ПЕ́ННІЦЫ,

слінявіцы (Cercopidae, або Aphrophoridae), сямейства сысучых насякомых падатр. цыкадавых атр. раўнакрылых. Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ў тропіках і ўмераных зонах. Жывуць пераважна ва ўвільготненых мясцінах. На Беларусі 8 відаў; найб. пашыраны П. альховая (Aphrophora alni), звычайная, або слінявая (Philaenus spumantis), цвердакрылая (Lepyronia coleoptrata). П. звычайная шкодзіць сцёблам і лісцю пладовых дрэў, пладовых і дэкар. кустоў, суніц і інш.

Даўж. да 12 мм. Афарбоўка зеленаватая, бурая, радзей чорная або плямістая. Спіна апушаная, надкрылы шчыльныя, скурыстыя Заднія ногі скакальныя. Кормяцца сокамі раслін. Лічынкі развіваюцца на раслінах у камяках пенападобнай слізі, т.зв. «зязюліны сліны» (адсюль другая назва). якую выдзяляюць спец. васковыя залозы. У тропіках некат. віды П. утвараюць капеж з выдзяленняў.

С.​Л.​Максімава, А.​С.​Шалапёнак.

Пенніцы: 1 — альховая; 2 — звычайная.

т. 12, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯДЭРМІ́Я (ад грэч. pion гной + дэрма),

гнайнічковыя хваробы скуры, агульная назва пашкоджанняў скуры, выкліканых уздзеяннем гнаяродных мікраарганізмаў (стафілакокаў, стрэптакокаў, зрэдку вульгарнага пратэю, кішачнай і сінягнойнай палачкі і інш.). Бывае першаснай і другаснай (як ускладненне інш. захворванняў скуры). Развіццю П. спрыяюць прафес. і быт. забруджанні скуры, мікратраўмы, пераграванне або пераахаладжэнне, парушэнне функцый унутр. органаў, ц. н. с., абмену рэчываў. Некат. формы часцей назіраюцца ў дзяцей (псеўдафурункулёз), інш. ў дарослых (сікоз). Адрозніваюць стафіла-, стрэпта- і стафіластрэптапіядэрміі. Пры стафілапіядэрміі найчасцей пашкоджваюцца валасяныя фалікулы і потавыя залозы (гідрадэніт, карбункул, фурункул і інш). Стрэптакокапіядэрміі (заеда, імпеціга, хранічная параніхія і інш.) выклікаюць паверхневае або глыбокае запаленне скуры. Да стрэптастафілакокавых адносяць хранічную глыбокую язвавую і язвава-вегетуючую П. Лячэнне: тэрапеўтычнае. На П. хварэюць таксама жывёлы.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 12, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

крэціні́зм

(фр. crétinisme)

1) прыроджаная разумовая адсталасць і фізічная недаразвітасць, абумоўленая парушэннем функцый шчытападобнай залозы і галаўнога мозга;

2) перан. тупасць, абмежаванасць розуму.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дыкрацэліі́ды

(н.-лац. discrocoeliidae)

сямейства гельмінтаў класа трэматодаў; паразітуюць у жоўцевых пратоках і пузыры, пратоках падстраўнікавай залозы млекакормячых, птушак, паўзуноў, спарадычна ў чалавека.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

а́цынус

(лац. acinus = ягада, гронка)

1) канцавы сакраторны аддзел альвеалярнай залозы;

2) першасная структурная адзінка лёгкага, якая складаецца з альвеалярных ходаў з альвеоламі 2.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гармо́ны

(гр. hormon = які рухае)

біялагічна актыўныя рэчывы, якія выдзяляюць у кроў залозы ўнутранай сакрэцыі; аказваюць мэтанакіраваны ўплыў на дзейнасць іншых органаў і тканак.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тыраксі́н

(ад гр. thyreos = шчыт + oksys = едкі, кіслы)

гармон шчытападобнай залозы, які стымулюе абмен рэчываў, рост і дыферэнцыяцыю тканак у арганізме чалавека і жывёл.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДА́ЎНА ХВАРО́БА,

храмасомная хвароба, пры якой адставанне ў разумовым і фіз. развіцці спалучаецца са своеасаблівым вонкавым выглядам хворых і недастатковасцю функцый залоз унутр. сакрэцыі (найчасцей шчытападобнай залозы). Апісана англ. урачом Л.​Даўнам у 1866. У хворых на Д.х. колькасць храмасом у клетках 47 замест 46 (3 замест 2 храмасом 21-й пары). Прыкметы: паменшаныя памеры галавы, вузкія вочныя шчыліны, косы разрэз вачэй, скурныя складкі каля ўнутр. вуглоў вачэй, плоскі твар са скулавымі дугамі, кароткі нос з шырокім пераноссем, дэфармаваныя вушы, тоўсты язык, рэдкія зубы, паўадкрыты рот. Ужо на першым годзе жыцця назіраецца адставанне ў развіцці псіхікі (гл. Алігафрэнія) і рухальных навыкаў. Дзеці пазней пачынаюць сядзець і хадзіць; тонус іх мышцаў парушаны, аб’ём рухаў у суставах павялічаны, палавыя органы недаразвітыя. Лячэнне малаэфектыўнае. Навучанне ў спец. школах.

т. 6, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАПЫ́, паўцвердакрылыя,

атрад насякомых. Вядомы з мезазойскай эры (каля 200 млн г. назад). 50 сям., больш за 30 тыс. відаў. На Беларусі каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на сушы (паверхня і верхні слой глебы, расліны), на паверхні вады і ў вадзе (водныя расліны, дно).

Даўж. ад 0,7 мм да 12 см. Крылаў 2 пары, пярэднія неаднародныя: верх перапончаты, аснова цвёрдая, скурыстая (адсюль назва), ёсць кароткакрылыя і бяскрылыя (пасцельны клоп) формы. Ротавы апарат колюча-сысучага тыпу, складаецца з членістага хабатка, утворанага скручанай у трубку ніжняй губой і 2 парамі стылетаў (верхнія і ніжнія сківіцы). Ёсць пахучыя грудныя залозы. Развіццё з няпоўным ператварэннем (стадыя кукалкі адсутнічае). Большасць К. корміцца сокамі раслін (у асн., генератыўныя органы і насенне), некаторыя — драпежнікі, крывасмокі, паразіты інш. жывёл. Могуць пераносіць узбуджальнікаў вірусных хвароб.

т. 8, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМПАТЫ́ЧНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА (ад грэч. sympathēs чуллівы, успрымальны),

частка вегетатыўнай нервовай сістэмы пазваночных. Прымае ўдзел у падтрыманні гамеастазу, спрыяе хуткай мабілізацыі фізіял. функцый арганізма, стымулюе працэсы катабалізму. Мае цэнтры, якія знаходзяцца ў бакавых рагах грудных і паяснічных сегментаў спіннога мозга, у нерв. вузлах (гангліях), размешчаных па баках пазваночніка (паравертэбральныя) і ў брыжэйцы (прэвертэбральныя гангліі). Прэвертэбральныя гангліі здольныя ўтвараць рыхлыя скопішчы, звязаныя валокнамі, — нерв. спляценні (буйнейшае з іх — сонечнае). Гангліі злучаны паміж сабой, са спінным мозгам, з выканаўчымі органамі. С.н.с. інервуе крывяносныя сасуды і ўнутр. органы, што забяспечвае рэфлекторную ўзаемасувязь паміж імі, а характэрнае для гэтай сістэмы галінаванне нерв. ствалоў спрыяе генералізаванаму ўплыву на некалькі ўнутр. структур. Медыятары С.н.с. — ацэтылхалін (прэгангліянарныя валокны) і норадрэналін (постгангліянарныя валокны, акрамя тых, што інервуюць потавыя залозы).

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)