міжнародны орган у складзе міністраў замежных спраў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Кітая, які існаваў пасля 2-й сусв. вайны «для правядзення неабходнай падрыхтоўчай працы па мірным урэгуляванні». Засн. паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945. За час існавання Савета адбылося 6 яго сесій: 1-я 11.9—2.10.1945 у Лондане, 2-я 25.4—16.5 і 15.6—12.7.1946 у Парыжы, 3-я 4.11—12.12.1946 у Нью-Йорку, 4-я 10.3—24.4.1947 у Маскве, 5-я 25.11—15.12.1947 у Лондане, 6-я 23.5—20.6.1949 у Парыжы. Да 1947 правёў значную работу па выпрацоўцы праектаў мірных дагавораў з краінамі, што ўдзельнічалі ў 2-й сусв. вайне на баку нацысцкай Германіі — Італіяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй і Фінляндыяй (гл.Парыжскія мірныя дагаворы 1947). Аднак з-за рознагалоссяў бакоў не ўдалося падрыхтаваць праекты мірных дагавораў з Германіяй і Японіяй. Разглядаў і справы, перададзеныя яму па ўзгадненні паміж урадамі — членамі Савета (пытанні пра спагнанне рэпарацый з Германіі, пра перамешчаных асоб, пра дату склікання і працэдуру працы Парыжскай мірнай канферэнцыі 1946 і інш.). Спыніў дзейнасць у 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-РЭ́МА КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1920,
пасяджэнне Вярх. савета дзяржаў Антанты 19—26.4.1920 у г.Сан-Рэма (Італія), дзе быў абмеркаваны шэраг пытанняў мірнага ўрэгулявання пасля 1-й сусв. вайны. Удзельнічалі прэм’ер-міністры Вялікабрытаніі (Д.Лойд-Джордж), Францыі (А.Мільеран), Італіі (Ф.Ніці), а таксама пасол Японіі (Мацуі), назіральнік ад ЗША і інш. Разгледжаны пытанні: аб мірным дагаворы з Турцыяй і размеркаванні мандатаў (гл.Мандатныя тэрыторыі) Лігі Нацый на араб. краіны; аб выкананні Германіяй ваен. артыкулаў Версальскага мірнага дагавора 1919, аб пазіцыі дзяржаў Антанты адносна Сав. Расіі («рус. пытанне»), Паводле рашэнняў канферэнцыі Вялікабрытанія атрымала мандат на Палесціну і Ірак (уключаючы г. Масул), Францыя — на Сірыю і Ліван. Быў зацверджаны папярэдні праект дагавора аб міры з Турцыяй, які пазней склаў аснову Сеўрскага мірнага дагавора 1920. Германія атрымала адмову на сваю просьбу аб павелічэнні ўдвая колькасці ўласных узбр. сіл (спроба рэвізіі ўмоў Версальскага міру), канферэнцыя запатрабавала ад герм. боку выконваць ваен. і рэпарацыйныя ўмовы Версальскага мірнага дагавора. Вырашана аднавіць гандл. сувязі з Сав. Расіяй, узяты курс на прызнанне яе дэ-факта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕН-ЖЭРМЕ́НСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1919,
адзін з дагавораў, падпісаны дзяржавамі-пераможцамі (ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй, Італіяй, Японіяй і інш.) у 1-й сусв. вайне 1914—18 з Аўстрыяй 10 вер. ў г. Сен-Жэрмен-ан-Ле (каля Парыжа). Дагавор зафіксаваў распад Аўстра-Венгерскай імперыі пасля паражэння ў вайне і стварэнне на яе тэр. шэрагу самастойных дзяржаў: Аўстрыйскай рэспублікі, Венгрыі, Чэхаславакіі і Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславія). Паводле дагавора Аўстрыі забаронена мець ваен. авіяцыю і ваен. флот, аб’яднанне з Германіяй; армія абмяжоўвалася колькасцю ў 30 тыс.чал. Аўстрыя абавязалася выплачваць рэпарацыі. Частка зямель імперыі перададзена Італіі (Паўд. Ціроль). Паўн. Букавіна — Румыніі, Закарпацце — Чэхаславакіі. С.-Ж.м.д. адлюстраваў змены ў Еўропе, што адбыліся ў выніку распаду Аўстра-Венгрыі. Разам з тым яго ўмовы, навязаныя дзяржавамі Антанты, стваралі падставы для міжнар. і міжнац. канфліктаў. Аншлюс Аўстрыі ў 1938 і інш. акты фаш. агрэсіі напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны 1939—45 азначалі гвалтоўную ліквідацыю ўмоў С.-Ж.м.д. і звязаных з ім інш. дагавораў Версальска-Вашынгтонскай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ЛАМ (ад нарв. slalåm літ. след, які спускаецца) гарналыжны, спуск на лыжах з гары па звілістай трасе з варотамі. Даўж. трасы для мужчын 500—700 м з перападам вышынь паміж стартам і фінішам 180—220 м, для жанчын — адпаведна да 550 м і 130—180 м. На трасе парамі расстаўляюцца сцяжкі (вароты), праз якія трэба праехаць і не збіць.
Зарадзіўся ў 1920-я г.; спаборніцтвы праходзілі ў Аўстрыі, Італіі, Францыі, Швейцарыі Чэмпіянаты свету з 1930. У праграме Алімп. гульняў з 1936. Адрозніваюць таксама С. гіганцкі (даўж. трасы больш за 2000 м, перапад вышынь 250—400 м у мужчын і 250—350 м у жанчын) і С. супергіганцкі (розніца вышынь 500—600 м у мужчын і 350—500 м у жанчын). Найб. пашыраны ў Аўстрыі, Германіі, ЗША, Італіі, Францыі, Швейцарыі, Японіі.
С. на водных лыжах (адной або двух) — спаборніцтва водных лыжнікаў на буксіровачным тросе за катэрам па абходзе буёў, размешчаных на вызначанай трасе. С. вяслярны, на байдарках і каноэ — спаборніцтвы ў спуску па рацэ або спец. канале з хуткай плынню і натуральнымі або штучнымі перашкодамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́РГА (Sorghum),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых (злакавых). Каля 50 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных, часткова — ва ўмераных паясах. Радзіма культурнага С. — Афрыка, у Азіі — С. жылкаватае, або гаалян (S. nervosum), вырошчваюцца з 3-га тыс. да н.э., у Еўропе — з 15 ст., Амерыцы — з 17 ст. Культывуюць у Індыі, Кітаі, ЗША, Афрыцы. Найб. пашыраны С.: кармавое, або цукровае (S. saccharatum), якое мае 14—15% цукру ў сцёблах; зерневае, ці хлебнае (S. durra); суданскае, або суданская трава (S. sudanense); тэхнічнае, ці венікавае (S. technicum).
На Беларусі як заносныя віды трапляюцца С. алепскае, або гумай (S. halepense), і суданскае; вырошчваюць С. двухколернае, ці звычайнае (S. bicolor), і С. тэхнічнае.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 4—5 м і болей, з буйной каранёвай сістэмай, знешне падобныя на кукурузу. Сцёблы моцныя, шчыльныя, прамастойныя. Лісце лінейнае, па краі хвалістае. Агульнае суквецце — мяцёлка разнастайнай формы. Плод — зярняўка. Харч., кармавыя і тэхн. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАЛКО́ВЫ СПОРТ,
спартыўная стральба з ручной наразной агнястрэльнай і пнеўматычнай зброі — стральба кулявая і з гладкаствольнай — стральба стэндавая, а таксама стральба з лука. Страляюць у цірах, на стрэльбішчах і стралковых стадыёнах з дыстанцый 10, 25, 50, 100 і 300 м па мішэнях нерухомых, рухомых і якія паяўляюцца і знікаюць (напр., «бягучы алень», «бягучы дзік»), Састаўная частка розных мнагабор’яў і ваенізаваных спаборніцтваў.
Адзін з найб.стараж. відаў спарт. практыкаванняў. Папярэднічалі С.с. спаборніцтвы па трапнай стральбе з лука і арбалета. Спарт. стралковыя аб’яднанні, клубы, ціры пачалі з’яўляцца ў 19 ст. У праграму Алімп. гульняў стральба кулявая ўваходзіць з 1896, стральба стэндавая — з 1900. Першы чэмпіянат Расіі праведзены ў 1898 (г. Хабараўск). Міжнар. саюз С.с. засн. ў 1907. Найб. пашыраны С.с. ў Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Нарвегіі, Расіі, Швецыі і інш.
На Беларусі С.с. развіваецца з пач. 1920-х г. (у гарадах Віцебск, Гомель, Мінск, Магілёў). Спаборніцтвы праводзяцца з 1923—24. Пад Мінскам у 1972 пабудаваны (рэканструяваны ў 1985) спартыўна-стралковы комплекс імя маршала С.К.Цімашэнкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАЛЬБА́ З ЛУ́КА,
спаборніцтвы па стральбе стрэламі па мішэнях; адзін з найб.стараж. відаў спорту. Мэта — трапіць у мішэнь найбліжэй да яе цэнтра. Страляюць са спарт. лука, які складаецца з дрэўка (драўлянае, метал., з сінт. матэрыялаў або камбінаванае) і цецівы (сінт. валокны). Маса лука ў мужчын 22 кг, у жанчын каля 15 кг. Страла — драўляны, метал. ці пластмасавы стрыжань з наканечнікам і апярэннем. Спаборніцтвы праводзяцца на дыстанцыях 30, 50, 70 і 90 м для мужчын і 30, 50, 60 і 70 м для жанчын. Дыяметр мішэні 80 і 122 см.
Спаборніцтвы па С. з л. вядомы з 15 ст. (Швейцарыя). Міжнар. федэрацыя заснавана ў 1931. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1931 (штогод, з 1960 праз год), Еўропы — з 1968, у асабістым і камандным заліках. У праграме Алімп. гульняў — з 1904. Найб. пашырана ў Вялікабрытаніі, Бельгіі, ЗША, Канадзе, Карэі, краінах Скандынавіі.
На Беларусі развіваецца з 1960; 1-ы чэмпіянат рэспублікі праведзены ў 1961. Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся Б.Ісачанка, В.Мароз, Г.Карасёва, А.Марфель і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДАРША́Н (Sudarshan) Энакал Чэндзі Джордж (н. 16.9.1931, Палам, каля г. Котаям, Індыя),
індыйскі і амер. фізік-тэарэтык. Чл. Індыйскай нац.АН (1973) і інш.АН Скончыў Мадраскі (Індыя; 1952) і Рочэстэрскі (ЗША; 1958) ун-ты. У 1952—55 у Ін-це фундаментальных даследаванняў у г. Бамбей (Індыя). З 1959 у Гарвардскім, з 1961 у Рочэстэрскім ун-тах. З 1965 праф. Сіракузскага ун-та (штат Нью-Йорк), з 1969 — Тэхаскага ун-та (г. Остын), у 1984—90 дырэктар Ін-та матэм. навук у г. Мадрас. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц, квантавай оптыцы, квантавай тэорыі поля, тэорыі калібровачных палёў. Разам з Р.Ю.Маршаком распрацаваў універсальную тэорыю слабых узаемадзеянняў (1957). Выказаў гіпотэзу аб існаванні тахіёнаў — часціц, што рухаюцца са звышсветлавой скорасцю (1962). Сфармуляваў аптычную тэарэму эквівалентнасці (1963).
Тв.:
Рус.пер. — Введение в физику элементарных частиц М., 1962 (разам з Р.Маршаком);
Основы квантовой оптики. М., 1970 (разам з Дж.Клаўдэрам);
Частицы за световым барьером (разам з О.Біланюком) // Эйнштейновский сб., 1973. М., 1974;
Doubt and Certainty. Cambridge, 1999 (разам з Т.Ротманам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТАТА́ЛЬНАЯ ВАЙНА́»,
вайна, якая вядзецца з выкарыстаннем усіх матэрыяльных сродкаў і інш. магчымасцей дзяржавы, а таксама любых спосабаў масавага знішчэння ўзбр. сіл і насельніцтва праціўніка.
Тэорыя «Т.в. распрацавана напярэдадні другой сусветнай вайны 1939—45ням.ген. Э.Людэндорфам, у сістэматызаваным выглядзе выкладзена ў яго кнізе «Татальная вайна» (1936). Узбр. проціборства, якое планавалася Гітлерам як «маланкавая вайна», у 1942—43 набыло рысы татальнасці (у вайну былі ўцягнуты краіны з 80% насельніцтва Зямлі, ва ўзбр. сілы мабілізавана больш за 110 млн.чал.). Ваен.-эканам. і інш. патрэбы дзяржаў-удзельніц, у першую чаргу Германіі і СССР, абумовілі правядзенне татальнай мабілізацыі матэр. і людскіх рэсурсаў. Эканоміка СССР і яго саюзнікаў аказалася больш эфектыўнай, што стала перадумовай перамогі ў «Т.в.», якую была вымушана весці Германія пасля катастрофы пад Сталінградам (гл.Сталінградская бітва 1942—43) і паражэнняў у інш. бітвах 2-й сусв. вайны.
Некат. элементы «Т.в.» выкарыстаны ЗША, Вялікабрытаніяй у ваен. дзеяннях супраць Германіі і Японіі (атамная бамбардзіроўка Хірасімы і Нагасакі, масіраваныя бамбардзіроўкі гарадоў Германіі), у В’етнаме (1964—73) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫПАЛО́ГІЯ (ад грэч. typos адбітак, вобраз + ...логія),
навуковы метад, заснаваны на вылучэнні і абагульненні істотных асаблівасцей аб’ектаў даследавання і аб’яднанні гэтых асаблівасцей у пэўную тыпалагічную мадэль (тып). Грунтуецца на выяўленні падабенства і адрознення істотных якасцей аб’ектаў, якія вывучаюцца, вызначэнні спосабаў іх ідэнтыфікацыі, тэндэнцый змяненняў і ўзаемадзеянняў з навакольным асяроддзем. Напр., М.Мід (ЗША) распрацавала сваю Т. культур на аснове вылучэння тыповых асаблівасцей узаемнага ўплыву дзяцей і дарослых, мінулага, сучаснасці і будучыні. Вылучаюць розныя формы Т.: марфалагічную (выяўляе марфал. будову пэўнай сістэмы — біялагічнай, лінгвістычнай і інш.); структурную (выяўляе ўнутр. сувязі і інварыянтныя адносіны ў дынаміцы сістэм); параўнальна-гістарычную, або працэсуальную (арыентавана на апісанне і інтэрпрэтацыю сістэм у іх развіцці і ў кантэксце канкрэтна-гіст. умоў); генетычную (даследуе і тлумачыць паслядоўныя ступені генезісу дадзенай сістэмы); ідэалізуючую — як спосаб канструявання ідэальных тыпаў, што ўяўляюць сабой якасную разнастайнасць аб’ектаў даследавання толькі ў абстрактнай, «чыстай» форме (гл.Ідэальных тыпаў тэорыя). Выкарыстоўваецца Т. з мэтай параўнальнага вывучэння істотных прыкмет, сувязей, функцый, адносін, узроўняў арганізацыі аб’ектаў. Асн. лагічныя формы, якія выкарыстоўвае Т., — тып, класіфікацыя, сістэматыка, таксаномія.