыва, — аўтахтон. Выступы аўтахтона сярод алахтона наз. тэктанічныя вокны, а астанцы алахтона сярод аўтахтона — кліпы. Характэрны для горных збудаванняў Альпаў, Скалістых гор, Карпат, Каўказа і інш.

т. 12, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІУРЭТА́НАВЫЯ ВАЛО́КНЫ, спандэкс,

сінтэтычныя валокны, што атрымліваюць фармаваннем з раствораў ці расплаваў некаторых поліурэтанаў (пераважна поліурэтанмачавін). Гандл. назвы: лайкра, вайрын, эластан, эспа, неалан, дарластан, варын і інш. Устойлівыя да ўздзеяння масел, хлорзмяшчальных арган. растваральнікаў, разбаўленых раствораў шчолачаў і кіслот. П.в. са стабілізаваных палімераў святло- і атмасфераўстойлівыя. Паводле эластычнасці падобныя на гумавыя ніткі, але больш моцныя і зносаўстойлівыя, лепш афарбоўваюцца. Выкарыстоўваюць для вырабу спарт. адзення, гарсэтных вырабаў, эластычнага бінту, лячэбнага трыкатажу.

т. 12, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПЕДЭ́ЎТЫКА (ад грэч. propaideuo папярэдне навучаю),

скарочанае выкладанне якой-н. навукі ў сістэматызаваным выглядзе; падрыхтоўчы ўводны курс, які папярэднічае больш глыбокаму і дэталёваму вывучэнню адпаведнай дысцыпліны. У Платона П. — заняткі, якія папярэднічалі вывучэнню дыялектыкі. У філас. традыцыі І.​Канта П. часта называлі агульны курс арыстоцелеўскай логікі, які папярэднічаў вывучэнню канкрэтных навук. Кант, у якасці філас. П., прапанаваў разглядаць сваю трансцэндэнтальную філасофію (логіку). Г.​Гегель значэнне П. прыпісаў дыялект. логіцы.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ПЯЦКА-ДНЯПРО́ЎСКАЯ СІНЕКЛІ́ЗА,

буйная адмоўная тэктанічная структура Усходне-Еўрапейскай платформы. Выцягнута ў паўн.-зах. напрамку на 900 км, шыр. да 200 км і больш Размешчана паміж Беларускай і Варонежскай антэклізамі на ПнУ і Украінскім шчытом на ПдЗ, накладзена на іх схілы, а таксама на познадэвонскія Прыпяцкі, Дняпроўскі рыфты і Брагінска-Лоеўскую седлавіну. Запоўнена асадкавымі адкладамі карбону, пярмі, трыясу, юры, мелу, палеагену, неагену і антрапагену магутнасцю да 12 км.

В.​С.​Конішчаў.

т. 13, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРЭ́ЧЫШЧАВЫ ВАЛ,

спадзісты вал, які ўтвараецца ў выніку акумуляцыі рачных наносаў (пераважна пяску і гліны) у поймах рэк. Большая ч. матэрыялу адкладваецца ў час разводдзя, калі рака выходзіць з рэчышча на пойму і губляе на мелкаводдзі скорасць цячэння. Выш. П.в. 1—2 м (у вял. раўнінных рэк да 5—6 м і больш), часам яны ўтвараюць прыродныя дамбы шыр. да некалькіх дзесяткаў метраў. Найб. уласцівы сярэдняму і ніжняму цячэнню рэк.

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЧЭ́П,

адна-, двух- ці шматвосевая павозка, якая буксіруецца аўтамабілем, цягачом ці трактарам. Прызначаны для перавозкі грузаў, пасажыраў (трансп. П.). Існуюць таксама спец. П.-майстэрні, аўтакрамы, дачныя фургоны і інш. Грузападымальнасць аднавосевых П. да 2 т, двухвосевых — 8 т; шматвосевых — 20—50 т і больш. Абсталёўваецца габарытнымі ліхтарамі і інш. На Беларусі П. вырабляюць на Мінскім аўтамабільным заводзе і прадпрыемстве «Туртранс» (Мінск).

Прычэп: 1 — «Купава» («Туртранс», Мінск); 2 — «Зубраня» (МАЗ).

т. 13, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РА́ВІЧ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталася больш за 250 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Ажароўскія, Нямцэвічы, Прушынскія, Ромеры, Саламярэцкія. У залатым полі чорны мядзведзь, на ім сядзіць жаночая постаць у чырв. сукенцы з распушчанымі валасамі ў залатой кароне. Клейнод — над прылбіцай з каронай паміж аленевымі рагамі палова чорнага мядзведзя з чырв. ружай у лапе. Вядомы з пач. 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЕ́ЎСКІ (Ігар Іванавіч) (н. 30.5.1937, Масква),

бел. і рас. дырыжор і хормайстар. Засл. арт. Беларусі (1967). Нар. арт. Расіі (1978). Скончыў Маскоўскае хар. вучылішча (1954), Ін-т ваен. дырыжораў (1958). У 1963—68 маст. кіраўнік Ансамбля песні і танца Бел. ваен. акругі і інш. ваен. маст. калектываў. З 1995 узначальвае Дзяржаўны акадэмічны рускі хор. Аўтар песень (больш за 200), сімф. і хар. твораў, хар. і арк. апрацовак. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1972.

т. 13, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАПА́,

насычаны саляны раствор (расол) у адкрытых прыродных, штучных вадаёмах, падземных пустотах і порах донных адкладаў саляродных азёр. Канцэнтрацыя солей у Р. больш за 50 г/л (паводле класіфікацыі У.​І.​Вярнадскага), дасягае 300—370 г/л. Паводле хім. саставу падзяляецца на 4 гал. тыпы: хларыдны кальцыевы, хларыдны магніевы, сульфатны натрыевы і гідракарбанатны натрыевы. Р. падземнай гідрасферы мае павы шаную канцэнтрацыю брому, ёду, бору, літыю. Выкарыстоўваецца ў прамысл. і мед. мэтах.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

адна з элементарных функцый, атрыманая ў выніку канечнай колькасці арыфм. аперацый над адной ці некалькімі пераменнымі і адвольнымі пастаяннымі лікамі; асобны выпадак алгебраічнай функцыі. Любую Р.ф. можна выразіць праз дзель двух мнагаскладаў, а таксама праз суму элементарных дробаў, што выкарыстоўваецца пры адшуканні інтэгралаў ад Р.ф. Сума, рознасць, здабытак, дзель і суперпазіцыя (складаная функцыя) дзвюх ці больш Р.ф., а таксама вытворная ад Р.ф. з’яўляюцца Р.ф. Гл. таксама Дробава-лінейная функцыя.

т. 13, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)