ХАДЖА́Р, Аманскія горы,

на У Аравійскага п-ва, пераважна на тэр. Амана. Даўж. каля 600 км. Выш. да 3353 м (г. Шам у масіве Эль-Ахдар). Складзены пераважна з вапнякоў, базальтаў, серпенцінітаў. На З — пустыні і апустыненыя саванны, на У — участкі мусонных трапічных лясоў і высакагорныя лугі. У аазісах пасевы пшаніцы, кукурузы, плантацыі бананаў, фінікавай пальмы. Рэзерват Вадзі-Серын.

т. 16, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШВА́РЦВАЛЬД (Schwarzwald),

горны масіў на ПдЗ Германіі. Даўж. каля 160 км, шыр. 35—60 км. Выш. да 1493 м (г. Фельдберг). Складзены пераважна з гнейсаў, гранітаў і пясчанікаў. Вяршыні пакатыя, схілы абрываюцца да Верхнярэйнскай нізіны. Шыракалістыя і хвойныя лясы, лугі. Радовішчы руд урану. Рэзерваты — Фельдберг, Шліфкопф і інш. Каля падножжаў мінер. крыніцы, курорты (Бадэн-Бадэн, Бадэнвайлер і інш.).

т. 17, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУ́МАВА (Šumava),

2 паралельныя горныя хрыбты на мяжы Чэхіі з Германіяй і Аўстрыяй. Акаймоўваюць на ПдЗ Чэшскі масіў. Даўж. каля 140 км. Выш. да 1456 м (г. Гросер-Арбер). Складзены з гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў, вяршыні згладжаныя. Хвойныя і мяшаныя лясы, лугі. Ахоўная ландшафтная вобласць Шумава (уключае 10 рэзерватаў у Чэхіі і нац. парк «Баварскі лес» у Германіі).

т. 17, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́РЭБУС (Erebus),

дзеючы вулкан у Зах. Антарктыдзе на в-ве (магчыма п-ве) Роса. Выш. 3794 м. Складзены з базальтаў і туфаў. Гал. кратэр дыям. 850 м і глыб. 275 м, размешчаны на выш. 3743 м. У кальдэры — фумаролы і гейзеры. Адкрыты ў 1841 англ. экспедыцыяй Дж.​Роса. Названы ў гонар аднаго з караблёў экспедыцыі.

т. 18, кн. 1, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮРА́ (Jura),

горы ў Францыі і Швейцарыі. Утвараюць дугу даўж. каля 250 км паміж Швейцарскім пласкагор’ем і раўнінамі Бургундыі. Выш. да 1718 м (г. Неж). Складзены пераважна з вапнякоў і мергеляў юрскага ўзросту, якія далі назву юрскай сістэме (перыяду). Ступеньчата паніжаюцца на 3, стромка абрываюцца на У. Шыракалістыя і хвойныя лясы, субальпійскія лугі. Некалькі рэзерватаў (у Швейцарыі).

т. 18, кн. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБАЗНА́ЎСТВА,

навука пра глебы, іх склад, уласцівасці, паходжанне, развіццё, геагр. пашырэнне, рацыянальнае выкарыстанне.

Як навука пачала развівацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў Германіі, калі з’явіліся тэорыі гумуснага (А.​Тэер) і мінер. (Ю.​Лібіх) жыўлення раслін. Генетычны і агранамічны кірункі глебазнаўства атрымала ў Расіі ў 2-й пал. 19 ст. ў працах В.В.Дакучаева, П.А.Костычава, В.Р.Вільямса і інш.

На Беларусі даследаванні па глебазнаўству пачаліся ў сярэдзіне 19 ст. ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це. Вядуцца ў Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (з 1969 каардынатар работ па вывучэнні глеб Беларусі), а таксама на кафедрах глебазнаўства БДУ, Бел. с.-г. акадэміі, Бел. тэхнал. ун-та. Развіццю навук. глебазнаўства садзейнічалі працы І.С.Лупіновіча, П.П.Рагавога, А.Р.Мядзведзева, М.П.Булгакава, У.М.Пілько, С.Н.Іванова, Т.Н.Кулакоўскай, Т.А.Раманавай, І.М.Багдзевіча, М.І.Смяяна і інш. Складзены глебавыя карты і аграхім. картаграмы с.-г. угоддзяў кожнай гаспадаркі, адм. раёна і вобласці Беларусі. Праведзена баніціроўка глеб, складзены карты глебава-геаграфічнага раянавання і глебава-эразійныя карты. Вядзецца маніторынг змены асн. уласцівасцей глеб з мэтай распрацоўкі прагнозу іх рацыянальнага выкарыстання, у т. л. глеб, забруджаных радыенуклідамі.

т. 5, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮ́ВІЙ, алювіяльныя адклады (ад лац. alluvio нанос, намыў),

адклады водных патокаў (рэк, ручаёў), якія намножыліся ў рэчышчах, на поймах і тэрасах рачных далін. Складаюцца з абломкавага матэрыялу рознай велічыні, ступені сартавання і абкатанасці (галечнік, жвір, пяскі, супескі, суглінкі, гліны), нярэдка з лінзамі торфу. Утварае поймы (паплавы), алювіяльныя тэрасы ўсіх рэк, алювіяльныя раўніны, займае больш за 5% тэр. Беларусі. Звычайна слаісты. Характэрна косая слаістасць, што абумоўлена напрамкамі руху водных патокаў. Вылучаюць рэчышчавую, поймавую і старычную разнавіднасці (фацыі). Фарміраванне алювію ў рэчышчы адбываецца ў выніку папярочнага цыркуляцыйнага руху вады, якая падмывае ўвагнуты бераг, наслойваючы сегменты грубага матэрыялу (галечнік, жвір, пяскі) каля выпуклага берага. Поймавы алювій адкладваецца пры шырокіх разлівах у поймах рэк і складзены з найб. тонкага пясчана-гліністага матэрыялу. Старычны фарміруецца ў азёрападобных старых рэчышчах і складзены з багатых арган. рэчывамі супескаў, суглінкаў, ілу, торфу. З валунова-галечным алювіем горных рэк звязаны россыпы золата, плаціны, волава і інш. цяжкіх мінералаў; са жвірова-пясчаным рэчышчавым алювіем рэк нізкагор’яў і раўнін — радовішчы буд. пяскоў і жвіру. Алювій — субстрат алювіяльных глебаў (гл. Поймавыя глебы).

М.​Я.​Зусь.

т. 1, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРАЛЬНАЕЎРААЗІЯ́ЦКАЯ ПЛАТФО́РМА,

найбольш буйная маладая платформа ў цэнтры Еўразіі, паміж Усходне-Еўрапейскай платформай і Сібірскай платформай. Пл. 6,5 млн. км². На Пд мяжуе з Альпійскай складкавай вобласцю. Фундамент гетэрагенны, складзены з каледонскіх, герцынскіх, радзей байкальскіх і кімерыйскіх складкавых збудаванняў, сярод якіх блокі (мікракантыненты) архею і ніжняга пратэразою. Фундамент выходзіць на паверхню ў межах Цэнтральнаказахстанскага шчыта, Уральскага хрыбта, кражаў — Вял. Каратау, Султануіздаг, Данецкі і інш. Гал. плошчу платформы займаюць пліты: Зах.-Сібірская, Туранская, Скіфская (гл. адпаведныя артыкулы) і Мізійская. Яны складзены з платформавага чахла, які пачынаецца з верхнетрыясавых, часцей юрскіх адкладаў. На больш стараж. блоках фундамента пашыраны венд-палеазойскі прамежкавы чахол.

Сярод тэктанічных элементаў вылучаюцца сінеклізы (Ханты-Мансійская, Чуйская), упадзіны (Омская, Барсакельмеская), прагіны (Худасейскі, Чалкарскі), скляпенні (Ніжнявартаўскае, Цэнтральнакаракумскае), зоны мегантыкліналей і мегасінкліналей (Мангышлакская, Ейска-Беразанская), мульды, падняцці, зоны ступеней, седлавіны, монакліналі, саляныя структуры і інш. У ніжняй ч. платформавага чахла развіты трыяс-юрскія грабены — тафрагены (Калтагорскі, Урэнгойскі, Чэлябінскі). З плітамі звязаны буйныя радовішчы нафты і газу, са шчытамі, хрыбтамі, кражамі — разнастайныя радовішчы метал. руд.

Літ.:

Гарецкий Р.Г. Тектоника молодых платформ Евразии. М., 1972.

Р.​Г.​Гарэцкі.

т. 17, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСА́РСКІ ХРЫБЕ́Т,

у сістэме Гісара-Алая, ва Узбекістане і Таджыкістане, водападзел басейнаў рэк Зераўшан і Амудар’я. Даўж. каля 200 км. Выш. да 4643 м. Складзены пераважна з крышт. парод, сланцаў і пясчанікаў, прарваных інтрузіямі гранітаў. У цэнтр. ч. воз. Іскандэркуль (на выш. 2176 м). На схілах стэпы, дрэвава-хмызняковая расліннасць, субальпійскія лугі, нагорныя ксерафіты, альпійскія нізкатраўныя лугі. Запаведнікі Гісарскі і Раміт.

т. 5, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАУ́РСКІ ХРЫБЕ́Т.

У цэнтральнай ч. Забайкалля, у межах Даурыі, у Чыцінскай вобл. Расіі. Сістэма выцягнутых у паўн.-ўсх. напрамку горных масіваў даўж. каля 300 км ад вярхоўяў р. Джыла да вытокаў р. Ульдурга. Выш. да 1526 м. Складзены з граніту і крышт. сланцу. Пераважае сярэднягорны рэльеф. На схілах хваёвыя і лістоўнічныя лясы. Перасякаецца далінай р. Інгада, дзе праходзяць чыгунка і аўтадарога.

т. 6, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)