БАСКЕ́Т (франц. bosquet ад італьян. baschetto лясок, гаёк),
дэкаратыўная група дрэў або кустоў, густа пасаджаных вакол невял. замкнёнага ўчастка геам. формы і падстрыжаных у выглядзе высокіх роўных сценак (шпалер). Ствараюцца ў парках, бат. садах, дэндрарыях. У зялёных сценках баскету часам выразаюць спец. нішы для скульптур або малых арх. формаў. У еўрап. садова-паркавым мастацтве пашыраны з 16—18 ст. На Беларусі вядомы ў парках 18 ст. (Дубайскі парк, у в. Вялікае Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.). Элементы баскету выкарыстоўваюцца ў сучасным садова-паркавым мастацтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ФІНАВА ЗЯМЛЯ́ (Baffin Island),
в-аў на ПнУПаўн. Амерыкі, самы вял. ў Канадскім Арктычным архіпелагу, тэр. Канады. Пл. 476 тыс.км². Выцягнуты з ПнЗ на ПдУ амаль на 1350 км, аддзелены ад Грэнландыі Дэвісавым пралівам.
Берагі фіёрдавыя. Усходняя ч. гарыстая (выш. да 2591 м), значныя ледавікі (83 тыс.км²); заходняя — узгоркавая раўніна (выш. 150—200 м) са шматлікімі балотамі і вял. азёрамі. Складзены з крышт. парод, пераважна гнейсаў і сланцаў. Расліннасць мохава-лішайнікавай і хмызняковай тундры. Нац.парк Аўюітук. Асн. населены пункт — Фробішэр-Бей. В-аў названы ў гонар У.Бафіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХРЭ́МАЎЦЫ,
вёска ў Беларусі, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на ПдУ ад Браслава, 229 км ад Віцебска, 39 км ад чыг. ст. Друя. 1549 ж., 495 двароў (1995). У 1976 да Ахрэмаўцаў далучана в.Бяльмонты. Торфабрыкетны з-д «Браслаўскі». Аграпрамтэхніка. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. За 0,5 км на Пд — курганны могільнік 8—10 ст. Мураваная капліца Збавіцеля (1858). Помнік садова-паркавага мастацтва Ахрэмавіцкі парк «Бяльмонты».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ БАР’Е́РНЫ РЫФ (Great Barrier Reef),
града каралавых рыфаў і астравоў уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі, у Каралавым м.Даўж. каля 2300 км; шыр. ў паўн.ч. каля 2 км, у паўднёвай — да 150 км. Большая частка рыфаў знаходзіцца пад вадою і агаляецца ў час адліваў. Ад мацерыка Вялікі Бар’ерны рыф аддзелены суднаходнай натуральнай лагунай глыб. да 50 м. Даследавана каля 20 суднаходных праходаў (Вялікі Паўн.-Усходні, Рэйн-Айленд, Кука і інш.). Марскі нац.парк (засн. ў 1979); ахова флоры і фауны ўзбярэжжаў і мелкаводдзяў; уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік архітэктуры ракако. Створана ў 1751 па фундацыі Мікалая Радзівіла ў г.п. Дзятлава Гродзенскай вобл. на беразе р. Дзятлаўка. Комплекс уключае палац, пейзажны парк з вадаёмам і творамі архітэктуры малых формаў (масткі, павільёны), які з У паўкальцом агінае палац. Гасп. пабудовы размяшчаліся пры ўездзе з Пд у сядзібу.
Палац — мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане аб’ём з высокім вальмавым дахам і 2 вуглавымі вежападобнымі алькежамі на цокальным паверсе, накрытымі ўвагнутымі шатрамі з заломамі (алькежы не зберагліся).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУШНІ́КІ-ЗДРУЙ (Duszniki Zdrój),
бальнеакліматычны курорт у Польшчы. На ПдУ ад г. Валбжых у Клодзскай катлавіне Цэнтр. Судэтаў. Мінер. крыніцы вядомы з 15 ст., як курорт развіваецца з 1800. Праводзіцца бальнеа- і клімататэрапія хвароб органаў стрававання, дыхання, гінекалагічных і інш. Пры лячэнні выкарыстоўваюць авечае малако і сыроватку, прывазныя тарфяныя гразі і інш. Лячэбныя ўстановы маюць н.-д. аддзяленні клінік Вроцлаўскай і Лодзінскай мед. акадэмій. Буйны цэнтр адпачынку, турызму і зімовага спорту. Курортны парк і тэатр імя Ф.Шапэна, арх.-гіст. помнікі 16—19 ст., музей папяровай вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНД-КА́НЬЁН (Grand Canyon),
нацыянальны парк у ЗША, штат Арызона. Засн. ў 1908, да 1919 — нац. помнік. Пл. 493 тыс.га. Створаны з мэтай аховы і рэкрэацыйнага выкарыстання унікальнага прыроднага ўтварэння — цясніны р. Каларада працягласцю да 320 км, глыб. да 1800 м, выпрацаванай у тоўшчы вапнякоў, пясчанікаў і сланцаў. На дне цясніны — тыповы пустынны мексіканскі ландшафт: разнастайныя кактусы, агавы, юкі; на плато Кайбаб — хвойныя лясы. У фауне 60 відаў млекакормячых (у т. л. занесеныя ў Міжнар.Чырв. Кнігу кайбабская белахвостая вавёрка), 100 відаў птушак, 25 відаў паўзуноў і земнаводных. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́ВЫ ШАРЛО́ТЫ АСТРАВЫ́ (Queen Charlotte Islands),
архіпелаг у Ціхім ак., каля ўзбярэжжа Канады (прав.Брыт. Калумбія). Пл. 10,3 тыс.км². Нас. больш за 3 тыс.чал. Буйныя а-вы — Грэям (выш. да 1250 м) і Морсбі. Належаць да знешняга пояса кан. горнай сістэмы Кардыльераў, часткова затопленага. Зах. берагі гарыстыя, фіёрдавыя. На ПнУ шырокая нізіна з унутр. бухтай Масет. Радовішчы каменнага вугалю. Клімат умераны, вельмі вільготны. Хвойныя лясы. Лесанарыхтоўка, рыбалоўства. Правінцыяльны парк Найкун. Гал. населены пункт — Куін-Шарлот. Адкрыты ў 1774 ісп. экспедыцыяй Х.Перэса. Названы ў гонар англ. каралевы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМНАКАЛЯ́НУС (Limnocalanus macrurus),
беспазваночная жывёла атр. весланогіх ракападобных. Пашыраны ў чыстых, глыбокіх азёрах Паўн. паўшар’я. На Беларусі рэдкі ледавікова-марскі рэлікт антрапагенавага (чацвярцічнага) перыяду. Выяўлены ў 10 азёрах на ПнЗ Беларусі, у т. л. Доўгае, Рычы (заказнікі Л.), Воласа, Снуды, Струста (Браслаўскі нац.парк). Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 2,2 мм, цела членістае з вілаватым адросткам на канцы. 5 пар плавальных членістых канечнасцей. Дыхаюць паверхняй цела. Вельмі адчувальныя да дэфіцыту кіслароду ў вадзе. Кормяцца пераважна планктоннымі водарасцямі. Раздзельнаполыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛО́БУС (Адам) (сапр.Адамчык Уладзімір Вячаслававіч; н. 29.9.1958, г. Дзяржынск Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы (1973—77). Скончыў Бел.дзярж.тэатр.-маст.ін-т (1983). Працаваў мастаком-рэстаўратарам, мастаком-афарміцелем, у час. «Крыніца» і «Бярозка». Гал. рэдактар уласнага выдавецтва «Літаратура». Друкуецца з 1981. Аўтар кніг паэзіі «Парк» (1988), «Скрыжаванне» (1993) і прозы «Адзінота на стадыёне» (1989), «Дамавікамерон» (1994), «Толькі не гавары маёй маме» (1995) і інш. У творчасці Глобуса своеасаблівае бачанне свету і чалавека, асэнсаванне сучаснасці, праблемы маралі і складанасці жыцця.