ДАЎГА́ЛА (Валерый Цімафеевіч) (н. 6.6.1947, г. Гомель),
бел. мастак-манументаліст. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1972). У 1974—93 і з 1996 на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. У 1993—96 нам. старшыні СМ Беларусі. Працуе ў тэхніцы вітража («Свята зямлі беларускай», Дом быту ў Мінску, 1980—81, і інш.), энкаўстыкі («Спадчына», Дом культуры ў в. Лошніца Барысаўскага р-на, 1984—85; «Свята», Дом культуры аб’яднання «Даламіт» у Віцебску, 1986; з А.Яскіным, і інш.), акварэлі (серыі: «Запаляр’е», 1985—86, «Лепельскі край», 1987—88, «Успаміны аб Сан-Сусі», 1989—90; «Святло ў лесе», 1995, і інш.). Аўтар маст. афармлення з У.Стальмашонкам грамадскіх аб’ектаў, адметнага пошукам новых формаў і выкарыстаннем нетрадыц. матэрыялаў (мораны дуб з крышталём у рэстаране «Мінск» у г. Патсдам, Германія, 1976—77) і тэхнік (фларэнційская мазаіка на станцыі метро «Маскоўская», 1979—82; станцыі метро «Плошча Перамогі», 1984 і «Купалаўская», 1987—88, і інш.). Адзін з аўтараў комплекснага вырашэння інтэр’ераў Палаца Рэспублікі (з 1986).
В.Даўгала, У.Стальмашонак. Свята зямлі беларускай. Вітраж. 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЫ (ад ням. Kamm грэбень),
узгоркі, бугры, кароткія грады акруглай, конусападобнай і інш. формы ў абласцях апошняга мацерыковага зледзянення. Выш. да 10—15 м, зрэдку да 80—100 м, дыяметр (па аснове) да некалькіх соцень метраў, стромкасць схілаў 10—20°, зрэдку 20—40°. Плошча ад дзесяткаў да тысяч м².
Камавыя адклады сфарміраваны расталымі водамі пасіўнага або дэградуючага «мёртвага» лёду ва ўнутры-, пад- і надледавіковых трэшчынах, праталінах, паглыбленнях і інш. пустотах ва ўмовах кантрастнага рэльефу ледавіковага ложа. Пры раставанні лёду гэтыя адклады апусціліся і ўтварылі камавы рэльеф. Паводле генезісу і будовы К. бываюць водна-ледавіковыя, складзеныя са слаістых розназярністых пяскоў і галечна-жвіровага матэрыялу, азёрна-ледавіковыя алеўрыта-гліністага складу са стужачнай гарызантальна-слаістай будовай і мяшаныя (складаныя), трапляюцца разнастайныя пераходныя да озаў формы. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і (Фінляндыя, Польшча, Германія, Канада, ЗША).
На тэр. Беларусі пашыраны ў межах рэльефу паазерскага і сожскага зледзяненняў — на Браслаўскай, Свянцянскай і Асвейскай градах, Гродзенскім, Віцебскім, Нешчардаўскім узв., месцамі на Полацкай нізіне, Беларускай градзе, Ашмянскім узв. і Лідскай раўніне. Многія К. змяшчаюць невял. радовішчы пяску і жвіру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РТРЭЙК (флам. Kortrijk),
Куртрэ (франц. Courtrai), горад на З Бельгіі, на р. Ліс. 76 тыс.ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Прам-сць: тэкст. (ільняная і баваўняная), электронная, маш.-буд., гумавая, буд. матэрыялаў, мэблевая, паліграф.; вытв-сць карункаў, палатна «куртрэ», ювелірных вырабаў. Сусв. цэнтр гандлю лёнам. Біржа па продажы лёну. Музей выяўл. мастацтваў. Арх. помнікі: гатычныя цэрквы (13—15 ст.), ратуша (15—16 ст.), жылыя дамы (17—18 ст.), мост на р. Ліс з вежамі (12 і 15 ст.). Цэнтр турызму.
Вядомы з 5 ст. З 7 ст. рэзідэнцыя фландрскіх бургграфаў. Гар. правы з 1190. 11.7.1302 каля К. адбылася вырашальная для вызвалення Фландрыі ад франц. панавання (з 1300) бітва паміж 4 тыс.франц. конных рыцараў і фландрскім пешым нар. апалчэннем. На месцы бою апалчэнцы сабралі 700 залатых шпор (адсюль другая назва — «бітва шпор»). За гэта ў 1382 франц. кароль Карл VI загадаў спаліць К. У познім сярэдневякоўі адзін з цэнтраў вырабу сукна. Горад моцна пацярпеў у 17 ст. ў выніку войнаў паміж Францыяй і Іспаніяй. У 19—20 ст. індустрыялізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗЕВА,
вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Маладзечна—Смаргонь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на З ад г. Маладзечна, 85 км ад Мінска, 2 км ад чыг. раз’езда Асанаўскі. 1153 ж., 468 двароў (1998).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1387. У 16 ст. мястэчка Ашмянскага пав.ВКЛ. У 1638 было 6 вуліц, гандл.плошча, 121 двор, існаваў сядзібны комплекс. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Вілейскага пав. Віленскай губ. У 1861 у Л. 1099 ж., 182 дамы, у канцы 19 ст. каля 1290 ж., 160 дамоў, 2 царквы, школа, бровар, 2 заезныя дамы, 7 кірмашоў штогод. З 1921 у складзе Польшчы, у Маладзечанскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Маладзечанскага р-на. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі тут 450 ж., знішчылі 154 двары.
Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. ваеннапалонных. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — Крыжаўзвіжанская царква (1869) і капліца (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДАВО́ДСТВА,
галіна раслінаводства, якая вывучае будову, заканамернасці росту і развіцця пладовых культур, займаецца іх вырошчваннем. Кірункі П.: гадавальнікаводства (вырошчванне пасадачнага матэрыялу пладовых культур; гл.Пладовы гадавальнік), уласна П. (вырошчванне семечкавых, костачкавых і арэхаплодных культур), ягадаводства (вырошчванне ягадных культур). Субтрапічнае П., вінаградарства і цытрусаводства звычайна разглядаюцца як самаст. галіны. У сусв. сартымент уваходзяць больш за 100 відаў і дзесяткі тысяч сартоў пладовых культур, найб. пашыраныя яблыня, масліна, груша, сліва. Агульная пл. каля 20 млн.га.
На Беларусі (1998) агульная плошча пладова-ягадных насаджэнняў усіх узростаў — 100,3 тыс.га, валавы збор пладоў і ягад — 350 тыс.т. Сучасны кірунак развіцця — інтэнсіўнае П., прадугледжвае выкарыстанне нізкарослых насаджэнняў (выш. 1,5—3 м), якія рана пладаносяць (на 2—3-і год), выкарыстанне плоскіх форм кроны дрэў, інтэграваных метадаў барацьбы з хваробамі і шкоднікамі і інш.Асн. пастаўшчыкі садавіны і ягад — гаспадаркі, дзе П. развіваецца паводле закончанага цыкла (ад вырошчвання да пастаўкі прадукцыі пакупнікам): «Рассвет», «Беражное» (Брэсцкая вобл), «Прагрэс» (Гродзенская вобл.), «Зубкі», «Клецкі» (Мінская вобл.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТРАЕ́ЦКАЕ ПРАДМЕ́СЦЕ,
адзін з гіст. цэнтраў Мінска. Знаходзіцца на левым беразе р. Свіслач. Да канца 18 ст.наз. Траецкая гара. Першапачаткова М.Т.п. — гар. пасад, што ўзнік у 12—13 ст. на левым беразе р. Свіслач для абслугоўвання перавозу (пераправы) цераз раку і транзітных шляхоў на Барысаў, Полацк і Вільню. Аснову планіровачнай структуры стварылі дарогі, на перакрыжаванні якіх узнікла невял. трохвугольная гандл.плошча (з 17 ст. — Траецкі рынак), што была звязана з перавозам (пераправай) па вул. Вялікай або Траецкай (вядома па крыніцах 16 ст.). Паводле крыніц 15—16 ст., у прадмесці знаходзіліся Міхайлаўская і Барысаглебская цэрквы, на гандл. плошчы — каталіцкі храм (засн. каля 1508) і Траецкая царква (у 1630 пры ёй заснаваны Мінскі Троіцкі манастыр базыльянак). На перакрыжаванні сучасных вуліц Камуністычнай і Куйбышава быў Ушэсценскі правасл. манастыр (у 1-й пал. 17 ст. пры ім пабудавана мураваная царква). У 1-й пал. 17 ст. вакол прадмесця ўзведзены гар. ўмацаванні з валамі, бастыёнамі і брамамі (Барысаўскай і Віленскай ?). У 16—18 ст. М.Т.п. было звязана з асн.ч. горада 3 мастамі і грэбляй, на якой стаялі плябанскія і базыльянскія млыны. Пасля пажару 1809, які амаль цалкам знішчыў драўляную забудову прадмесця, зроблена новая рэгулярная планіроўка (праектны план 1817), тэрыторыя значна пашырана на ПнУ. Новыя кварталы набылі геам. абрысы. Галоўнай стала вул. Аляксандраўская (сучасная М.Багдановіча), кампазіцыйным цэнтрам — вял.гандл.плошча (сучасная пл. Парыжскай камуны). На З ад яе ў 1811 пачалося буд-ва касцёла і шпіталя мар’явітак (арх. М.Чахоўскі; у 1840-я г. перабудаваны пад духоўную семінарыю, пасля Вял.Айч. вайны рэканструяваны пад сувораўскае вучылішча, арх. Г.Заборскі). На Пд плошчы паводле праекта арх. Чахоўскага ўзведзены будынкі комплексу парафіяльнага касцёла св. Тройцы (праект ажыццёўлены часткова). Першапачаткова квартал забудоўваўся паводле ўзорных праектаў 1—2-павярховымі жылымі дамамі. У 1840-я г. будынкі манастыра базыльянак і комплексу парафіяльнага касцёла рэканструяваны пад комплекс гар. бальніцы (сучасная 2-я клінічная бальніца). У 1860-я г. на месцы Ушэсценскага манастыра пабудавана жаночае епархіяльнае вучылішча з мураванай царквой. У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. пабудаваны шэраг прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. піўзавод «Багемія» (цяпер «Аліварыя»). У 1933—39 у цэнтры гандл. плошчы пастаўлены будынак т-ра оперы і балета. У 1980-я г. праведзена комплексная рэгенерацыя гіст. забудовы квартала, абмежаванага сучаснымі вуліцамі М.Багдановіча, Я.Купалы, Старавіленскай, Камунальнай набярэжнай (б. Сянная пл.), адначасова была знішчана драўляная гіст. забудова 19 ст., часткова парушана планіровачная структура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Байда́н ’зямля, пакінутая для пашы’ (Нас.), ’адкрытае месца’ (Касп.), ’месца на сенажаці, дзе расце толькі маленькі густы сівец, а іншая трава не расце’ (докш., Янк. Мат.), ’будан, выган’. Рус.дыял.байда́н ’пустэча, незабудаванае месца; узвышша; карагод, вясёлая гульня на паветры’. Ужо Даль лічыў, што гэта, магчыма, змена слова майдан. Гэта версія пераконвае. Гук б‑ на месцы м‑ можа быць вытлумачаны фанетыкай цюркскіх моў (у некаторых мовах пачатковае м‑ пераходзіць у б‑). Адносна значэння параўн. шырокую семантыку слова майда́н, якая амаль поўнасцю супадае ў гэтых словах. Параўн. і рус.дыял.буйда́н (тульск.), буя́н ’адкрытае з усіх бакоў, узвышанае месца, базарная плошча; амбар’, якое Трубачоў, Дополн., 1, 257 (пад буя́н), таксама лічыць цюрк. варыянтам слова майда́н. Параўн. буда́н.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
КРЭМЛЬ,
цэнтральная ўмацаваная частка стараж.-рус. гарадоў. Упершыню згадваецца ў летапісе як «крэмнік» каля 1331. Да 14 ст. К. называлі дзядзінцам, у 16—17 — горад, град. Звычайна размяшчаўся на высокім месцы, часцей на беразе ракі ці возера. Спачатку ўзводзіліся земляныя і драўляныя ўмацаванні, з 11 ст. — мураваныя (з каменю ці цэглы, напр., у Ноўгарадзе з 1044, у Старой Ладазе з 1116, Пскове з 13 ст.), часта абкружаліся ровам з вадой. Плошча К. мела значныя памеры, тут звычайна знаходзіліся палац князя, гал. сабор, двары баяр і царк. знаці. Падкрэслены рэльефам, К. дамінаваў у забудове, быў градаўтваральным ядром стараж.-рус. горада, вызначаў яго сілуэт. Горад рос за кошт пасадаў і звязваўся з К. радыяльнымі вуліцамі. Шырокае буд-ва мураваных К. вялося ў 16—17 ст. Вядомы К. ў Пскове, Каломне, Туле, Ніжнім Ноўгарадзе, Казані, Смаленску, Растове, Суздалі, Ноўгарадзе, Табольску, Крэмль Маскоўскі і інш.
расійскі скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1933). Нар.маст.СССР (1958). Акад.АМСССР (1947). Вучыўся ў Цэнтр. вучылішчы тэхн. малявання Штыгліца (з 1908), Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастацтваў (1909—11), скончыў Пецярбургскую АМ (1916). З 1926 чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Выкладаў у Ленінградскай АМ (1921—29, 1935—41, 1945—47), маскоўскіх ін-це прыкладнога і дэкар. мастацтва (з 1946) і маст. ін-це (з 1952). З 1947 віцэ-прэзідэнт АМСССР. Працаваў пераважна ў галіне манум.бронз. скульптуры. Зазнаў уплыў позняга акадэмізму. Сярод твораў: помнікі В.І.Чапаеву ў Куйбышаве (1932), У.І.Леніну ў Мінску (1933) і Ульянаўску (1940), Т.Шаўчэнку ў Харкаве (1935) і Кіеве (1938), І.П.Паўлаву ў Разані (1949), І.У.Мічурыну ў Мічурынску (1950), статуя «Зоя Касмадзям’янская» (1942), статуі і скульпт. групы для станцый маскоўскага метрапалітэна «Плошча Рэвалюцыі» (1936—39) і «Ізмайлаўскі парк» (1944), партрэтаў і інш. Аўтар кн. «Скульптар пра сваю работу» (т. 1—2, 1940—52). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’Е́ТРА ДА КАРТО́НА [Pietro da Cortona; сапр.Берэціні (Berrettini) П’етра; 1.11.1596, г. Картона, Італія — 16.5.1669],
італьянскі жывапісец і архітэктар эпохі барока. Зазнаў уплывы Мікеланджэла, Рафаэля, Карэджа. Вучыўся ў Картоне (1609—12) і Рыме (з 1612) у А.Камодзі. Працаваў пераважна ў Рыме, у 1637—47 у Фларэнцыі. У 1634—38 узначальваў акадэмію св. Лукі ў Рыме. У жывапісе шырока выкарыстоўваў ілюзіянізм перспектыўных пабудоў, святлопаветраную насычанасць каларыту. Сярод твораў фрэскі на віле Арыгоні ў Фраскаці (цяпер Муці; каля 1616), у царкве Сан-Бібіяна (1624—26), Палацца Матэі (да 1625), Палацца Барберыні (1636—39), Палацца Памфілі (1651—54, усе ў Рыме), у Палацца Піці ў Фларэнцыі (1637—47) і інш. Аўтар карцін «Трыумф Бахуса» (1624), «Св. Бернард» (1626), «Мадонна і чацвёра святых» (1628), «Выкраданне сабінянак» (1629) і інш. Пабудовы вызначаюцца тэатралізаваным дынамізмам, майстэрскім выкарыстаннем эфектаў натуральнага асвятлення: цэрквы Санты-Лука э Марціна (перабудова; 1635), Санта-Марыя ін Вія Лата (каля 1658), фасад царквы Санта-Марыя дэла Пачэ (1656—57) і 5-гранная плошча перад ёй у Рыме і інш.
П’етра да Картона. Фрэска «Залаты век» у Палацца Піці ў Фларэнцыі. 1637—47.