ДАЛЖО́НАК (Арэст Васілевіч) (н. 7.5.1935, в. Падомхі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. дзеяч самадз. мастацтва, харавы дырыжор. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Маладзечанскае муз. вучылішча (1963). З 1963 кіраўнік Казловіцкага нар. хору цэнтр. Дома культуры Слуцкага р-на, аднаго з лепшых самадз. хар. калектываў. Беражліва ставіцца да нар. песні, імкнецца захаваць яе ў блізкім да аўтэнтычнага выглядзе. Аўтар песень «Беларусі юбілейнай», «Наш край случанскі» і інш.

т. 6, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУ́ЧАНЫ БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКІ ДАПАМО́ГАВЫ КАМІТЭ́Т,

дабрачынная арг-цыя для дапамогі беларусам у працэсе эміграцыі і ўсталявання ў ЗША. Засн. ў 1948 у г. Саўт-Рывер. Першы старшыня — І.Ермачэнка. На пач. дзейнасці дапамагаў беларусам у пошуках працы, вывучэнні англ. мовы, адаптацыі да новых умоў пражывання, садзейнічаў заснаванню час. «Беларус у Амерыцы», «Беларускае слова ў Амерыцы», газ. «Беларуская трыбуна», з 1960 друкаванню час. «Беларуская думка». Вядзе шырокую сац., культ. і адукац. дзейнасць.

т. 7, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́РЫША («вялікая багіня»),

у эламскай міфалогіі багіня-маці. Напачатку шанавалася толькі на ПдУ Элама, у мясцовасці Ліян (Бушыр). З канца 3-га тыс. да н.э. яе культ пашырыўся на ўвесь Элам, а ў пач. 2-га тыс. да н.э. яна заняла вядучае месца ў эламскім пантэоне як «маці багоў». З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. на чале пантэона стаў Хумпан, a К. атрымала тытул яго «вялікай жонкі».

т. 8, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КОМСОМО́ЛЬСКАЯ ПРА́ВДА»,

масавая грамадска-паліт. газета. Выдаецца з мая 1925 у Маскве на рус. мове. Выходзіць 5 разоў на тыдзень. Асвятляе міжнар. падзеі, грамадска-паліт., эканам., культ. жыццё краіны. Публікацыі, звязаныя з развіццём л-ры, культуры, мастацтва, спорту і інш., адметныя шматжанравасцю, актуальнасцю, элементамі займальнасці. Мае штотыднёвы спецвыпуск на 32 старонках, з іх 12 — інфармацыйны матэрыял па Беларусі. Са студз. 1999 выходзіць пад назвай «Комсомольская правда в Белоруссии».

т. 8, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РДАВА (Córdoba),

горад у цэнтр. ч. Аргенціны. Адм. ц. прав. Кордава. Засн. ў 1573. 1294 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: трансп. машынабудаванне (аўтамабілі, самалёты), металургічная, металаапр., хім., харчасмакавая (у т. л. мукамольная, спірта-гарэлачная), мылаварная, гарбарна-абутковая. 3 ун-ты, у т. л. старэйшы ў Аргенціне (з 1613). Музеі: бат. і прыгожых мастацтваў. Арх. помнікі 17—18 ст.

т. 8, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ТАРГА (Сцяпан Сямёнавіч) (24.2.1805, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. — 7.5.1861),

вучоны-прыродазнавец, педагог і папулярызатар навукі. Брат М.С.Кутаргі. Д-р медыцыны (1832). Скончыў Дэрпцкі ун-т (1832). У 1833—61 праф. Пецярбургскага ун-та. У 1842—61 старшыня Пецярбургскага мінералагічнага т-ва. Навук. працы па заалогіі, геалогіі, палеанталогіі. Прапагандаваў вучэнне Ч.​Дарвіна. Склаў геал. карту Пецярбургскай губерні. Штогод К. і яго брат прыязджалі ў Мсціслаў, дзе вялі культ.-асв. работу.

т. 9, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НЧЭПІНГ (Linköping),

горад на Пд Швецыі, на Гёта-канале, які злучае праз азёры Венерн і Ветэрн зах. і ўсх. ўзбярэжжы краіны. Адм. ц. лена Эстэргётланд. Засн. ў 1120. 122 тыс. ж. (1991). Старадаўні прамысл., гандл. і культ. цэнтр. Прам-сць: маш.-буд. (аўта- і самалётабудаванне, ваеннае, вытв-сць шарыкападшыпнікаў), тэкст., швейная, хім., мэблевая, харчовая. Ун-т. Музей. Арх. помнікі: сярэдневяковы сабор (13—14 ст.), замак (15—16 ст.).

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА МАСТА́ЦТВАЎ.

Засн. ў 1975 у Мінску як Мінскае культ.-асв. вучылішча. З 1990 Мінскае вучылішча мастацтваў і культуры. З 1992 сучасная назва. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): інструментальнае выкананне (фартэпіяна, баян, акардэон, цымбалы, гітара); тэатр. мастацтва (акцёр тэатра лялек); дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (маст. апрацоўка дрэва, кераміка); харавое дырыжыраванне; харэаграфія; харавая музыка (народная); народныя абрады і святы; танец; інструментальная музыка (народная). Прымаюцца асобы з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 10, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЧ (Pécs),

горад на ПдЗ Венгрыі. Адм. ц. медзьё Баранья. Узнік каля 2 тыс. г. назад. Каля 200 тыс. ж. (2000). Трансп. вузел. Эканам. і культ. цэнтр. Прам-сць; маш.-буд., дрэваапр., хім., гарбарна-абутковая, шкляная, керамічная, харчасмакавая, у т. л. тытунёвая, піваварная, вытв-сць шампанскіх він. Цэнтр раёна здабычы кам. вугалю, уранавых руд. Ун-т (з 1367). Музеі. Раннехрысц. катакомбы (4 ст.). Арх. помнікі 11 і 16 ст.

т. 12, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДСЛАЎСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,

адзін з найб. шанаваных каталіцкіх абразоў на Беларусі. Знаходзіцца ў касцёле Ушэсця Маці Божай у в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Паводле касцельнай гісторыі, падараваны ў 1598 папам рымскім Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу з нагоды яго пераходу з кальвінізму ў каталіцызм. Пасля смерці Паца абраз перайшоў капелану І.​Салакаю, які ў 1613 падараваў яго Будслаўскаму кляштару бернардзінцаў; шату для абраза падараваў у 1-й пал. 17 ст. віленскі гвардыян бернардзінцаў Ф.​Калецкі. Тут абраз праславіўся цудамі вылечвання, якія апісаны настаяцелем Э.​Зеляевічам у кнізе «Задыяк на зямлі» (1650). У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 часова быў вывезены ў Саколку (Беласточчына). Бернардзінцы літ. правінцыі прапагандавалі культ абраза, з пач. 19 ст. друкавалі з яго гравюры. Пасля скасавання кляштара ў 1859 вядомасць абраза зменшылася. З пач. 1990-х г. аднаўляецца яго культ, адбываюцца паломніцтвы пілігрымаў, прымеркаваныя да 2 ліпеня. 2.7.1996 папскі нунцый арцыбіскуп Д.​Грушэўскі абвясціў папскае пасланне, у якім Маці Божая Будслаўская названа патронкай Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, г. зн. Беларусі. Абраз намаляваны алеем на палатне памерам 72 × 65 см, іканаграфічна належыць да зах.-еўрап. тыпу Адзігітрыі. Рэстаўрыраваны ў 1991—92 В.​Лукашэвічам.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)