храмасомны набор, сукупнасць адзнак храмасом (іх колькасць, памер, форма), характэрных для дадзенага віду. Нязменнасць К. падтрымліваецца заканамернасцямі дзялення ядра клеткі (мітозам — для аднаго арганізма і меёзам — у межах віду). Змена адбываецца праз геномныя і храмасомныя мутацыі. Дакладна ідэнтыфікавана каля 1500 генаў чалавека (1—5% ад іх агульнай колькасці). Апісанне храмасомнага набору ўключае падлік колькасці храмасом. марфаметрыю, ідэнтыфікацыю цэнтрамеры, ядзерцавага арганізатара, спадарожніка і інш. Параўнальны аналіз К. выкарыстоўваецца ў сістэматыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́НДАЛ ((Kendall) Генры Уэй) (9.12.1926, г. Бостан, ЗША — 15.2.1999),
амерыканскі фізік і грамадскі дзеяч. Чл.Нац.АН ЗША (1992). З 1961 у Масачусецкім тэхнал. ун-це. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц і высокіх энергій. Даследаваў глыбоканяпругкае рассеянне электронаў на пратонах, дэйтронах і цяжкіх ядрах. Эксперыментальна пацвердзіў існаванне кваркаў (1968). Зрабіў значны уклад у развіццё сістэм кантролю за распаўсюджваннем узбраенняў і тэхнагенным уздзеяннем на прыроду і здароўе чалавека. Нобелеўская прэмія 1990 (разам з Дж.Фрыдманам, Р.Тэйларам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫЕ́НКА (Зінаіда Міхайлаўна) (н. 9.7.1933, г. Махачкала, Дагестан),
расійская кінаактрыса. Нар.арт. Расіі (1977).
Скончыла Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1958). Акцёрскае майстэрства вызначаецца эмацыянальнай напружанасцю, драматычнай насычанасцю ў спалучэнні з тонкім лірызмам. Сярод роляў: Наталля («Ціхі Дон», 1957—58), Кацярына («Паэма пра мора», 1958), Ірына («Лёс чалавека», 1959), Марыя («Аповесць палымяных гадоў», 1961), Ефрасіння Дзяругіна ў фільмах «Любоў зямная» (1975) і «Лёс» (1978; Дзярж. прэмія СССР і Залаты медаль імя Даўжэнкі 1979), Аляксандра Пераганец («Яны былі акцёрамі», 1981).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РТЫЕЎ О́РГАН,
перыферыйны рэцэптар слыхавога аналізатара млекакормячых і чалавека. Апісаны італьян. гістолагам А.Корты (1851). Знаходзіцца на асн. перапонцы ўнутр. вуха і складаецца з унутр. і вонкавых валасковых і апорных клетак. Да валасковых клетак падыходзяць нерв. канцы слыхавога нерва. Розныя па вышыні гукавыя ваганні ўспрымаюцца рознымі аддзеламі К.о.: высокія частоты — у ніжніх аддзелах уліткі, нізкія — у верхніх. Пераўтварае гукавыя хвалі ў біяэлектрычныя (нервовыя) імпульсы, якія па слыхавым нерве перадаюцца ў ц. н. с.Гл. таксама Вуха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЫ́НАЯ СЛЕПАТА́, начная слепата,
парушэнне зроку ў чалавека пры слабым асвятленні (змярканне, ноч, штучнае зацямненне). Бывае ад арганічных або функцыянальных змен у зрокавым пурпуры, пры парушэннях утварэння і распаду зрокавага пігменту радапсіну ў палачках сятчаткі вока.
Адрозніваюць сімптаматычную К.с. (пры арган. хваробах вока і хваробах зрокавага нерва, пры глаўкоме), функцыянальную (пры нястачы вітамінаў A, B2, PP) і прыроджаную (пры пігментнай дэгенерацыі сятчаткі). Лячэнне: прэпараты вітамінаў A, B1 B2, C, PP, харчаванне, багатае на гэтыя вітаміны. карацін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЭ́РЫ ((Carey) Генры Чарлз) (15.12.1793—13.10.1879),
амерыканскі эканаміст, адзін з аўтараў гармоніі інтарэсаў тэорыі. Выступаў супраць эканам. лібералізму, абгрунтоўваў неабходнасць ажыццяўлення палітыкі пратэкцыянізму, якая забяспечвае магчымасць кожнай краіне дасягнуць эканам. самадастатковасці. Лічыў, што законы прыроды ў стане забяспечваць пастаянны эканам. прагрэс і што паліт. эканомія павінна вывучаць адносіны чалавека да прыроды. Адмаўляў тэорыю вартасці і тэорыю рэнты Д.Рыкарда, атаясамліваў рэнту з працэнтамі на ўкладзены капітал. Асн. працы: «Прынцыпы палітычнай эканоміі» (т. 1—3, 1837—40), «Гармонія інтарэсаў...» (1851).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МБЛІІ, жыярдыі (Lamblia, Giardia),
род паразітычных прасцейшых падтыпу жгуцікавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ўсюды. Паразітуюць у кішэчніку млекакормячых (грызуны, трусы), птушак, паўзуноў і земнаводных. У чалавека (пераважна ў дзяцей) адзначаецца Л. кішачная (L. intestinalis) — узбуджальнік лямбліёзу.
У жыццёвым цыкле 2 стадыі: вегетатыўная (трафазоіт) і цыста. Даўж. трафазоіта да 30, шыр. да 8 мкм, цела грушападобнае, двухбаковасіметрычнае. 4 пары жгуцікаў, 2 ядры. 2 апорныя стрыжнёвыя пласцінкі. Цыста даўж. да 13, шыр. да 9 мкм. Размнажаюцца дзяленнем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛОЧНАКІ́СЛЫЯ БАКТЭ́РЫІ,
узбуджальнікі малочнакіслага браджэння. Развіваюцца на складаным пажыўным асяроддзі. Трапляюцца ў малацэ і малочных прадуктах, на раслінах і раслінных рэштках, у кішэчніку чалавека і жывёл.
Бясспоравыя грамстаноўчыя палачкі і кокі. Факультатыўныя анаэробы. Гомаферментатыўныя М.б. расшчапляюць цукры пераважна да малочнай к-ты і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці кісламалочных прадуктаў, малочнай кіслаты, гетэраферментатыўныя ўтвараюць таксама воцатную к-ту, спірты, эфіры, удзельнічаюць у працэсах сіласавання кармоў, квашанні капусты, выкарыстоўваюцца ў вытв-сці дэкстранаў (для заменнікаў плазмы крыві). Гл. таксама Лактабацылы.
расійскі спявак (бас). Нар.арт.СССР (1981). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1960). У 1959—89 саліст Марыінскага т-ра. Сярод партый: Дасіфей, Варлаам («Хаваншчына», «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Грозны («Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Пётр I («Пётр I» А.Пятрова), Бястужаў і Мікалай I («Дзекабрысты» Ю.Шапорына), Андрэй Сакалоў («Лёс чалавека» І.Дзяржынскага), Важак («Аптымістычная трагедыя» А.Холмінава). Дзярж. прэмія Расіі 1974. Дзярж. прэмія СССР 1976.