ГУЛЯ́МЫ (араб. гулям літар. юнак, маладзец, раб),

1) рабы ў сярэдневяковых мусульм. краінах.

2) Пастаянная конная гвардыя ў Абасідаў халіфаце. Стваралася пры халіфе Мамуне [813—833], вербавалася з прывезеных з-за мяжы маладых рабоў пераважна цюрк. Паходжання.

3) Воіны прыдворнай гвардыі ў сярэдневяковых мусульм. дзяржавах (наз. таксама мамлюкі).

4) Радавыя воіны апалчэння ў сярэдневяковай Асманскай імперыі.

5) У Дэлійскім султанаце гвардзейцы-рабы цюрк. паходжання, а таксама іх камандзіры, якія сталі дэлійскімі султанамі (апошнія правілі ў 1206—90-я г.).

т. 5, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВЕ́СТАР (лац. quaestor ад quaero шукаю, вышукваю, вяду следства),

у Старажытным Рыме службовая асоба. У царскую эпоху К. былі суддзямі ў крымін. працэсах, у эпоху рэспублікі — малодшымі магістратамі, памочнікамі консулаў у фін., а да 240 да н. э. і ў суд. справах. У эпоху імперыі наглядалі за машчэннем дарог, арганізацыяй гульняў, абвяшчэннем урадавых указаў і інш. Пасада К. замяшчалася патрыцыямі, з 421 да н. э. стала даступнай плебеям і ператварылася ў 1-ю ступень паліт. кар’еры.

т. 8, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІВАНЕ́ЗЫ,

білонныя і сярэбраныя манеты, чаканеныя ў талернай сістэме ў 1756—57 для Ліфляндскай і Рэвельскай губ. Расійскай імперыі. Выпускаў Красны манетны двор з лацінскімі легендамі і наміналамі: 2 капейкі — ​1/48 Л., 4 капейкі — ​1/24 Л., 24 капейкі — чвэрць Л., 48 капеек — паўліванез, 96 капеек — Л. З выпуску 1756 вядома толькі пробная манета, у 1757 выпушчана двухкапеечнікаў 49 500, чатырохкапеечнікаў 581 858, чвэрць ліванезаў 125 680, паўліванезаў 42 450, Л. 27 000 экз.

В.​С.​Касмылёу.

т. 9, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЕЎСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. на правым беразе Дняпра. Пабудаваны на месцы стараж. паселішча Лоева Гара мілаградскай культуры і гарадзішча 11—13 ст. Меў форму паўкруга дыяметрам каля 125 м, абведзенага земляным валам і ровам.

Замак неаднаразова разбуралі крымскія татары. Апісанне ўмацаванняў Л.з. не захавалася. На карце М.​Струбіча за 1578 пазначана высокая абарончая вежа. Верагодна, тут былі традыцыйныя драўляныя вежы і сцены-гародні. Умацаванні Л.з. існавалі да далучэння Усх. Беларусі да Рас. імперыі.

т. 9, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ БАН (247? — 195 да н.э.),

адзін з кіраўнікоў паўстання 209—206 да н.э. ў Кітаі, заснавальнік дынастыі Хань. Паходзіў з сялян. У 209 далучыўся да паўстання супраць дынастыі Цынь, якое ўзначаліў Чэнь Шэн, пасля яго гібелі (208) камандуючы паўстанцкай арміяй. У 207 заняў сталіцу імперыі г. Сяньян. У 206—202 змагаўся з другім кіраўніком паўстанцаў — Сян Юем. У 202 абвясціў сябе імператарам Гаацзу. Скасаваў жорсткія законы Цынь Шыхуандзі, паменшыў падаткі. Аднавіў практыку раздачы зямель сваім сваякам і паплечнікам.

т. 9, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКГРА́Ф (ням. Markgraf літар. граф маркі),

1) кіраўнік пагран. акругі (маркі) у сярэдневяковых Франкскай дзяржаве (пасада ўведзена Карлам Вялікім) і «Свяшчэннай Рымскай імперыі». М. меў больш паўнамоцтваў (у т. л. пастаянную ваен. ўладу), чым звычайны граф; у буйнейшых марках (маркграфствах) па сваім становішчы ён набліжаўся да герцага. З 12 ст. М. Брандэнбурга, Мейсена, Лужыцы, Маравіі сталі імперскімі князямі (М. Брандэнбурга і Мейсена пазней сталі і курфюрстамі).

2) Адзін з вышэйшых дваранскіх тытулаў у Францыі, Іспаніі, Італіі (гл. Маркіз).

т. 10, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ, ІЗЯСЛА́ЎСКАЕ І БРА́ЦЛАЎСКАЕ ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1793—96. Створана на землях, далучаных у выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). Уключала Мінскую губерню, Ізяслаўскую і Брацлаўскую губ. (паўн.-зах. Украіна). Гал. задачай адміністрацыі былі ўвядзенне рас. грамадзянскага праўлення. На тэр. ген.-губернатарства была ўтворана Мінская, Ізяслаўская і Брацлаўская правасл. епархія (гл. Мінская праваслаўная епархія). Скасавана ў сувязі з новым адм.-тэр. упарадкаваннем пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай.

А.​М.​Філатава.

т. 10, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗІ́Р-ШАХ (Мухамед Афшар) (22.10.1688, Дэрэгёз, Іран — 20.6.1747),

шах Ірана [1736—47]. Паходзіў з цюркскага племя афшар. З 1726 на службе сефевідскага шаха Тахмаспа II, узначальваў паспяховую барацьбу супраць афганцаў і туркаў. У 1732 скінуў Тахмаспа II, у 1736 абвясціў шахам сябе. У выніку серыі захопніцкіх войнаў стварыў вял. імперыю, у склад якой ўвайшлі Закаўказзе, Афганістан, Хівінскае ханства і Бухарскае ханства. У 1739 захапіў і разрабаваў г. Дэлі — сталіцу Магольскай імперыі. Загінуў у выніку змовы ханаў, незадаволеных яго палітыкай.

т. 11, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПО́ЙСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Прапойскае староства,

буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 16—18 ст. З пач. 16 ст. воласцю кіравалі намеснікі, якім звычайна належала і суседняя Чачэрская воласць. Намеснік падпарадкоўваўся віленскаму ваяводу. Паводле адм. рэформы 1565—66 уключана ў Рэчыцкі пав. Менскага ваяв. (ізаляваныя анклавы П.в., верагодна, адносіліся да Аршанскага пав. і Мсціслаўскага ваяв.). У вер. 1772 далучана да Рас. імперыі, неўзабаве падаравана Кацярынай II кн. А.​М.​Галіцыну, пасля чаго ператварылася ў прыватны маёнтак.

В.​Л.​Насевіч.

т. 13, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

свара́дж

(санскр. svaräja = сваё праўленне)

асноўны лозунг нацыянальна-вызваленчага руху ў каланіяльнай Індыі з пач. 20 ст. да 1947 г., які трактаваўся левым крылом руху як заклік да поўнай нацыянальнай незалежнасці, а правым як патрабаванне абмежаванага самакіравання ў рамках Брытанскай імперыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)