АРЭ́СТ (свецкае Костка Ануфрый Стафанавіч; ? — 1850 або 1854),
беларускі летапісец. З сям’і святара. З 1791 вучыўся ў Магілёўскай семінарыі, у езуіцкіх навучальных установах. Валодаў грэчаскай, лацінскай, польскай, рускай, беларускай мовамі. У 1801—04 настаўнік Невельскай духоўнай гімназіі. У 1802 пастрыжаны ў манахі, з 1803 святар. Быў скарбнікам, аканомам магілёўскага архірэйскага дома. У 1812 разам з архіепіскапам Варлаамам Шышацкім прысягаў Напалеону. У 1820—24 выкладаў у Полацку. З 1827 ігумен Магілёўскага брацкага манастыра. Аўтар «Запісак ігумена Арэста», якія з’яўляюцца апошняй па часе спробай стварэння беларускага летапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ВЫ́БАРЧЫ КАМІТЭ́Т (БЦВК),
каардынацыйны орган бел.паліт. арг-цый у Зах. Беларусі па выбарах у сейм Польшчы. Створаны ў канцы жн. 1922 у Вільні. У яго фарміраванні ўдзельнічалі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская партыя незалежных сацыялістаў, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, вядомыя беспарт. дзеячы. У к-т уваходзілі А.І.Луцкевіч (старшыня), Б.А.Тарашкевіч (таварыш старшыні), А.В.Станкевіч, М.С.Кахановіч, Л.І.Родзевіч і інш.Асн. задачы БЦВК: выпрацоўка выбарчай платформы, падбор і падтрымка кандыдатаў у паслы ў сейм і сенатары Польскай Рэспублікі. У выніку выбараў 5.11.1922 пасламі (дэпутатамі) выбраны 11 прадстаўнікоў бел. народа, сенатарамі — 3; утвораны Беларускі пасольскі клуб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАСТО́ЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі і Польшчы ў 19—20 ст. Утвораны ў 1808 у складзе Беластоцкай вобласці, з 1842 у Гродзенскай губерні. Цэнтр — г.Беласток. Пл. 2904 км², нас. 210 132 чал. (1897). Падзяляўся на 12 валасцей. У 1-ю сусв. вайну ў 1915—18 акупіраваны герм. войскамі, з канца 1918 у складзе адноўленай Польшчы, з 2.8.1919 у Беластоцкім ваяводстве, падзяляўся на гміны (б. воласці). 231,5 тыс.ж. (1919). З 2.11.1939 у БССР, з 4.12.1939 увайшоў у Беластоцкую вобл., дзе 15.1.1940 паветы скасаваны і праведзена раянаванне, у т. л. створаны Беластоцкі р-н. Паводле дагавора «Аб савецка-польскай дзяржаўнай граніцы» ад 16.8.1945 тэр. былога Беластоцкага павета перайшла да Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДА́ БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ЛАДЗІ,
назва некалькіх бел. маладзёжных арг-цый, якія дзейнічалі незалежна адна ад адной у 1917—21. Ставілі сабе за мэту згуртаванне бел. моладзі вакол нац. ідэі, пашырэнне бел. культуры сярод нар. мас, стварэнне культ.-асв. гурткоў, бібліятэк і інш.Найб. вядомыя: Мінская беларуская вучнёўская грамада (1917—20), Грамада беларускай моладзі ў Гродне (1919—21), Грамада беларускай моладзі ў Вільні (1919—20). У час польск. акупацыі большасць з арг-цый знаходзілася пад уплывам бел. эсэраў і была ў апазіцыі да акупац. улад. Вясной 1920 па ініцыятыве БПС-Р планавалася стварыць адзіную Грамаду беларускай моладзі, быў складзены праект статута новай арг-цыі, але гэтаму перашкодзіла актывізацыя сав.-польскай вайны 1920.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУНІКО́ЎСКІ ((Dunikowski) Ксаверы Францішак) (24.11.1875, г. Кракаў, Польшча — 26.1.1964),
польскі скульптар, мастак. Скончыў Кракаўскую АМ (1903), з 1930 яе прафесар. Прафесар Дзярж. вышэйшай школы пластычных мастацтваў у Вроцлаве (з 1959). Творчасць Д. зазнала ўплыў сімвалізму (цыкл «Чалавек», 1898—1905), кубізму («Надмагілле Баляслава Смелага», 1917—20), Майстар партрэтаў (А.Міцкевіч, 1908, і інш.). У 1925—29 выканаў для Вавельскага замка ў Кракаве серыю «Вавельскія галовы». У 1940-я г. стварыў «Пантэон польскай культуры». Аўтар помніка Ю. Дзятлу ў Кракаве (1937—39), мемар. манументаў «Помнік паўстанцам» каля г. Аполе (1946—52), «Помнік вызвалення зямлі Варміньскай і Мазурскай» у Ольштыне (1949—53). Дзярж. прэміі Польшчы 1948, 1955.
К.Дунікоўскі. Адам Міцкевіч. З серыі «Вавельскія галовы». 1925—29.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫБО́ЎСКІ (Бенядзікт Іванавіч) (30.4.1833, Мінская губ. — 31.1.1930),
заолаг. Чл.ПольскайАН (1884). Вывучаў медыцыну і прыродазнаўчыя навукі ў Тарту (1851—57), Вроцлаве (1857—58), Берліне (1858-60). З 1862 праф. кафедры заалогіі Варшаўскага ун-та. У 1864 за ўдзел у паўстанні 1863—64 сасланы ва Усх. Сібір, дзе пры падтрымцы Усх.-Сібірскага аддзела Рус.геагр.т-ва вывучаў фауну Прыбайкалля: апісаў фауну воз. Байкал і яго прыродныя ўмовы, фауну бас.р. Амур, берагоў Японскага м., Камчаткі, сабраў вял. калекцыю фауны Сібіры. У 1877 вярнуўся ў Польшчу. З 1879 зноў працаваў урачом у г. Петрапаўлаўск-Камчацкі, дзе працягваў даследаванні па зоагеаграфіі. У 1883—1906 заг. кафедры заалогіі ў Львоўскім ун-це.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМБО́ЎСКІ ((Dembowski) Эдвард) (25.4 або 31.5.1822, Варшава — 27.2.1846),
польскі паліт. дзеяч, філосаф, публіцыст. У 1842—43 рэдактар і выдавец час. «Przegląd Naukowy» («Навуковы агляд»), вакол якога аб’ядналася незалежная маладая інтэлігенцыя. Пад уплывам Г.Каменскага ўступіў у Саюз польск. народа і разам з П.Сцягенным прымаў удзел у падрыхтоўцы нар. паўстання. У 1843 пад пагрозай арышту ўцёк у Познань, дзейнічаў у незалежніцкім руху ў Малапольшчы. З 1845 у Галіцыі, адзін з кіраўнікоў Кракаўскага паўстання 1846. Застрэлены аўстрыйцамі ў час дэманстрацыі. Аўтар прац «Думкі пра будучыню філасофіі», «Нарыс гісторыі польскай літаратуры» (абедзве 1845) і інш.
Тв.:
Pisma. T. 1—5. Warszawa, 1955.
Літ.:
Szypowska M. Edward Dembowski, 1822—1846. Warszawa, 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШЧЫ́НСКІ ((Goszczyński) Севярын) (4.11.1801, г.п. Ільінцы, Украіна — 25.2.1876),
польскі паэт, паліт. дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Б.Ф.Залескім) т.зв.укр. школы польск. рамантызму. Удзельнік паўстання 1830—31. Рэв.-патрыят. зместам з моцнымі радыкальнымі акцэнтамі насычаны яго раннія вершы і зб. «Пабудка» (1831). Падзеям казацка-сял. паўстання 1768 на Украіне прысвечана паэма «Канёўскі замак» (1828). Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў (Галіцыя, Францыя). Вершы позняга перыяду прасякнуты рэліг.-патрыят. духам («Пасланне да Польшчы», 1856). Аўтар «Дзённіка падарожжа ў Татры» (1832), паэмы «Сабутка» (1834), паэмы ў прозе «Кароль замчышча» (1842), літ.-крытычных і грамадска-паліт. даследаванняў — «Новая эпоха польскай паэзіі» (1835), «Слова пра самаахвярнасць» (1844), успамінаў «Бельведэрская ноч» (1870) і «Падарожжа майго жыцця» (выд. 1923).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЗЕ́ННІК ВІЛЕ́НЬСКІ»
(«Dziennik Wileński», «Віленскі дзённік»),
навукова-літаратурны часопіс. Выдаваўся штомесячна ў 1805—06 і 1815—30 у Вільні на польскай мове. Асвятляў пытанні навукі, л-ры, культуры (з 1822 і падзеі грамадска-паліт. жыцця), прапагандаваў новыя тэхналогіі ў прам-сці і сельскай гаспадарцы.
Друкаваў матэрыялы па гісторыі, філасофіі, правазнаўстве, прыродазнаўчых навуках, геаграфіі, мовазнаўстве, фальклоры і этнаграфіі, міфалогіі і гісторыі культуры, праблемах выхавання і асветы. Сярод публікацый даследаванні па гісторыі ВКЛ М.Баброўскага. М.Балінскага, І.Даніловіча, І.Лялевеля, Т.Нарбута, маст. творы А.Міцкевіча, Т.Зана і інш. У 1826 рэарганізаваны, пачалі выходзіць спец. выпускі: «Гісторыя і літаратура», «Навука і мастацтва», «Мастацкая літаратура», «Прыкладныя навукі», «Навуковыя навіны». У 1831 забаронены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАНЕ́ЎСКІ (Даманоўскі) Фабіян, бел. мысліцель-гуманіст і паэт эпохі Адраджэння і барока. Ідэолаг нонадарантызму (рэліг.-філас. рух у Беларусі 2-й пал. 16 ст.). Крытыкаваў Біблію, лічыў Хрыста не Богам, а простым чалавекам, адмаўляў неўміручасць душы, існаванне замагільнага свету. У 1589 разам з С.Будным у палеміцы з езуітамі даказваў, што душа чалавека пасля смерці гіне разам з целам. Аўтар верша на польскай мове «Эпіграма на герб Лясот», надрукаванага ў кнізе С.Буднага «Пра свецкую ўладу» (1583). У творы выказаў думку, што ўсякая ўлада павінна быць разумнай, кіравацца маральнымі дабрачыннасцямі.
Літ.:
Подокшин С.А. Скорина и Будный: Очерк филос. взглядов. Мн., 1974.