НАКЛАДНЫ́Я ВЫДА́ТКІ,

выдаткі, звязаныя з арганізацыяй, кіраваннем і абслугоўваннем вытворчасці. Уключаюць выдаткі: адміністрацыйна-гаспадарчыя (зарплата і сац. адлічэнні работнікаў апарата кіравання, канцылярскія, друкарскія, паштова-тэлеграфныя і інш.), на абслугоўванне работнікаў (зарплата і сац. адлічэнні рабочых асн. вытв-сці і занятых эксплуатацыяй і абслугоўваннем машын і абсталявання, страты ад эксплуатацыі жылога фонду і інш.), н а арганізацыю работ (амартызацыйныя адлічэнні, арэндная плата і інш.). Пераход прадпрыемстваў на міжнар. стандарты і сусв. практыку ўліку прадугледжвае падзел выдаткаў на ўмоўна-пераменныя (непасрэдна звязаны з вытв. працэсам і напрамую залежаць ад аб’ёму выпушчанай прадукцыі (работ, паслуг) і ўмоўна-пастаянныя (сукупнасць выдаткаў на кіраванне, гасп. абслугоўванне, збыт прадукцыі, якія залежаць ад працягласці справаздачнага перыяду). На прадпрыемствах з разнароднай прадукцыяй Н.в. з’яўляюцца ўскоснымі, бо размяркоўваюцца па аб’ектах калькуляцыі прапарцыянальна якой-н. умоўнай падставе (прамой зарплаце рабочых, сабекошту або колькасці затрачаных на вытв-сць асн. матэрыялаў і інш.) і не могуць быць аднесены непасрэдна на пэўны выраб або від работ. На прадпрыемствах, якія вырабляюць адзін від прадукцыі (напр., гідраэлектрастанцыі, вугальныя шахты), Н.в. з’яўляюцца прамымі.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 11, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДПАРА́ДКАВАННЕ ў граматыцы,

від сінтаксічнай сувязі слоў або цэлых прэдыкатыўных адзінак (сказаў). П. (падпарадкавальная сувязь), у процілегласць злучэнню звязвае 2 нераўнапраўныя (неаднатыпныя і рознафункцыянальныя) моўныя адзінкі ў адно цэлае: словазлучэнне або складаназалежны сказ. П. рэалізуе толькі закрытыя сінтакс. канструкцыі. Пры П. адзін кампанент выступае як граматычна незалежны, галоўны, а другі — як залежны, падпарадкаваны галоўнаму. У бел. мове ў межах простага сказа П. рэалізуецца пераважна як дапасаванне («яснае неба»), кіраванне («будую дом», «ідуць па дарозе») ці прымыканне («хутка ехаць»), У межах складаназалежнага сказа П. перадае розныя сэнсавыя адносіны паміж гал. і даданай часткамі і выражаецца з дапамогай падпарадкавальных злучнікаў ці інш. слоў і спалучэнняў, што выступаюць у функцыі злучнікаў («бо», «каб», «калі», «дзе», «што», «які», «як толькі» і інш.). Падпарадкавальныя злучнікі заўсёды ўваходзяць у склад даданай часткі складаназалежнага сказа і з’яўляюцца паказчыкам яе грамат. формы. Дапаможным сродкам пры П. ў складаназалежным сказе могуць быць карэляты (суадносныя словы), якія знаходзяцца ў складзе гал. часткі («А дзе тая крынічанька, што голуб купаўся?» З нар.).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

П.​П.​Шуба.

т. 11, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМА́НТЫКА (франц. sémantique ад грэч. sēmantikos які абазначае) у мовазнаўстве, 1) увесь змест, інфармацыя, якія перадаюцца мовай ці якой-н. яе адзінкай (словам, граматычнай формай слова, словазлучэннем, сказам).

2) Раздзел семіётыкі і тыпалагічнай лінгвістыкі, які разглядае знакі паводле іх значэння і тэксты паводле іх сэнсу. Апісвае зместавую сістэму мовы, спосабы перадачы сэнсу пры дапамозе зместавых адзінак (асобных слоў). Словы ў сваю чаргу вызначаюцца паслядоўнасцю марфем і фанем. Фанемы не маюць самастойнага значэння, але дазваляюць яго абнавіць для слова праз камбінаторыку фанем, бо іх сукупнасць утварае лексему як лексічнае значэнне слова. Паслядоўнасць лексем складае сказ, але сказ не складаецца з лексем. Яго сінтакс. характарыстыкі ўплываюць на змены ў значэнні, таму мы адрозніваем сэнс тэксту ад сумы значэнняў яго састаўляючых. У Гэтым асн. роля С. Семантычныя адзінкі характарызуюцца рознымі тыпамі адносін: сінтанімічнымі, антанімічнымі, аманімічнымі.

Літ.:

Апресян Ю.Д. Лексическая семантика. М., 1974;

Міхневіч А.Я. Праблемы семантыка-сінтаксічнага даследавання беларускай мовы. Мн., 1976;

Мартынов В.В. Категории языка: Семиол. аспект. М., 1982;

Плотников Б.А. Основы семасиологии. Мн., 1984;

Вежбицкая А. Семантические универсалии и описание языков: Пер. с англ. М., 1999.

В.​У.​Мартынаў.

т. 14, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СМАЛЕ́НСКІЯ ГРА́МАТЫ XIII—XIV стст.»

(«Смоленские грамоты XIII—XIV вв.»),

зборнік смаленскіх грамат 12—14 ст., выдадзены Інтам рус. мовы АН СССР у Маскве ў 1963. Апублікаваны комплекс актаў Смаленскай епархіі сярэдзіны 12 — пач. 13 ст. (паводле копій 16 ст.); дагавор пра ўмовы гандлю невядомага смаленскага князя з Рыгаю і Гоцкім берагам (в-аў Готланд) прыкладна 1223—25; дагавор 1229 Смаленска з Рыгаю і Гоцкім берагам (6 спісаў 13—14 ст.); судовая грамата смаленскага кн. Фёдара Расціславіча пра нямецкі звон 1284; пацвярджальныя граматы князёў Фёдара Расціславіча 1284, Аляксандра Глебавіча каля 1300, Івана Аляксандравіча 1-й пал. 14 ст.; грамата смаленскага кн. Юрыя Святаславіча пра саюз з каралём польскім і вял. князем ВКЛ Ягайлам 1386. Большасць грамат надрукавана з арыгіналаў. Выданне здзейснена найперш з лінгвістычнымі мэтамі з максімальным набліжэннем да арыгіналаў. Матэрыялы зборніка маюць вял. значэнне для асвятлення гісторыі Полацкай і Віцебскай зямель, якія ў 13—14 ст. мелі цесныя сувязі са Смаленскам, і гісторыі бел. мовы, бо ў смаленскіх граматах 13 ст. ўпершыню выявіліся рысы жывой бел. мовы.

т. 15, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУНКЦЫЯНА́ЛЬНАЕ КІРАВА́ННЕ,

арганізацыйная структура, якая мае падраздзяленні для выканання пэўных функцый на розных узроўнях кіравання. Часам наз. традыц. ці класічным кіраваннем. У яго аснове — дыферэнцыяцыя кіраўніцкай дзейнасці па асобных функцыях (эканам., фін., вытв., тэхналагічнай), кожную з якіх выконвае спецыяліст, група, аддзел і інш. Функцыі універсальнага кіраўніка выконваюць спецыялісты, кампетэнтныя ў сваёй галіне. Ф.к. значна аблягчае работу кіраўніка, бо кожны кваліфікаваны начальнік функцыянальнага падраздзялення і спецыяліст абавязаны прафесійна вырашаць вытв. задачы і мае права прымаць самаст. рашэнні. Недахопы Ф.к. — парушэнне прынцыпу адзінаначалля, абязлічванне адказнасці, цяжкасці ў каардынацыі дзейнасці ўсіх падраздзяленняў і ў прыняцці ўзгодненых рашэнняў. Ф.к. мэтазгодна тады, калі прадпрыемства выпускае абмежаваную наменклатуру вырабаў і дзейнічае ў стабільных умовах. З ускладненнем вытв. сістэм Ф.к., як і лінейнае кіраванне, у чыстым выглядзе сустракаецца рэдка. Рацыянальнае іх спалучэнне з’яўляецца найважнейшым кірункам далейшага ўдасканалення сістэмы кіравання, што знаходзіць адлюстраванне ў выкарыстанні лінейна-функцыянальнай, лінейна-штабной і інш. арганізацыйных структур.

Літ.:

Кноринг В.И. Теория, практика и искусство управления. М., 1999;

Кабушкин Н.И. Основы менеджмента. 3 изд. Мн., 2000;

Золотогоров В.Г. Организация и планирование производства. Мн., 2001.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 16, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вузяльні́ца ’хвароба пшаніцы і ячменю, калі ў каласах з’яўляецца чорны парашок’ (Мат. Гродз.). Магчыма, ад ву́зел, бо колас, заражаны гэтай хваробай, выдаецца вузлаватым ці на падставе веравання, што завязаны вузел з жытніх сцяблоў можа прыносіць гаспадару поля няшчасце; параўн. за́вітка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вірасаві́к ’жарабя, якое нарадзілася ў верасні месяцы’ (КЭС, лаг.). Да верасаві́к < верасовы < верасень (гл.). Параўн. польск. wrześniak ’зайчанё, якое нарадзілася ў верасні’; ’конь-верасавік, які лічыцца трывалым, здаровым’; ’чалавек, які выглядае маладым і свежым, бо верасень — самы здаровы месяц’ (КСПГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бана́льны, ‑ая, ‑ае.

Шаблонны, збіты, які страціў яркасць у сувязі з частым ужываннем. [Славіку] смешна стала, бо яго асабіста ўся кінагісторыя не ўсхвалявала ні на грам, не кранула ніводнай стрункі душы. Банальная драма. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абясшко́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

Пазбавіць магчымасці прынесці шкоду; зрабіць бясшкодным. Абясшкодзіць міну. Абясшкодзіць яд. Абясшкодзіць рэцыдывіста. □ Чалавек прасіў праверыць, ці абясшкодзілі тую бомбу, бо яна можа нарабіць вялікай бяды. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зару́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

Разм. Магчымасць атрымаць дапамогу, садзеянне; падтрымка, апека. — Ды гэта так! — Міхал уздыхае: — Але заручкі ён не мае. Яго паны не падтрымаюць, Бо на прымеце іншых маюць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)