пуантылі́зм

(фр. pointillisme, ад point = кропка)

1) кірунак у заходнееўрапейскім жывапісе канца 19 — пач. 20 ст., для якога была характэрна манера накладваць фарбы мазкамі ў выглядзе кропак або невялікіх рысак;

2) муз. разнавіднасць тэхнікі выканання, калі кожная нота аддзяляецца ад другой паўзай пэўнай працягласці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БІЯТЭХНІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,

1) касмічнага карабля — сукупнасць узаемазвязаных і ўзаемазалежных біял. і тэхн. сістэм ці аб’ектаў. Напр., бартавая біятэхнічная сістэма касм. карабля складаецца з падабранага ў залежнасці ад прызначэння і працягласці палёту біякомплексу і тэхн. сродкаў для забеспячэння аптымальных умоў яго функцыянавання.

У склад біякомплексу ўваходзяць спец. падабраныя ніжэйшыя і вышэйшыя расліны, жывёлы, мікраарганізмы, здольныя выдзяляць кісларод, утылізаваць адходы жыццядзейнасці чалавека, ажыццяўляць узнаўленне прадуктаў харчавання. Удзельнікам біякомплексу з’яўляецца і сам чалавек. Да тэхн. сродкаў адносяцца падсістэмы святло- і энергазабеспячэння, тэрмарэгулявання, блокі рэгенерацыі паветра і вады, мінералізацыі адходаў, касм. аранжарэя, кухня і інш. Біятэхнічная сістэма касм. карабля з’яўляецца замкнутай, калі яна цалкам забяспечвае экіпаж кіслародам, вадой і ежай.

2) Найпрасцейшыя біятэхнічныя сістэмы: электрастымулятар сэрца, маніпулятар для работы з радыеактыўнымі рэчывамі, біяпратэзы.

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЫЁМЕТР (ад лац. vario змяняю + ...метр),

1) авіяцыйны — паказальнік скорасці падняцця і спуску лятальнага апарата. Вымярае рознасць ціскаў паветра ў атмасферы і ўнутры прылады, якая злучана з атмасферай капілярам. Пры гарыз. палёце гэтая рознасць роўная 0.

2) Варыёметр гравітацыйны — прылада для вымярэння змен паскарэння свабоднага падзення. Выкарыстоўваецца ў сейсмалогіі і гравіметрыі.

3) Варыёметр магнітны — прылада для вымярэння часовых змен геамагн. поля. Бывае стацыянарны (у магн. абсерваторыях) і палявы (для магнітаразведачных работ).

4) Варыёметр радыётэхнічны — сістэма дзвюх або больш шпуляў індуктыўнасці, адна з якіх рухомая. Прызначаны для плаўнай змены індуктыўнасці (узаемаіндуктыўнасці). Калі шпулі не злучаны, варыёметр пераўтвараецца ў высокачастотны трансфарматар з пераменнай сувяззю. Выкарыстоўваецца для настройкі тэле- і радыёпрыёмнікаў, выхадных каскадаў генератараў у шырокім дыяпазоне частот, у вымяральных прыладах.

т. 4, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.

Дзейнічаў у Віцебску з 17 ст. па 1820. Езуіты пасяліліся ў Віцебску ў 1639, калі смаленскі ваявода А.​Корвін-Гасеўскі падарыў ім прыстань на Зах. Дзвіне і землі (1 тыс. кв. міль) на Смаленшчыне. Віцебскім езуітам матэрыяльна дапамагаў Аршанскі езуіцкі калегіум, свецкія феадалы ахвяравалі маёнткі. У 1649 езуіты пабудавалі ў Віцебску касцёл, у калегіуме пачалося навучанне, з 1676 існавала муз. бурса. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 Віцебскі езуіцкі калегіум двойчы спыняў дзейнасць, у 1708 будынкі згарэлі. У 1731 адбудаваны. З 1756 пры калегіуме дзейнічалі семінарыя для дзяцей збяднелай шляхты, друкарня, тэатр, аптэка (1697). Закрыты паводле ўказа імператара Аляксандра I ад 13.3.1820 аб высылцы езуітаў з Рас. імперыі.

Т.​Б.​Блінова.

т. 4, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ФЕРНАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,

уласцівасць глебы перашкаджаць змяненню сваёй актыўнай кіслотнасці (pH) пры ўздзеянні кіслот або шчолачаў.

Абумоўлена наяўнасцю ў ёй калоідаў, якія маюць здольныя да абмену іоны: іоны вадароду вызначаюць буфернасць у адносінах да шчолачаў, а іоны асновы — да кіслот. Глебавы раствор валодае буфернай уласцівасцю, калі ў ім ёсць солі моцнай асновы (натрыю, калію, кальцыю) і слабых, пераважна арган. кіслот (гумінавай, вугальнай і інш.), у сумесі са слабай кіслатой, у якой ёсць агульны з соллю аніён. Буфернасць глебы залежыць звычайна ад калоіднай і глеістай фракцый глебы. Найб. буферныя багатыя гумусам глебы цяжкага грануламетрычнага складу: чарназёмныя, тарфяністыя і інш. Расліны адмоўна рэагуюць на рэзкія ваганні pH глебы, таму буфернасць глебы адыгрывае вял. ролю ў іх росце і развіцці; яе можна павысіць унясеннем арган. ўгнаенняў.

т. 3, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

В,

трэцяя літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай («ведзі»). Рознае вымаўленне лац. B і слав. В абумоўлена тым, што лац. алфавіт узнік на аснове грэчаскага (праз пасрэдніцтва этрускага) у 7—6 ст. да н.э., калі β перадавала гук «б», а ў перыяд стварэння слав. алфавіта ў 9 ст. β вымаўлялася грэкамі як «в» і замацавалася ў кірыліцы для перадачы гэтага гуку. Мела лікавае значэнне 2. У сучаснай бел. мове абазначае звонкія губна-зубныя фанемы («в») і («в’»), якія ў адрозненне ад рус. мовы функцыянальна не суадносяцца з губна-зубнымі («ф») і («ф’») і пасля галосных перад зычнымі, а таксама на канцы слоў пераходзяць у «ў» («траўка», «раўнапраўе», «высноў», «любоў»).

А.​М.​Булыка.

т. 3, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ВЕРКА вёска ў Беларусі, у Лідскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПдЗ ад г. Ліда, 91 км ад Гродна, 14 км ад чыг. ст. Курган. 567 ж., 210 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, бальніца, гандл. цэнтр, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Касцёл.

У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1413, калі тут быў заснаваны касцёл. У 15—19 ст. належала Галігінавічам, Юндзілавічам, Касцевічам, Галеўскім, Кастравіцкім і інш. З 1570 мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Мытлянскай вол. Лідскага пав. У 1881 — 73 ж. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета. У 1970 — 248 ж. Магчыма, першапачатковая гісторыя вёскі звязана з летапісным горадам Вевярэск.

т. 3, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАРО́ДНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

від трохцэнтравай хімічнай сувязі тыпу A—H​δ+... B​δ-, якая ўзнікае, калі атам вадароду H адначасова злучаны з двума электраадмоўнымі атамамі A і B. З атамам A (вуглярод, азот, кісларод, сера) вадарод злучаны моцнай кавалентнай сувяззю (A—H​δ+). З атамам B (фтор, кісларод, азот, радзей хлор, сера), які мае непадзельную пару электронаў, утварае дадатковую вадародную сувязь (абазначаецца кропкамі). Вадародная сувязь на парадак слабейшая за кавалентную сувязь.

Атамы A і B могуць належаць адной (унутрымалекулярная вадародная сувязь) і розным малекулам (міжмалекулярная вадародная сувязь). Выклікае асацыяцыю аднолькавых (вада, кіслоты, спірты) ці розных малекул у асацыяты і комплексы, уплывае на крышталізацыю, растварэнне, вызначае структуру бялкоў, нуклеінавых кіслот і інш. біялагічна важных злучэнняў.

І.​В.​Боднар.

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАКЕРЫТАЛЯЧЭ́ННЕ, азакерытатэрапія,

метад гразе- і цеплалячэння, заснаваны на выкарыстанні азакерыту. Асн. спосаб — накладванне аплікацый. Спалучае цеплафіз. (за кошт награвання высокацеплаёмістага азакерыту да пэўнай т-ры) і хім. (за кошт біял. актыўных рэчываў азакерыту) уздзеянні на арганізм. Механізмы ўплыву рэалізуюцца праз рэакцыі мясцовага (паляпшэнне крова- і лімфазвароту, нервовай трофікі, процізапаленчыя, абязбольваючыя і рассысальныя эфекты) і агульнага (рэфлекторна-гумаральныя змены ў дзейнасці асн. фізіял. сістэм) характару. Аптымальны эфект мае, калі цеплавая нагрузка не з’яўляецца для арганізма празмернай і не перакрывае біяхім. змены на малекулярным, субклетачным і клетачным узроўнях. Выкарыстоўваецца пры некаторых захворваннях апорна-рухальнага апарату, вуха, горла, носа, пры траўмах, спайкавых працэсах у брушной поласці, малым тазе і інш. Проціпаказана пры наяўнасці пухлін, актыўных формах туберкулёзу, сардэчна-сасудзістых хваробах, вострых запаленчых працэсах.

т. 1, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛГЕБРАІ́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя, звязаная алгебраічным ураўненнем з незалежнай пераменнай; важнейшая функцыя матэматыкі. Алгебраічная функцыя 𝑓(x) наз. абмежаванай зверху (знізу) на мностве E, калі існуе лік M, што для кожнага x з мноства E выконваецца няроўнасць 𝑓(x) < M[𝑓(x) > M] , напр., функцыя x​2 абмежаваная на адрэзку 0x1. Рацыянальная алгебраічная функцыя атрымліваецца ў выніку канечнага ліку арыфм. аперацый (складання, аднімання, множання і дзялення) над пераменнымі і лікамі, напр., z = 5x2 + 3xy 2y2 , y = 1 + x + x2 1 + x3 ; астатнія алгебраічныя функцыі — ірацыянальныя, якія звычайна неадназначныя, напр., z = x y x2 + y2 , y = 1 + x2 . Агульная тэорыя алгебраічнай функцыі звязана з тэорыяй аналітычных функцый, алгебрай і алгебраічнай геаметрыяй.

т. 1, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)