НІКІ́ТЧАНКА (Іван Мікалаевіч) (н. 10.1.1939, в. Горыцы Пагарскага р-на Бранскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне генетыкі і селекцыі с.-г. жывёл. Чл.-кар.АН Беларусі (1986), д-рс.-г.н. (1979), праф. (1981). Скончыў Віцебскі вет.ін-т (1960). З 1968 у Бел.НДІ жывёлагадоўлі (з 1971 заг. сектара, з 1974 нам. дырэктара), з 1986 нам. старшыні Дзяржаграпрама Беларусі, з 1988 старшыня Зах. аддзялення УАСГНІЛ, у 1991—93 віцэ-прэзідэнт Нац. цэнтра стратэг. даследаванняў, дырэктар рэсп. праграмы «Экалогія». Навук. працы па гадоўлі і селекцыі с.-г. жывёл, біятэхналогіі. Распрацаваў спосаб адбору свіней па ўстойлівасці да стрэс-сіндрому, вызначэння буйн. раг. жывёлы, устойлівай да лейкозу. Вывеў бел. мясную пароду свіней, Віцебскі тып буйной белай пароды свіней. Дзярж. прэмія СССР 1982.
Тв.:
Гетерозис в свиноводстве. Л., 1987;
Адаптация, стрессы и продуктивность сельскохозяйственных животных. Мн., 1988 (разам з С.І.Пляшчанкам, А.С.Зяньковым);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́БЕРТ ((Oberth) Герман) (25.6.1894, г. Сібіў, Румынія — 28.12.1989),
нямецкі вучоны, адзін са стваральнікаў ракетнай тэхнікі і касманаўтыкі. Вучыўся ва ун-тах Мюнхена (1913—14, 1919—20), Гётынгена (1920—21) і інш. У 1925—38 праф. фізікі і матэматыкі ў Румыніі. Праводзіў эксперым. работы па ракетнай тэхніцы ў Вене (1938—40) і Дрэздэне (1940—41). У 1941—43 у ням.ваен. даследчым цэнтры ў Пенемюндзе. У 1955—58 у ЗША. З 1958 у ФРГ. Распрацаваў шэраг пытанняў тэорыі палёту ракет і выкарыстання іх для даследавання атмасферы. Аўтар фундаментальнай працы па праблемах касманаўтыкі «Ракета ў міжпланетную прастору» (1923, Берлін—Мюнхен). Адзін з заснавальнікаў Ням.т-ва ракетнай тэхнікі і касм. палёту (з 1963 імя О.). У 1951 т-ва заснавала медаль О., які прысуджаецца за фундаментальныя даследаванні і выдатныя заслугі ў галіне ракетнай тэхнікі і касманаўтыкі.
Тв.:
Рус.пер. — Мои работы по астронавтике // Из истории астронавтики и ракетной техники. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОМ ((Ohm) Георг Сіман) (16.3.1787, г. Эрланген, Германія — 7.7.1854),
нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай АН (1839), чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1842). Вучыўся ў Эрлангенскім ун-це (1805—06), дзе атрымаў ступень д-ра (1811). Выкладаў у гімназіях. З 1833 дырэктар Політэхн. школы ў г. Нюрнберг, з 1849 праф. Мюнхенскага ун-та. Навук. працы па электрычнасці, оптыцы і акустыцы. Эксперыментальна ўстанавіў асн. закон эл. ланцуга (гл.Ома закон) і даў яго тэарэт. тлумачэнне (1827). Увёў паняцці электрарухальнай сілы (эрс), падзення напружання і эл. праводнасці, правёў першыя вымярэнні эрс крыніцы току. Паказаў, што найпрасцейшыя слыхавыя адчуванні выклікаюцца толькі гарманічнымі ваганнямі, на якія вуха раскладае складаныя гукі (акустычны закон О.). Яго імем названа адзінка эл. супраціўлення ом.
Літ.:
Голин Г.М.Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 339—347;
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 257—261.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РСА-РАМА́НА (Ала Аляксандраўна) (н. ў 1936, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.),
грамадскі і культ. дзеяч бел. дыяспары ў ЗША, амер. вучоны-хімік. Д-рхім.н. (1967). З 1944 у Германіі, дзе вучылася ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы (1945—49). У 1949 разам з бацькамі пераехала ў ЗША. Скончыла гарадскі (1957) і політэхнічны ун-ты ў Нью-Йорку. З 1971 выкладчык, потым праф. кафедры біяхіміі Нью-Йоркскага гар. ун-та. Старшыня Бруклінскага аддзела Амер.хім.т-ва, чл.Амер. крышталеграфічнай асацыяцыі і Амер.к-та па хіміі. У 1956—92 кіраўнік бел.танц. ансамбля «Васілёк» (Нью-Йорк). Прапагандуе ў ЗША бел. культуру і гісторыю. Актывістка Бел. аўтакефальнай правасл. царквы за мяжой. Чл.Беларуска-амерыканскага задзіночання, Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку і інш. грамадскіх арг-цый беларусаў у ЗША. Аказвае дапамогу пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Аўтар навук. прац па даследаванні крышт. структуры арган. злучэнняў у нізкіх тэмпературах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАБЕДАНО́СЦАЎ (Канстанцін Пятровіч) (2.6.1827, Масква — 23.3.1907),
расійскі дзярж. дзеяч. Скончыў вучылішча правазнаўства (1846, С.-Пецярбург). Служыў у дэпартаментах Сената. У 1860—65 праф. Маскоўскага ун-та. Сенатар (з 1868), чл.Дзярж. савета (з 1872), обер-пракурор Сінода (1880—1905). Выкладаў заканазнаўства рас.вял. князям, у т. л. будучым імператарам Аляксандру III і Мікалаю II, на якіх аказваў значны ўплыў. Аўтар тэксту маніфеста 11.5.1881 «Аб умацаванні самадзяржаўя», ініцыятар «контррэформ». Адыгрываў значную ролю ў фарміраванні ўрадавай палітыкі ў галіне асветы, нац. пытанні і інш. Насаджаў вялікадзяржаўныя ідэі ў якасці афіц. ідэалогіі, выступаў з кансерватыўных пазіцый супраць зах.-еўрап. культуры і дэмакр. форм грамадскага жыцця. Як обер-пракурор Сінода праследаваў прыхільнікаў расколу і сектантаў, уціскаў земскую школу і насаджаў царк.-прыходскую. Пасля выдання маніфеста 17 кастрычніка 1905 у адстаўцы. Свае погляды выклаў у кн. «Маскоўскі зборнік» (1896). Аўтар гіст.-юрыд. твораў.
Літ.:
К.П.Победоносцев: pro et contra: Антология. СПб., 1996.
(14.7.1454, г. Мантэпульчана, Італія — 29.9.1494),
італьянскі паэт; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў гуманіст. л-ры італьян. і еўрап. Адраджэння. Вывучаў у Фларэнцыі стараж. мовы, л-ру і філасофію. З 1480 праф. Фларэнційскага ун-та. Пісаў на італьян., лац. і стараж.-грэч. мовах. Літ. дзейнасць пачаў з перакладу на лац. мову 2—5-й песень «Іліяды» Гамера (1470—74) і эпіграм на грэч. мове (1471). Найб. значныя яго творы — паэма «Стансы на турнір» (1475—78) і вершаваная драма «Паданне пра Арфея» (паст. 1480), у якой расчараванні паэта ў мажлівасцях паэзіі і пэўны скептыцызм у адносінах да чалавека як гарманічнай істоты. Аўтар гіст. «Запісак пра змову Пацы» (1478), лекцый-уводзін для вывучэння ант. паэтаў «Лясы» (1482—86), шматлікіх од, элегій, эпіграм і каментарыяў на лац. мове. У светапоглядзе П. адлюстраваўся пераломны момант італьян. Адраджэння, якое ў яго творах атрымала найб. яскравую літ. форму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛУЯ́Н (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 3.1.1928, в. Некрашэвічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1980), праф. (1993). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1951). З канца 1944 працаваў у Магілёўскім пед. ін-це, з 1956 у Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі. Даследуе сац.-эканам. адносіны, рэв. і нац.-вызв. рух у Зах. Беларусі, гісторыю сялянства, агр. пераўтварэнняў і сац. адносін у БССР у 1921—41. Удзельнічаў у напісанні 2-томнай (т. 2, 2-е выд. 1961) і 5-томнай (т. 3—4, 1973—75) «Гісторыі Беларускай ССР», 12-томнай «Гісторыі СССР са старажытных часоў да нашых дзён» (т. 9, 1971), прац «Перамога калгаснага ладу ў Беларускай ССР» (1981), «Інстытут беларускай культуры» (1993), «Нарысы ваеннай гісторыі Беларусі» (ч. 3, 1995), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 2, 1995) і інш.
Тв.:
Беларуская сялянска-рабочая грамада. Мн., 1967;
Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПАЛЕ́КСІ (Мікалай Дзмітрыевіч) (2.12.1880, г. Сімферопаль, Украіна — 3.2.1947),
расійскі фізік, адзін з заснавальнікаў навук. школы па радыёфізіцы і радыётэхніцы. Акад.АНСССР (1939; чл.-кар. з 1931). Скончыў Страсбургскі ун-т (1904), дзе працаваў да 1914. З 1918 у Адэскім політэхн. ін-це (з 1922 праф.). З 1922 у Цэнтр. радыёлабараторыі (Ленінград), з 1935 у Фіз. і Энергет. ін-тах АНСССР (Масква). Навук. працы па радыёфізіцы, радыётэхніцы, тэорыі нелінейных ваганняў. Праводзіў даследаванні па накіраванай радыётэлефоннай сувязі, па радыёсувязі з падводнымі лодкамі і тэлекіраванні, кіраваў распрацоўкай першых расійскіх радыёлямпаў (1914—16). Сумесна з Л.І.Мандэльштамам стварыў тэорыю нелінейных ваганняў, распрацаваў метад параметрычнага ўзбуджэння эл. ваганняў і прапанаваў радыёінтэрферэнцыйны метад даследавання распаўсюджвання радыёхваль і дакладнага вымярэння адлегласцей. Адзін з першых выказаў ідэю радыёлакацыі Месяца. Прэмія Дз.І.Мендзялеева 1936. Дзярж. прэмія СССР 1942.
Тв.:
Собр. трудов. М., 1948.
Літ.:
Памяти Н.Д.Папалекси // Изв. АНСССР. Сер. физ. 1948. Т. 12, № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Андрэй Аляксеевіч) (12.4.1918, г. Кастрама, Расія — 10.6.1983),
расійскі акцёр. Сын А.Дз.Папова. Нар.арт.СССР (1965). Скончыў студыю пры Цэнтр. т-ры Чырв. Арміі (1940), з 1939 акцёр, у 1963—73 гал. рэжысёр гэтага т-ра. З 1974 у МХАТ, у 1977—78 гал. рэжысёр т-ра імя К.С.Станіслаўскага. З 1968 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (з 1973 праф.). Творчасць вызначалася абаяльнасцю і ўнутр. культурай, шматпланавасцю, характарнасцю і багаццем псіхал. адценняў трактоўкі вобразаў. Сярод роляў: Якаў («Якаў Багамолаў» М.Горкага), Лебедзеў («Іванаў» А.Чэхава), Іаан («Смерць Іаана Грознага» А.К.Талстога), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Петручыо («Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра), Галілей («Жыццё Галілея» Б.Брэхта) і інш. Паставіў спектаклі «Рынальда ідзе ў бой» Г.Джываніні (1969), «Невядомы салдат» Ю.Рыбакова (1971) і інш. Здымаўся ў кіно: «Шведская запалка», «Атэла», «Паядынак», «Памяць сэрца», «Пакорлівая», «Настаўнік спеваў», «Некалькі дзён з жыцця Абломава» (1980) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТЭ́Р ((Pasteur) Луі) (27.12.1822, г. Доль, Францыя — 28.9.1895),
французскі мікрабіёлаг і хімік, заснавальнік мікрабіялогіі і імуналогіі. Чл. Парыжскай АН (1862), Франц.мед. акадэміі (1873), Франц. акадэміі (1881). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1847). З 1849 праф. Страсбургскага, з 1854 — Лільскага ун-таў, з 1857 — Вышэйшай нармальнай школы, з 1867 — Парыжскага ун-та. З 1888 дырэктар н.-д.мікрабіял. ін-та ў Парыжы (Пастэраўскі ін-т). Навук. працы па мікрабіялогіі, імуналогіі, біяхіміі, стэрэахіміі. У 1857 вызначыў, што браджэнне выклікаецца мікраарганізмамі. У 1861 адкрыў узбуджальнікаў маслянакіслага браджэння — анаэробных маслянакіслых бактэрый і даказаў, што жыццё магчыма і ў бескіслародным асяроддзі. Эксперыментальна даказаў немагчымасць самаадвольнага заражэння, што садзейнічала развіццю антысептыкі і стварэнню метадаў стэрылізацыі (гл.Пастэрызацыя). Распрацаваў метад засцерагальных прышчэпак супраць узбуджальнікаў шаленства (1885) і інш. заразных хвароб (гл.Вакцынапрафілактыка).