СПІЦ (Spitz) Марк (н. 10.2.1950, г. Мадэста, штат Каліфорнія, ЗША),

амерыканскі спартсмен (плаванне). Чэмпіён XIX і XX Алімп. гульняў (1968, Мехіка — у эстафетах 4 × 100 м і 4 × 200 м вольным стылем; 1972, г. Мюнхен, Германія — на дыстанцыях 100 і 200 м вольным стылем, 100 і 200 м батэрфляем, у эстафетах — 4 × 100 м і 4 × 200 м вольным стылем і камбінаванай 4 × 100 м). Сярэбраны прызёр XIX Алімп. гульняў на дыстанцыі 100 м батэрфляем і бронз. прызёр на дыстанцыі 100 м вольным стылем. Рэкардсмен свету (1967—77) на розных дыстанцыях.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 15, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРА́САЎ Анатоль Уладзіміравіч (10.12.1918, Масква — 23.6.1995),

расійскі спартсмен, трэнер; адзін з заснавальнікаў сав. школы хакея з шайбай. Засл. майстар спорту СССР (1949). Засл. трэнер СССР (1957). Канд. пед. н. (1971). Палкоўнік. Чэмпіён СССР (1948, 1949, 1950). У 1947—75 трэнер хакейнай каманды ЦДКА/ЦСКА; у 1948—72 (з перапынкам) — зборнай каманды СССР па хакеі з шайбай, 3-разовага чэмпіёна Алімп. гульняў і 9-разовага — свету.

Тв.:

Тактика хоккея. М., 1963;

Хоккей грядущего. 2 изд М., 1971;

Путь к себе. М., 1974;

Настоящие мужчины хоккея. М., 1987;

Хоккей без тайн. М., 1988.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 15, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУ́ША Васіль Фёдаравіч (н. 30.6.1958, с. Зазім’е Кіеўскай вобл., Украіна),

бел. спартсмен (веславанне акадэмічнае). Майстар спорту СССР міжнар. кл. (1979). Засл. майстар спорту СССР (1984). Скончыў школу трэнераў пры ваен. ін-це фізкультуры (1984, Ленінград). У 1992—97 гал. трэнер па акад. веславанні Спартклуба арміі (Мінск). Сярэбраны прызёр XXII Алімп. гульняў (1980, Масква), бронз. прызёр XXIV Алім. гульняў (1988, Сеул). Сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1982, г. Люцэрн, Швейцарыя), бронз. прызёр (1986, г. Нотынгем, Вялікабрытанія). Пераможца турніру «Дружба-84» (Масква). Пераможца Гульняў добрай волі (1986, Масква). Пераможца Спартакіяды народаў СССР (1983, 1986). 11-разовы чэмпіён СССР.

т. 18, кн. 1, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНКЕ́ВІЧ Аляксей Васілевіч (н. 10.6.1977, г. Віцебск),

бел. спартсмен (гімнастыка спарт.), Засл. майстар спорту Беларусі (2001). З 1995 інструктар-спартсмен Мін-ва спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. Чэмпіён свету (2001, г. Гент, Бельгія) у камандным заліку, сярэбраны (1997, г. Лазана, Швейцарыя) і бронз. (1999, г. Цяньцзінь, Кітай) прызёр у камандным заліку. Бронз. прызёр чэмпіянату свету (2002, г. Дэбрэцэн, Венгрыя) у асабістым заліку ў практыкаваннях на брусах. Бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы (2000, г. Патры, Грэцыя) у камандным заліку і бронз. — у асабістым заліку (брусы). Бронз. прызёр Сусв. універсіяды (2001, Пекін; брусы).

А.​А.​Дубовік.

А.В.Сінкевіч.

т. 18, кн. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РТЫНГ (англ. carting),

гонкі на картах — мікрааўтамабілях без падвескі. Узнік у 1930-я г. ў ЗША. Першыя спарт. карты пабудаваны ў ЗША (1956). Сучасныя карты падзяляюць на 6 міжнар. класаў, на Беларусі да іх далучаны 2 нацыянальныя. Трасы К. вызначаюцца складанай канфігурацыяй з вял. колькасцю паваротаў пераважна малых радыусаў. Першы чэмпіянат свету адбыўся ў Рыме (1964). Камандныя першынствы Еўропы праводзяцца з 1963. На Беларусі спаборніцтвы па К. праводзяцца з 1964. Бел. федэрацыя К. заснавана ў 1993. Бел. спартсмены, пераможцы і прызёры міжнар. і рэсп. спаборніцтваў: А.​Ю.​Кавалік, М.​К.​Маеўскі, М.​В.​Рудзько, І.​А.​Угольнік, А.​А.​Шымакоўскі; Дз.​В.​Цвірко — чэмпіён Беларусі 1995—97.

т. 8, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАФО́НСКІ БЕГ,

бег па шашы на найдаўжэйшую дыстанцыю (42 км 195 м); від лёгкай атлетыкі. Назва ад мястэчка Марафон, адкуль, паводле падання, пасля Марафонскай бітвы (490 да н.э.) грэч. воін-ганец пасланы ў Афіны з весткай аб перамозе над персамі. Не спыняючыся ў дарозе, ён прыбег у горад і, усклікнуўшы «Мы перамаглі», упаў мёртвым. М.б. уключаны ў праграму Алімп. гульняў з 1895 (Афіны; першы алімп. чэмпіён — грэч. спартсмен С.​Луіс). Па М.б. праводзяцца міжнар. спаборніцтвы (Афіны; г. Бостан, ЗША, з 1895; г. Віндзар, Вялікабрытанія; Парыж, з 1976; г. Энсхедэ, Нідэрланды і інш.). Рэкорды (з-за рознага профілю трас) не фіксуюцца.

т. 10, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБА́ЛКА Баляслаў Міхайлавіч (13.11.1928, с. Серабранка Арцёмаўскага р-на Данецкай вобл., Украіна — 13.9.1989),

бел. трэнер (барацьба вольная). Засл. трэнер Беларусі (1961). Засл. трэнер СССР (1964). Суддзя міжнар. катэгорыі. Канд. пед. навук (1968), праф. (1973). Скончыў Цэнтр. ін-т фіз. культуры (1951, Масква). З 1951 у Бел. ін-це фіз. культуры (у 1967—89 заг. кафедры, у 1968—70 прарэктар). У 1969—72 гал. трэнер зборнай каманды СССР па вольнай барацьбе — пераможцы XX Алімп. гульняў (1972, г. Мюнхен, Германія). Сярод выхаванцаў — А.Мядзведзь, чэмпіён СССР У.​Лятун.

Тв.:

Борьба вольная и классическая. Мн., 1960 (разам з М.​Ш.​Мірскім, П.​В.​Грыгор’евым);

Силовая подготовка борца. Мн., 1971.

т. 13, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЯКО́Ў Юрый Цімафеевіч (н. 20.9.1941, с. Новая Калітва Расашанскага р-на Варонежскай вобл., Расія),

бел. спартсмен (фехтаванне на шпагах). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1966). Канд. пед. навук (1977). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1963), з 1973 заг. кафедры ў ім. З 1977 нач. вучэбна-спарт. аддзела Бел. савета фізкультурна-спарт. т-ва «Дынама», у 1981—93 нач. кафедры Вышэйшай школы міліцыі. Сярэбраны прызёр XIX Алімп. гульняў (1968, Мехіка) у камандным заліку. Сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету ў асабістым (1965) і бронз. прызёр у камандным (1966, 1970) заліках. Чэмпіён СССР у асабістым (1966) і камандным (1961, 1964, 1966, 1968, 1972) заліках.

т. 15, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́У (Howe) Гордан (Гордзі) (н. 31.3.1928, Флорэл, Канада),

канадскі і амер. спартсмен (хакей з шайбай). З 1944 у ЗША. Нападаючы клуба Нац. хакейнай лігі (НХЛ) «Дэтройт Рэд Уінгз» (1946—71). Віцэ-прэзідэнт (з 1971), прэзідэнт (з 1973) клуба Сусв. хакейнай асацыяцыі (СХА) «Х’юстан Аэраз», выступаў за гэты клуб у 1973—77; за «Нью Інглэнд Уэлерс» (СХА) — у 1978—80. За ўсю спарт. кар’еру згуляў у 2421 матчы, забіў 1071 шайбу. Чэмпіён НХЛ (1949—55, 1957, 1965), уладальнік Кубка Стэнлі (1950, 1952, 1954, 1955) — гал. прыза сезонаў у НХЛ. Лепшы спартсмен Канады (1963). З 1980 займаецца трэнерска-адм. і прадпрымальніцкай дзейнасцю.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 17, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЛО́Н (ад бі... + грэч. athlon спаборніцтва, барацьба),

від спорту, сучаснае зімовае двухбор’е: камбінацыя лыжнай гонкі са стральбой з вінтоўкі на некалькіх агнявых рубяжах (стоячы і лежачы). Праводзяцца індывід. гонкі на 7,5 і 15 км (жанчыны) і 10 і 20 км (мужчыны); камандныя эстафеты 3 × 7,5 км (жанчыны) і 4 × 7,5 км (мужчыны). У гонках на 15 і 20 км за кожны промах на агнявых рубяжах да асн. часу, які паказаў у гонцы спартсмен, дадаецца 1 штрафная мінута. У гонках на 7,5 і 10 км і ў эстафетах за промахі прадугледжаны штрафныя кругі (да 250 м). У эстафетных гонках пры стральбе прадугледжаны таксама па 3 запасныя патроны.

Біятлон вядомы з 1920-х г. у Скандынавіі і альпійскіх краінах як гонкі ваен. патрулёў з кіданнем гранат і стральбой. У 1950-я г. трансфармаваўся ў сучасны від спорту і стаў пашыраны ў інш. краінах. З 1948 дзейнічае Міжнар. саюз сучаснага пяцібор’я і біятлона (УІМБ). У праграме Алімпійскіх гульняў з 1960, у жанчын з 1992, чэмпіянаты свету з 1958, праводзяцца спаборніцтвы на Кубкі свету, Еўропы.

На Беларусі развіваецца з 1961. Гал. спарт. база — «Раўбічы», дзе праводзіліся чэмпіянаты свету, этапы Кубка свету і інш. міжнар. спаборніцтвы па біятлоне. З бел. майстроў біятлона найб. поспеху дасягнула С.Парамыгіна. У складзе зборнай СССР чэмпіёнамі свету па біятлоне былі бел. спартсмены Ю.​Калмакоў (1974), у спаборніцтвах юніёраў В.​Талкачоў (1969), М.​Правалоцкі (1976). Жаночая каманда Беларусі (І.​Какуева, Парамыгіна, Н.​Пермякова, Н.​Рыжанкова) — чэмпіён свету 1994 у каманднай гонцы, пераможца этапаў Кубка свету. Мужчынская зборная Беларусі (П.​Івашка, А.​Папоў, А.​Рыжанкоў, В.​Сашурын) — чэмпіён свету 1996 у каманднай гонцы.

М.​А.​Дубіцкі.

Да арт. Біятлон. Спартсмены на агнявым рубяжы.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)