Паўстанне 1830—31 (у Польшчы, на Беларусі і ў Літве) 2/158, 574; 3/416; 4/14, 569; 5/428, 487, 531; 7/222; 8/349—350, 504; 9/505; 11/342; 12/107

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЕ́ЎСКІЯ,

удзельнікі вызв. руху ў Беларусі і Літве ў сярэдзіне 19 ст. і паўстання 1863—64. Дзеці дробнага шляхціца Дамініка Далеўскага, які валодаў фальваркам Кункулка ў Лідскім пав.

Францішак (1825, фальварак Руднікі Лідскага пав. — 25.4.1904), адзін са стваральнікаў Братняга саюза літоўскай моладзі. У 1849—60 у турме, на катарзе і ў ссылцы ў Сібіры. Напярэдадні і ў час паўстання адзін з кіраўнікоў партыі «белых», чл. Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы. У чэрв. 1863 арыштаваны, засуджаны на 20 гадоў катаргі. З 1883 у Варшаве.

Аляксандр (24.1.1827, Кункулка — 26.4.1862), адзін са стваральнікаў Братняга саюза літоўскай моладзі. У 1849 арыштаваны, у 1850—58 на катарзе, у сібірскай ссылцы. Памёр у Вільні ад сухотаў неўзабаве пасля вяртання на радзіму.

Канстанцін (1837, Кункулка — 27.5.1871). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, каморнік. Удзельнік паўстання 1863—64 на Ковеншчыне — змагаўся ў атрадах З.Серакоўскага, І.​Ляскоўскага, А.​Мацкявічуса, камандаваў асобным атрадам, паранены. Потым у эміграцыі. У час Парыжскай камуны 1871 расстраляны версальцамі.

Цітус (13.5.1840, Кункулка — 11.1.1864), удзельнік рэв. студэнцкага руху ў Маскве і Пецярбургу, дзе вучыўся ва ун-тах. З лета 1863 найбліжэйшы памочнік К.Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем. Арыштаваны, публічна расстраляны на Лукішскай плошчы ў Вільні.

Апалонія (1841, Кункулка — пасля 1915), жонка Серакоўскага. У час паўстання 1863—64 выслана ў Ноўгарад. З 1867 у Варшаве, займалася грамадскай дзейнасцю. Аўтар успамінаў пра паўстанне.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 6, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬСКІ (Аляксандр Карлавіч) (16.6.1834. в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 10.9.1916),

бел. гісторык, этнограф, краязнавец, пісьменнік, перакладчык, публіцыст. Чл. Акадэміі навук у Кракаве (1892). Брат М.К.Ельскага Скончыў Мінскую гімназію (1852). З 1860-х г. жыў у Замосці (Пухавіцкі р-н). дзе ў 1864 стварыў літ.-краязнаўчы музей. Сябра і першы біёграф В.Дуніна Марцінкевіча. Аўтар дыдактычных вершаваных і празаічных гутарак на бел. мове ў духу асветніцтва і хрысціянскай маралі. Гісторыі, этнаграфіі, фальклору, мове і л-ры Беларусі прысвечаны яго працы: «Пра беларускую гаворку» (1885), «Слоўца пра матэрыялы для вывучэння беларускай гаворкі, этнаграфіі і літаратуры» (1886), «Адам Міцкевіч на Беларусі» (1890), «Беларуская літаратура і бібліяграфія» (1892), «Нарыс гісторыі мясцовай гаспадаркі ў супастаўленні з народнымі звычаямі ад першабытных да апошніх часоў» (т. 1—2, 1893—97), «Гістарычныя звесткі пра радзівілаўскую ткальню паясоў у Слуцку» (1893), «Гістарычныя звесткі пра фабрыку шкла і аздобных люстэрак у радзівілаўскім Урэччы на Літве» (1899) і інш. Напісаў каля 10 тыс. гіст.-краязнаўчых артыкулаў для «Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў», «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі», у якіх апісаў мясцовасці многіх бел. паветаў. На бел. мову перакладаў творы А.​Міцкевіча, Ю.​Супінскага, А.​Мальчэўскага. Рукапісныя і кніжныя зборы Е. знаходзяцца ў Кракаве, Варшаве, часткова ў Мінску і Вільнюсе.

Літ.:

Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969;

Яго ж. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;

Пачынальнікі. Мн., 1977.

А.​В.​Мальдзіс.

А.К.Ельскі.

т. 6, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗЕ́МЯ»

(«Ziemia», «Зямля»),

краязнаўчы ілюстраваны часопіс. Орган польскага краязнаўчага т-ва. Выходзіў у 1910—14, 1919—20, 1922—50 у Варшаве на польск. мове. У 1912—13 меў дадаткі. Публікаваў матэрыялы па польск., бел., укр., рус., літ., лат., эст. археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыцы, эканоміцы, урбаністыцы, экалогіі, гісторыка-краязнаўчыя нарысы і працы, біягр. звесткі пра дзеячаў навукі і культуры, апісанні палацава-замкавых комплексаў, культавых збудаванняў, помнікаў гісторыі, інфармаваў пра дзейнасць краязн. т-ваў, музеяў, пра міжнар. турысцкія кангрэсы. Змяшчаў агляды навінак л-ры, рэцэнзіі на працы даследчыкаў, карты, планы, схемы, рэпрадукцыі карцін, здымкі жыхароў розных этнагр. мясцін, помнікаў архітэктуры, узораў нац. адзення і інш.

Беларусі і яе сумежным рэгіёнам прысвечаны публікацыі Ю.​Смалінскага «Каптур і намітка на Літоўскай Беларусі», В.​Шукевіча «Былыя каралеўскія лясы ў Літве» (абедзве 1911), «Нарысы з Белай Русі», У.​Загорскага «Старая Вільня» і «Замак у Крэве», М.​Федароўскага «Віцебск і Віцебшчына» (усе 1912), А.​Лантоўскага «Мінская епархія» (1913), Ф.​Рушчыца «Вільня і мастацтва» (1922), Е.​Лісевіча «Нацыянальныя і адміністрацыйныя адносіны ў Навагрудскім ваяводстве», В.​Хенеберга «Слонім», Я.​Якубоўскага «Нясвіж» (усе 1925), Ч.​Пяткевіча «Хойнікі» (1927), Р.​Харашкевіча «Вёска Осава ў Столінскім павеце», Ю.​Сускага «У Лунінецкім павеце» (абедзве 1930), А.​Наляпінскага «Нарач і ваколіцы» (1934), Г.​Ястшэмбец-Каменскага «Каралеўскае мястэчка Моталь» (1935), А.​Хоміча «Смалярні на Віленшчыне» (1939). У часопісе супрацоўнічалі Я.Булгак, З.Глогер, Б.​Дыбоўскі, Машынскі, С.​Удзеля і інш.

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 7, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЬБЕРГ ((Kolberg) Оскар) (22.2.1814, в. Прысуха Апочынскага пав. Келецкага ваяв., Польшча — 3.6.1890),

польскі этнограф, фалькларыст, кампазітар. Акад. Акадэміі ведаў у Кракаве (1875; чл.-кар. 1873). У 1837 хатні настаўнік (у т. л. ў Гомелі). Пісаў для фартэпіяна паланэзы, мазуркі, кракавякі, рабіў апрацоўкі нар. песень, аўтар оперы «Кароль пастухоў» (1859). Збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы ў Польшчы, Літве, на Беларусі, Украіне, у Венгрыі. Аўтар працы «Народ. Яго звычаі, лад жыцця, мова, паданні, прыказкі, абрады, забабоны, забавы, песні, музыка і танцы» (1857—90, каля 40 т.). У т. 52 («Беларусь—Палессе», 1968) «Поўнага збору прац» (т. 1—69, 1961—95) змешчаны 723 песні, 105 нотных запісаў, зробленых у наваколлях Віцебска, Кобрына, Ковеля, Магілёва, Мазыра, Мінска, Оўруча, Полацка; 14 казак і паданняў, 33 прыказкі, 16 апісанняў бел. вяселля, 4 — пахавальных абрадаў, нар. лексіка, апісанні адзення і жылля, вераванняў і звычаяў. У раздзеле «Народ» прыведзена шмат выказванняў і думак даследчыкаў пра характар, псіхалогію, светасузіранне беларусаў, матэрыялы пра сац. і эканам. становішча сялян і інш. Шмат матэрыялаў пра гіст. і культ. мінулае многіх мясцін Беларусі, у т. л. Жыровічаў, Міра, Навагрудка і інш. У томе змешчана бібліяграфія па бел. фальклоры і этнаграфіі. Аўтар прац «Казкі з Палесся», «Вясельныя звычаі і абрады з Палесся» (абедзве 1889), «Этнаграфічныя замалёўкі» (т. 1—11, 1882—91).

Літ.:

Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991. С. 5—20.

І.​У.​Саламевіч.

т. 8, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́САКІ (Kossacy),

польскія жывапісцы, бацька і сын.

Фартунат Юліуш (15.12.1824, в. Вісніч, каля г. Кракаў, Польшча — 3.2.1899). Вучыўся жывапісу ў Я.​Машкоўскага, у 1855—61 у Парыжы ў А.​Вернэ. У 1862—68 кіраўнік маст. аддзела варшаўскага час. «Tygodnik ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»). Шмат падарожнічаў, у т. л. па Беларусі. У творчасці вял. ўвагу аддаваў гіст. жанру, напісаў шэраг батальных карцін з гісторыі Польшчы і ВКЛ 15—17 ст., вайны 1812: «Уладзіслаў Ягайла пад Грунвальдам» (1862), «Выручэнне Смаленска» (1879), «Сабескі пад Венай» (1882), «Т.​Тышкевіч пераходзіць Дзвіну» (1890), «Уезд Яна III у Вену» (1897) і інш. Аўтар партрэтаў, ілюстрацый да твораў Г.​Сянкевіча, А.​Міцкевіча, Ю.​Славацкага, Дж.​Байрана. Войцех Гарацый (1.1.1857, Парыж — 29.7.1942), сын Фартуната Юліуша. Вучыўся жывапісу ў Кракаве (1871—73), Мюнхене (1874), Парыжы (1877—83). У 1894—1902 працаваў па заказах імператара Вільгельма II у Германіі. З 1916 праф. школы прыгожых мастацтваў у Варшаве, потым працаваў у Кракаве. Гал. месца ў творчасці займалі гіст. і батальны жанры, найб. ўвагу аддаваў напалеонаўскім войнам, паўстанням 1830—31 і 1863—64 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. Сярод твораў: «Успаміны з дзяцінства» (1891), «Крывавая нядзеля ў Пецярбургу» (1905) і інш. Сааўтар батальных панарам на тэму паўстання 1794 «Рацлавіцы» (1892—94) і вайны 1812 «Пераход цераз Бярэзіну» (1895—96).

А.​Л.​Варатнікова.

Да арт. Косакі. Ф.​Косак. Ілюстрацыя да рамана Г.​Сянкевіча «Патоп».

т. 8, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКІЯ ДЫВІ́ЗІІ,

вайсковыя злучэнні Войска Польскага ў 1919—20. Першая Л.-б. д. фарміравалася на тэр. Гродзенскай, Ломжынскай і Сувалкаўскай губ. з добраахвотнікаў палякаў і беларусаў-католікаў, ураджэнцаў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. Складалася з 3 стралк. брыгад і палка ўланаў. Дывізія і палкі мелі толькі свае геагр. назвы без агульнай нумарацыі. Дзейнічала на бел.-літ. фронце польскіх войск. У лютым 1919 заняла Беласток, у крас. правяла наступальную аперацыю ў раёне Баранавіч і Навагрудка, у ліп.—жн. дзейнічала супраць войск 16-й арміі Зах. фронту, наступала на Мір і Стоўбцы, удзельнічала ў наступленні на Бабруйск. Вясной 1920 ёй нададзены № 1, а з Лідскага, Ковенскага, Слуцкага і Беластоцкага палкоў сфарміравана 2-я Л.-б. д., якая дыслацыравалася ў раёне Вільні. У ліп. 1920 у час наступлення Чырв. Арміі дывізіі са стратамі адышлі да Варшавы, удзельнічалі ў яе абароне. У канцы вер. 1920 пасля адступлення Чырв. Арміі камандзірам 1-й Л.-б. д. прызначаны ген. Л.​Жалігоўскі, яе ўзмацнілі Лідскім і Ковенскім палкамі з 2-й Л.-б. д. 8.10.1920 паводле загаду Ю.Пілсудскага Жалігоўскі ў знак нязгоды перадачы Вільні і Віленскага краю Літве ўзняў т.зв. «бунт» 1-й Л.-б. д. 9.10.1920 заняў Вільню, 12.10.1920 абвясціў пра стварэнне Сярэдняй Літвы. Дывізіі атрымалі агульную нумарацыю: 1-я Л.-б. д. стала 19-й, 2-я — 20-й дывізіяй Войска Польскага.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 9, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОК ((Locke) Джон) (29.8.1632, Рынгтан, Вялікабрытанія — 28.10.1704),

англійскі філосаф і паліт. мысліцель, заснавальнік лібералізму, асацыятыўнай псіхалогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1668). Скончыў Оксфардскі каледж. У 1667—69 жыў у Францыі і Галандыі. У цэнтры філасофіі Л. — тэорыя пазнання, заснаваная на адмаўленні існавання прыроджаных ідэй і прынцыпаў. Паводле Л., усе чалавечыя веды зыходзяць з вопыту; вопыт складаецца з простых ідэй — пачуццёвых уражанняў і назіранняў, якому розум падпарадкоўвае сваю дзейнасць («Вопыт пра чалавечы розум», 1690). Развіў вучэнне пра першасныя і другасныя якасці і тэорыю ўтварэння агульных ідэй (абстракцый). Яго сац.-паліт. канцэпцыя абапіраецца на звычаёвае права і тэорыю грамадскага дагавору («Два трактаты пра кіраванне», 1690). Распрацоўваў праблемы фарміравання грамадзянскай супольнасці і ўзнікнення дзяржавы, тэорыі раздзялення ўлад, як гал. элемента прававой дзяржавы. Абгрунтаваў палажэнне аб прыватнай уласнасці як неад’емным атрыбуце чалавека, узаемасувязі прыватнай уласнасці з працай чалавека і яго дабрабытам. У педагогіцы зыходзіў з вырашальнага ўплыву асяроддзя на выхаванне («Некаторыя думкі аб педагогіцы», 1693). Яго творы ў 18—19 ст. паўплывалі на развіццё тэорыі натуральнага права, канцэпцый грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы ў Беларусі, Літве і Польшчы (Б.​Дабшэвіч, А.​Доўгірд, К.​Нарбут, А.​Скарульскі, Я.​Снядэцкі, І.​Страйноўскі і інш.).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. филос. произв. Т. 1—2. М., 1960.

Літ.:

Нарский И.С. Философия Джона Локка. М. 1960;

Соколов В.В. Европейская философия XV—XVII вв. М., 1984. С. 402—427.

В.​В.​Краснова.

Дж.Лок.

т. 9, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГАЗІ́Н (франц. magazin ад араб. сховішча, склады),

1) прадпрыемства рознічнага гандлю, якое выступае як юрыд. асоба. Падзяляюцца на спецыялізаваныя з абмежаваным асартыментам тавараў (хлебныя, агароднінна-садавінныя, малочныя, мэблевыя, кніжныя, абутковыя, гатовага адзення, гасп. і неспецыялізаваныя з больш шырокім асартыментам тавараў. Існуюць мяшаныя прадуктова-прамысл. М. Пашыраны універсальныя М. са спецыялізаванымі секцыямі, М. самаабслугоўвання, салоны-М., М.-аўтаматы; у гандл. цэнтрах М. знаходзяцца ў адным комплексе з прадпрыемствамі грамадскага харчавання і гандлю.

2) Дылерская кампанія, якая займаецца купляй-продажам аблігацый.

3) Будынак, у якім захоўваліся грамадскія запасы прадуктаў (збожжа, крупы, мука, соль і інш.) на выпадак дапамогі людзям, якія апынуліся ў бядзе. Былі пашыраны ў Літве, Польшчы, Расіі, на Украіне. На Беларусі вядомы ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Будынак прамавугольны ў плане, звычайна з 4—5 уваходамі ў асобныя склады. 3 падоўжнага боку будавалі галерэю на слупах або вял. вынас страхі (в. Старобін Слуцкага р-на Мінскай вобл., 1825). Праз тарцы збудавання рабілі скразны праезд і засекі для прадуктаў па абодва яго бакі (в. Касарычы Глускага р-на Магілёўскай вобл., пач. 19 ст.). Сцены М. ставілі на высокіх мураваных фундаментах ці штандарах (в. Вял. Чучавічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл., 19 ст.). Паводле тыпавых праектаў дзярж. М. звычайна будавалі ў комплексе з некалькіх будынкаў, абкружалі іх равамі, агароджамі, будынкамі для аховы (г. Ваўкавыск, 1851).

С.​А.​Сергачоў (архітэктура).

т. 9, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,

літаратурнамастацкі і грамадска-паліт. альманах. Выдаваўся ў 1912 (сш. 1—2) і 1913 (сш.

3) у Пецярбургу на бел. мове бел. выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца». Друкаваўся кірыліцай і лацінкай адначасова. Меў літ.-маст., сац.-паліт. і навук.-краязнаўчы аддзелы. Выступаў з ідэяй пашырэння бел. нац. асветы, культуры, школьнай справы. Сваёй задачай абвясціў «патрапіць першы раз да сэрца несвядомага беларуса, каб... мець у ім беларуса-грамадзяніна» («Да чытачоў», сш. 1). У артыкулах «На дарозе да новага жыцця» (сш. 1), «К пытанню аб нацыянальных адносінах у Беларусі і Літве» (сш.

2) А.​Навіны (А.​Луцкевіч) абгрунтаваў адраджэнскую канцэпцыю бел. гісторыі. Упершыню апублікаваў многія маст. творы, у т. л. паэму Я.​Купалы «Сон на кургане» (сш. 1), цыклы вершаў Ц.​Гартнага з яго аўтабіяграфіяй (сш. 2), гіст.-літ. эцюд А.​Янулайціса «Аб маладым паэце з Крошына» (пра П.​Багрыма, сш. 3), вершаваныя творы «Батрак» і «Як Янка забагацеў» Я.​Коласа, апавяданні «Асеннія лісты» і «Зялёнка» Цёткі, «Амерыканец» А.​Новіча (А.​Ціхановіча), «Апошняе спатканне», «Парабкі» і «Шчырае каханне» У.​Галубка, «Прывід» і «Сябра з каўбасой» Власта (В.​Ластоўскага), першае апавяданне «Хутара-ра, Хутара!» Л.​Гмырака, цыклы вершаў А.​Паўловіча, Ф.​Чарнышэвіча, А.​Гурло, Я.​Журбы, А.​Петрашкевіча. Інфармаваў пра дзейнасць бел. выдавецкай суполкі ў Пецярбургу, змяшчаў бел. бібліяграфію, рэцэнзіі, рэкламу бел. друку.

У.​М.​Конан.

т. 9, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)