БАНА́Р (Bonnard) П’ер (3.10.1867, Фантэнэ-о-Роз, дэп. О-дэ-Сен, Францыя — 23.1.1947),

французскі мастак. У канцы 1880-х г. вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў і ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Чл. групы «Набі», зазнаў уплыў П.Гагена і яп. гравюры. Яго пейзажы, быт. сцэны, інтэр’еры, ню і нацюрморты, звязаныя з дэкаратыўнасцю позняга імпрэсіянізму, адметныя лірычнай сузіральнасцю, надзвычайнай вытанчанасцю каларыту: «Пачатак вясны (Маленькія фаўны)» (1903—04), пано «Восень. Збор садавіны» (1912), «Аголеная ў ванне» (1937) і інш.

Літ.:

Яворская Н.В. Пьер Боннар. М., 1972.

Я.​Ф.​Шунейка.

П.Банар. Аголеная ў ванне. 1937.

т. 2, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭ́ЛЬ (Borel) Эміль (7.1.1871, Сент-Афрык, дэп. Аверон, Францыя — 3.2.1956),

французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (1921), чл.-кар. АН СССР (1929). Скончыў Вышэйшую Нармальную школу ў Парыжы (1891). З 1893 у Лільскім ун-це, з 1897 праф. Парыжскага ун-та і Вышэйшай Нармальнай школы. Адзін з арганізатараў і дырэктар (з 1928) ін-та імя А.​Пуанкарэ. Навук. працы па матэм. аналізе, тэорыі функцый, матэм. фізіцы і тэорыі імавернасцяў.

Тв.:

Рус. пер. — Пространство и время. М., [1924];

Основные идеи алгебры и анализа. М.; Л., 1927;

Вероятность и достоверность. М., 1974.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЙЛЬ (Bayle) П’ер (18.11.1647, Карла-Бейль, дэп. Ар’еж, Францыя — 28.12.1706),

французскі публіцыст, філосаф, адзін з ранніх прадстаўнікоў франц. Асветніцтва. Праф. Седанскай акадэміі (1675—82) і Ратэрдамскага ун-та (1681—92). Яго светапогляд сфарміраваўся пад уплывам скептыцызму Мантэня, філасофіі Дэкарта, прыродазнаўчанавук. адкрыццяў 17 ст. Асн. твор «Гістарычны і крытычны слоўнік» (т. 1—2, 1695—97) паўплываў на развіццё еўрап. вальнадумства. Ад ідэі верацярпімасці Бейль прыйшоў да рэліг. скептыцызму, крытыкаваў рэліг. догматы і сцвярджаў незалежнасць маралі ад рэлігіі, распаўсюджваючы свой скептыцызм на традыц. філасофію і навуку.

т. 2, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЮРЦ (Wurtz) Шарль Адольф (26.11.1817, г. Страсбур, Францыя — 12.5.1884),

французскі хімік, адзін з заснавальнікаў сінт. кірунку ў арган. хіміі. Чл. Парыжскай (1867), замежны чл.-кар. Пецярбургскай (1873) АН. Скончыў Страсбурскі ун-т (1839). З 1844 у Вышэйшай мед. школе ў Парыжы (з 1853 праф.), з 1875 у Парыжскім ун-це. Навук. працы па арган. і неарган. хіміі. Распрацаваў метад сінтэзу парафінавых вуглевадародаў уздзеяннем метал. натрыю на алкілгалагеніды (рэакцыя Вюрца, 1855), адкрыў альдольную кандэнсацыю (1872). Яго імем названы мінерал вюрцыт.

Літ.:

Мусабеков Ю.С. Шарль Адольф Вюрц. М., 1963.

т. 4, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗАМІ́ (Dezamy) Тэадор (4.3.1803, г. Люсон, Францыя — 24.7.1850),

французскі камуніст-утапіст. Удзельнік Рэвалюцыі 1848, паслядоўнік Ф.Н.Бабёфа. У 1830-я г. чл. бланкісцкага «Таварыства пораў года». У 1848 заснаваў газ. «Les droits de l′homme. Tribune des proletaires» («Правы чалавека. Трыбуна пралетарыяту»), дзе крытыкаваў капіталізм, прычыны прыгнёту прац. мас бачыў у прыватнай капіталіст. уласнасці, антаганізме класаў. Асн. праца «Кодэкс супольнасці» (1842), у якой выклаў свае погляды на асновы і арг-цыю будучага грамадства, заснаванага на супольнасці. Прапагандаваў ідэі камунізму, змагаўся супраць дробнамяшчанскага сацыялізму Л.А.Бланкі, ідэй хрысц. сацыялізму.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЦЫМА́ЦЫЯ (лац. decimatio),

пакаранне, упершыню прадугледжанае стараж. рымскім ваенным заканадаўствам за ўдзел у калектыўных злачынствах. Паводле правіл Д. каралі (звычайна пакараннем смерцю) кожнага дзесятага. Пазней прыклад рымлян перанялі Швецыя пры Густаве Адольфу, Францыя пры Напалеоне I, Аўстра-Венгрыя пры Францу Іосіфу. У Расіі Д. ўпершыню выкарыстаў Пётр I за пакіданне войскам поля бою, назіралася яна і пры імператарах Аляксандру I і Мікалаю I. У гады 2-й сусв. вайны Д. ўжывалі ням. фашысты ў адносінах да ваеннапалонных і мірных жыхароў акупіраваных тэрыторый. Прычына ўзнікнення Д. — прынцып усеагульнага запалохвання, якога прытрымлівалася карная палітыка адпаведных дзяржаў.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАРДА́Н (Jordan) Мары Энмон Каміль (5.1.1838, г. Ліён, Францыя — 21.1.1922),

французскі матэматык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1895). Скончыў Політэхн. (1859) і Горную школы (1861) у Парыжы. З 1861 працаваў інжынерам, з 1873 у Політэхн. школе (з 1876 праф.), адначасова з 1875 у Калежы дэ Франс. Навук. працы па алгебры, тэорыі функцый, тапалогіі, крышталяграфіі, механіцы. Аўтар першага сістэм. курса па тэорыі груп і тэорыі Галуа (1870) і 3-томнага курса матэм. аналізу (1882—87).

Літ.:

Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 2 изд. М., 1969.

т. 6, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУВЭ́ (Jouvet) Луі (24.12.1887, г. Кразон, Францыя — 16.8.1951),

французскі рэжысёр, акцёр, педагог. Праф. (1934). Сцэн. дзейнасць пачаў у «Тэатр дэз Ар» (1911). Працаваў у т-рах «В’ё каламб’е» (з 1913), «Камедыя Елісейскіх палёў» (з 1922, з 1924 і кіраўнік), «Атэней» (з 1934). Сярод лепшых роляў: Кнок («Кнок» Ж.​Рамэна), Дон Жуан, Тарцюф (аднайм. п’есы Мальера), Меркурый, Гектар («Амфітрыён 38», «Траянскай вайны не будзе» Ж.​Жыраду). Ставіў п’есы тагачасных драматургаў, у якіх узнімаў актуальныя тэмы жыцця грамадства. З 1932 здымаўся ў кіно. Сярод фільмаў: «Гераічная кермеса», «На дне», «Паўночны атэль» і інш.

т. 6, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛЕ́ (Gillet) Нікала Франсуа (2.3.1709, г. Мец, Францыя —7.2.1791),

французскі скульптар. Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы (да 1745), у Франц. акадэміі ў Рыме (1746—52). Выкладаў у Пецярб. АМ (1758—77), значна паўплываў на развіццё рас. скульптуры; сярод вучняў Ф.І.Шубін, М.І.Казлоўскі, Ф.Ф.Шчадрын, Х.П.Пракоф’еў і інш. Удзельнічаў у аздабленні Зімняга палаца ў Пецярбургу (1758—77). У 1778 вярнуўся ў Парыж. Працаваў у станковай і арнаментальна-дэкар. скульптуры, дзе спалучаў рысы ракако з асобнымі элементамі класіцызму («Парыс з яблыкамі», 1757, партрэт вял. кн. Паўла Пятровіча, 1765, і інш.).

т. 6, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭНЕ́ЎСКІЯ ПРАТАКО́ЛЫ,

3 міжнародныя дакументы, прынятыя ў г. Жэнева ў 1922—25. 1) Пратакол 1922 аб пазыцы для Аўстрыі і аб забароне аншлюсу. Падпісалі Аўстрыя, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Чэхаславакія. Палажэнні пратакола дзейнічалі да акупацыі Аўстрыі фаш. Германіяй (1938).

2) Пратакол 1924 аб мірным вырашэнні міжнар. спрэчак. Прыняты Асамблеяй Лігі Нацый. Падпісалі 19 краін, аднак дакумент не набыў сілы, бо Англія і Італія адмовіліся падпісваць яго.

3) Пратакол 1925 аб забароне ўжывання на вайне ўдушлівых, ядавітых або інш. падобных газаў і бактэрыял. сродкаў. Падпісалі 37 краін.

т. 6, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)