пасля́, прысл. і прыназ.

1. прысл. Потым, пазней некаторага тэрміну. Спачатку гром грымеў у далях і хмарай хмарыўся заход, пасля вятры затанцавалі — то навальніца йшла ў паход. Машара. Ліпкая дрымота агарнула яго [Ракуцьку], а пасля ён і прыснуў трохі. Чорны.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «пасля» выражае часавыя адносіны; ужываецца пры назвах адрэзкаў часу, падзей, з’яў, услед за якімі, пазней якіх што‑н. адбываецца. Мароз быў добры, пара была пасля новага года. Чорны. Дзве дачкі адразу ж пасля вызвалення паехалі ў горад канчаць вучобу. Шамякін. Яны вячэралі ўдзвёх, і пасля гэтага зрабілася яшчэ цяплей па сэрцы. Брыль. // Пазней, па ад’ездзе, адыходзе або сканчэнні тэрміну існавання чаго‑н. А пасля дзірваноў, Неўзабаве, па часе — Голад выслаў на вёскі Заклапочаны бог. Броўка. Уладысь пасля бальніцы ачуняў скора. Скрыган.

•••

Пасля таго, калі (у знач. падпарадкавальнага злучніка); пасля таго, як (у знач. падпарадкавальнага злучніка) гл. той.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пустацве́т, ‑у, М ‑цвеце, м.

1. Кветка, якая не дае плода. Пчала — гэта не толькі фабрыка мёду, а і добрая прыбаўка ўраджаю: там, дзе яна садзіцца на кветку, не бывае пустацвету. Якімовіч. / у знач. зб. «— Будзе садавіны ў гэтым годзе, — з задавальненнем думаў дзед Ігнат, — пустацвету амаль .. няма...» Васілевіч. [Яблыні] зацвіталі часта, здаралася, што і ўвосень давалі цвет, а яблыкаў усё не было. І толькі нядаўна, у самыя апошнія гады, кончыўся пустацвет... Чыгрынаў.

2. перан. Чалавек, дзейнасць якога не прыносіць карысці людзям, грамадству. — Ты чуў калі, што значыць слова жыта? Не? Жыццё, сын! — А нахлебнік — пустацвет заўсёды. Карпаў. // Пра тое, што не прыносіць ніякай карысці, не мае значэння. Словы падбіраліся хутка, імкліва, і сярод іх на дзіва мала траплялася пустацветаў або сказаных не да месца. Кулакоўскі. У навелістыцы апошняга часу на кожны ўдалы твор прыпадае, мабыць, не меней за пяць пустацветаў. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развярэ́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Дакрануўшыся, дакранаючыся, выклікаць або ўзмацніць боль; раздражніць (рану, балючае месца). Развярэдзіць вольку. □ Выклаў .. [Слесарэнка] усе сілы, што былі, без астатку, развярэдзіў рану — і ад гэтага балелі не толькі рука, а і плячо, і ўвесь левы бок. Бураўкін.

2. перан. Растрывожыць, расхваляваць (душу, сэрца). Успаміны развярэдзілі мне памяць. Лойка. Я не хацеў ужо быць сур’ёзным, бо ведаў: развярэджу зноў і сабе і Марце душу, і мы зноў расстанемся нездаволеныя адно адным. Сачанка. // Узбудзіць, узмацніць (якое‑н. пачуццё, жаданне і пад.). [Леанід Ахрэмавіч:] — Што пісьмо... Яно толькі крышку развярэдзіла думкі, што ўзнікалі і раней. Хадкевіч. Прайшла з цягам часу, развеялася тая горыч, здавалася, вось ужо і забыта ўсё, дык дзе там: развярэдзіў старое сённяшні дзень. М. Стральцоў. // Абудзіць да якой‑н. дзейнасці; разварушыць, падбіць на што‑н. [Агітатары з горада] развярэдзілі мужыкоў, раззлавалі іх, а пасля разам з імі рушылі ў маёнтак. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэйд ​1, ‑а, М ‑дзе, м.

Месца стаянкі суднаў на якары каля берага. У порт Дзіксан мы не заходзілі, таму што наш карабель меў у запасе і ваду, і паліва, і прадукты. Мы сталі на рэйдзе. Бяганская. Не стаіць ён [карабель] на рэйдзе пры гавані, Хоць наперадзе шторм або шквал, А заўжды ў кругасветным ён плаванні Сярод рыфаў падводных і скал. Аўрамчык.

[Гал. rede.]

рэйд ​2, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Пранікненне войск, звычайна конніцы або партызанскіх атрадаў, у глыб варожай тэрыторыі з якой‑н. баявой мэтай. Хутка танкі прарваліся ў варожы тыл. Гэта быў першы глыбокі рэйд у баявым жыцці Шутава. Мележ.

2. Нечаканая рэвізія, праверка, якая праводзіцца групай актывістаў па заданню грамадскіх арганізацыя. Асталося зусім мала часу да канца перапынку, а трэба паспець арганізаваць спрытную брыгаду, каб увечары адправіцца ў рэйд. Якасць. Вось чаго будзе дамагацца камсамольская брыгада ад рудніка. Мікуліч.

[Англ. raid.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Вельмі ўважліва, напружана глядзець куды‑н., на каго‑, што‑н.; углядацца. Карней Пятровіч прыстаўляе да вачэй руку і ўзіраецца ўдалеч. Даніленка. Час ад часу хлопчык адрываўся ад работы і пільна ўзіраўся ў бок вёскі: ці не ідзе хто чужы да іх. Курто. Усе бедавалі, войкалі, скрыжаваўшы рукі на грудзях, узіраліся ў дзіця. Марціновіч. Пятро Фёдаравіч задумаўся і доўга ўзіраўся на дарогу, выціраючы рукою запацелае шкло. Пташнікаў. / у перан. ужыв. У будучнасць людзі ўзіраюцца смела. Купала. // Пазіраць за кім‑н., прыглядацца да каго‑н. [Шыковіч] пачаў узірацца ў твары людзей, ён здаўна любіў гэтую гульню: адгадваць прафесію чалавека і чым ён заклапочаны ў той момант. Шамякін.

2. Разглядаць сябе ў чым‑н., глядзецца ў што‑н. Станіслаў праз сілу ўзнімаецца з крэсла, падыходзіць да шафы і, раней чым адчыніць яе, узіраецца ў люстраныя дзверы. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ху́ткасць, ‑і, ж.

1. Ступень скорасці руху каго‑, чаго‑н. або распаўсюджання чаго‑н. Хуткасць палёту. Хуткасць святла. Хуткасць гуку. □ Ехалі з хуткасцю шэсцьдзесят кіламетраў у гадзіну. Гурскі. Поезд раптам здрыгануўся, зноў заляскаў буферамі, .. а потым марудна пачаў набіраць хуткасць. Кулакоўскі.

2. Ступень скорасці, з якой адбываецца якое‑н. дзеянне, працэс. Хуткасць рэзання. Хуткасць стральбы. □ Асаблівы непакой выклікаў той факт, што хуткасць асядання такой вялікай плошчы паверхні зямлі ўсё больш і больш паскараецца. Матрунёнак.

3. Ступень скорасці дастаўкі грузаў. Адправіць груз малой хуткасцю.

4. Ступень скорасці руху або вярчэння некаторых машын, якая залежыць ад парадку ўзаемадзеяння дэталей каробкі скорасцей. Уключыць хуткасць. □ [Ячны:] — Эй ты, Ластаўка! Трэцюю хуткасць уключым. Пайшла!.. Брыль. Так, ці даўно.. [Чыкуноў] як аб вялікім дасягненні пісаў вось аб гэтай канструкцыі механізма пераключэння хуткасці станка? Васілёнак.

5. У механіцы — адносіны пройдзенага целам шляху да адпаведнага прамежку часу. Раўнамерная хуткасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рабі́навая ноч ’летняя ноч з громам, маланкай, дажджом’ (ТСБМ), ’навальнічная ноч у канцы лета’ (Ян.), рабі́нная ноч ’тс’ (Мат. Гом.), рабі́нова (рабі́на) ноч ’тс’ (ТС), укр. гороби́на ніч ’ноч з моцнай навальніцай’, рус. дыял. ряби́новая ночь, араби́новая ночь ’душная летняя ноч з зарніцамі’, ’навальнічная ноч’. Выраз вядомы толькі ўсходнім славянам. Упершыню засведчаны ў спісах XV ст. “Аповесці мінулых гадоў” як рѩбинаѩ ночь: И бывши нощи рябинои, быстъ тма, и гром шибаше и дождь. Німчук лічыць, што першы член выраза — гэта прыналежны прыметнік ад стараж.-рус. (о)рябъ, (о)рябь (< прасл. *rębъ ’курапатка’), гл. рабчык, які з цягам часу перастаў суадносіцца з назвай птушкі і быў рээтымалагізаваны шляхам збліжэння са словам рабіна або верабей (Німчук, Давньорус., 161–163). Малаверагоднай падаецца версія Даля пра сувязь з назвай дрэва (гл. рабіна), бо ў гэты час цвіце рабіна (Даль₃, 1775–1776). Па меркаванні іншых навукоўцаў назва звязана з рабы́ і роднаснымі і.-е. назвамі колеру і матывавана ўяўленнямі пра “рабую, стракатую” ад успыхваючых маланак у летнюю ноч (Брукнер, 451; Агапкина, Топорков, СіБФ, 1989, 230–253; Фінкель, ВЯ, 1956, 4, 92). Можна прапанаваць версію аб балтыйскім паходжанні назвы, параўн. літ. rabė́ti, rãbinti ’стукаць, грукатаць’, лат. grabinãt ’стукаць, удараць’, rībināt ’грукатаць (пра гром)’. Агляд версій гл. Фасмер, 3, 535; Будзішэўска, SOr, 39, 3–4, 275; Жураўлёў, Язык и миф, 522–524; Слав. др., 1, 433–434.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сядзе́ць ’займаць сядзячае становішча’, ’знаходзіцца, праводзіць час’, ’быць у зняволенні’, ’размяшчацца дзе-небудзь’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сцяшк., Ласт., Стан., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’кватараваць’ (узд., Жд. 1), седе́ті ’сяліцца, жыць’ (пін., З нар. сл.), ст.-бел. сѣдѣти, седѣти, седети ’тс’ (Альтбаўэр), сѣдѣти, седети ’пасяляцца, жыць, пражываць’, ’валодаць выдзеленым надзелам зямлі’ (Статут 1529 г., гл. Мацкевіч, Грынавецкене, ЖНС, 206 і наст.). Укр. сиді́ти, рус. сиде́ть, польск. siedzieć, в.-луж. sedźeć, н.-луж. sejźeś, чэш. sedět, славац. sedieť, серб.-харв. дыял. сјѐдити, славен. sẹdéti, балг. седя́, макед. седи. Прасл. *sěděti, *sědi̯ǫ адпавядае літ. sėdė́t, лат. sêdêr, гоц. sitan, ст.-ісл. sitja ’сядзець; жыць’; балта-славянскія формы з доўгім галосным у корані адпавядаюць гоц. прош. часу sētun < і.-е. *sēd‑, параўн. яшчэ ст.-інд. sídati ’ён сядзіць’, лац. sīdō ’саджуся’, якія ўзыходзяць да рэдуплікаванага *sizd‑ (Вальдэ-Гофман, 2, 509). Чэшскія і лужыцкія формы (без даўгаты) адпавядаюць лац. sedēre ’сядзець’ (Шустар-Шэўц, 1280). Фартунатаў (KZ, 36, 50) рускае і ўкраінскае *сидѣти < *sěděti тлумачыць як вынік асіміляцыі ў 2‑й і 3‑й ас. адз. л.: *sědiši, *sěditъ; у беларускіх формах Карскі (1, 226) бачыць захаванне старога стану. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 618; Бязлай, 3, 222; Махэк₂, 539; Борысь, 545–546; ЕСУМ, 5, 226–227; Шаўр, Studia Etym. Brun., 3, 367 (скарачэнне праславянскай даўгаты лічыць другаснай з’явай з мэтай пазбыцца аманіміі з адпрыметнікавым дзеясловам ад *sěd‑ ’сівы’). Гл. сесці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

space​1 [speɪs] n.

1. праме́жак, ме́сца, інтэрва́л;

type single/double space друкава́ць праз адзі́н інтэрва́л/два́ інтэрва́лы;

There is a space here for your signature. Вось месца для подпісу.

2. пло́шча, ме́сца, прасто́ра;

a space of ten feet адле́гласць у дзе́сяць фу́таў;

clear a space for smth. пакі́нуць ме́сца для чаго́-н.;

a parking space ме́сца для стая́нкі (машын);

There isn’t much space left. Засталося мала месца.

3. прасто́ра, абша́р, ко́смас;

open/deep space адкры́ты ко́смас;

a space flight касмі́чны палёт

4. перы́яд ча́су;

in the space of a year на праця́гу аднаго́ го́да;

I have a space in my time-table. Я маю фортку ў раскладзе.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

spread​1 [spred] n.

1. праця́гласць, разма́х, шырыня́;

a spread of 100 years перы́яд ча́су ў 100 гадо́ў;

The birds’ wings have a spread of three feet. Крылы гэтых птушак маюць размах у тры футы.

2. распаўсю́джанне; рост, павелічэ́нне;

the spread of disease распаўсю́джанне хваро́бы

3. разваро́т (кнігі, газеты); газе́тны матэрыя́л (пададзены на развароце);

a double-page spread матэрыя́л на дзве старо́нкі (у газеце, часопісе і да т.п.)

4. infml на кры́ты стол;

give a royal spread to smb. пачастава́ць каго́-н. па-карале́ўску

5. насто́льніца, абру́с; прасціна́

6. па́ста; ма́сла, джэм, паштэ́т і да т.п.;

a cheese spread мя́ккі сыро́к (плаўлены);

herring spread ру́блены селядзе́ц

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)