БА́РСАВА
(сапр. Уладзімірава) Валерыя Уладзіміраўна (13.6.1892, г. Астрахань, Расія — 13.12.1967),
руская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1937). Праф. (1952). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1919). З 1917 спявала ў Оперным т-ры Зіміна (выступала з Ф.Шаляпіным). У 1920—48 салістка Вял. т-ра ў Маскве. Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.Глінкі), Шамаханская царыца («Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Дзярж. прэмія СССР 1941.
т. 2, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРСУ́К Бенядзікт
(1769—1808),
вучоны-медык. Паходзіў з шляхты Мінскай губ. Пач. адукацыю атрымаў у Мінску. Скончыў са ступенню д-ра філасофіі фіз.-матэм. (1799) і са ступенню д-ра медыцыны мед. (1806) ф-ты Віленскага ун-та. У 1799—1803 ад’юнкт кафедры хіміі, з 1806 праф. мед. ф-та Віленскага ун-та. Падрыхтаваў і вёў першы ў навук. установах Беларусі курс суд. медыцыны. Чл. Віленскага т-ва лекараў (з 1806).
В.А.Гапоненка.
т. 2, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫСАГЛЕ́БСКІ Леанід Аляксандравіч
(н. 6.4.1912, г. С.-Пецярбург),
бел. фізік-тэарэтык. Д-р фізіка-матэм. н. (1970), праф. (1972). Скончыў ун-т імя Стафана Баторыя ў Вільні (1938). З 1944 у БДУ. Навук. працы па квантавай механіцы, атамнай і ядзернай фізіцы, вывучэнні імавернасцяў забароненых радыяцыйных пераходаў атамаў, ядраў і электроннай канверсіі гама-выпрамянення. Распрацаваў рэлятывісцкую тэорыю элементарнай часціцы, якая можа знаходзіцца ў адвольных спінавых станах.
Тв.:
Квантовая механика. 2 изд. Мн., 1988.
т. 2, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХМЕ́ЦЬЕЎ Парфен Іванавіч
(9.3.1860, Саратаўская вобл., Расія — 24.10.1913),
расійскі фізік і біёлаг-эксперыментатар. Скончыў Цюрыхскі ун-т (1885), дзе і працаваў. У 1890—1907 праф. Сафійскага ун-та (Балгарыя). У 1913 у ун-це Шаняўскага (Масква). Навук. працы па праблемах магнетызму, электрычнасці, геафізікі і фіз. хіміі. Эксперыментальна даследаваў анабіёз пры пераахаладжэнні млекакормячых (лятучых мышэй); распрацаваў тэрмаэлектрычны тэрмометр для вымярэнняў змены т-ры цела ў насякомых; займаўся пытаннямі практычнага выкарыстання пераахаладжэння пры лячэнні туберкулёзу.
т. 2, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАГРА́ДАЎ Мікалай Уладзіміравіч
(19.12.1897, г. Луга Ленінградскай вобл., Расія — 5.5.1972),
бел. псіхіятр. Д-р мед. н., праф. (1943). Засл. дз. нав. Беларусі (1966). Скончыў Ленінградскі мед. ін-т (1925). З 1937 у НДІ эвалюцыйнай фізіял. паталогіі вышэйшай нерв. дзейнасці імя Паўлава. У 1941 — 45 нач. эвакуацыйнага шпіталя. З 1948 у Віцебскім мед. ін-це. Навук. працы па фізіялогіі вышэйшай нерв. дзейнасці, укараненні ў псіхіятрыю фізіял. кірунку і ахоўнага тармажэння.
Тв.:
Лекции по психнатрии. Мн., 1963.
т. 4, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́Ў Георгій Міхайлавіч
(8.4.1901, Курск — 16.4.1985),
рускі архітэктар. Нар. арх. СССР (1970), правадз. член АМ СССР (з 1979). Вучыўся ў Маскоўскім вышэйшым тэхн. вучылішчы (1921—26). Праф. Маскоўскага арх. ін-та (з 1969); 1-ы сакратар праўлення Саюза архітэктараў СССР (1963—81). Адзін з аўтараў праекта Днепрагэса (1927—32) і яго аднаўлення ў 1944—50, гал. архітэктар Кахоўскай (1951—55), Крамянчугскай (1955) і Брацкай (1960—67) ГЭС. Дзярж. прэмія СССР 1951, Дзярж. прэмія Расіі 1969.
т. 1, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІ́МАЎ Мікалай Паўлавіч
(16.4.1901, Харкаў — 6.9.1968),
рускі рэжысёр і мастак. Нар. арт. СССР (1960). Праф. (1960). Вучыўся ў Новай маст. студыі ў Петраградзе (1915—19). З 1922 тэатр. мастак, рэжысёр. У 1935—49 і з 1955 маст. кіраўнік Ленінградскага т-ра камедыі. Лепшыя спектаклі, якія паставіў і аформіў Акімаў, адметныя тонкай іроніяй, дакладнасцю характарыстык: «Звычайны цуд», «Дракон» Я.Шварца, «Дон Жуан» Дж.Байрана, «Стракатыя апавяданні» паводле А.Чэхава і інш. Аўтар графічных работ (кніжная ілюстрацыя, партрэт, тэатр. афіша).
т. 1, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСІ́МАЎ Георгій Паўлавіч
(н. 3.6.1922, ст. Ладажская Краснадарскага краю),
рускі рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1986). У 1953—64, 1980—90 і з 1995 рэжысёр Вял. т-ра Расіі. У 1964—75 маст. кіраўнік і гал. рэж. Маскоўскага т-ра аперэты. З 1972 праф. Рас. акадэміі тэатр. мастацтва. Сярод пастановак: «Утаймаванне свавольніцы» В.Шабаліна (1957), «Аповесць пра сапраўднага чалавека» С.Пракоф’ева (1960). Паставіў «Вайну і мір» Пракоф’ева ў Празе (1970). Дзярж. прэмія СССР 1971.
т. 1, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНЕ́ВІЧ
(Antoniewicz) Уладзімеж (15.7.1893, г. Самбар Львоўскай вобл., Украіна — 1968),
польскі археолаг. Праф. (1920), правадз. чл. Польскай АН (з 1952). У 1925—33 выкладаў у Віленскім ун-це, у 1936—39 рэктар Варшаўскага ун-та і кіраўнік кафедры археалогіі. Вывучаў помнікі мезаліту на тэр. Зах. Беларусі. У 1934 удзельнічаў у навук. канферэнцыі ў Мінску. Аўтар прац па археалогіі, нар. мастацтве, музейнай справе, у т. л. даследавання пра залатыя рымскія соліды З—4 ст. Браслаўскага скарбу.
т. 1, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРШТЭ́ЙН Майсей Ісакавіч
(5.4.1889, г. Смаргонь Гродзенскай вобл.—1968),
бел. вучоны ў галіне садоўніцтва. Д-р с.-г. н. (1944), праф. (1922). Скончыў Новаалександрыйскі ін-т сельскай гаспадаркі і лесаводства (г. Пулавы Люблінскага ваяв., Польшча). З 1922 у Горацкай с.-г. акадэміі. Абследаваў многія раёны Беларусі і Расіі для закладкі садоў з улікам рэльефу мясцовасці і прыроднага дрэнажу. Выяўляў каштоўныя мясц. сарты пладовых культур, вывучаў уплыў прышчэпы на прышчэпак, падбіраў прышчэпы для закладкі гадавальнікаў.
т. 3, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)