МАТЭВАСЯ́Н Грант Ігнатавіч (н. 12.2. 1935, с. Ахнідзор, Арменія),

армянскі пісьменнік. Скончыў Ерэванскі пед. ін-т (1962). Друкуецца з 1959. У кнігах аповесцей і апавяданняў «Мы і нашы горы», «Аранжавы табун» (абедзве 1962), «Жнівень» (1967), «Маці едзе жаніць сына», «Жыла зямлі» (абедзве 1973), «Наш бег», «Дрэвы» (абедзве 1978), «Ташкент» (1982), «Гаспадар» (1983) і інш. жыццё сучаснай вёскі, складаны свет чалавечых узаемаадносін, непарыўная сувязь чалавека і прыроды. Яго творам уласцівы паглыблены псіхалагізм і філас. сімволіка, тонкае паэтычнае светаадчуванне, лірызм і гумар. Аўтар п’ес, кінасцэнарыяў. Дзярж. прэмія Арменіі 1983. Дзярж. прэмія СССР 1984. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.​Васілевіч, У.​Васілевіч, М.​Гіль, М.​Татур, Г.​Шаранговіч, А.​Шарахоўская, Г.​Шупенька.

Тв.:

Бел. пер. — Мы і нашы горы: Аповесці, апавяданні. Мн., 1988;

Рус. пер. — Твой род: Повести и рассказы. М., 1982.

Д.​Гаспаран.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НАЧ (Mináč) Уладзімір (н. 10.8.1922, г. Кленавец, Славакія),

славацкі пісьменнік. Засл. пісьменнік Чэхаславакіі (1970). Скончыў Браціслаўскі ун-т. Удзельнік Славацкага нац. паўстання 1944, падзеі якога адлюстраваў у рамане «Смерць блукае па гарах» (1948) і эпічнай трылогіі «Пакаленне» (1958—61). Жыццё пасляваен. Чэхаславакіі ў цэнтры аповесцей «Учора і заўтра» (1949), «Блакітныя хвалі» (1951), зб. апавяд. «На пераломе» (1954). Аўтар рамана пра моладзь «Ты ніколі не адна» (1962), сатыр. «Вытворца шчасця» (1965), зб-каў філас.-публіцыстычных апавяд. «Мядзведжы куток» (1960) і літ.-крытычных артыкулаў «Парадоксы» (1966), «Партрэты і лёсы» (1976), кінасцэнарыяў, рэпартажаў і інш. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі Я.​Бяганская, А.​Мажэйка, У.​Дамашэвіч. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1955.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Чэшскія і славацкія апавяданні. Мн., 1958;

Жывыя і мёртвыя. Мн., 1961;

Рус. пер. — Поколение: Трилогия. М., 1974;

Избранное. М., 1982.

А.​У.​Вострыкава.

т. 10, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ФАРАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік беларуска-літоўскага летапісання апошняй чвэрці 15 ст., спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Перадае яго тэкст хоць і няпоўна (без пачатку і канца, з пропускамі ў сярэдзіне), але болей дакладна, чым інш. спісы. Заканчваецца апісаннем падзей у ВКЛ пасля смерці Вітаўта. «Пахвала Вітаўту» і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» з «Аповесцю пра Падолле» ў гэтым спісе не зберагліся. Н.л. грунтуецца на скарочаным агульнарус. летапісе, у якім сцісла выкладаецца гісторыя Кіеўскай і Маскоўскай Русі, ВКЛ (канец 14—1-я трэць 15 ст.). У ім змешчаны кароткія пагадовыя запісы, апавяданні пра значныя гіст. падзеі (паход Батыя на Русь, Неўская бітва 1240 і інш.). Упершыню апублікаваны ў 1898 С.​Белакуравым, перавыдадзены М.​Улашчыкам у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 35, 1980). Зберагаецца ў б-цы Рас. АН у С.-Пецярбургу.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 11, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́НЦІЙ ПІЛА́Т (Pontius Pilatus),

рымскі пракуратар (намеснік) Іудзеі ў 26—36 г. Яго праўленне было адзначана насіллем і смяротнымі пакараннямі без суда. Зняважлівыя адносіны да рэліг. вераванняў і звычаяў іудзеяў, паборы і падатковы ўціск выклікалі шматлікія паўстанні, якія ён жорстка душыў. Паводле Іосіфа Флавія і новазапаветнай традыцыі П.П. зацвердзіў рашэнне сінедрыёна (вышэйшы іудзейскі орган самакіравання і суда) аб прыгаворы да распяцця Ісуса Хрыста. У евангельскім апавяданні аб судзе над Хрыстом П.П. «узяў вады і вымыў рукі перад народам», каб зняць з сябе віну за праліццё крыві (адсюль выраз «умыць рукі»). У 36 пасля скаргі самарыцян на крывавую расправу над імі П.П. адхілены ад пасады і адпраўлены ў Рым. Паводле Яўсевія Кесарыйскага (4 ст.) П.П. скончыў самагубствам у 39, паводле інш. крыніц забіты Неронам. П.П. — герой шэрагу твораў апакрыфічнай л-ры, выяўл. мастацтва.

т. 12, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКО́ЎСКІ Лявон Іосіфавіч (9.1.1896, г. Глыбокае Віцебскай вобл. — 15.8.1979),

рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі ун-т (1924). Друкаваўся з 1924. Аўтар зб-каў апавяд. «Зялёная Амерыка» (1927), «Сівапляс» (1928), аповесцей «Блудны д’ябал» (1928) «Канстанцін Заслонаў» (1949), «Міхась Тухачэўскі» (1967) гіст. раманаў «Генералісімус Сувораў» (ч. 1—2, 1947), «Адмірал Ушакоў» (1952), «Кутузаў» (1960). У 1925 у газ. «Ленинградская правда» апублікаваў нарысы пра Беларусь («Два гарады. Пісьма з Барысава», «На Бабруйшчыне», «У Слуцку — усё па-людску» і інш.). Пераклаў на рус. мову п’есы «Паўлінка» Я.​Купалы і «Вайна вайне» Я.​Коласа, раман «Мінскі напрамак» І.​Мележа, аповесць «Андрэйка» П.​Кавалёва, апавяданні М.​Лынькова, зб. апавяд. «Ніколі не забудзем!». На бел. мову яго аповесць «Канстанцін Заслонаў» пераклалі В.​Рудава і У.​Ідэльсон.

Тв.:

Избранное. Т. 1—2. Л., 1983;

Бел. пер. — Канстанцін Заслонаў. Мн., 1976.

А.​Р.​Жакаў.

т. 13, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЛЕС Рыгор Львовіч (н. 23.4.1913, г. Чашнікі Віцебскай вобл.),

яўрэйскі і рус. пісьменнік. Скончыў Віцебскі пед. тэхнікум (1933), Мінскі пед. ін-т (1937). Працаваў у школах Слуцка, Навагрудка і Мінска, у газ. «Заря» (Брэст), «Зорька», час. «Вожык». Друкуецца з 1931. Піша на яўр. і рус. мовах. Аўтар. зб-каў вершаў «Пачатак» (1939), «Вершы» (1941), «Водгукі часу» (1974), аповесцей і апавяд. «Сябры і знаёмыя» (1963), «У родным кутку» (1972), «Праз цяжкі парог» (1976), «Пад ясным небам», «Не ружамі ўсланы твой шлях» (абодва 1983), «У краі светлых бяроз» (1997) і інш. У перакладзе на бел. мову выйшлі кнігі нарысаў і апавяд. «Запіскі майго калегі» (1960), вершаў «Бяроза пад акном» (1961), «З тых жа крыніц» (1993), «Аднаактовыя п’есы» (1964, з Х.​Мальцінскім). На бел. мову яго вершы перакладалі Р.​Барадулін, Ф.​Баторын, А.​Зарыцкі, апавяданні і п’есы — М.​Татур.

т. 14, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУПРУНЧУ́К Віктар Пятровіч (н. 7.12.1949, в. Сялец Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1976). З 1977 працаваў у «Сельской газете», з 1981 на Бел. тэлебачанні, з 1983 у час. «Полымя». У 1990—98 нам. старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1998 нам. гал. рэдактара час. «Всемирная литература», з 1999 гал. рэдактар час. «Корвет». З 2001 нач. упраўлення інфармацыі Беларусбанка. Друкуецца з 1977. Аўтар апавяданняў, аповесцей «Трэці сын» (1983), «Сяргей Сяргеевіч» (1985) на тэмы сучаснага жыцця. Раман «Жывеш толькі раз» (1988) пра вясковыя праблемы. Аповесць «Банальны дэтэктыў» (1989), раман «З крыві і плоці» (1990) пра няпростую працу міліцыі. Распрацоўвае маральна-этычныя і сац. праблемы.

Тв.:

Страсці. Мн., 1983;

Недзе баліць ля сэрца. Мн., 1986;

З плоці і крыві: Аповесць, раман, апавяданні. Мн., 1991;

Баю-бай, мой генерал. Мн., 1997.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЯЛЯ́НСКАЯ НІ́ВА»,

грамадска-палітычная, літ. і гасп. газета Беларускага сялянскага саюза. Выдавалася з 6.12.1925 да 7.7.1930 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Выдавец Ф.Ярэміч. Проціпастаўляла сац.-паліт. і нац. інтарэсы зах.-бел. сялянства «нацыянальна-чужому» гораду, культывавала бел. сял. традыцыі. Адстойвала сваю тактыку барацьбы за нац. незалежнасць. Друкавала вершы М.​Васілька, М.​Краўцова, Т.​Леўчыка, Улад-Ініцкага (У.​Паўлюкоўскага), Ф.​Грышкевіча, Я.​Башкіра (І.​Пачопкі), П.​Крэня, С.​Пеюна (Новік-Пеюна), П.​Сокала (Масальскага), Я.​Нарцызава (Драздовіча), апавяданні А.​Васілеўскага, С.​Грынкевіча. Змясціла агляд творчасці Я.​Купалы, зроблены Я.​Светазарам (Краўцовым), рэцэнзію на зб. паэзіі У.​Жылкі «На ростані», літ.-гіст. нататку пра Эмілію Плятар, фалькл.-этнагр. артыкулы М.​Вяршыніна, М.​Пецюкевіча, перадрук паэмы Я.​Коласа «Сымон-музыка», пераклады з Гі дэ Мапасана, А.​Дадэ, Э.​Заля. Выйшлі 199 нумароў, асобныя канфіскаваны цэнзурай.

А.​С.​Ліс.

т. 15, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМЕ́ЎСКІ Міхаіл Іванавіч (16.1 1837, с. Фядорцава Пскоўскай вобл., Расія — 21.3.1892),

расійскі гісторык, публіцыст. Брат В.І.Сямеўскага. Тайны саветнік (1882). Скончыў Полацкі кадэцкі корпус (1852) і Дваранскі полк (Пецярбург, 1854). У 1857—61 на ваен. службе. У 1863—82 на службе ў Дзярж. канцылярыі. У канцы 1850 — пач. 60-х г. супрацоўнічаў у выданнях Вольнай рус. друкарні (Лондан), сабраў вакол сябе гурток апазіцыйна настроеных асоб, быў пад наглядам «Трэцяга аддзялення». У 1870—92 рэд.-выдавец час. «Русская старина». З 1856 друкаваў свае артыкулы і нарысы па рас. гісторыі. Асн. твор — «Нарысы і апавяданні з рускай гісторыі XVIII ст.» (т. 1—3, 2-е выд., 1883—84). Выяўляў і друкаваў дакументы з правінцыяльных і сямейных архіваў, у т. л. мемуары А.Ц.Болатава, Я.​П.​Шахаўскога, дзекабрыстаў і інш.

Тв.:

Тайная служба Петра I. Мн., 1993.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 15, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРО́ДНІЧ Уладзімір Васілевіч (н. 22.5.1942, в. Вялікія Арлы Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). У 1972—2002 працаваў у Мін-ве культуры Беларусі. Аўтар сюжэтна-тэматычных карцін «Перад зменай» (1973), «Бацькоўскімі дарогамі» (1975), «Хлеб» (1979), «На хлебаробскім полі» (1984), «Сумны май» (1990), «І агні партызанскіх кастроў» (2000). Любоўю да радзімы, лірызмам прасякнуты творы «Людзі Століншчыны» (1977), «На берагах Гарыні» (1979), «Гоман Палесся» (1982), «Сустрэча» (1985), «Хмарная раніца» (1988), «Апошнія яблыкі бабкі Тэклі» (1989), «Смаловы пах» (1994), «Пах бэзу» (1996). Гісторыі Беларусі прысвечаны работы «Калі я на пошце служыў ямшчыком» (1999), «Раніца Гарыні», «Сказ аб Страціме» (абедзве 2001). Трагізм Чарнобыльскай трагедыі ўвасобіў у кампазіцыях «Трывожны крык» (1998), «Сад» (2001). Аўтар серыі «Хутарскія апавяданні» (1999—2002), у якой паэтызавана адлюстраваны штодзённы побыт Бел. Палесся.

У.Уродніч. Раніца Гарыні. 2001.

т. 16, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)