1) адкрытая печ для плаўкі, пераплаўкі і награвання металаў. Адрозніваюць горны сырадутныя, тыгельныя, крычныя, кавальскія, а таксама для выплаўкі свінцу з рудных канцэнтратаў.
Сырадутныя горны вядомы з 2-га тыс. да н.э. (Сірыя), на тэр. Беларусі — з 1-га тыс. да н.э. Ужываліся для вырабу жалеза з балотнай руды. Гэта былі глінабітныя збудаванні шахтавага тыпу (домніцы) або каменныя печы, у якіх скуранымі мяхамі напампоўвалася непадагрэтае («сырое») паветра (адсюль назва). Палівам служыў драўняны вугаль, флюсам — вапна. Награваннем руда даводзілася да цестападобнага стану, утваралася запечаная порыстая маса з шлакавымі і інш. ўключэннямі (крыца), з якой кавалі (а не адлівалі) прылады працы, прадметы ўжытку, зброю і г.д.Тыгельныя горны — печы для плаўкі, варкі або награвання металаў, шкла і інш. у пасудзінах з тугаплаўкіх або вогнетрывалых матэрыялаў (тыглях). Вядомы з часоў бронзавага веку (у краінах Стараж. Усходу), пашырыліся ў Еўропе ў 18 ст. (у пач. 20 ст. заменены электраплавільнымі печамі). На тэр. Беларусі выкарыстоўваліся з 7—6 ст. да н.э. для выплаўкі бронзы, волава і інш. Уяўлялі сабой гліняныя пасудзіны, звужаныя ў бок донца і расшыраныя ў верхняй частцы. Крычныя горны прызначаліся для перапрацоўкі чыгуну ў крыцу. З’явіліся ў 14 ст. адначасова з развіццём вытв-сці чыгуну, існавалі да пач. 19 ст.Кавальскія горны служылі для нагрэву металаў перад каваннем, загартоўкай, кавальскай зваркай (гл.Кавальства). Прамавугольны ў плане апечак рабілі з дрэва, муравалі з камянёў ці цэглы і запаўнялі глінай. Часам над ім мацавалі бляшаны або драўляны каптур для выхаду дыму. Інтэнсіўнасць гарэння (драўнянага вугалю, коксу) забяспечвалася прадзіманнем паветра мяхамі з нажным, ручным, пазней механічным (вадзяным і інш.) прыводам. Партатыўны кавальскі горан — метал. столік з агнішчам і вентылятарам. Горан у сучасным значэнні — прамысл. печ са сталі, выкладзеная знутры цэглай, з адтулінамі (фурмамі) у бакавых сценках для падачы паветра. Прадукты згарання выдаляюцца праз адкрыты верх або выцяжную трубу. Паліва — драўняны вугаль, кокс, нафта, газ. 2) Ніжняя частка шахтавых печаў (ватэржакетнай печы, вагранкі, доменнай печы), дзе адбываецца гарэнне паліва, плавіцца і назапашваецца перад выпускам метал. 3) Печ для абпальвання ганчарных вырабаў (гл.Ганчарны горан).
4) Вогнішча на плыце для прыгатавання ежы. Насціл на бярвёнах або скрынку (клетку) рабілі з дошак і засыпалі пяском, на якім распальвалі вогнішча. Часам пясок насыпалі на дзёран, укладзены травой уніз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТЭВІДЭ́О (Montevideo),
горад, сталіца Уругвая, на левым беразе эстуарыя Ла-Плата. Адм. ц. дэпартамента Мантэвідэо. Засн. ў 1726 іспанцамі. 1,3 млн.ж. (1997). Гал. порт краіны ў заліве Ла-Плата. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Караска. Прам-сць: нафтаперапр., металаапр., эл.-тэхн., эм., хім., харч. (мясахаладабойная, кансервавая, мукамольная), гарбарна-абутковая, тэкст., паліграфічная. Кліматычны марскі курорт.
Да порта М. прымыкае Стары горад, пабудаваны паводле рэгулярнага плана 1724 (арх. П.Мільян, Д.Петрарка). У ім размешчана гал.пл. Канстытуцыі з саборам (1790—1804, арх. К. дэ Са-і-Фарыя, Х. дэль Поса-і-Маркі; рысы класіцызму і барока; фасад 1859—61, арх. Б.Панчыні; 1941, арх. Р.Руана) і старой ратушай (1804—08. арх. Т.Тарыб’ё; класіцызм; завершана ў 1867—69), дамы калан. перыяду з унутр. дварамі. На З ад порта — прамысл. і рабочы раён Вілья-дэль-Сера (18—19 ст.) з прамавугольнай сеткай вуліц, абмежаваных з боку заліва ўзгоркам з крэпасцю (1801—09, інж. дэль Поса-і-Маркі). Паўн.-ўсх. ўзбярэжжа заліва забудавана фешэнебельнымі дамамі, курортнымі будынкамі і атэлямі. На Пн — жылыя раёны (Уньян і інш.) Новы горад склаўся ў 19—20 ст., мае свабодную планіроўку. Найб. значныя збудаванні: т-р «Саліс» (1841—74, арх. К.Цукі, Ф.Х.Гармендыя, В.Рабю; класіцызм), будынак парламента (1908—20, арх. Я.Васкес Варэла, А.Бачыні. Г.Марэці; эклектыка), палац Сальва (1923—28, арх. М.А.Горы), у сучасных стылях — новая ратуша (1930), «Рамбла-атэль» (1931, абодва арх. М.Кравота), інж.-геад.ф-тРэсп. ун-та (1937—38, арх. Х.Віламахо), комплекс Рамбла-і-Гуаякі (1952) і будынак «Панамерыкана» ў Бусеа (1957, абодва арх. Р.Січэра Бурэ), мікрараён Касавалье (1960, арх. А.Р.Страта). Манументы: калона «Свабода» (1865—67, арх. І.Гапрагоры, скульпт. Дж.Ліві), «Праметэй прыкаваны» (1893, Х.М.Ферары), 2 помнікі Х.Х.Артыгасу (1913—23. італьян.скульпт. А.Дзанелі; 1957, арх. Х.Л.Сарылья дэ Сан-Марцін), каланістам-перасяленцам «Фургон» (1929—34) і «Дыліжанс» (1953, абодва арх. Х.Бельёні) і інш. У М. ун-ты, Нац. акадэмія. Ін-т геаграфіі і гісторыі. Нац.б-ка. Нац. кансерваторыя (з 1849), Ін-т Вердзі (з 1890), Муз. акадэмія Ф.Ліста. Музеі: Нац. пластычных мастацтваў, гістарычны, муніцыпальны прыгожых мастацтваў. Т-ры «Вікторыя», «Саліс» і інш.
Т.Р.Мартыненка (архітэктура).
Палац Сальва (злева) на плошчы Незалежнасці ў Мантэвідэо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Бара́н1 ’баран’. Рус.бара́н (ст. таксама бора́н), укр.бара́н, польск.baran, чэш.beran (дыял.baran), славац.baran, в.-луж.boran, н.-луж.baran. Прасл. форма няясная (*boranъ, *beranъ, *baranъ?). Старое еўрапейскае слова цёмнага паходжання. Звычайна лічыцца альпійскім словам, звязаным з выклічнікам ber‑. Гл. Бернекер, 43; Мейе, RS, 2, 69–70; Фасмер, RS, 3, 256; гл. яшчэ Слаўскі, 1, 27; Махэк₂, 51. Параўн. грэч.βάριον ’авечка’, алб.berr ’тс’, італ.bero ’баран’, bera ’авечка’, франц.berri ’баран’. Параўн. і выклічнікі для падзывання (укр.бирь, рус.бар, бырбы́р; Коржынэк, LF, 58, 430; Фасмер, 1, 123–124). Няпэўна Машынскі, JP, 33, 365–366 (ад і.-е.*u̯er‑ ’авечка, шэрсць’; сюды параўн. і Трубачоў, Происх., 74–75). Таксама няпэўная версія пра запазычанне з цюрк. (тат.) bärän (Міклашыч, Türk. El. Nachtr., 2, 83; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 18–19). Брукнер (15) думаў пра сувязь з *borvъ ’вяпрук і г. д.’ (гэту версію падтрымлівае Шанскі, 1, Б, 39). Няпэўна таксама Трубачоў, Происх., 73–76, які, зыходзячы з словаўтваральнай няяснасці слова і адсутнасці яго ў паўд.-слав. мовах, думае пра запазычанне з цюрк.*baran ’той, які ідзе’. Гл. яшчэ Губшмід, Этимология, 1967, 245–246.
Бара́н2баранок (Інстр. II), бара́нчык, баранэ́ць ’птушка бакас’ (КЭС, Лысенка, ССП). Параўн. рус.бара́шек, укр.баране́ць, баранчик, бара́нок (апошняе з польск.baranek ’тс’), польск.baranek ’бакас’. Гл. Фасмер, 1, 125. Параўн. яго назвы ў іншых мовах: франц.chevrelle, chèvre céleste, ням.Нimmelsgeiß, Himmelsziege.
Бара́н3 ’вялікая рыбацкая лодка’ (палес., Маслен.). Бясспрэчна, да бара́н1. Вельмі вялікія прадметы, прылады часта носяць назву бара́н (параўн. Ісерлін, РЯШ, 1940, 4, 20–23).
Бара́н4 ’прылада для сушкі сена’ (Влад.). Да бара́н1. Розныя драўляныя збудаванні, прылады, асабліва вялікія, часта называюць імёнамі жывёлін: часцей бара́н (так і ў іншых слав. мовах). Параўн. яшчэ казёл (у розных значэннях). Адносна ўжывання слова бара́н як тэхнічнага тэрміна (рычаг, брус і г. д.’, падрабязна гл. Ісерлін, РЯШ, 1940, 4, 20–23. Параўн. яшчэ бара́н ’баба для забівання паляў’ (Нас.).
Бара́н5 ’рубанак з дзвюма ручкамі’ (Сцяшк. МГ, Інстр. II, Касп.), ’фуганак’ (Янк. Мат.). Рус.бара́нок, укр.баранок ’тс’. З слова руба́нок (< ням.Rauhbank) перастаноўкай гукаў спачатку атрымалася бара́нок (Фасмер, 1, 124). Гэта форма ўспрымалася як памяншальная і было створана новае слова («непамяншальная» форма) бара́н.
Бара́н6 грыб ваўнянка’ (Сцяшк. МГ). Параўн. укр.баранячка ’ваўнянка’. Мабыць, па знешняму падабенству ад бара́н1 (шапка грыба пакрыта валаскамі). Параўн. і франц. назву ваўнянкі — mouton‑zoné (да mouton ’баран’). Да матывацыі гл. яшчэ Мяркулава, Очерки, 172–173.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ГЕ́НУЯ (Genova),
горад у Паўн. Італіі. Адм. ц. вобласці Лігурыя і прав. Генуя. 659,8 тыс.ж., разам з прыгарадамі (Вял.Г.) больш за 1 млн.ж. (1993). Порт на беразе Лігурыйскага м. (грузаабарот каля 50 млн.т штогод). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны гандл., прамысл. і культ. цэнтр краіны. Буйнейшыя ў Італіі суднаверфі, вытв-сць самалётаў, авіяц. і суднавых рухавікоў, турбін, катлоў, лакаматываў, трактароў, электраабсталявання; ваен.прам-сць, дакладная механіка, металургія, нафтаперапрацоўка. Развіты таксама хім., лёгкая, харч. (пераважна мукамольная, вытв-сць аліўкавага алею) прам-сць. Ун-т (з 15 ст.). Акадэмія выяўл. мастацтваў. Т-ры. Бат. сад. Штогадовая міжнар. Марская выстаўка. Турызм. Радзіма Х.Калумба. Міжнар. конкурсы скрыпачоў імя Паганіні. У наваколлі Генуі па ўзбярэжжы Лігурыйскага м. — курорты Італьянскай Рыўеры (Рыўера-Лігурэ).
У старажытнасці Генуя — пасяленне лігураў. У 3 ст. да н.э заваявана рымлянамі, важны гандл. порт Рымскай рэспублікі. У раннім сярэдневякоўі прыйшла ў заняпад. З 641 цэнтр герцагства, з 9 ст. — маркграфства. У 10—11 ст. магутная марская дзяржава. У 12 ст. Генуя — камуна на чале з калегіяй консулаў, з 1211 яе ўзначальваў падэста, з 1257 — капітан народа, з 1339 — дож. У 13—14 ст. атрымала выхад у Эгейскае і Чорнае моры і засн. свае калоніі ў Сірыі, Палесціне, Крыме, на Каўказе. З 1396 неаднаразова трапляла пад уладу Францыі і Мілана. У 1528 адноўлена рэспубліка Генуя, якая залежала ад Іспаніі. У 15—16 ст. Генуя — цэнтр банкаўскай справы. У 1797—1805 у складзе Лігурыйскай рэспублікі, з 1815 — Сардзінскага каралеўства. З 2-й пал. 19 ст. адзін з цэнтраў рабочага руху, у 2-ю сусв. вайну — Руху Супраціўлення.
Горад маляўніча размешчаны ў выглядзе амфітэатра на схілах вакол бухты. Найб.стараж. помнікі архітэктуры — цэрквы Санта-Марыя ды Кастэла (11 ст.), Сан-Матэа (1125—1278) і сабор Сан-Ларэнца (11—16 ст.). Найб. цікавыя збудаванні — палацы і вілы 16—17 ст. (Палацца Пародзі, 1567, вілы Камб’яза, 1548, і Палавічына дэле Песк’ерэ, 1560—72, арх. Г.Алесі; Палацца Мунічыпале, або Дорыя-Турсі, 1564, арх. Р.Лурага; Палацца Дурацца-Палавічыні, 1618, і Палацца дэль Універсіта, 1634—36, арх. Б.Б’янка) з фантанамі, арачнымі галерэямі двароў, сходамі і тэраснымі паркамі, у кампазіцыі якіх эфектна выкарыстаны рэльеф мясцовасці. У цеснату старых кварталаў упісваюцца новыя будынкі і комплексы (тэр.Міжнар. выстаўкі, вышынны будынак Італьян.тэлеф. кампаніі). Раёны масавага жылога буд-ва пераважна па-за межамі горада. Музеі: Гар. музей лігурыйскай археалогіі (засн. ў 1892), Музей Лігурыйскай акадэміі прыгожых мастацтваў, падземны музей-скарбніца сабора Сан-Ларэнца (1956, арх. Ф.Альбіні), музей Н.Паганіні, галерэі Палацца Роса, Палацца Б’янка, Палацца Рэале, Нац. галерэя, Палацца Спінола.
Да арт.Генуя. Фасад царквы Сан-Матэа.Панарама Генуі. Гравюра 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗБОР ПАСТАНО́Ў УРА́ДА РЭСПУБЛІ́КІ БЕЛАРУ́СЬ»,
гл. ў арт.«Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў урада Рэспублікі Беларусь».
«ЗБОР ПО́МНІКАЎ ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ БЕЛАРУ́СІ»,
шматтомнае даведачнае выданне. Выдадзены ў 1984—88 у Мінску на бел. мове ў 7 т. (8 кнігах) як частка ўсесаюзнага шматтомнага выдання «Свод памятников истории и культуры народов СССР». Падрыхтаваны сектарам Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, Аддзелам археалогіі Ін-та гісторыі АН Беларусі і выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі. Уключае артыкулы (больш за 14 тыс.) пра нерухомыя помнікі (гісторыі, археалогіі, архітэктуры, манум. і манум.-дэкар. мастацтва), якія ўцалелі з часоў старажытнасці да сярэдзіны 19 ст., найб. характэрныя для 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., даваеннага сав. перыяду (1917—41), найлепшыя арх.збудаванні пасляваен. часу (1950—80-я г.) і знаходзяцца ці павінны знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Кожны з тамоў прысвечаны пэўнай вобласці, том, прысвечаны Мінскай вобласці, у дзвюх кнігах, асобны том складаюць помнікі горада Мінска. Матэрыялы ў тамах размешчаны па раёнах (у алфавітным парадку іх назваў); кожны том мае імянны, геагр. і храналагічны паказальнікі. Як самаст. тэрытарыяльная адзінка вылучаецца абл. цэнтр, звесткі пра які змешчаны ў пачатку тома. Унутры раёна першымі размяшчаюцца матэрыялы пра адм. цэнтр, а потым пра помнікі інш. населеных пунктаў (у алфавітным парадку). Артыкулы пра помнікі аднаго населенага пункта падаюцца ў алфавітным парадку іх назваў. Усяго ў выданні 457,6 улікова-выдавецкіх аркушаў, 131 карта, 6817 ілюстрацый, з іх 1420 каляровых. Дзярж. прэмія БССР 1990. У 1990 на рус. мове выдадзены дапоўнены і дапрацаваны том «Збору...» па Брэсцкай вобл.
С.П.Самуэль.
«ЗБОР СТАРАЖЫ́ТНЫХ ГРА́МАТ І А́КТАЎ ГАРАДО́Ў: ВІ́ЛЬНІ, КО́ЎНА, ТРОК»
(«Собрание древних грамот и актов городов: Вильны, Ковна, Трок...»),
зборнік дакументаў 14—18 ст., выдадзены ў Вільні ў 1843. Складаецца з 2 частак, у 1-й змешчаны прывілеі Вільні, у 2-й — акты, што тычацца манастыроў, цэркваў і брацтваў. Матэрыялы адабраны з архіваў Гал. літоўскага трыбунала, цэркваў і манастыроў Вільні і Трок, скарыстаны архівы Віленскай і Ковенскай дум, Трокскай ратушы, павятовых судоў Браслаўскага і Расіенскага пав. У прадмове да зборніка сфармуляваны погляды на развіццё дачыненняў усх.слав. народаў з літоўцамі.
«ЗБОР СТАРАЖЫ́ТНЫХ ГРА́МАТ І А́КТАЎ ГАРАДО́Ў МІ́НСКАЙ ГУБЕ́РНІ»
(«Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии...»),
зборнік дакументаў пач. 16 ст. — 1748, выдадзены ў 1848 у Мінску. Змяшчае дакументы пераважна з архіваў мінскіх манастыроў, а таксама з Бабруйска, Навагрудка, Пінска, Рэчыцы і Слуцка. Матэрыялы асвятляюць у асн. гісторыю правасл. царквы, некаторыя з іх і сац.-эканам. пытанні. Дакументы надрукаваны па арыгіналах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́МНЫЯ ВО́ДЫ,
воды ў тоўшчы горных парод верхняй часткі зямной кары ў вадкім, цвёрдым і парападобным стане; частка водных рэсурсаў, карысныя выкапні. Фарміруюцца пры інфільтрацыі з зямной паверхні дажджавых, расталых, рачных, азёрных і марскіх вод, кандэнсацыі вадзяной пары ў порах або шчылінах парод, пры асадкаўтварэнні або крышталізацыі магмы. П.в., якія перамяшчаюцца пад уплывам сілы цяжару, наз. гравітацыйнымі або свабоднымі, у адрозненне ад звязаных вод, што ўтрымліваюцца малекулярнымі і інш. сіламі на часцінках горных парод. Слаі горных парод, насычаныя гравітацыйнымі водамі, утвараюць ваданосныя гарызонты. У першым ад паверхні зямлі безнапорным ваданосным гарызонце залягаюць грунтавыя воды. Непасрэдна над іх свабоднай паверхняй знаходзяцца капілярныя воды. Зона ад паверхні зямлі да люстэрка грунтавых вод, дзе адбываецца прасочванне вады з паверхні, наз. зонай аэрацыі. У зоне аэрацыі над нявытрыманымі слабапранікальнымі праслойкамі ўтвараецца верхаводка. Ніжэй за грунтавыя воды паміж слабапранікальнымі пародамі залягаюць пластавыя воды, якія знаходзяцца пад гідрастатычным ціскам (гл.Артэзіянскія воды), радзей, на асобных участках безнапорныя. Паводле ступені мінералізацыі П.в. падзяляюцца на прэсныя (да 1 г/л), саланаватыя (ад 1 да 10 г/л), салёныя (ад 10 да 35 г/л) і расолы (больш за 35 г/л). У вертыкальным разрэзе прэсныя гідракарбанатна-кальцыевыя воды змяняюцца мінералізаванымі сульфатна-натрыевымі або сульфатна-кальцыевымі, у глыбокіх гарызонтах — высокамінералізаванымі хларыдна-натрыевымі і хларыдна-кальцыевымі, а на вял. глыбіні са значнай колькасцю брому, ёду і інш. мікраэлементаў. П.в. з павышанай канцэнтрацыяй біялагічна актыўных кампанентаў (часам арган. рэчываў) і спецыфічнымі фіз.-хім. ўласцівасцямі (хім. састаў, т-ра, радыеактыўнасць і інш.) наз.мінеральнымі водамі. П.в. шырока выкарыстоўваюцца для розных мэт, з’яўляюцца крыніцай якаснай пітной вады. Агульныя запасы П.в. сушы складаюць 60 млн.км³, але пашыраны яны нераўнамерна. Парадак карыстання П.в. і іх ахова рэгулююцца водным заканадаўствам. Даследуе П.в. гідрагеалогія.
На тэр. Беларусі прэсныя П.в. прымеркаваны да верхняй ч. літасферы (да глыб. 150—450 м). Натуральныя рэсурсы П.в. складаюць 43,5 млн.м³, эксплуатацыйныя каля 50 млн.м³/сут, у т. л. зацверджаныя 6,4 млн.м³/сут (1997). Хім, састаў іх на большай ч.тэр. блізкі да фонавага. Вызначанае пагаршэнне якасці П.в. звязана з гасп. дзейнасцю. Гал. крыніцы забруджвання: населеныя пункты, жывёлагадоўчыя фермы, неэфектыўныя ачышчальныя збудаванні і інш. Назіранні за рэжымам П.в. вядуцца на 216 пастах, іх вынікі аналізуюцца і сістэматызуюцца ў водным кадастры.
Літ.:
Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 1996 г.). Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
майда́н
1. Абгароджанае або неабгароджанае месца для жывёлы ў полі або ў лесе, каля дома (Брэсц. ДАБМ, к. 232).
2. Месца, дзе знаходзіліся прамысловыя збудаванні лясных або рыбных промыслаў (Стол.), дзе выганялі дзёгаць і выпальвалі кавальскі вугаль (Бых.Рам. 1912, 3, Краснап.Бяльк., Слаўг.); яма, дзе гналі смалу (Мін.губ.Зял. 1864, 119). Тое ж майда́нак (раён Белавежскай пушчы, Гродз.).
3. Шырокая прастора; вялікая гала (Стол.).
4. Незабудаванае месца ў населеных пунктах, дзе збіраецца народ, дзе адбываецца гандаль; зборны пункт; узвышанае месца, узгорак (Пінскі пав.Булг. 196).
5. Вялікі абшар ворнай зямлі (Нясв.).
6. Зарослы хмызняком роў (Міласл.Бяльк.).
7. Вялікі двор у маёнтку (Ваўк.Сцяшк.).
□в. Майда́н Бых. (Рам. 1912, 3), ур. Майдан (лес) каля в. Беражцы Жытк., ур. Майдан (поле на месцы асушанага балота) каля в. Чарнякоўка Слаўг.
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
ДРАЎЛЯ́НАЕ ДО́ЙЛІДСТВА,
від архітэктуры, якому ўласцівы адзінства буд. матэрыялу (дрэва) і спецыфічных канструкцый; мастацтва ствараць будынкі з дрэва, арганічна спалучаючы вырашэнне функцыянальных, канструкцыйных і маст. задач.
Дрэва — канструкцыйны і аддзелачны матэрыял. Шырока ўжываецца ў буд-ве з-за лёгкасці апрацоўкі, дастатковай мех. трываласці, малой аб’ёмнай вагі, магчымасці ствараць эстэт. выразнасць яго структурнасці, фактуры, колеру. Выкарыстоўваюць розныя драўляныя элементы: бярвенне, брусы, дылі, гонту і інш.Маст. выразнасць у Д.д. дасягаецца спалучэннем і адначасова супрацьпастаўленнем простых геам. форм (у аснове якіх адзіны модуль, роўны даўжыні бервяна ці адзінцы вымярэння), а таксама разьбой. Д.д. — адметная з’ява ў матэр. і маст. культуры многіх народаў. Адзіныя буд. прыёмы вызначаюць архітэктуру практычна ўсіх тыпаў будынкаў (жылых, гаспадарчых, абарончых, грамадскіх, прамысловых і інш.) пры багацці і разнастайнасці агульных вырашэнняў, якія ўлічваюць сац.-эканам., прыродна-кліматычныя ўмовы. З-за параўнальнай недаўгавечнасці драўніны і пажараў не захавалася драўляных збудаванняў стараж. часоў, хоць археал. даследаванні даюць звесткі аб палевых пабудовах эпохі палеаліту, неаліту, бронзавага веку. Найбольш стараж. помнікі Д.д., якія захаваліся, — каркасныя канструкцыі, што складаюцца са стоек, бэлек, раскосаў і агараджальных элементаў храмы ў Кітаі і Японіі (9 ст.), Нарвегіі (12 ст.). Каркасныя канструкцыі, у параўнанні са зрубнымі (гл.Вянковая канструкцыя), даюць магчымасць ствараць больш вольныя кампазіцыі, што фарміруюцца рытмічнымі радамі калон, бэлек, рыгеляў. Каркасная сістэма шырока выкарыстоўваецца ў Акіяніі, Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Паўд.-Усх. Азіі. Зрубныя канструкцыі атрымалі пашырэнне ў Еўропе і Канадзе.
На Беларусі драўляныя пабудовы вядомы з эпохі палеаліту. Укапаныя ў зямлю слупы і сохі стваралі аснову сцен і падтрымлівалі дах. З часам з гэтых канструкцый развіліся каркасныя. Як іх варыянт у 16—18 ст. выкарыстоўвалі фахферк («прускі мур»). Прыкладна з 3 ст. атрымліваюць развіццё зрубныя канструкцыі з бярвён (звычайна ў сялянскім буд-ве) ці брусоў (у гар. і манум.). Больш дасканалыя і зручныя, яны сталі найб. пашыранымі. Змены ў сял. буд-ве ішлі павольна, а на манум. Д.д. (пачынаючы з 17 ст.) значна ўплывалі маст. стылі мураванай архітэктуры. Вызначыліся 2 асн. тэндэнцыі развіцця: кансерватыўная, звязаная з мясц. традыцыямі (гл.Народнае дойлідства) і наватарская, арыентаваная на ўкараненне эстэт. канцэпцый стыляў барока, класіцызму з выкарыстаннем форм і прыёмаў, уласцівых мураванай архітэктуры (аркі, скляпенні, карнізы, пілястры, руст, шалёўка і інш.). Асн. тыпы жылых дамоў — 1-, 2-, 3-камерныя і больш складанай планіроўкі, якія будавалі асобна ці разам з інш. пабудовамі ў складзе сядзіб-комплексаў (Паазер’е), сядзіб вянковага (Падняпроўе, Паазер’е, Усх. Палессе) ці пагоннага (Зах. Палессе, Панямонне, цэнтр. Беларусь) тыпаў. У гарадах і мястэчках будавалі дамы з галерэямі на гал. фасадзе (падчэнню) і 2-павярховыя жылыя дамы. Асаблівасці гасп. пабудоў (свіран, лямус, адрына, гумно, хлеў, склеп і інш.) залежалі ад іх прызначэння і заможнасці гаспадаркі. Вытворчыя збудаванні (вятрак, вадзяны млын) характарызуюцца аб’яднаннем у адно цэлае механізма з драўлянымі канструкцыямі будынка. У сярэдневякоўі былі пашыраны драўляныя абарончыя збудаванні гарадоў (Віцебск, Полацк і інш.) і феад. замкаў (Радашковічы, Кобрын, Нясвіж і інш.). З дрэва будавалі ўсе тыпы грамадскіх будынкаў: ратушы (Шарашова, Віцебск, Драгічын), манежы (Клецк), свірны-«магазыны» (Тураў, Любча), тэатры (Слуцк, Нясвіж), гандлёвыя рады (Давыд-Гарадок, Карэлічы), крамы, корчмы, шпіталі, школы і інш. Драўлянымі былі будынкі першых мануфактур (Налібакі, Урэчча, Слуцк).
Драўляныя цэрквы 17—19 ст. падзяляліся на храмы восевай кампазіцыі, у якіх 1, 2, 3 ці больш зрубаў размешчаны па адной падоўжнай восі (Здзітаўская Мікітаўская царква ў Жабінкаўскім р-не, Слуцкая Міхайлаўская царква, Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква ў Столінскім р-не), і крыжовай, у якіх 4 або 5 зрубаў пастаўлены па 2 узаемна перпендыкулярных восях (Ельская Троіцкая царква, Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква ў Лунінецкім р-не, Порплішчанская Спаса-Праабражэнская царква ў Докшыцкім р-не). Зрубы завяршаліся вальмавымі ці 2-схільнымі дахамі, шатрамі, шмат’яруснымі вярхамі, купаламі. Сярод касцёлаў 17—19 ст. вылучаюцца 1- і 3-нефавыя (Дудаўскі касцёл Марыі ў Іўеўскім р-не, Гудагайскі касцёл Маці Божай у Астравецкім р-не, Адэльскі касцёл Ушэсця ў Гродзенскім р-не), з якіх найб. пашыраны былі 3-нефавыя базілікі з 2-вежавым гал. фасадам. Такая аб’ёмна-планіровачная структура ў розных варыянтах спалучалася з традыц. вырашэннямі ў архітэктуры драўляных уніяцкіх цэркваў (Сцяпанкаўская Міхайлаўская царква ў Жабінкаўскім р-не). Вядомы храмы цэнтрычнай кампазіцыі з 4-, 6- або 8-гранным планам, завершаныя шатром ці купалам. Званіцы ў выглядзе шмат’ярусных вежаў звычайна ставілі ў куце храмавага пляца або над галоўнай брамай у агароджы (г.п. Шарашова Пружанскага р-на, в. Чэрск Брэсцкага р-на, в. Лявонпаль Міёрскага р-на). Сінагогі 17—18 ст. рабілі цэнтрычнай кампазіцыі з квадратнай малітоўнай залай, завершанай складаным, часам шмат’ярусным скляпеннем (Гродна, Нароўля, в. Воўпа Ваўкавыскага р-на). У архітэктуры сінагог, як і ў драўляных мячэцях (в. Даўбучкі Смаргонскага р-на, г.п. Іўе), выкарыстоўваліся элементы мясц. грамадскай і жылой архітэктуры: алькежы, галерэі, маст. разьба.
Паляпшэнне якасці драўніны (прасаванне, антысепціраванне, выкарыстанне клею) дазваляе ствараць канструкцыйныя элементы практычна любых памераў і форм. Таму для грамадскіх і прамысл. будынкаў, асабліва з вял. (да 90 м і болей) пралётамі, з дрэва робяць аркі, рамы, абалонкі: крытыя стадыён у Фларыдзе (ЗША), каток у Грэноблі (Францыя), палац спорту ў Архангельску (Расія). На Беларусі клееныя рамы ствараюць аснову канструкцыі склада ў Салігорску, спарт. залаў у Мінску, Гомелі і інш. Дэкаратыўныя якасці драўляных элементаў істотна ўплываюць на стварэнне эфектнага вонкавага выгляду будынкаў і іх інтэр’ераў.
Помнікі бел. Д.д. прадстаўлены ў Археалагічным музеі Бярэсце і Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.
С.А.Сергачоў.
Да арт.Драўлянае дойлідства. Царква Святога Варфаламея. Сяло Кочы каля г. Хрудзім. Чэхія. 1307.Да арт.Драўлянае дойлідства. Дамы ў вёсцы Рашкопаў. Паўночна-Заходняя Чэхія. Сярэдзіна 19 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Ільінская царква ў г. Белазерск Валагодскай вобл. (Расія). 1690.Да арт.Драўлянае дойлідства. Кіжы. 18 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Касцёл у вёсцы Дуды Іўеўскага раёна Гродзенскай вобл.Да арт.Драўлянае дойлідства. Троіцкая царква ў г. Ельск Гомельскай вобл.Да арт.Драўлянае дойлідства. Касцёл у вёсцы Мяжаны Браслаўскага раёна Віцебскай вобл.Драўлянае дойлідства рускай Поўначы.Да арт.Драўлянае дойлідства. Дом-музей П.Бажова ў г. Сысерць (Расія).Драўлянае дойлідства рускай Поўначы.Да арт.Драўлянае дойлідства. Міхайлаўская царква. Закарпацкая Украіна. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Вятрак з вёскі Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Драўлянае дойлідства. Сінагога. Горад Заблудаў. Польшча. Пач. 17 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Жылы дом у г. Клімавічы Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
стро́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Прыгожа і прапарцыянальна складзены, статны. На парозе з явілася стройная жанчына год трыццаці і, як даўнім знаёмым, усміхнулася нам.Няхай.Стройны стан, загарэлыя голыя рукі і ўзбітыя сонцам жоўтыя валасы акрэслена вызначаліся ў вялікай раме расчыненых варот.Дуброўскі.А прыгожыя ж, наўздзіў!.. Стан той стройны ды крамяны, Твар прыветны ды румяны.Крапіва.// Які мае прыгожую і прапарцыянальна складзеную фігуру. [Сяргееў:] — А-а, дык вы б [Марыля] так і сказалі, бландзін, стройны.Федасеенка.Сцяпанаў быў у новеенькай гімнасцёрцы,.. у зухавата ссунутай набакір фуражцы. Падцягнуты, акуратны, стройны.Алешка./ Пра жывёлін. [Лось], лёгкі і стройны, горды і прыгожы.Кірэйчык./ Пра будынкі, збудаванні, калоны і пад. Бялеюць стройныя муры, Іскрыцца чарапіца.Астрэйка.З балкона віднеліся стройныя карпусы завода, вялізны парк.Ваданосаў./ Пра дрэвы, лес. Плячысты дуб, І рослы клён, І стройная сасна Шумяць — пяюць, Што зноў прыйшла Да нас Вясна-красна.Кірэенка.Стройныя дрэўцы роўнай алейкай збягалі кудысьці ўніз, відаць, да ракі.Шыловіч.Палянкі зноў змяняліся лесам, то стройныя баравым, то нізкім балотным.Колас.
2. Роўна, правільна размешчаны. Я заспяшаўся насустрач і неўзабаве ўбачыў стройную калону піянераў з чырвоным сцягам дружыны ўперадзе.Шыловіч.Усе, хто быў на калгасным двары, высыпалі на вуліцу і праводзілі стройную школьную калону ўсхваляванымі позіркамі.Кулакоўскі.
3. Правільна і лагічна пабудаваны; паслядоўны. Стройная тэорыя. Стройная канцэпцыя. □ Стройныя і цэльных тэарэтычных поглядаў, якія б служылі базісам для яго рэфарматарскай праграмы і асвятлялі прыватныя пытанні рэформы, у Гобсана няма.Ленін.// Які вылучаецца, вызначаецца зладжанасцю, дакладнасцю. Усе ўтрох сцішана глядзелі па стройны працэс [будаўнічых] работ.Шынклер.То мне здавалася, што гэта самае лепшае з усяго, што мною напісана: яно самае строгае, самае стройнае і душэўнае; кожнае слова ў ім не толькі стаіць на месцы, а стаіць важка, значна, нясе на сабе найбольшую пагрузку; тут поўна чалавечых хваляванняў, самых трапяткія адзнак нашага часу.Скрыган.// Зладжаны, гарманічны (пра музыку, спевы). Стройныя гукі аргана. Даносіўся стройны спеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БУДАПЕ́ШТ (Budapest),
горад, сталіца Венгрыі. У цэнтры краіны на берагах Дуная. Адм. ц. медзье Пешт. 1995,7 тыс.ж. (1993). Гіст.ч. горада — Буда (правы ўзгорысты бераг Дуная) і Пешт (левы раўнінны) злучаны 8 аўтамаб. і 2 чыг. мастамі. Трансп. вузел краіны — рачны порт, вузел 10 чыгунак і 8 шашэйных дарог. Міжнар. аэрапорт Ферыхедзь. Гал.прамысл. і культ. цэнтр краіны. Прадпрыемствы горада выпускаюць каля 1/3прамысл. прадукцыі Венгрыі, у т. л. каля 60% прадукцыі машынабудавання: вытв-сць аўтобусаў, дызельных цягнікоў, трактароў, матацыклаў, энергет. абсталявання, суднаў, гумава-тэхн. вырабаў. Развіты металургія (выплаўка каляровых металаў, пракату), хімія (мінер. ўгнаенні, кіслоты), буд. індустрыя. У прам-сці пераважаюць навукаёмістыя галіны — электроніка і электратэхніка, складанае прыладабудаванне, оптыка, тонкая хімія, мед. абсталяванне, фармацэўтычныя вырабы, тэлефонная і мікрахвалевая апаратура, тэлевізары і інш. Развіты лёгкая (тэкст., швейная, абутковая і інш.), паліграф. і харч. (мукамольная, кандытарская, мясакансервавая, піваварная, плодаагароднінная, вінаробчая і інш.) галіны. Старэйшы на еўрап. кантыненце метрапалітэн (1896).
Як горад Будапешт утвораны ў 1872 пасля аб’яднання гарадоў Пешт, Буда і Абуда (упершыню ўпамінаюцца ў 1148). На месцы Буды ў старажытнасці было пасяленне кельтаў, у 1—4 ст.рым. крэпасць Аквінк. З 1242 Буда — сталіца Венгрыі, з 1350 рэзідэнцыя венг. каралёў. На тэр. Пешта да 10 ст. існавалі слав. паселішчы. У 1541—1686 Буда і Пешт пад уладаю туркаў, з пач. 18 ст. ў складзе імперыі Габсбургаў. У 1848—49 і 1918—19 цэнтр рэв. руху. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны (гл.Будапешцкая аперацыя 1944—45). Цэнтр Венгерскага паўстання 1956.
Вузкія вулачкі сярэдневяковай Буды кантрастуюць з прасторнымі кварталамі Пешта, шырокія радыяльныя магістралі якога перасякаюць 3 паўкальцы вуліц. Над Будапештам узвышаецца гара Гелерт (на правым беразе), укрытая садамі і паркамі, з помнікам Вызвалення (1947, скульпт. Ж.Кішфалудзі-Штробль). Сучаснае аблічча горада вызначаюць пераважна парадныя збудаванні канца 19—20 ст. У раёне Абуды — рэшткі стараж.-рымскага паселішча Аквінк (1—4 ст., 2 амфітэатры, храмы, тэрмы, т.зв. віла Геркулеса з мазаічнай падлогай, раннехрысц. базілікі). На ўзгорку ў раёне Буды — рэшткі замка (13 — пач. 20 ст.) з каралеўскім палацам (цяпер музей замка, уключае памяшканні Венг.нац. галерэі), жылыя дамы 13—18 ст., маўзалей Гюль-Баба і тур. лазні (16 ст.), гатычныя і барочны цэрквы і інш. У раёне Пешта — царква Бельвараш (15—18 ст.), Цэнтр. ратуша (1727—47, барока), Нац. музей (1837—47, арх. М.Полак, класіцызм), канцэртная зала «Вігада» (1858—64, нац. рамантыка), Оперны тэатр (1875—84, арх. М.Ібль, неарэнесанс), Музей прыкладнога мастацтва (1896, арх. Э.Лехнер, мадэрн), парламент (1884—1904, псеўдаготыка) і інш. 8 мастоў, якія звязваюць берагі Дуная, пераходзяць у магістралі Пешта. Пасля 2-й сусв. вайны пабудаваны Нар. стадыён (1948—53), Дом прафсаюзаў (1948—50), атэлі «Будапешт» (1968), «Дуна Інтэркантыненталь» (1970), «Форум» і «Атрыум» (пач. 1980-х г.). Былыя ўскраіны Будапешта забудаваны добраўпарадкаванымі жылымі раёнамі.
У Будапешце — Венг.АН (з 1825); Будапешцкі універсітэт (з 1635), Нац.венг.муз. акадэмія імя Ф.Ліста, мед. акадэмія і інш.ВНУ. Б-кі: Дзярж.б-ка імя Ф.Сечэньі (з 1802), Гар.б-ка імя Э.Саба (з 1904), універсітэцкая (з 1635), акадэмічная (з 1826) і інш. Музеі: Нац. музей (з 1802), Нац. галерэя (1957), Нац. музей натуральнай гісторыі (з 1802), Музей выяўл. мастацтваў (з 1896) і інш. Тэатры: оперны, нацыянальны (драматычны), аперэты і інш.
Ф.С.Фешчанка (гаспадарка).
Да арт.Будапешт. Набярэжная Дуная.Да арт.Будапешт. Панарама цэнтральнай часткі горада.