АЛА́ШСКАЕ ПЛАТО́,

у горнай сістэме Зах. Саянаў, на Пд Сібіры. Выш. да 3129 м (г. Бай-Тайга). Складзена пераважна з метамарфізаваных алеўралітаў, сланцаў, пясчанікаў і кангламератаў. Расчлянёна глыбокімі рачнымі далінамі са стромкімі скалістымі схіламі. На міжрэччах камяністыя стэпы; асобныя гальцовыя вяршыні; на схілах лістоўнічна-кедравыя лясы.

т. 1, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРА́Р-ІФАРА́С (франц. Adrar des Iforas),

Іфарас, пустыннае пласкагор’е на Пд Сахары, пераважна ў Малі. Сярэднія выш. 700 м, найб. да 1000 м. Складзена са стараж. гранітаў. Уздоўж сухіх далін (уэдаў), якія праразаюць масіў, апустыненыя саванны з зараснікамі акацый, ксерафітных злакаў, на вяршынях — горныя пустыні. Рэдкія аазісы.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫРО́НДАК (Adirondack),

горны масіў у сістэме Апалачаў, у ЗША. Выш. да 1628 м (г. Марсі). Рэльеф сярэднягорны са згладжанымі ледавіковымі формамі. Складзены з крышт. пародаў. Шмат азёраў, горных рэк. На схілах хваёвыя і мяшаныя лясы. Раён турызму. Курорт Лейк-Плэсід, цэнтр Зімовых Алімпійскіх гульняў (1932, 1980).

т. 1, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМІ́РАВАННЕ (ад лац. armare умацоўваць, забяспечваць),

умацаванне матэрыялу ці канструкцыі інш. матэрыялам. Выкарыстоўваецца пры вырабе жалезабетонных і каменных канструкцый (гл. Армакаменныя канструкцыі, Армацэментавыя канструкцыі, Жалезабетонныя канструкцыі), вырабаў са шкла (гл. Арміраванае шкло), пластмасаў, керамікі, гіпсу і г.д. (гл. Арміраваныя матэрыялы). Пашыраны кампазіцыйныя матэрыялы, арміраваныя высокатрывалымі валокнамі.

т. 1, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАМА́Т (франц. diplomate),

службовая асоба ўстановы органаў знешніх зносін дзяржавы або дыпламатычнага прадстаўніцтва дзяржавы за мяжой. У адпаведнасці са сваім статусам прымае непасрэдны ўдзел у ажыццяўленні функцый у галіне афіц. кантактаў з замежнымі дзяржавамі, мае дыпламатычны ранг або клас дыпламатычны і, як правіла, карыстаецца дыпламат. імунітэтам.

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАШЫ́Ш,

наркотык, які атрымліваюць са смалы жаночага суквецця інд. канапель. Належыць да групы галюцынагенаў. Пры ўвядзенні ў арганізм чалавека выклікае парушэнні функцый ц. н. с., суправаджаецца галюцынацыямі і інш. змяненнямі псіхічнай дзейнасці. Выкарыстанне, захоўванне гашышу і развядзенне інд. канапель у большасці краін і на Беларусі забаронены.

т. 5, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СТАЎ IV Адольф

(Gustaf IV Adolf; 1.11.1778, Стакгольм — 7.2.1837),

кароль Швецыі [1792—1809]. З дынастыі Готарпаў. Дэспатычны характар праўлення Густава IV, а таксама паражэнне Швецыі ў войнах з Францыяй (1805—07) і Расіяй (1808—09) прывялі да звяржэння яго рыксдагам у сак. 1809, у снеж. 1809 выгнаны са Швецыі.

т. 5, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАРО́ТНАЕ ВОДАКАРЫСТА́ННЕ,

сістэма водазабеспячэння са шматразовым выкарыстаннем вады на гасп. мэты; элемент безадходнай тэхналогіі. Укараняецца ў вытв-сць для эканоміі водных рэсурсаў і памяншэння скідвання забруджаных сцёкавых вод. Пашырана ў вытв. працэсах цеплаэнергетыкі, хім., нафтаперапрацоўчай, маш.-буд. прам-сці, дзе вада выкарыстоўваецца для ахаладжэння, прамыўкі, пераўтварэння, гідратранспарціроўкі.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЧА́Н,

у старажытнасці і сярэдневякоўі футарал ці сумка для захоўвання і нашэння стрэл або кароткіх кідальных коп’яў. Вырабляўся са скуры, дрэва, пазней з металу, аздабляўся шыццём і метал. бляхамі. Звычайна воін, узброены лукам, насіў К. з правага боку; К. з коп’ямі мацаваўся да пояса з левага боку.

т. 7, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІО́, Клія,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адна з дзевяці алімп. муз. Дачка Зеўса і Мнемасіны, муза, якая ўслаўляе. З эліністычнага часу лічылася музай гісторыі; яе ўяўлялі ў выглядзе жанчыны са скруткам і грыфельнай палачкай у руках.

Кліо. Рымская мармуровая копія з грэч. арыгінала 3—2 ст. да н.э.

т. 8, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)