(12.7.1916, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 6.7.1975),
бел. гісторык. Д-ргіст.н., праф. (1966). Чл.-кар.АПНСССР (1968). Скончыў БДУ (1946), працаваў там выкладчыкам, заг. кафедры гісторыі СССР (1950—58), гісторыі БССР (з 1958). Вывучаў рус.-бел. адносіны ў 2-й пал. 16—17 ст., нац.-вызв. і антыфеад. барацьбу нар. мас Беларусі ў 17 ст. Пачатковы перыяд гісторыі Беларусі разглядаў як агульны этап гісторыі старажытнай Русі, асобныя факты і падзеі ацэньваў з вульгарна-сацыялагічных пазіцый. Сабраў вялікі матэрыял пра перасяленне беларусаў у Маскву і Замаскварэцкі край у 2-й пал. 17 ст., якое не заўсёды абгрунтавана лічыў добраахвотным. Звярнуў увагу на значны бел. элемент у развіцці культуры Масквы ў 2-й пал. 17 ст. Прыхільнік унітарнай канцэпцыі аб’яднання ўсходнеславянскіх народаў вакол Масквы і Маскоўскай дзяржавы. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1—2, 1954—61; т. 1—5, 1972—75).
Тв.:
Белорусы в Москве XVII в.: Из истории рус.-бел. связей. Мн., 1957;
Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЫШО́К (Cynara),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 12 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і і на Канарскіх а-вах. У культуры 2 блізкія віды — артышок кардон, або іспанскі (C. cardunculus), і сапраўдны, або калючы (C. scolymus). Як харч., кармавыя і дэкар. расліны вырошчваюць у Паўд. Еўропе, на Пд Расіі, на Украіне. На Беларусі артышок сапраўдны ёсць у калекцыі Цэнтр.бат. сада АН. Размнажаюць насеннем і атожылкамі. У сярэдняй паласе вырошчваюць як аднагадовую культуру расадным метадам.
Шматгадовыя травяністыя расліны. Сцябло галінастае, прамое, выш. 0,5—1 м. Лісце буйное, лопасцевае або перыстарассечанае. Трубчастыя фіялетавыя, сінія або белыя кветкі сабраны ў буйны кошык дыям. да 10 см. Сакавітыя нераскрытыя кошыкі з мясістым кветаложам (маюць да 3% бялку, 7—15% вугляводаў, 3—11 мг% вітаміну С, 0,4 мг% караціну, вітаміны B1 і B2, правітамін артышок, цукар, інулін), ачышчаныя чаранкі, галоўныя жылкі лісця і карані спажываюць вараныя і кансерваваныя (далікатэсная страва). У насенні каля 30% тлушчу, прыдатнае на корм птушкам. Стымулявальны і дыўрэтычны лек. сродак; ужываюць пры дыябеце, атэрасклерозе, хваробах печані; плады — проціяддзе опіуму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХВА (Мікалай Сямёнавіч) (24.11.1902, в. Баруны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобласці — 16.7.1990),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, гісторык. Засл. работнік культуры Беларусі (1981). З 1923 у апараце ЦКВЛКСМ. У 1924 старшыня Часовага Бел. Бюро ЦК РКСМ, 1-ы сакратар ЦК КСМБ, чл.ЦВКБССР. З 1925 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар Віленскага акр.к-та, чл.ЦККПЗБ. У 1926 арыштаваны і на 5 гадоў зняволены ў турмах Польшчы. У 1934—35 узначальваў Краявы сакратарыят ЦККПЗБ. З 1935 чл. Бюро, з 1936 прадстаўнік ЦККПЗБ пры арганізац. апараце ЦК КПП у Празе. З 1939 у СССР. У Вял.Айч. вайну ў 1944 у Войску Польскім. З 1945 у апараце Мін-ва грамадскай бяспекі ПНР. У 1956—84 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ. Складальнік зборнікаў дакументаў, аўтар успамінаў і даследаванняў па гісторыі рэв. руху ў Зах. Беларусі, у т. л. калектыўнай манаграфіі «Рэвалюцыйны шлях Кампартыі Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.)» (1966).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛІЦА,
вёска ў Лідскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на Пд ад г. Ліда, 140 км ад Гродна, 9 км ад чыг. ст. Нёман, на шашы Ліда—Слонім. 3079 ж., 1214 двароў (1995).
Вядома з 15 ст. як велікакняжацкае і прыватнае ўладанне. З 1486 мястэчка. У канцы 15 — пач. 16 ст. цэнтр староства і павета. У 1553 М.Радзівіл Руды заснаваў у Беліцы кальвінскі збор, тут праходзілі кальвінісцкія сіноды. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Лідскім пав. У 1886 цэнтр воласці, 883 ж., 100 двароў. З 1921 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Лідскім р-не. У Вял.Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі. У 1970 у Беліцы 913 ж., 285 двароў.
У вёсцы сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, хлебапякарня, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі драўлянага дойлідства — капліца (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква (пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянкі мезаліту, неаліту і бронзавага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РШТЫ,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. на р. Котра і на беразе воз. Берштаўскае. Цэнтр сельсавета і дапаможнай гаспадаркі «Бершты» Гродзенскага ВА «Хваля». За 44 км на ПнЗ ад Шчучына, 55 км ад Гродна, 21 км ад чыг. ст. Парэчча. 240 ж., 110 двароў (1995).
Упершыню ўпамінаецца пад 1460. У 15—16 ст. тут быў двор вял. князёў ВКЛ, у 1496 адбыўся сойм ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1886 — 936 ж., 117 двароў, нар. вучылішча, фельчарскі пункт. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі. У 1970 у Берштах 387 ж, 140 двароў.
У вёсцы базавая школа, клуб, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік драўлянага дойлідства 19 ст. — царква. Каля Берштаў выяўлены стаянкі мезаліту, нёманскай культуры неаліту і бронзавага веку. У 1889 каля Берштаў знойдзены адзін з найб. манетных скарбаў 17 ст. на Беларусі (каля 6 тыс. манет).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РВАЛЬ,
вёска ў Глыбаўскім с/с Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. За 25 км ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 75 км ад Гомеля. 240 ж., 130 двароў (1997).
Паводле археал. звестак, паселішча ў Горвалі існавала ў 12—13 ст. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1503 як мястэчка. У розныя часы належала Манівідам, Сангушкам, Віленскаму капітулу, Халадоўскім, дзярж. ўласнасць. У 1535 спалена рус. войскамі, у 1654 — укр. казакамі І.Н.Залатарэнкі. У 16 — 18 ст. існаваў Горвальскі замак. З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, з 1861 цэнтр воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1892 — 2146 ж. У 1926—27 цэнтр Горвальскага раёна. У Вял.Айч. вайну ў ліп. 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі Горваль і загубілі 93 яе жыхароў. 19.11.1943 партызаны разграмілі каля Горваля гітлераўскую часць і ўтрымлівалі вёску да падыходу Чырв. Арміі (гл.Горвальская аперацыя 1943). Пасля вайны адноўлена.
Клуб, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. На тэр. вёскі выяўлена стаянка эпохі неаліту, каля вёскі — гарадзішча мілаградскай і зарубінецкай культуры і эпохі Кіеўскай Русі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДАГА́Й,
пасёлак і чыг. станцыя ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Астравец—Ашмяны. Цэнтр сельсавета. За 5 км на ПдЗ ад Астраўца, 197 км ад Гродна. 987 ж., 357 двароў (1997).
Вядомы з канца 16 ст. як паселішча ў маёнтку Астравец-Урбаноўскі. У 17 — 1-й пал. 18 ст. належаў Лакуцеўскім, Скірмунтам, Садоўскім, Козел-Паклеўскім, Войнам. У 1764 сяло, перададзена ордэну кармелітаў, якія да 1832 мелі тут кляштар з цудадзейным абразом Дзевы Марыі (захоўваецца ў касцёле і зараз). З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка, потым сяло ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. У 1874 праз Гудагай пракладзена Лібава-Роменская чыгунка. У 1886 — 117 ж. З 1922 у Польшчы ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1962—65 у Ашмянскім р-не. У 1971 — 1077 жыхароў.
Аптова-гандл. база і нарыхтоўчая кантора райспажыўсаюза. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. ваеннапалонных. Помнік архітэктуры — касцёл Маці Божай (1764).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЎПА,
вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Ваўпянка. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 30 км на Пн ад г. Ваўкавыск, 65 км ад Гродна, 13 км ад чыг. ст. Рось, на аўтадарозе Ваўкавыск—Гродна. 848 ж., 337 двароў (1996).
У 1-й пал. 15 ст. сяло і двор, належала вял.кн.ВКЛ Казіміру IV Ягелончыку, з 1449 — кн. Гальшанскім. У канцы 15 — пач. 16 ст. мястэчка Гарадзенскага пав. У дакументах 16 ст. згадваецца двор Воўпа з замкам і мястэчкам.
З 2-й пал. 16 ст. зноў велікакняжацкае ўладанне. У 1624—1831 належала Сапегам. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1886 цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1893 — 2027 ж. У 1921—39 у Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Ваўкавыскага р-на. У 1965—67 у Мастоўскім р-не. У 1970 — 956 жыхароў.
Каля вёскі Воўпаўская ГЭС. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Помнік архітэктуры — Воўпаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля (1773).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРГІ́НЯ (Dahila),
род кветкавых раслін сям. астравых. 27 відаў. У дзікарослым стане пашыраны ў горных раёнах Мексікі, Гватэмалы, Калумбіі, у культуры — па ўсім зямным шары. На Беларусі культывуюць 2 віды: вяргіня культурная (Dahila cultorum) і вяргіня перыстая (Dahila pinnata), якія выкарыстоўваюць для рабатак, бардзюраў, групавых і адзіночных пасадак.
Шматгадовыя караняклубневыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым унутры пустым сцяблом выш. да 2 м. Лісце супраціўнае, непарнаперыстае, зрэдку суцэльнае, на чаранках. Кветкі двух тыпаў — язычковыя (рознай велічыні, формы і колеру, простыя і махрыстыя, размешчаны па краі) і трубчастыя (дробныя, жоўтыя або карычневыя, у цэнтры суквецця), сабраны ў прыгожыя паніклыя кошыкі 3—35 см у дыяметры. Плод — сямянка. Цвітуць з чэрвеня да замаразкаў. Размнажаюць чаранкамі, дзяленнем клубняў, насеннем. Вядомы шматлікія сарты вяргінь, атрыманыя пераважна гібрыдызацыяй (каля 8 тыс.). Клубні некаторых відаў ядомыя, багатыя крухмалам і інулінам. У калекцыі Цэнтр.бат. саду АН Беларусі больш за 600 сартоў розных селекцыйных груп — пампонавых, каўняровых, шарападобных, анемонападобных, кактусападобных, хрызантэмападобных і інш.; бел. селекцыянерамі выведзены сарты вяргінь: Браслаўскія азёры, Бусел, Вера Харужая, Дзед Талаш, Купальская ноч, Лявоніха, Янка Купала і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫСВЯ́ТЫ,
вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., каля воз. Дрысвяты, на аўтадарозе Відзы—Даўгаўпілс. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 35 км на З ад Браслава, 255 км ад Віцебска, 65 км ад чыг. ст. Друя. 367 ж., 137 двароў (1997).
Упершыню ўпамінаюцца ў дакументах 15 ст. У розны час належалі Радзівілам, Сапегам, Агінскім, Лапацінскім і інш. У 14—17 ст. на востраве воз. Дрысвяты існаваў Дрысвяцкі замак. Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 у Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. Паводле інвентара за 1722, у Д. каля 400 ж., 52 дымы, 25 корчмаў, касцёл, плябанія, царква. У канцы 19 ст. ў мястэчку Д. 205 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. 74 дамы, 375 ж. (1931). З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Відзаўскага р-на. З 1960 у Браслаўскім р-не. 99 двароў, 275 ж. (1971).
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-га, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Дрысвяцкая царква (1908) і Дрысвяцкі Петрапаўлаўскі касцёл (1929). На востраве воз. Дрысвяты археал. помнікі Дрысвяты.