ЛАМЕТРЫ́ (Lamettrie, La Mettrie) Жульен Афрэ дэ (25.12.1709, г. Сен-Мало, Францыя — 11.11.1751), французскі філосаф, асветнік. Урач па адукацыі. За матэрыяліст. і атэіст. погляды («Натуральная гісторыя душы», 1745) праследаваўся царкоўнікамі, эмігрыраваў у Галандыю, дзе выдаў твор «Чалавек-машына» (1747), потым у Германію (вы даў працы «Чалавек-расліна», 1748; «Сістэма Эпікура», 1751). Першым у Францыі даў паслядоўнае выкладанне сістэмы механістычнага матэрыялізму і сенсуалізму, абгрунтаваў існаванне адзінай матэрыяльнай субстанцыі, вызначальнымі атрыбутамі якой лічыў працягласць, здольнасць да руху і пачуццёвасць. Асн. ідэя Л. — тлумачэнне псіхічных з’яў фізіял. працэсамі. Яго філас. ідэі паўплывалі на Д.Дзідро, П.Гольбаха, К.Гельвецыя. У Беларусі і Літве творы і вывучэнне Л. вядомы з канца XVIII ст.Напр., у перакладной ананімнай кн. «Жыццё і творы вядомых пісьменнікаў XVIII ст.» (1794) ёсць раздзел, прысвечаны Л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬ (ад слова ліпа),
сёмы месяц каляндарнага года (31 дзень), сярэдзіна лета. 15 Л. працягласць дня ў Мінску 16 гадз 39 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 57,7°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 590 МДж/м², радыяцыйны баланс дадатны (317 МДж/м²). На тэр. Беларусі сярэдняя месячная т-ра паветра 17,8 °C (17,4 °C на ПнУ, 18,5 °C на ПдУ). Л. — самы дажджлівы месяц года (14—15 дзён з дажджамі), ападкаў ад 77 ммПдЗ да 95 мм на ПнУ. Характэрным для Л. з’яўляецца цвіценне ліпы драбналістай. На паверхні непраточных вадаёмаў паяўляецца мноства водарасцей і маленькіх плывучых раслін — расак, жабніку звычайнага. У пач. Л. цвіце бульба, грэчка, лён-даўгунец, агародніна. Даспяваюць суніцы, маліны, чарніцы, чырвоная і чорная парэчкі, наліваецца і спее яравая збажына. У канцы месяца пачынаецца жніво. Ліняюць дзікія прамысл. птушкі. Пачынаецца грыбны сезон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НІ-ФУТБО́Л,
спартыўная камандная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 5 чалавек, у т. л. варатар. Мэта камандаў — забіць як мага больш мячоў у вароты саперніка. Працягласць гульні — 2 таймы па 20 мін «чыстага часу». Гульня ідзе на пляцоўцы даўж. 24—42 м і шыр. 14—22 м. Пакрыццё пляцоўкі пад адкрытым небам — земляны грунт, дзёран, сінт. дыван, у памяшканні — сінт. ці драўлянае. Памеры варот 3 × 2 м.
У Еўропе пачаў развівацца ў Аўстрыі (1958). З 1980-х г. пашырыўся ў Бельгіі, Бразіліі, Венгрыі, ЗША, Іспаніі, Італіі, Нідэрландах, Расіі і інш. Першы чэмпіён Еўропы — каманда Іспаніі (1996, г. Кордава, Іспанія), першы чэмпіён свету — каманда Бразіліі (1996, Нідэрланды).
На Беларусі папулярны з канца 1980-х г. Створаны 2 лігі. Першы чэмпіянат рэспублікі адбыўся ў 1990, гульні на Кубак Беларусі праводзяцца з 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́РАВІЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША.
На ПдУ Беларусі, на Пд Калінкавіцкага р-на, у складзе Гомельскага Палесся. Працягласць па левабярэжжы р. Прыпяць 6 км, з ПнУ на ПдЗ 8 км. Выш. 150—170 м. У складзе Гомельскага Палесся.
Сфарміравалася ў час мазырскай стадыі адступання дняпроўскага ледавіка і было ў складзе Мазырскай грады. У канцы паазерскага зледзянення аддзялілася ад грады ў выніку прарыву яе водамі р. Прыпяць. Складзена з чырвона-бурых марэнных суглінкаў з праслоямі пяскоў. перакрытых маламагутным чахлом з лёсападобных суглінкаў. Тоўшча дыслацыравана.
Рэльеф Ю.ў. градавы і ўзгорысты з адноснымі перавышэннямі 10—20 м. Зах. схіл павернуты да р. Прыпяць, кароткі, стромкі, парэзаны ярамі; усх. — больш пакаты, парэзаны кароткімі лагчынамі; трапляюцца тэрмакарставыя западзіны. На Пн і У узвышша паступова пераходзіць у водна-ледавіковую раўніну. Глебы дзярнова-падзолістыя, сугліністыя. Б.ч. паверхні ўзвышша пад ворывам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАПРАВО́Д,
комплекс трубаправодаў і дапаможных збудаванняў (газакампрэсарныя станцыі, газаразмеркавальныя станцыі, газарэгулятарныя пункты, газавыя сховішчы і інш.) для транспартавання і размеркавання газаў прыродных гаручых. Бываюць магістральныя (са стальных труб, якія злучаюцца зваркай) і размеркавальныя (са стальных і поліэтыленавых труб).
Магістральныя газаправоды служаць для падачы газу ад месца здабычы да размеркавальных станцый. Пракладваюцца падземным (у траншэях), надземным (на апорах, жалезабетонных або метал. эстакадах) спосабамі, у насыпе, пад вадой (у дзюкерах). Працягласць да некалькіх тысяч кіламетраў, дыяметр труб звычайна 1420 мм, рабочы ціск 5,5 або 7,5 МПа. Абсталёўваюцца тэлемех. апаратурай для кантролю і кіравання ціскам і расходам газу. Размеркавальныя газаправоды прызначаны для транспартавання і размеркавання газу ў горадзе або на прадпрыемстве праз газавую сетку. Бываюць вонкавыя (вулічныя, унутрыквартальныя, дваровыя, міжцэхавыя) і ўнутраныя (унутрыдамавыя, унутрыцэхавыя); нізкага (да 0,005 МПа), сярэдняга (0,005—0,3 МПа) і высокага (0,3—1,2 МПа) ціску. Гл. таксама Газавая прамысловасць, Трубаправодны транспарт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААПЕРАВА́ННЕ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
форма арганізацыі грамадскай вытв-сці, якая мае на мэце ўстанаўленне працяглых вытв. сувязей прадпрыемстваў па сумесным вырабе канчатковай прадукцыі. К.в. можа быць галіновае (паміж прадпрыемствамі адной галіны прам-сці), міжгаліновае, унутрызаводскае (паміж цэхамі прадпрыемства), унутрыраённае (паміж прадпрыемствамі аднаго эканам. раёна) і міжраённае. К.в. вынікае са спецыялізацыі вытворчасці і мае тыя ж 4 формы: прадметнае, калі заводы пастаўляюць галаўному прадпрыемству вырабы, што ідуць на камплектаванне канчатковай прадукцыі; падэталёвае, калі галаўны з-д атрымлівае ад прадпрыемстваў-сумежнікаў асобныя дэталі і вузлы для гатовай прадукцыі; тэхналагічнае, калі адзін з-д выконвае для другога асобныя тэхнал. аперацыі або пастаўляе пэўныя паўфабрыкаты; функцыянальнае, калі спецыялізаванае прадпрыемства па аказанні паслуг выконвае для інш. прадпрыемстваў функцыі па абслугоўванні вытв-сці (рамонт абсталявання і інш.). К.в. дазваляе больш поўна выкарыстоўваць усе перавагі спецыялізацыі і канцэнтрацыі і скарачаць працягласцьвытв. цыкла па вырабе канчатковай прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛХІ́ДСКАЯ НІЗІ́НА, Рыёнская нізіна,
у Заходнім Закаўказзі, у ніжнім цячэнні рэк Рыёні і Інгуры і на ўзбярэжжы Чорнага м., у Грузіі. Працягласць з 3 на У каля 100 км. Выш. да 100—150 м. К.н. — алювіяльная раўніна, што займае ўпадзіну сінклінальнай будовы; магутнасць алювію антрапагену да 700 м. Мінер. крыніцы (Цхалтуба). Паверхня ў зах.ч. са старарэччамі, прырэчышчавымі валамі, невысокімі пясчанымі масівамі; забалочаныя абшары. Клімат субтрапічны вільготны, з мяккай зімой, невял. амплітудамі т-р, багатымі ападкамі на працягу года (у сярэднім 1500 мм). Сярэдняя т-растудз. 4,5—6 °C, жн. 23—24 °C. К.н. перасякаюць рэкі Рыёні, Інгуры і інш. Каля мора воз. Палеастомі. На З пераважаюць балотныя ландшафты з асакова-разнатраўнай і трысняговай расліннасцю, альховымі лясамі. На прыўзнятых участках растуць шыракалістыя лясы з ліянамі і вечназялёнымі хмызнякамі. Вырошчванне субтрапічных культур (цытрусавыя. чай, тунг). Асушэнне балот. У межах К.н. — Калхідскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРНАЯ СІМФО́НІЯ,
разнавіднасць сімфоніі. Склалася ў пач. 20 ст. з развіццём неакласіцызму як своеасаблівая рэакцыя на вял. цыклічную сімфонію 19 ст. і вял. аркестравы апарат. Характэрныя рысы: невял. часавая працягласць пры нестабільнай колькасці частак, абмежаваны інстр. склад, індывідуальны для кожнага твора; перавага поліфанічнай фактуры; спалучэнне стылявых мадэлей музыкі 18 ст. з прыёмамі сучаснай кампазітарскай тэхнікі. У адносінах зместу можа быць абвострана псіхалагічная (А.Шонберг), лірыка-драм. (А.Анегер, К.Караеў), апаэтызаваная (Б.Чайкоўскі). Развіццю К.с. ў бел. музыцы садзейнічала стварэнне Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь (1968). Сталыя ўзоры жанру прадстаўлены ў творчасці Г.Вагнера, В.Войціка, У.Дарохіна, А.Залётнева, В.Капыцько, В.Кузняцова, К.Цесакова і інш.
Сцепуро Л.А. Камерно-оркестровые жанры в творчестве белорусских композиторов 60—70-х гг. // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1985. Вып. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЧКІ СВО́ЙСКІЯ (Anas domestica),
сельскагаспадарчыя птушкі. Паходзяць ад дзікай качкі — крыжанкі, прыручанай у старажытнасці ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы. Падзяляюць на мясныя (пекінскія, шэрыя ўкр., чорныя белагрудыя і інш.), мяса-яечныя або яечна-мясныя (хакі-кэмпбел, люстраныя і інш.) і яйцаноскія (індыйскія бегуны). На Беларусі вырошчваюць К.с. пекінскай пароды, качак жлобінскай папуляцыі (ад скрыжавання пекінскіх з белымі маскоўскімі качкамі) і шэрых украінскіх.
Маса качара да 4, качкі да 3,5 кг. Пачынаюць несціся ва ўзросце 160—180 дзён, за год даюць больш за 200 яец. Качка за год дае каля 140 качанят агульнай масай да 350 кг. Макс.працягласць племяннога выкарыстання 4—5 гадоў. Затрата корму на 100 кг прыбаўлення ў масе 350—400 кармавых адзінак. Выхад выпатрашанай тушкі да 60%, тлушчу ў мясе да 30%. Яйцы выкарыстоўваюцца для інкубацыі, у харч. прам-сці (меланж, яечны парашок, кандытарскія вырабы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГРЫ́Т (Magritte) Рэне (21.11.1898, г. Лесінь, Бельгія — 15.8.1967),
бельгійскі жывапісец; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў сюррэалізму. Вучыўся ў Брусельскай АМ (1916). Зазнаў уплыў Дж. Дэ Кірыка. З 1927 у Парыжы. У ранні перыяд працаваў у рэчышчы футурызму і кубізму («Конніца», 1922; «Жанчына», 1923, і інш.). Пазней выпрацаваў індывідуальны кірунак у сюррэалізме, у творах камбінаваў выявы з несупастаўляльных элементаў рэальных прадметаў, істот і краявідаў, што напаўняла іх таямнічасцю і містычным сэнсам і набліжала да метафіз. жывапісу. Жывапісная манера адметная гладкасцю пісьма, гарманічным спалучэннем чыстых колераў, строгім лінейным ладам: «Цяжкая працягласць» (1926), «Двайная таямніца» (1927), «Закаханыя» (1928), «Чорная магія» (1935), «Прыступкі лета» (1937), «Настальгія па ўласнай краіне» (1940), «Хлеб штодзённы» (1942), «Балкон» (1950), «Царства святла» (1954), «Урок цемры» (1955), «Замак у Пірэнеях» (1959), «Вялікая вайна» (1964) і інш.Іл.гл. таксама да арт.Сюррэалізм.