1. Які знаходзіцца, размяшчаецца звонку, за межамі чаго‑н.; проціл. унутраны (у 1 знач.). Знешняе асяроддзе. □ Знешнія шыбы пакрыты тоўстым пластом шызага інею.Шамякін.// Які дзейнічае звонку. Знешнія ўплывы.// Звернуты вонкі; вонкавы. Свайму знешняму выгляду рэдактар надаваў не малое значэнне.Колас.
2. Які праяўляецца толькі са знешняга боку, не закранаючы асновы, сутнасці чаго‑н. Знешнія змены. Знешні спакой. □ Можа, пры ўсёй сваёй знешняй няўклюднасці — сухасці, строгасці, рэзкасці — Леўкін у душы ўсё ж някепскі чалавек?Дадзіёмаў.//перан. Паказны, паверхневы, пазбаўлены глыбіні. Савецкага чалавека не можа асляпіць знешні бляск.«ЛіМ».
3. Які адносіцца да зносін з замежнымі дзяржавамі; проціл. унутраны (у 4 знач.). Знешні гандаль. Знешняя палітыка.// Які існуе, дзейнічае за межамі данай дзяржавы; замежны. Знешнія і ўнутраныя цэны. Знешнія і ўнутраныя ворагі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
2. Сканцэнтраванне намаганняў, затрата вялікай энергіі, сіл для ажыццяўлення чаго‑н. Рабіць без напружання. Нервовае напружанне. Творчае напружанне. □ Шкада было матораў.. машын, шкада было шафёраў, рукі якіх дранцвелі ад напружання.Кулакоўскі.Працоўнае напружанне на палях не спадае ні на адзін дзень.«Звязда».// Крайняя ступень працякання чаго‑н. Трымаць усіх у напружанні. Трывожнае напружанне. □ Відаць, сход дайшоў да самага высокага напружання.Дуброўскі.
3. Ненатуральнае становішча, нацягнутасць. Вострае напружанне міжнародных падзей.
4.Спец. Велічыня ціску або расцяжэння, якія ўзнікаюць у цвёрдым целе ў выніку знешняга ўздзеяння (сіл, тэмпературы і пад.).
5.Спец. Велічыня, якая характарызуе работу электрычных сіл пры перамяшчэнні электрычнага зараду. Электрычнае напружанне ў адзін вольт. Ток высокага напружання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АЎТАМАТЫ́ЗМ (ад грэч. automatos самадзеючы, самаадвольны),
1) у фізіялогіі — здольнасць клетак, органаў або ўсяго арганізма да рытмічнай дзейнасці без уздзеяння знешніх пабуджальных фактараў. Аснова аўтаматызму — цыклічнасць метабалічных працэсаў у клетках або дзейнасць сістэм узбудлівых клетак (нерв., мышачных). Аўтаматызм актаў паводзін чалавека і жывёл спалучаны з выпрацаваннем дынамічнага стэрэатыпу ўмоўных рэфлексаў, што з’яўляецца асновай прыстасавання арганізма да пастаянных фактараў знешняга асяроддзя. У высокаразвітых жывёл аўтаматызм праяўляецца і ў выглядзе стэрэатыпных дзеянняў (напр., рухі канечнасцяў, шыі, тулава пры хадзе), паслядоўнасць якіх вызначаецца работай адпаведных аддзелаў цэнтральнай нервовай сістэмы.
2) У псіхалогіі — міжвольныя або бессвядомныя дзеянні. Адрозніваюць аўтаматызм «першасны» (міжвольныя дзеянні, што ўзнікаюць у філагенезе, функцыянаванне прыродных, безумоўна-рэфлекторных праграм) і «другасны» (бессвядомыя дзеянні, якія фарміруюцца ў выніку навучання ці індывід. вопыту). Агульныя іх рысы — адсутнасць кантролю свядомасці за спосабам выканання дзеяння. Разузгадненне мэты і выніку дзеяння выклікае пераход кантролю свядомасці з мэты на спосаб выканання дзеяння, але магчымыя памылкі пры паўторным разгортванні свядомай арыенціроўкі звычайна парушаюць аўтаматызм і могуць прывесці да т.зв. «дэзаўтаматызацыі». У норме аўтаматызм з’яўляецца састаўной часткай свядома рэгулюемага дзеяння, самастойнае існаванне аўтаматызму сведчыць аб паталогіі. Вылучаюцца таксама аўтаматызм маторны, моўны і інтэлектуальны. Аўтаматызм, які стаў патрэбнасцю індывіда, наз. прывычкай. Сістэма такіх прывычак вызначае характар, а сістэма аўтаматызму мыслення — стыль мыслення чалавека.
Літ.:
Обшая психология. 2 изд. М., 1986;
Рубинштейн С.Л. Основы обшей психологии. Т. 1—2. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕ́ТЫКА МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,
раздзел генетыкі чалавека, які вывучае спадчынныя хваробы, прычыны іх узнікнення, шляхі пашырэння, метады папярэджання, дыягностыкі і лячэння, ролю спадчынных структур у развіцці інш. хвароб, а таксама зваротны ўплыў паталагічных фактараў і знешняга асяроддзя на спадчынны апарат чалавека. Выкарыстоўвае метады агульнагенет. і спец. (блізнятны, генеалагічны, цытагенет., біяхім., папуляцыйна-статыстычны і інш.).
Генетыка медыцынская пачала развівацца ў пач. 20 ст., калі былі сфармуляваны асн. палажэнні тэорый мутацыі, храмасомнай, папуляцыйнай і эвалюцыйнай спадчыннасці, устаноўлены яе матэрыяльныя носьбіты. Пачынальнікі генетыкі медыцынскай ў СССР: С.Р.Левіт, С.М.Давыдзенкаў, С.Н.Ардашнікаў, М.С.Навашын і інш.
На Беларусі распрацоўкі па генетыцы медыцынскай вядуцца з 1960-х г. у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН, мед. установах і ВНУ. Даследаваліся: генетыка злаякасных пухлін і імунагенетыка (М.В.Турбін, Г.В.Краскоўскі, А.Ю.Бранавіцкі), роля храмасомных парушэнняў у патагенезе спантанных абортаў і анамалій развіцця (Ю.В.Гулькевіч), месца спадчынных фактараў у развіцці некат. дзіцячых хвароб (І.Н.Усаў), анамалій мочапалавой сістэмы (М.Я.Саўчанка), лейкозаў (А.І.Свірноўскі) і інш.; аналізуюцца метады геннай інжынерыі як найб. перспектыўныя ў лячэнні спадчынных хвароб. Наладжана сістэма медыка-генет. кансультавання насельніцтва, у т. л. асоб з абцяжаранай спадчыннасцю, на базе рэсп. медыка генет. цэнтра ў Мінску, адпаведных кансультацый і кабінетаў у абл. гарадах. Працуе НДІ спадчыннасці і прыроджаных захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т РАДЫЕБІЯЛО́ГІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1987 у Мінску на базе навук. лабараторый радыеэкалагічнага і радыебіял. профілю ін-таў АН і Сектара геранталогіі для вырашэння навук.-практычных задач у сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС (1986). Лабараторыі (1998): біяхіміі, фізіялогіі, эндакрыналогіі, марфалогіі і цытагенетыкі, радыебіялогіі раслін, радыехіміі глебы, радыеэкалогіі водных сістэм, радыеэкалогіі паветр. асяроддзя, маніторынгу; групы радыеметрыі і дазіметрыі, таксікалогіі, навук. суправаджэння Дзяржпраграмы па ЧАЭС. Аспірантура (з 1987).
Асн. кірункі даследаванняў: высвятленне механізма дзеяння малых доз знешняга і ўнутр. апрамянення і радыяцыйна-экалагічнага становішча на гарманальную рэгуляцыю, абменныя працэсы, функцыю асн. сістэм арганізма, структурныя змены ў органах і тканках, генетычныя пашкоджанні; вывучэнне размеркавання, хуткасці назапашвання і вывядзення радыенуклідаў з арганізма, распрацоўка спосабаў накіраванага ўздзеяння на гэтыя працэсы; пошук рэчываў і злучэнняў з радыепратэктарным уздзеяннем; даследаванне паводзін, форм знаходжання і міграцыі радыенуклідаў у розных экасістэмах і іх кампанентах — глебе, вадзе, паветры, раслінных і жывёльных арганізмах. Вынікі даследаванняў: праведзена ацэнка радыяцыйна-экалагічнай абстаноўкі на Беларусі і яе ўплыву на жыццядзейнасць арганізма; распрацаваны пытанні фарміравання дозавых нагрузак, ацэнкі біял. эфектаў і рызыкі; створана сістэма маніторынгу радыяцыйнага становішча ў рэспубліцы; вывучаны механізмы дзеяння на арганізм малых доз радыяцыі, выдадзены рэкамендацыі па ахове чалавека, расліннага і жывёльнага свету, а таксама ўсяго навакольнага асяроддзя ад уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў. У Ін-це працуюць акад.Нац.АН Беларусі Я.Ф.Канапля (дырэктар з 1988), чл.-кар. Л.М.Лабанок, 5 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІ́ЧНАЯ НЯМЕ́ЦКАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,
этап развіцця філасофіі (канец 18—1-я пал. 19 ст.), прадстаўлены вучэннямі І.Канта, І.Г.Фіхтэ, Ф.В.Шэлінга, Г.В.Ф.Гегеля (ідэаліст. кірунак) і Л.А.Феербаха (матэрыяліст. кірунак). Сфарміравалася ва ўмовах разбурэння феад. адносін у Германіі. Асн. яе тэарэт. вытокамі былі рацыяналізм Р.Дэкарта і Б.Спінозы, філасофія англ. і франц. Асветніцтва 17—18 ст., прыродазнаўства канца 18 — пач. 19 ст., англ. палітэканомія. Гал. дасягненні К.н.ф. ў сферы тэорыі пазнання. Напр., Кант адзначаў супярэчлівы характар пазнання, лічыў, што чалавеку даступны толькі свет з’яў, які не мае нічога агульнага з «рэчамі ў сабе» (гл.Агнастыцызм). Фіхтэ ў межах пабудаванай ім сістэмы суб’ектыўнага ідэалізму імкнуўся раскрыць дыялектыку суб’екта і аб’екта, свядомага і несвядомага, ролю практыкі ў пазнанні, адзінства тэарэт. і практычнага, асобаснага і грамадскага (эмпірычнага і абсалютнага Я). Пераход да аб’ектыўнага ідэалізму (гл.Ідэалізм) быў зроблены ў філасофіі Шэлінга, які зыходзіў з прызнання абсалютнай тоеснасці суб’екта і аб’екта, рэальнага і ідэальнага, што прывяло яго да ірацыяналізму і містыкі. Гегель развіў вучэнне Шэлінга, вылучыў ідэі аб тоеснасці законаў прыроды, грамадства і мыслення, залежнасці дзейнасці чалавека ад развіцця ўсёй гісторыі чалавецтва. Ідэаліст. дыялектыку Гегеля з пазіцый матэрыялізму крытыкаваў Феербах, які разглядаў чалавека як вышэйшае тварэнне прыроды, як істоту, неаддзельную ад яе, а мысленне — як чалавечую ўласцівасць, непарыўна звязаную з пачуццёвым адлюстраваннем знешняга, матэрыяльнага свету, з эмацыянальным жыццём чалавека (гл.Антрапалагізм). К.н.ф. з’явілася адным з асн.тэарэт. вытокаў філасофіі марксізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЛЯ́ЎСКІ (Анатоль Аляксандравіч) (6.3.1923, Масква — 7.1.1995),
бел. рэжысёр т-ра лялек. Нар.арт. Беларусі (1979). Скончыў Ташкенцкі тэатр.-маст.ін-т (1952). У 1956—86 гал. рэжысёр Дзярж.т-ра лялек Беларусі, з 1975 адначасова выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Пастаноўкам яго ўласцівы жанравая разнастайнасць, беражлівыя адносіны да аўтарскай канцэпцыі і маст. своеасаблівасці твора, дэталёвая распрацоўка ўнутр. лініі персанажа ў спалучэнні з дакладнасцю і выразнасцю знешняга малюнка ролі. Сярод лепшых пастановак па творах бел. аўтараў «Дзед і Жораў» В.Вольскага (1957), «Сярэбраная табакерка» паводле З.Бядулі (1961), «Марынка-крапіўніца» А.Вольскага і П.Макаля (1962), «Ліпавічкі» паводле У.Галубка (1969), «Скажы сваё імя, салдат» А.Вярцінскага, «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа (1982). 3 інш. пастановак «Чароўная лямпа Аладзіна» Н.Гернет (1956), «Кот у ботах» Г.Уладычынай (1959), «Канёк-Гарбунок» паводле П.Яршова (1960), «Доктар Айбаліт» паводле К.Чукоўскага (1966), «Зорны хлопчык» паводле О.Уайльда (1978), «Казка пра цара Салтана» паводле А.Пушкіна (1984). Спектаклі для дарослых: «Чортаў млын» Я.Дрды, «Цудоўная Галатэя» Б.Гадар і С.Дарваша (абодва 1968), «Боская камедыя» І.Штока (1971), «Клоп» У.Маякоўскага (1975), «Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я.Гашака (1981), «Хачу быць богам, або Спакушэнне Гефеста» (1983), «Жаваранак» Ж.Ануя (1984). Аўтар кніг «Лялечны тэатр у школе» (1967), «Тэатр лялек» (1974).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
індыка́тар
(лац. indicator = паказальнік)
1) прыбор для вымярэння фізічных велічынь (ціску, нагрузкі і інш.), а таксама для адлюстравання ходу працэсаў або стану аб’екта назірання;
2) рэчыва, якое ўводзіцца ў раствор для выяўлення хімічнага працэсу, што адбываецца ў растворы;
3) рэчыва, якое вызначае ступень забруджвання знешняга асяроддзя антрапагеннымі таксікантамі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГІРАСКО́П (ад гіра... + ...скоп),
сіметрычнае цвёрдае цела, якое хутка верціцца і вось вярчэння якога можа мяняць свой напрамак у прасторы. Уласцівасці гіраскопа маюць нябесныя целы, артыл. снарады, ротары турбін, вінты самалётаў, колы веласіпедаў і матацыклаў і інш. целы, якія верцяцца. Найпрасцейшы гіраскоп — дзіцячая цацка ваўчок.
Свабодны паварот восі гіраскопа ў прасторы забяспечваецца замацаваннем яго ў кольцах т.зв. карданавага падвесу, у якім восі ўнутр. і знешняга кольцаў і вось гіраскопа перасякаюцца ў адным пункце (у цэнтры падвесу). Такі гіраскоп мае 3 ступені свабоды. Калі цэнтр цяжару гіраскопа супадае з цэнтрам падвесу, гіраскоп наз. ўраўнаважаным ці свабодным, калі не — цяжкім. Вось ураўнаважанага гіраскопа ўстойліва трымае нязменны напрамак у прасторы. Пад уздзеяннем прыкладзенай да гіраскопа пары сіл яго вось прэцэсіруе (гл.Прэцэсія) і адначасова робіць нутацыйныя ваганні (гл.Нутацыя). Гіраскоп з 3 ступенямі свабоды выкарыстоўваецца пры канструяванні гіраскапічных прылад для аўтам. кіравання рухам самалётаў (гл.Аўтапілот), ракет, марскіх суднаў, тарпед і інш. Гіраскоп з 2 ступенямі свабоды выкарыстоўваецца як паказальнікі павароту, розныя віды стабілізатараў (напр., гіраскапічны заспакойвальнік — гірарама). Камбінацыя 3 гірарам з узаемна перпендыкулярнымі восямі можа служыць для прасторавай стабілізацыі рухомага аб’екта, напр., штучнага спадарожніка Зямлі. Гл. таксама Квантавы гіраскоп.
Літ.:
Булгаков Б.В. Прикладная теория гироскопов. 3 изд. М., 1976;
Новиков Л.З., Шаталов М.Ю. Механика динамически настраиваемых гироскопов. М., 1985;
Гироскопические системы. Т. 1—3. 2 изд. М., 1986—88.
А.І.Болсун.
Гіраскоп у карданавым падвесе: AA′, BB′, CC′ — восі вярчэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАЎ (сапр.Сарокін) Глеб Паўлавіч
(11.5.1899, г. Вазнясенск, Украіна — 3.3.1967),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1940), нар.арт.СССР (1948). Вучыўся ў Адэскім політэхн. ін-це (1917—18). Сцэн. дзейнасць пачаў у аматарскіх спектаклях, якія наладжваў яго бацька П.Сарокін. З 1926 у Бел. т-ры імя Я.Купалы (маст. кіраўнік у 1941—47; у 1943 узначальваў тэатр. франтавую брыгаду). Выдатны майстар камедыі. Майстэрства пераўвасаблення, яркасць знешняга малюнка, пластычная выразнасць, глыбокае пранікненне ў сутнасць характару чалавека, арганічнасць паводзін, імправізацыйны дар вызначалі яго мастацтва. Найб. ярка акцёрскі талент Глебава выявіўся ў нац. драматургіі: Няміра («Бацькаўшчына» К.Чорнага), Харкевіч («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Пустарэвіч («Паўлінка» Я.Купалы; і ў кіно), Туляга («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, Дзярж. прэмія СССР 1941; і ў кіно), Кропля («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, Дзярж. прэмія СССР 1948; і ў кіно), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Глушак («Людзі на балоце» паводле І.Мележа) і інш. Сярод лепшых роляў у класічным рэпертуары: Маргарытаў («Позняе каханне» А.Астроўскага), Гарпагон («Скупы» Мальера), Мендоза («Дзень цудоўных падманаў» Р.Шэрыдана). Здымаўся ў кіно: «Несцерка», «Нашы суседзі», «Палеская легенда», «Першыя выпрабаванні», «Усходні калідор» і інш.Вял. папулярнасць набыў як чытальнік на радыё, асабліва казак і баек для дзяцей.
Літ.:
Сабалеўскі А.В. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага бел. камедыйнага акцёра. Мн., 1994.
А.В.Сабалеўскі.
Г.П.Глебаў. Мастак І.Ахрэмчык. 1943.Г.П.Глебаў у ролі пана Антонія (справа) у кінафільме «Палеская легенда».Г.П.Глебаў у ролі Пустарэвіча.