(«The journal of Byelorussian studies», «Часопіс беларускіх даследаванняў»),
часопіс Англа-беларускага т-ва ў Вялікабрытаніі. Выдаваўся ў 1965—88 у Лондане на англ. мове 1 раз у год. Рэдактары А.Макмілін (1965—71), Дж.Дзінглі (1972—79), П.Мэё (1980—88). Распаўсюджваўся ва універсітэцкія і грамадскія б-кі, навук. ўстановы, суполкі, т-вы ў Англіі, ЗША, Канадзе, Ізраілі, Германіі, Польшчы і інш. краінах Усх. Еўропы, а таксама на Беларусі (да пач. 1990-х г. знаходзіўся ў спецсховах). Дасылаўся індывід. падпісчыкам. Друкаваў працы бел. даследчыкаў на эміграцыі і замежных вучоных па гісторыі Беларусі, беларусазнаўстве, бел.культуры. літаратуразнаўстве, мовазнаўстве і інш. Публікацыі часопіса вызначаюцца грунтоўнай крыніцазнаўчай базай, выкарыстаннем шматлікіх дакументаў па гісторыі Беларусі з архіваў і б-к на Захадзе, даследаванняў, зробленых на Беларусі. У 1972—79 друкаваў «выбраную беларускую бібліяграфію» (складальнік А.Надсон) публікацый пра Беларусь замежных аўтараў і даследчыкаў на Беларусі, навук. працы ін-таў гісторыі, л-ры і мовазнаўства АН Беларусі. У раздзеле «Беларуская хроніка» (да 1980) асвятляў міжнар. дзейнасць Беларусі ў ААН, ЮНЕСКА, Міжнар. арг-цыі працы, эканам., рэліг. і грамадска-паліт. жыццё бел. дыяспары. Выйшаў 21 нумар у 6 т., у т. л. 2 здвоеныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ВІН,
вёска ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., каля воз. Любань. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПдУ ад горада і 36 км ад чыг. ст. Кобрын, 78 км ад Брэста. 4295 ж., 1591 двор (1997).
Вядомы з 16 ст. як мястэчка Брэсцкага ваяв.ВКЛ. У 1566—184 двары. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Кобрынскім пав. Гродзенскай губ. У 1878—2490 ж.. 2 царквы, сінагога, 2 кірмашы на год. У 1921—39 у Польшчы, мястэчка ў Палескім ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—59 вёска, цэнтр Дзівінскага раёна, больш за 4 тыс. жыхароў. У Вял.Айч. вайну з 24.6.1941 да 21.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. якія загубілі ў Дз. і раёне 2819 чал. З 1959 у Кобрынскім р-не. У 1971—4877 ж., 1407 двароў. «Сельгасхімія», агароднінасушыльны з-д, тэкст.-вытв. аб’яднанне, пякарня, лясніцтва. Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Дзівінская царква Параскевы Пятніцы (1740), Прачысценская царква (пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка мезаліту і неаліту і паселішча бронзавага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ ВЯЛІ́КІ СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР ІМЯ П.І.ЧАЙКО́ЎСКАГАМіністэрства культуры Расійскай Федэрацыі.
Створаны ў 1930 у Маскве як Сімф. аркестр Усесаюзнага радыё, з 1937 вялікі, з 1964 Усесаюзнага радыё і тэлебачання, з 1974 Вял. акадэмічны сімф. аркестр Усесаюзнага тэлебачання і радыё, з 1994 аркестр Рас.дзярж. тэлерадыёкампаніі «Астанкіна», з 1996 сучасная назва. Аркестрам кіравалі А.Арлоў (з 1930), М.Галаванаў (з 1937), А.Гаўк (з 1953), Г.Раждзественскі (з 1961). З 1974 гал. дырыжор і маст. кіраўнік У.Федасееў. У розны час з аркестрам працавалі дырыжоры В.Сук, Л.Штэйнберг, С.Самасуд, Я.Мравінскі, А.Мелік-Пашаеў, Н.Рахлін, К.Іваноў, Э.Клайбер, О.Фрыд, Ф.Штыдры, Г.Себасцьян, Л.Стакоўскі, Ф.Канвічны, Дж.Джарджэску, В.Ферэра, А.Клюітэнс і інш. У ансамблі з аркестрам выступалі выдатныя айч. і замежныя інструменталісты і спевакі. У рэпертуары аркестра буйныя сімф. і вак.-сімф. творы кампазітараў-класікаў, сучасных зарубежных і айч. аўтараў. Калектыў — першы выканаўца многіх твораў П.Чайкоўскага, С.Пракоф’ева, Р.Гліэра, М.Мяскоўскага, Ю.Шапорына, Дз.Шастаковіча, А.Хачатурана, Дз.Кабалеўскага, Ц.Хрэннікава, К.Караева, В.Мурадэлі, А.Баланчывадзе, А.Тактакішвілі, Р.Шчадрына, Б.Чайкоўскага, М.Вайнберга, Г.Свірыдава і інш., удзельнічаў у пастаноўцы многіх опер класічнага і сучаснага рэпертуару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў БРЭ́СЦКАЙ ВО́БЛАСЦІЗасн. ў 1940 у Брэсце. Зберагае дакументы па гісторыі вобласці з 1919. На 1.1.1997 у архіве 2957 фондаў, 1 011 177 спраў. Буйнейшы комплекс дакументаў — фонды польскіх устаноў, арг-цый і прадпрыемстваў, партый і грамадска-паліт. аб’яднанняў, культ.асв. згуртаванняў, рэліг. устаноў на тэр. Палескага ваяв. і Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. ў 1919—39. Захоўвае матэрыялы аб палітыцы ўрада бурж. Польшчы ў Зах. Беларусі, пра сац.-эканам. становішча, пра дзейнасць БСРГ, ТБШ. КПЗБ і інш. арг-цый, дакументы ням.акупац. устаноў і арг-цый Брэсцкай. Пінскай і часткова Баранавіцкай акруг за 1941—44. Зберагае дакументы абласных, раённых, гар. і сельскіх устаноў і арг-цый Брэсцкай і б. Баранавіцкай і Пінскай абл. за 1939—41 і з 1944. Гэта матэрыялы пра мерапрыемствы сав. улады пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР, пра пасляваен. сац.-эканам. і культ. развіццё вобласці: дакументы органаў дзярж. улады і кіравання, органаў і арг-цый КПБ, фонды прамысл. прадпрыемстваў, арг-цый сельскай гаспадаркі, культуры, адукацыі, аховы здароўя. Дакументы на польск., бел., рус. і ням. мовах.
Аддзелы: камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; дзярж. ўліку і інфарм.-пошукавых сістэм; выкарыстання дакументаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЭ́ЧЫН,
вёска ў Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Сіпа, на аўтадарозе Гродна—Слонім. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПнУ ад Зэльвы, 98 км ад Гродна, 16 км ад чыг. ст. Зэльва. 795 ж., 347 двароў (1997).
У пач. 15 ст. сяло баярына Дрэмута. З 15 ст. належаў Копачам, Сангушкам, Вішнявецкім, Нарбутам, Палубенскім, Сапегам і інш. З 1537 мястэчка. У 1786 пабудаваны Дзярэчынскі палац. У 1790 было 160 двароў. З 1795 у Рас. імперыі, у Слонімскім пав. У 1878—2269 ж., 2 школы. 2 царквы, сінагога, 28 крам. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР, цэнтр сельсавета Зэльвенскага р-на. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў чэрв. 1942 расстралялі ў Дз. больш за 2 тыс.чал. З 14.4.1962 у Мастоўскім, з 25.12.1962 у Ваўкавыскім, з 1965 у Мастоўскім, з 1966 у Зэльвенскім р-нах. У 1971—991 ж., 334 двары.
Лесазавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Дзярэчынская Спаса-Праабражэнская царква (сярэдзіна 19 ст.), касцёл Ушэсця (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЖБА,
форма адносін паміж людзьмі, заснаваная на добраахвотнасці, узаемнай прыхільнасці, павазе і трываласці. Этыка вывучае Д. як абсалютную, самадастатковую каштоўнасць. У гісторыі філасофіі Д. разглядалася пераважна ў этычным плане, падкрэсліваўся яе эмацыянальны аспект (М.Мантэнь) або ў аснову ўзнікнення Д. ставілася агульнасць інтарэсаў і разумны эгаізм (К.Гельвецый). Сапраўдны культ Д. быў створаны ням. рамантыкамі, якія бачылі ў ёй выратаванне ад эгаізму; сацыялісты-утапісты прапаведавалі ўстанаўленне Д. ўсіх людзей. Псіхал. змест, асн. функцыі, заканамернасці развіцця Д. залежаць ад полаўзроставых і індывід.-асобасных асаблівасцей чалавека. На кожным з жыццёвых этапаў Д. мае сваю маральна-псіхал. каштоўнасць, з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў фарміравання асобы, падтрымкі стабільнасці Я-канцэпцыі. Найб. значнасць і выключнасць Д. набывае ў юнацтве. Пазней мяняецца структура адносін, яны становяцца больш дыферэнцыраванымі і цесна звязанымі з колам інш. прыхільнасцей і сувязей (сямейных, роднасных, прафес. і інш.). Паняцце «Д.» блізкае, але не тоеснае паняццям любові, таварыскасці, дзелавых узаемаадносін. У шырокім сэнсе Д. азначае і міжасобасныя і сац. адносіны. Д. звязвае паміж сабой групы людзей (калектывы, нацыі, народы). Д. народаў грунтуецца на ўзаемнай павазе да традыцый, культуры кожнага народа, на прызнанні іх самабытнасці і унікальнасці, правоў на самаст. вырашэнне свайго гіст. лёсу.
дзеяч рус.культуры. Княгіня. Дачка графа Р.І.Варанцова (гл. ў арт.Варанцовы). Удзельніца дварцовага перавароту 1762, які прывёў на прастол Кацярыну II. У 1769—71 і 1776—82 за мяжой; сустракалася з Вальтэрам, А.Смітам, Д.Дзідро. У 1783—96 дырэктар Пецярб.АН і прэзідэнт Рас. акадэміі (навук цэнтра па вывучэнні рус. мовы і славеснасці). Заснавала перыяд. выданні «Собеседник любителей российского слова» (1783—84) і «Новые ежемесячные сочинения» (1786—96). Па ініцыятыве Д. і пры яе актыўным удзеле выдадзены «Слоўнік Акадэміі Расійскай» (т. 1—6, 1789—94) — першы тлумачальны слоўнік рус. мовы. У 1796 Павел I адхіліў Д. ад спраў. Аўтар літ. твораў у розных жанрах, у т. л. мемуараў (выд. 1859). З 1782 валодала землямі ў Магілёўскай губ. (мяст. Круглае, сёлы Радча, Комсенічы, Ількавічы і 19 вёсак).
Тв.:
Рус.пер. — Записки... М., 1987.
Літ.:
Лозинская Л.Я. Во главе двух академий. 2 изд. М., 1983;
Письма сестер М и К.Вильмот из России: Пер. с англ. // Дашкова Е.Р. Записки... М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫ МУЗЕ́Йу Маскве,
цэнтральны дзярж. музей гісторыі Расіі ад стараж. часоў да сучаснасці, буйное сховішча помнікаў матэрыяльнай культуры народаў СССР. Засн. ў 1872 па ініцыятыве А.А.Зялёнага (кіраўнік музея ў 1872—80), А.С.Уварава (кіраўнік у 1881—84) і інш. Адкрыты ў 1883, меў 11 залаў, больш за 3 тыс. экспанатаў. У 1992 больш за 4 млн. экспанатаў. Мае калекцыі: археал. (каля 1 млн. адзінак), нумізматычную (каля 1,5 млн. адзінак), зброі, адзення, вырабаў з металу, шкла, керамікі, косці, дрэва; захоўвае сусв. вядомыя зборы рукапісаў, старадрукаў, стараж. жывапісу, графікі і картаграфіі. Ёсць экспанаты з Беларусі: матэрыялы археал. раскопак Е.Р.Раманава і братоў Я. і К.Тышкевічаў (працавалі на Віцебшчыне, Лагойшчыне, вывучалі курганы Палесся і Падняпроўя); скарб сярэбраных рэчаў 11—12 ст. з Полацка; калекцыя слуцкіх паясоў; збор бел. рукапісаў 16—17 ст. (Слуцкі і Баркулабаўскі летапісы, рукапісы Сімяона Полацкага), першадрукаваных кніг Ф.Скарыны (84 экз.), С.Буднага і інш., дакументы па гісторыі Беларусі 19 ст., у т. л. фонд віленскага губернатара Пахвіснева і інш.
Літ.:
Кириченко Е.И. Исторический музей. М., 1984;
Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1984.
вышэйшы орган ням.-фаш. цывільнага кіравання часткай акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Створаны ў адпаведнасці з загадам А.Гітлера ад 17.7.1941, паводле якога кіраванне захопленымі сав. абласцямі пасля «спынення ваенных дзеянняў пераходзіць ад ваеннай адміністрацыі да цывільных улад». Ген. камісар — гаўляйтар В.Кубэ (1.9.1941 — 22.9.1943), в.а. ген. камісара — ген.-лейт. паліцыі групэнфюрэр К. фон Готберг (вер. 1943 — чэрв. 1944). Генеральны камісарыят Беларусі складаўся з 5 гал. аддзелаў: палітыкі (уключаў аддзелы палітыкі, прапаганды, культуры і моладзі); кіравання (кадраў, права, фінансавы, мед. абслугоўвання, ашчадных кас і інш.); гаспадаркі (гаспадарчы, сельскай гаспадаркі, харчовы, леса- і дрэваапрацоўкі, рабочай і сац. палітыкі, прам-сці і рамяства); тэхнікі (буд-ва дарог, воднай гаспадаркі, рэк); працы (з 1944). Склад апарата Генеральнага камісарыята Беларусі камплектаваўся з асоб ням. нацыянальнасці. Генеральнаму камісарыяту Беларусі непасрэдна падпарадкоўваліся абл. камісарыяты, гар. камісарыят Мінска, сілы паліцыі бяспекі і СД. Апарат Генеральнага камісарыята Беларусі ажыццяўляў ням.-фаш. палітыку на тэр. генеральнай акругі Беларусь, скіраваную на найб. эфектыўнае выкарыстанне эканам. патэнцыялу, людскіх і матэрыяльных рэсурсаў Беларусі ў інтарэсах Германіі, правядзенне паліт. і ідэалаг. мерапрыемстваў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАНЁНЫ,
вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Ашмяны—Ліда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 29 км на ПнЗ ад г.п. Іўе, 150 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Гаўя. 1500 ж., 478 двароў (1996).
У 15—16 ст. вядомы як Геранёны Мураваныя. З 1433 двор Гаштольдаў. На мяжы 15—16 ст. пабудаваны Геранёнскі замак, у 1519 — Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл. З 1520 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. З 16 ст. ўласнасць вял. князёў ВКЛ. У 17—18 ст. цэнтр староства. У 1-й пал. 18 ст. рэзідэнцыя віленскіх піяраў, пры якой у 1730—38 дзейнічала школа. Пры каралю Аўгусце III (1733—63) атрымалі магдэбургскае права (паводле інш. крыніц, у 1630-я г.), мелі герб. З 1795 у Рас. імперыі, у Ашмянскім пав. Уласнасць Корвін-Мілеўскіх. У пач. 20 ст. 316 ж. З 1922 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. З 1939 у БССР, у Іўеўскім р-не, з 1940 цэнтр сельсавета. У 1963—79 у Жылёўскім с/с. У 1970 — 397 жыхароў.
Сярэдняя і муз. школы, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Мікалаеўскі касцёл, руіны замка (15—16 ст.).