ГРАМАДЗЯ́НСКІ ФО́РУМ,
чэхаславацкі апазіцыйны да Камуніст. партыі Чэхаславакіі паліт. рух у 1989—91. Патрабаваў ажыццяўлення дэмакр. рэформаў у паліт., грамадскім і эканам. жыцці краіны. Гал. дзеячы — В.Гавел, В.Малы, Я.Дзенстбер. Пры падтрымцы форуму ў снеж. 1989 прэзідэнтам Чэхаславакіі стаў Гавел. У 1990 Грамадзянскі форум атрымаў перамогу на выбарах у Нац. сход краіны. У крас. 1991 адбыўся раскол Грамадзянскага форуму на Грамадз. дэмакр. партыю і Грамадз. рух (з 1993 Свабодныя дэмакраты).
Н.К.Мазоўка.
т. 5, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗГО́ДА»,
грамадска-палітычная газета. Выходзіць з 1992 у Мінску на бел. (часткова на рус.) мове 2 разы ў месяц. Засн. як орган Партыі нар. згоды, з 1995 незалежная газета. Мае падзагаловак «Палітыка». Асвятляе праблемы ўнутр. і знешняй палітыкі, паліталогіі, паліт. культуры, нац. эканомікі і прыватнай гаспадаркі, бел. адраджэння і патрэб нац. меншасцей. Выступае за дэмакр. рэформы, прапагандуе ідэі міжнац. згоды, публікуе меркаванні шырокай грамадскасці, розных паліт. партый, рухаў і грамадскіх арг-цый.
А.С.Караль.
т. 7, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАГО́НЯ»,
грамадска-паліт. газета. Выдаецца з 1992 у Гродне на бел. мове. Выходзіла раз у 2 тыдні, з мая 1993 — раз у тыдзень, з ліп. 1997 два разы ў тыдзень. Друкуе матэрыялы на паліт., грамадска-сац., эканам. тэмы, асвятляе мясц. культ., канфесійнае, спарт. жыццё. Аддае ўвагу гіст. праблематыцы, змяшчае краязнаўчыя допісы, мемуары, успаміны дзеячаў бел. руху. Пастаянныя рубрыкі: «Грамадства», «Палітычная сцэна», «Сумежжа», «Вайна і людзі», «Лёсы», «Наш каляндар» і інш.
У.І.Хільмановіч.
т. 11, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬЯ́НС (франц. alliance),
1) саюз, аб’яднанне дзяржаў, паліт. партый, фракцый для дасягнення агульнай мэты ў пэўны час. 2) Шлюбны саюз.
т. 1, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАСТРАТЭ́ГІЯ (ад геа... + стратэгія),
разгляд значэння прыроднага асяроддзя ў дачыненні да праблемы экалагічнага, эканоміка-паліт. дабрабыту, пераважна ў міжнар. маштабе.
т. 5, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТА́ЎСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА.
Існавала ў 1795—1806 на тэр. Нідэрландаў. Утворана ў студз.—сак. 1795 пасля ўступлення сюды франц. рэсп. войскаў і паўстання мясц. насельніцтва. Назва паходзіць ад герм. племені батаваў, якое ў старажытнасці засяляла тэр. Нідэрландаў. Ваен.-паліт. саюз (1795) з Францыяй вызначыў залежнасць ад яе Батаўскай рэспублікі. Унутрыпаліт. жыццё адметнае вострай барацьбой паміж рознымі паліт. плынямі і слаямі буржуазіі. У 1806 Напалеон I ператварыў Батаўскую рэспубліку ў Галандскае каралеўства (1806—10), зрабіўшы каралём свайго брата Луі (Людовіка) Банапарта.
т. 2, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ ЖА́НЧЫН «НАДЗЕ́Я»,
незалежная грамадска-паліт. арг-цыя жанчын Рэспублікі Беларусь. Створана ў крас. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — савет партыі. Асн. мэта — правядзенне сац. і эканам. рэформаў, скіраваных на стварэнне жанчыне спрыяльных умоў жыцця і працы, для выканання ёй функцый маці, выхавальніцы і захавальніцы сямейнага ачага. Выступае за паслядоўнае рэфармаванне эканомікі, пошук згоды паміж рознымі паліт. і грамадскімі партыямі і рухамі, недапушчэнне расколу ў грамадстве, актыўны ўдзел жанчын у рабоце заканад. і выканаўчых органаў улады.
т. 2, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДАЎДА́НСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1921, канстытуцыя Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. Прынята 28 чэрв. ў дзень св. Віда (Vidovdan). Абвясціла каралеўства парламентарнай і спадчыннай манархіяй на чале з сербскім каралём з дынастыі Карагеоргіевічаў. Паводле Відаўданскай канстытуцыі каралю належала выканаўчая і заканадаўчая (разам з 1-палатным парламентам — нар. скупшчынай) улада. Паліт. правы і свабоды (слова, друку, сходаў і інш.) маглі быць адменены каралём. Замацоўвала пануючае становішча ў грамадстве сербскай паліт. эліты. Адменена 6.1.1929 у выніку ўстанаўлення ў краіне ваенна-манархічнага рэжыму.
т. 4, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБД АЛЬ-КЕРЫ́М (1881 або 1882 — 7.2.1963),
паліт. і дзярж. дзеяч Марока. Атрымаў багаслоўскую адукацыю. За заклікі да вызв. барацьбы ў 1915 зняволены. У 1921 узначаліў вызв. барацьбу рыфскіх плямёнаў супраць ісп., з 1925 франц. каланізатараў. Прэзідэнт (эмір) [1921—26] Рыфскай рэспублікі. У 1926 захоплены французамі і сасланы на в-аў Рэюньён. У 1947 атрымаў дазвол на выезд у Францыю пры ўмове, што не будзе займацца паліт. дзейнасцю. Уцёк і пасяліўся ў Каіры, дзе ўзначаліў (1948—56) Камітэт вызвалення Арабскага Магрыба.
т. 1, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКІ РУХ,
ліберальна-апазіц. грамадская і паліт. дзейнасць земскіх гласных і земскай інтэлігенцыі ў Расіі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Быў накіраваны на расшырэнне правоў земстваў. Выяўляўся ў падачы земскіх адрасоў і хадайніцтваў на імя імператара, правядзенні нелегальных сходаў і з’ездаў, выданні за мяжой брашур і артыкулаў, стварэнні нелегальных паліт. арг-цый. У 1880—82 выдавалася газ. «Земство». Створаны земскія аб’яднанні «Гутарка» (1899), «Саюз вызвалення» (вер. 1903), «Саюз земцаў-канстытуцыяналістаў» (ліст. 1903). Асн. дзеячы: І.І.Петрункевіч, У.А.Бобрынскі, П.Дз. і П.Дз.Далгарукавы, П.А.Гейдэн, У.Л.Вярнадскі, Ю.А.Навасільцаў і інш. Са стварэннем у пач. Рэвалюцыі 1905—07 паліт. партый кадэтаў і акцябрыстаў З.р. пайшоў на спад. У час 1-й сусв. вайны выявіўся ў стварэнні Земскага саюза (1914) для дапамогі ўраду ў арганізацыі забеспячэння арміі.
т. 7, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)