ІМУНАГЕНЕ́ТЫКА (ад імунітэт + генетыка),
раздзел імуналогіі, які вывучае генет. абумоўленасць фактараў імунітэту, унутрывідавую разнастайнасць і наследаванне тканкавых антыгенаў, генет. і папуляцыйныя аспекты ўзаемаадносін макра- і мікраарганізма і тканкавую несумяшчальнасць, анта- і філагенез імуннага адказу. Зарадзілася ў пач. 20 ст. ў сувязі з даследаваннямі груп крыві жывёл і чалавека (аўстр. ўрач К.Ландштайнер, англ. вучоны Дж.Натал і інш.). Далейшае развіццё І. звязана з адкрыццём генаў, што кадзіруюць сінтэз антыгенаў тканкавай сумяшчальнасці, і генаў, якія рэгулююць імунны адказ. Даказана, што падтрыманне генет. пастаянства саматычных (непалавых) клетак ажыццяўляецца шляхам падтрымання размнажэння ідэнтычных паводле генатыпу клетак і актыўнага прыгнечання размнажэння клетак, якія генетычна адрозніваюцца паміж сабой. Практычнае значэнне мае вывучэнне генет. асаблівасцей фарміравання імунітэту, алергіі, імуналагічнай талерантнасці, а таксама пашкоджанняў імуннай сістэмы, якія перадаюцца ў спадчыну. Вынікі імунагенет. даследаванняў маюць значэнне пры трансплантацыі органаў і тканак, для трансфузіялогіі, клінічнай імуналогіі, племянной справы і інш.
т. 7, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́ПС (лац. collapsus аслабелы, знясілены) у медыцыне, вострая сасудзістая недастатковасць. Характарызуецца зніжэннем сасудзістага тонусу і аб’ёму цыркулюючай крыві. Пры гэтым памяншаецца прыток вянознай крыві да сэрца, зніжаецца сардэчны выкід, паніжаецца артэрыяльны і вянозны ціск, парушаецца перфузія тканак і абмен рэчываў, узнікае гіпаксія галаўнога мозга, прыгнечваюцца жыццёва важныя функцыі. Прычыны ўзнікнення К.: уздзеянне інфекц., таксічных, фіз., алергічных і інш. фактараў на сасудзістую сценку, сасударухальны цэнтр, сасудзістыя рэцэптары, памяншэнне масы цыркулюючай крыві (напр., пры вял. страце крыві і плазмы), глыбокі наркоз, недастатковасць наднырачнікаў, хваробы сэрца (інфаркт міякарда, парушэнне сардэчнага рытму і інш.), тромбаэмбалія лёгачных артэрый, хуткі пераход з гарыз. становішча ў верт., доўгі пасцельны рэжым, калі чалавек доўга стаіць і інш. Прыкметы: раптоўная слабасць, бледнасць скуры і слізістых абалонак, халодны пот, прыгнечаны, затарможаны стан, часты пульс, галавакружэнне; прытомнасць звычайна не траціцца (гэтым К. адрозніваецца ад непрытомнасці). Лячэнне: аксігенатэрапія, лякарствы для стымулявання кровазвароту і дыхання.
М.А.Скеп’ян.
т. 7, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫ́ТНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
1) сукупнасць форм і метадаў крэдытавання ў рамках адной краіны (гл. Крэдыт).
2) Агульная назва крэдытных устаноў краіны. К.с. акумуліруе свабодныя грашовыя капіталы і выдае пазыкі прадпрыемствам (фірмам, кампаніям), ураду прыватным асобам, накіроўвае грашовыя сродкі з адных сектараў эканомікі ў іншыя, стварае інвестыцыйны клімат у краіне і вызначае правілы ў крэдытна-грашовым абарачэнні. Сучасная К.с. прамыслова развітых краін сфарміравалася пад уплывам такіх фактараў, як спецыялізацыя крэдытна-фін. устаноў, канцэнтрацыя і цэнтралізацыя банкаўскага капіталу, зліццё або зрошчванне банкаўскіх і прамысл. манаполій, інтэрнацыяналізацыя банкаўскай справы і інш. Яна ўключае розныя віды банкаў (гл. Банкі, Знешнегандлёвыя банкі, Інвестыцыйны банк, Іпатэчны банк, Камерцыйны банк), спецыялізаваныя нябанкаўскія крэдытна-фін. ўстановы: страхавыя кампаніі, пенсіённыя фонды, ламбарды і інш. У К.с. Рэспублікі Беларусь уваходзяць Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, які з’яўляецца цэнтр. банкам краіны, і камерцыйныя банкі, праз якія рэалізуецца крэдытная палітыка дзяржавы.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭМНІЙАРГАНІ́ЧНЫЯ КАЎЧУКІ́, сіліконавыя каўчукі, сілаксанавыя каўчукі,
крэмнійарганічныя палімеры, якія пасля вулканізацыі ператвараюцца ў гуму; каўчукі сінтэтычныя спец. прызначэння.
Прамысл. К.к. адносяцца да класа поліарганасілаксанаў, маюць агульную ф-лу [—Si5(R2)—O—] малекулярную масу (3—8)∙105, шчыльн. 960—980 кг/м³. Для К.к. характэрны малая вязкасць, нізкія т-ры шклавання (ад -110 да -130 °C), цеплаправоднасць і дыэл. пранікальнасць. Вулканізуюцца К.к. арган. пераксідамі (напр., бензаілу пераксід), у гумавыя сумесі для атрымання гумы з добрымі мех. ўласцівасцямі дадаюць узмацняльны напаўняльнік (высокадысперсны крэмнію дыаксід). Гума на аснове К.к. вызначаецца высокімі дыэл. ўласцівасцямі і марозаўстойлівасцю, устойлівая да тэрмічнага старэння, уздзеяння кліматычных і біял. фактараў, фізіял. інертная. Гуму выкарыстоўваюць у эл.-тэхн. прам-сці як электраізаляцыйны матэрыял, у авіябудаванні (ушчыльняльнікі для дзвярэй, ілюмінатараў, амартызатары), у медыцыне для вырабу эндапратэзаў (напр., суставаў, штучных артэрый, клапанаў сэрца); нізкамалекулярныя К.к. — для вырабу герметыкаў (гл. Вадкія каўчукі).
Я.І.Шчарбіна.
т. 8, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНАЯ ЭКАЛО́ГІЯ,
галіна экалогіі, якая вывучае ўзаемаадносіны прыродных з’яў і ўзаемадзеянне паміж з’явамі ў межах пэўнай экасістэмы. Тэрмін уведзены ням. географам К.Тролем (1939). Асновы Л.э. распрацаваны рас. вучонымі В.В.Дакучаевым, Г.Ф.Марозавым, Р.І.Аболіным у пач. 20 ст. Заканамерныя спалучэнні экасістэм у межах пэўнай тэр. ці акваторыі, характэрных у розных адносінах (напр., геамарфалагічных на сушы або гідралагічных у водным асяроддзі), утвараюць сістэму больш высокага ўзроўню — ландшафт. Экасістэмы, што ўтвараюць ландшафт, звязаны паміж сабой паверхневым і грунтавым сцёкамі, з якімі адбываецца асн. перанос рэчываў ад аўтаномных (водападзельных) да акумулятыўных (падначаленых) экасістэм праз пераходныя (транзітныя); пераносам рэчываў паветраным шляхам (ветрам), а таксама актыўнай міграцыяй жывёл. Кожная з экасістэм злучана з інш. экасістэмамі сувязямі, якія вызначаюцца яе ўнутр. ўласцівасцямі і становішчам у ландшафце. Экасістэмы кожнага ландшафту адчуваюць уздзеянне вонкавых па адносінах да іх фактараў: атм., літалагічных, гідрагеал. і антрапагенных. Задачы Л.э. вырашаюць таксама біягеацэналогія і ландшафтазнаўства.
А.М.Петрыкаў.
т. 9, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАГУМАРА́ЛЬНАЯ РЭГУЛЯ́ЦЫЯ,
шматэтапная сістэма кіравання, што каардынуе і інтэгруе дзеянне нерв. сістэмы і гумаральных фактараў крыві, лімфы, тканкавай вадкасці на фізіял. працэсы ў арганізме жывёл і чалавека. Падтрымлівае адноснае пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма (гамеастаз) і яго прыстасаванасць да ўмоў існавання. Мае нерв. механізмы вядучых звёнаў рэгуляцыі і хім. рэчывы (гармоны, медыятары, метабаліты) для перадачы сігналаў паміж клеткамі і ўнутры клетак. Складаецца з кіравання (працэсы, што адбываюцца ў нерв. элементах), сінтэзу (утварэнне малекул гумаральнага рэгулятара ў сакраторных клетках), сакрэцыі (выдзяленне гумаральнага рэгулятара з клетак у кроў), транспарту (перанос малекул па крыві, лімфе і міжклетачнай вадкасці), эфекту (узаемадзеянне гумаральнага рэгулятара з клетачнымі рэактыўнымі сістэмамі, што выклікае пэўныя метабалічныя і функцыян. змены ў клетках органа-мішэні), метабалізму (біяхім. пераўтварэнні малекул гумаральнага рэгулятара і вывядзенне з арганізма).
Літ.:
Акмаев И.Г. Структурные основы механизмов гипоталамической регуляции эндокринных функций. М., 1979;
Основы физиологии человека. Т. 1—2. СПб., 1994.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫТАНІ́Т,
запаленне брушыны. Узнікае пераважна як ускладненне запаленчага працэсу ў органах брушной поласці (апендыцыт, халецыстыт, прабадная язва страўніка ці 12-перснай кішкі). Радзей сустракаецца як першаснае захворванне (пнеўмакокавы П. у дзяўчынак). Бывае інфекц. (выклікаецца кішэчнай палачкай, стрэптакокам, стафілакокам і інш.), асептычны (ад пападання ў брушную поласць крыві, жоўці, мачы). Адрозніваюць П. востры і хранічны. Найб. характэрныя прыкметы вострага П.: боль у жываце, напружанне (потым расслабленне) мышцаў брушной сценкі, ірвота. Пры П. адбываецца цяжкая інтаксікацыя. Класіфікуецца паводле гадзінных фактараў: першыя 24 гадзіны, пасля 72 гадзін, тэрмінальная стадыя. У першыя гадзіны ўсмоктванне ў кроў рэзка нарастае, што мае ахоўны характар (асабліва, калі змесціва перытанеальнай поласці не таксічнае, яно нейтралізуецца ў крыві і П. працякае лёгка); калі таксічнае (напр., у абадочнай кішцы), арганізм хутка гіне. Улічваецца таксама пашыранасць працэсу: мясцовы, дыфузны, агульны (пры якім смяротнасць дасягае 60—80%). Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.
І.М.Грышын.
т. 12, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНО́ТА, адзіноцтва,
адзін з псіхагенных фактараў, сац.-псіхал. стан ізаляцыі чалавека ад інш. людзей. Выклікаецца геагр. (тэрытарыяльнай), сац., турэмнай, псіхал. ізаляцыяй. Адзіноце спадарожнічаюць вострыя, часцей негатыўныя эмацыянальныя перажыванні, стрэсавая сітуацыя, псіхал. шок. Фізічна адзінокі індывід, звязаны з нейкімі ідэямі, маральнымі каштоўнасцямі і інш., адчувае прыналежнасць да пэўнай сац. групы, грамадства і г.д. Разам з тым індывід можа жыць сярод людзей, але адчуваць поўную ізаляванасць; такі стан — аснова для ўзнікнення шызафрэнічнага стрэсу. Адсутнасць сувязяў з духоўнымі каштоўнасцямі, нормамі, сімваламі выступае як маральная адзінота, з сац. наваколлем — сацыяльная. Фізічная адзінота ўзмацняецца, калі ёй спадарожнічае маральная ці псіхалагічная. Маральная адзінота становіцца адметнай рысай грамадства, у якім разбураецца таталітарны калектывізм і людзі атрымліваюць свабоду самавызначэння, не маючы для гэтага ні імкнення, ні звычак. Аднак побач з адзінотай, якая носіць негатыўны характар, існуе і адзінота, якая лечыць, дапамагае асобе больш поўна раскрыць свае здольнасці, талент, своеасаблівасць.
Літ.:
Швалб Ю.М., Данчева О.В. Одиночество. Киев, 1991;
Фромм Э. Бегство от свободы: Пер. с англ. М., 1990.
Я.М.Бабосаў.
т. 1, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭА́Л (ад лацінскага area плошча, прастора),
вобласць пашырэння на зямной паверхні якой-небудзь з’явы, відаў жывёл, раслін, карысных выкапняў і інш., а таксама рассялення людзей у выніку міграцыі. На геаграфічных картах арэал перадаецца абмежаваннем яго лініямі рознага колеру і рысунка, афарбоўкай, штрыхоўкай і інш. У біягеаграфіі арэал — вобласць пашырэння групы жывых арганізмаў, у эканамічнай геаграфіі — сельскагаспадарчых культур або галін прамысловасці, у геаграфіі насельніцтва — канцэнтрацыі насельніцтва і інш.
Межы арэала залежаць ад клімату, глебы, рэльефу, біялагічных фактараў, часцей за ўсё ад іх сумарнага ўплыву. Арэал бывае адносна ўстойлівы, расшыраецца або скарачаецца. Арэал касмапалітычны займае значную частку тэрыторыі зямнога шара, эндэмічны — невялікую вобласць. Адрозніваюць арэалы суцэльныя (віды пастаянна сустракаюцца ў адпаведных ім біятопах), разарваныя (складаюцца з некалькіх адасобленых частак), стужкавыя (вузкія палосы, напрыклад, уздоўж рэк).
На тэрыторыі Беларусі праходзяць граніцы арэалаў многіх відаў раслін, птушак, некаторых відаў млекакормячых. Вывучэнне арэалаў памагае рэгуляваць пашырэнне жывёл і раслін, правільна выкарыстоўваць іх, весці барацьбу са шкоднікамі.
т. 2, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСТРАФІ́Я ДЗІЦЯ́ЧАЯ,
хранічнае расстройства харчавання з парушэннем абмену рэчываў. Найчасцей развіваецца ў дзяцей з пахудзеннем на 10—20% пры 1-й ступені (лёгкая Д.), на 20—30% пры 2-й (сярэдняцяжкая Д.) і больш як на 30% пры 3-й (цяжкай Д.), што парушае гарманічнае развіццё. Бывае з памяншэннем масы цела ў адносінах да яго даўжыні (гіпатрафія), з нармальнай ці лішняй масай цела (паратрафія), з прапарцыянальным зніжэннем масы і даўжыні цела (гіпастатура). Узнікае ва ўлонні маці ці ў першыя тыдні жыцця дзіцяці (нястача ежы і хваробы маці пры цяжарнасці, узрост, прафес. шкоднасці, алкагалізм і інш.) і постнатальна (пасля нараджэння) пад уздзеяннем эндагенных (імунадэфіцытны стан, заганы развіцця ўнутр. органаў, асабліва страўнікава-кішачнага тракту і інш.) і экзагенных (аліментарныя, інфекц. ўздзеянні, няправільны догляд) фактараў. Д. выклікае парушэнне дзейнасці ферментаў стрававальна-кішачнага тракту, працэсаў расшчаплення і ўсмоктвання харч. рэчываў, абмену буд. і энергет. працэсаў, дзейнасці нерв. сістэмы, кровазвароту. Арганізм знясільваецца, супраціўленне яго зніжаецца, можа развіцца таксіка-септычны стан, што прыводзіць да смерці.
т. 6, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)