ПРЫЛЯЖА́ЕЎ (Мікалай Аляксандравіч) (27.9.1877, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 26.5.1944),
расійскі і бел. хімік-арганік. Чл.-кар.Рас.АН (1933). Акад.Нац.АН Беларусі (1940, чл.-кар. 1936). Скончыў Варшаўскі ун-т (1900), у якім працаваў у 1912—15 (з 1913 праф.), з 1915 у Кіеўскім політэхн. ін-це, з 1924 у БДУ, з 1935 у БПІ. Адначасова ў 1931—33 дырэктар Ін-та хіміі АН Беларусі. Навук. працы пераважна па хіміі арган. кіслародзмяшчальных злучэнняў. Распрацаваў метад атрымання эпаксідных злучэнняў акісленнем алефінаў па падвойнай сувязі пераксідам бензаілу (рэакцыя П.; 1909), які выкарыстоўваюць у лабараторнай практыцы для сінтэзу вугляводаў, стэроідаў, ліпідаў і інш. прыродных злучэнняў. Прэмія імя А.М.Бутлерава Пецярбургскай АН 1912.
Тв.:
Органические перекиси и применение их для окисления непредельных соединений. Варшава, 1912.
Літ.:
Ахрем А.А., Прилежаева Е.Н., Мещеряков А.П. Жизнь и деятельность Н.А.Прилежаева // Журн. общей химии. 1951. Т. 21, вып. 11;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ЗІКАЎ (Віктар Мітрафанавіч) (н. 7.9.1928, в. Балотнікі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. філосаф і культуролаг. Канд.філас.н. (1958), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1975). Скончыў БДУ (1953). З 1957 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі (у 1960—72 і ў 1987—96 заг. кафедры, у 1968—79 прарэктар). У 1979—87 рэктар Мінскага ін-та культуры. З 1987 у Бел.эканам. ун-це (у 1987—96 заг. кафедры). Навук. працы па гісторыі філасофіі і сацыялогіі, асветы і культуры Беларусі.
Тв.:
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973 (у сааўт.);
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г.Мн., 1985 (у сааўт.);
Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1993 (разам з У.У.Качаноўскім);
Кароткі філасофскі слоўнік. Мн., 1994 (у сааўт.);
Философия: Курс лекций. Мн., 1995 (у сааўт.);
Методологические и методические аспекты философской подготовки магистров. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯНЧУ́К (Барыс Міхайлавіч) (н. 15.5.1918, г. Анапа Краснадарскага краю, Расія),
бел. дырыжор, педагог. Нар.арт. Беларусі (1970). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1942). З 1944 дырыжор аркестраў вайск. часцей, штаба Ленінградскай ваен. акругі, нач. ваенна-арк. службы Паўд. групы войск. Адзін з дырыжораў зводнага аркестра ў час Парада Перамогі 1945 на Краснай плошчы. У 1962—79 нач. ваенна-арк. службы і гал. дырыжор аркестраў БВА, з 1965 адначасова выкладаў у Бел. кансерваторыі (з 1986 праф.). Выканальніцкі почырк П. вылучаецца глыбокім разуменнем стылю муз. твора і маст. ініцыятыўнасцю. Аўтар марша «Партызаны Беларусі», «Беларускага марша» на тэмы песень У.Алоўнікава, «Беларускага камсамольскага марша» на тэмы песень І.Лучанка, «Страявога марша» на тэмы песень Ю.Семянякі, інструментоўкі Дзярж. гімна Беларусі, шматлікіх апрацовак, інструментовак і пералажэнняў твораў бел. кампазітараў Р.Пукста, А.Багатырова, Я.Глебава, Л.Захлеўнага, Н.Сакалоўскага і інш. Выдаў дапаможнік «Дырыжору духавога аркестра» (1975). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗЬКО́ (Усевалад Пятровіч) (н. 24.1.1937, г. Шклоў Магілёўскай вобл.),
бел. фізік. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1996), д-рфіз.-матэм.н. (1985), праф. (1990). Скончыў Томскі ун-т (1962), дзе і працаваў. З 1972 у Магілёўскім аддзяленні Ін-та фізікі (з 1987 нам. дырэктара), з 1992 дырэктар Ін-та прыкладной оптыкі Нац.АН Беларусі. Навук. працы ў галіне інтэгральнай оптыкі, па вывучэнні фіз. асноў працэсаў фарміравання планарных аптычных хваляводаў, методыках і тэхналогіі стварэння кампазіцыйных асяроддзяў і суперструктур для оптаэлектронікі з новымі аптычнымі і фотаэл. ўласцівасцямі. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.
Тв.:
Введение в интегральную оптику. Мн., 1975 (разам з А.М.Ганчарэнкам);
Кинетика процесса формирования планарных волноводов в стеклах электродиффузией серебра (разам з А.І.Вайцянковым) // Физика и химия стекла. 1986. Т. 12, № 6;
Квантово-размерные структуры селенид кадмия/полимер, изготовленные методом вакуумного испарения (разам з А.С.Барбіцкім, А.І.Вайцянковым) // Письма в ЖТФ. 1996. Т. 22, вып. 13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЙНЕС ((Reines) Фрэдэрык) (16.3.1918, г. Патэрсан, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 26.8.1998),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1980), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1966). Замежны чл.Рас.АН (1994). Продкі Р. паходзілі з Беларусі. Скончыў Тэхнал.ін-т імя Стывенса (г. Хобакен, штат Нью-Джэрсі). З 1944 у Лос-Аламоскай нац. лабараторыі ў Нью-Мехіка, удзельнічаў у распрацоўцы і выпрабаваннях атамнай і ядз. зброі. З 1959 праф.Тэхнал. ін-та імя Кейса (г. Кліўленд), з 1966 Каліфарнійскага ун-та (г. Ірвін; у 1964—74 дэкан фіз. ф-та). Навук. працы па фізіцы элементарных часціц, фізіцы касм. прамянёў і нейтрына, радыебіялогіі. Зарэгістраваў электроннае антынейтрына ў выпрамяненні ад ядз. рэактара (1956, разам з К.Коўэнам), атм. нейтрына (1965) і ўсплескі нейтрына ад звышновай зоркі ў Вял. Магеланавым воблаку (1987). Эксперыментальна даказаў закон захавання барыённага зараду (1957). Нобелеўская прэмія 1995 (разам з М.Л.Перлам).
Тв.:
Рус.пер. — Нейтрино: от полтергейста к частице // Успехи физ. наук. 1996. Т. 166, вып. 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКІ́ЦКІ (Пётр Фаміч) (15.8.1903, в. Кустаўніца Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 21.10.1977),
бел. вучоны ў галіне генетыкі. Акад.АН Беларусі (1967), д-рбіял.н., праф. (1940). Засл. дз. нав. Беларусі (1973). Скончыў Маскоўскі ун-т (1927). З 1930 ва Усесаюзным ін-це жывёлагадоўлі, адначасова ў 1932—38 у Маскоўскім ун-це. З 1938 у Маскоўскім пушна-футравым ін-це (заг. кафедры, дэкан, нам. дырэктара), з 1949 у Комі філіяле АНСССР, з 1957 ва Усесаюзным ін-це навук. і тэхн. інфармацыі. У 1960—69 у БДУ (заг. кафедры), адначасова з 1965 у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (заг. лабараторыі). Навук. працы па пытаннях генетыкі колькасных прыкмет і генет. асноў селекцыі жывёл, радыяцыйнай генетыцы, выкарыстанні матэм. метадаў у біялогіі, філасофіі і гісторыі біялогіі. Сфармуляваў і эксперыментальна абгрунтаваў паняцце аб полі дзеяння гена. Дзярж. прэмія Беларусі 1974.
Тв.:
Генетика. 4 изд. М., 1937;
Биологическая статистика. 3 изд. Мн., 1973;
Введение в статистическую генетику. 2 изд. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНЮ́К (Міхаіл Фёдаравіч) (3.1.1944, в. Кавалі Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 4.9.1997),
бел. мастацтвазнавец, этнограф, мастак. Канд. мастацтвазнаўства (1975). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1971). З 1974 выкладаў у Бел.АМ, з 1989 заг. кафедры (з 1995 праф.). У 1982—84 адначасова гал.рэд.час. «Мастацтва Беларусі». Даследаваў пытанні нар. мастацтва і матэрыяльнай культуры Беларусі. Зрабіў мастацтвазнаўча-этнагр. раянаванне бел.нар. адзення 19 — пач. 20 ст. (альбом «Беларускае народнае адзенне», 1981), каля 100 маст.-графічных рэканструкцый традыц. рэгіянальных строяў (1990-я г.). Калекцыя бел.нар. адзення, сабраная Р., экспанавалася ў Мінску (1981), Парыжы і Ліёне (1981—82). Стварыў сцэн. касцюмы для Дзярж.акад.нар. хору імя Г.Цітовіча, ансамбля танца Беларусі і некат. самадзейных калектываў.
Тв.:
Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;
Песні і строі Піншчыны. Мн., 1994 (разам з В.Дз.Ліцьвінкам, У.І.Раговічам);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́МЗЕЙ, Рэмзі (Ramsey) Норман Фостэр (н. 27.8.1915, Вашынгтон), амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1952), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1950). Скончыў Калумбійскі (1935) і Кембрыджскі (1937) ун-ты. У 1942—47 у Калумбійскім ун-це (з 1943 удзельнічаў у Манхатанскім праекце). У 1947—86 у Гарвардскім ун-це (з 1950 праф.), адначасова ў 1968—81 прэзідэнт Н.-д. асацыяцыі ун-таў. Навук. працы па фізіцы малекулярных і атамных пучкоў, ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц, тэрмадынаміцы і статыст. механіцы. Адкрыў эл. квадрупольны момант у дэйтрона (1940), вызначыў магн. моманты шэрагу ядзер, пратона і нейтрона, магн. і эл. дыпольны моманты дэйтрона. Распрацаваў метад прасторава разнесеных асцылюючых палёў (1956) і стварыў мазер на атамарным вадародзе (1960). Удзельнічаў у стварэнні высокадакладнага атамнага гадзінніка. Нобелеўская прэмія 1989.
Тв.:
Рус.пер. — Молекулярные пучки. М., 1960;
Эксперименты с разнесенными осциллирующими полями и водородными мазерами // Успехи физ. наук. 1990. Т. 160, вып. 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЎДА (Віктар Уладзіміравіч) (н. 10.11.1921, г. Смаргонь Гродзенскай вобл.),
бел. харавы дырыжор, педагог. Нар.арт. Беларусі (1978). Нар.арт.СССР (1990). Канд. мастацтвазнаўства (1956), праф. (1975). Скончыў Віленскую дзярж. духоўную семінарыю (1939), Літ. кансерваторыю (1951). Вучань А.Свешнікава. З 1951 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі, хормайстар Дзярж.акад.рус.нар. хору імя Свешнікава. З 1956 хормайстар і дырыжор Дзярж.акад. харавой капэлы Беларусі, адначасова выкладае у Бел. акадэміі музыкі (з 1964 заг. кафедры). З 1965 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Хору акадэмічнага Беларускага тэлебачання і радыё. Творчасці Р.-хормайстра ўласцівы ўдумлівыя адносіны да муз. твораў, імкненне да чысціні строю, высокай якасці гучання харавога шматгалосся, глыбокая інтэрпрэтацыя муз. твораў. Склаў «Хрэстаматыю па чытанні харавых партытур» (т. 1—2, 1971—74), «Хрэстаматыю па беларускай харавой опернай літаратуры» (1975), зб-кі «Харавыя канцэрты» (1980, 1982, 1984), «Хоры беларускіх кампазітараў на вершы Я.Купалы і Я.Коласа» (1982), «Харавы вянок» (1985). Дзярж. прэмія Беларусі 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБА́НАЎ (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 12.9.1936, г. Слуцк Мінскай вобл.),
бел. фізік. Акад.Нац.АН Беларусі (1996, чл.-кар. 1989), д-рфіз.-матэм.н. (1976), праф. (1981). Засл. дз. нав. Беларусі (1999). Сын С.Ф.Рубанава. Скончыў БДУ (1958). З 1958 у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі (з 1978 заг. лабараторыі). Адначасова з 1996 старшыня савета Бел.рэсп. фонду фундаментальных даследаванняў. Навук. працы па лазернай фізіцы, кагерэнтнай оптыцы і галаграфіі. Распрацаваў фіз. асновы дынамічнай галаграфіі. Выявіў новую фіз. з’яву — абарачэнне хвалевага фронту святла пры чатыроххвалевым узаемадзеянні. Распрацаваў эфектыўныя метады пераўтварэння прасторавай структуры лазерных пучкоў, апрацоўкі аптычнай інфармацыі, вызначэння ўласцівасцей рэчыва, узбуджэння гіпергуку. Дзярж. прэмія Беларусі 1976. Дзярж. прэмія СССР 1982.
Тв.:
Методы расчета оптических квантовых генераторов. Т. 2. Мн., 1968 (у сааўт.);
Тепловой режим твердотельных оптических кванговых генераторов. М., 1973 (разам з Б.Р.Беластоцкім);
Некоторые вопросы динамической голографии // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980.