БЕ́НЯШ-КРЫВЕ́Ц Валерый Вацлававіч (н. 28.2.1961, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (2001). Скончыў БДУ (1983). З 1983 у Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па алгебры. Даследаваў мнагастайнасці выяўленняў канечна-пароджаных груп і выкарыстаў іх для вывучэння камбінаторнай будовы гэтых груп.

Тв.:

Representation varietes of the fundamental groups of compact orientable surfaces (разам з А.​С.​Рапінчуком і У.​І.​Чарнавусавым) // Israel joumal of mathematics. 1996 Vol. 93;

Многообразия представлений фундаментальных групп компактных неориентируемых поверхностей (разам з У.​І.​Чарнавусавым) // Матем. сб. 1997. Т. 188, № 7;

О разложимости конечно-порожденных групп в свободное произведение с объединенной подгруппой // Матем. сб. 2001. Т. 192, № 2.

М.​П.​Савік.

т. 18, кн. 1, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЛБАС Анатоль Аляксандравіч (н. 20.7.1948, Мінск),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1995). Скончыў БДУ (1971), дзе і працуе (з 1996 праф.). Навук. працы па тэорыі функцый, інтэгральных і дыферэнцыяльных ураўненнях, дробавых інтэграванні і дыферэнцаванні і іх дастасаваннях, інтэгральных пераўтварэннях. Распрацаваў новыя кампазіцыйныя і асімптатычныя метады ў матэм. аналізе. Даследаваў важныя кампазіцыйныя і структурныя ўласцівасці інтэгральных пераўтварэнняў са спец. функцыямі Фокса, тыпу Беселя і з гіпергеам. функцыяй Гаўса.

Тв.:

Интегралы и производные дробного порядка и некоторые их приложения. Мн., 1987 (разам з С.​Р.​Самко, А.​І.​Марычавым);

Fractions integrals and derivatives. Theory and applications. New York, 1993 (з імі ж);

Задача со смещением для параболического уравнения (разам з А.​А.​Рэпіным) // Дифференциальные уравнения. 1998. Т. 34, №6.

т. 18, кн. 1, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСЕ́НЯ Людміла Іосіфаўна (н. 2.5.1955, в. Вялікая Ліпа Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. матэматык і педагог. Канд. фіз.-матэм. н. (1987), дацэнт (1990). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1976). У 1976—82 у НДІ адукацыі Мін-ва адукацыі Беларусі, з 1985 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, з 2003 заг. кафедры Мінскага вышэйшага радыётэхн. каледжа. Навук. працы па тэорыі апраксімацыі, распрацоўцы бел. матэм. тэрміналогіі і ўкараненні яе ў працэс выкладання вышэйшай матэматыкі ў ВНУ. Адзін са стваральнікаў і аўтараў «Руска-беларускага матэматычнага слоўніка» (1993) і першай на бел. мове «Матэматычнай энцыклапедыі» (2001).

Тв.:

Курс вышэйшай матэматыкі. Т. 1—2. Мн., 1994—97 (у сааўт.);

Курс вышэйшай матэматыкі: Тэорыя функцый камплекснай зменнай. Аперацыйнае злічэнне. Мн., 2003.

т. 18, кн. 1, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́КУА Ілья Нестаравіч (6.5.1907, с. Шэшэлеты, Абхазія — 2.12.1977),

савецкі матэматык і механік. Акад. АН СССР (1958; чл.-кар. 1946). Акад. АН Грузіі (1946). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Тбіліскі ун-т (1930). Працаваў у АН СССР, АН Грузіі (з 1972 прэзідэнт). У 1959—64 рэктар Новасібірскага, у 1965—72 Тбіліскага ун-таў. Навук. працы па тэорыі аналітычных функцый і іх дастасаванні да рашэння ўраўненняў матэм. фізікі. Адкрыў і даследаваў новы клас нефрэдгольмавых эліптычных краявых задач. У галіне механікі прапанаваў новы варыянт матэм. тэорыі пругкіх абалонак. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1984. Ленінская прэмія 1963.

Тв.:

Основы тензорного анализа и теории ковариантов М., 1978;

Некоторые общие методы построения различных вариантов теории оболочек. М., 1982.

Літ.:

Комплексный анализ и его приложения: Сб. ст.: Посвящ. Акад. И.​Н.​Векуа к его семидесятилетию. М., 1978.

І.Н.Векуа.

т. 4, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНАГРА́ДАЎ Іван Мацвеевіч (14.9.1891, с. Мілалюб Пскоўскай вобл., Расія — 20.3.1983),

савецкі матэматык.

Акад. АН СССР (1929). Чл. шматлікіх замежных АН. Двойчы Герой Сац. Працы (1945, 1971). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1914). З 1918 у Пермскім ун-це, ленінградскіх політэхн. ін-це і ун-це. З 1932 дырэктар Матэм. ін-та АН СССР. Навук. працы па аналіт. тэорыі лікаў. Прапанаваў адзін з самых эфектыўных і агульных метадаў аналіт. тэорыі лікаў — метад трыганаметрычных сум, які дазволіў атрымаць фундаментальныя вынікі па праблемах Варынга, Гільберта—Камке, Гольдбаха, ацэнцы сум Вейля і інш. Ленінская прэмія 1972. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1983. Залаты медаль імя М.​В.​Ламаносава АН СССР (1971).

Тв.:

Метод тригонометрических сумм в теории чисел. 2 изд. М., 1980;

Основы теории чисел. 9 изд. М., 1981.

Літ.:

Н.​М.​Виноградов. М., 1978.

І.М.Вінаградаў.

т. 4, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБАШЫ́Н Яўген Аляксеевіч (17.1.1918, с. Уінскае Пермскай вобл., Расія — 5.7.1969),

матэматык. Акад. АН Беларусі (1966), д-р фіз.-матэм. н., праф. (1951). Скончыў Уральскі ун-т (1940). З 1943 ва Уральскім політэхн. ін-це і Матэматычным ін-це АН СССР (Свярдлоўскае аддз.). З 1966 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі, адначасова выкладаў у БДУ. Навук. даследаванні па дыферэнц. ураўненнях, тапалогіі і сучасных праблемах прыкладной матэматыкі. Распрацаваў эфектыўныя спосабы пабудовы функцый Ляпунова, тэорыю стабілізацыі сістэм з пераменнай структурай. Дзярж. прэмія СССР 1972.

Тв.:

Введение в теорию устойчивости. М., 1967;

Динамические системы с цилиндрическим фазовым пространством. М., 1969 (разам з В.​А.​Табуевай);

Функции Ляпунова. М., 1970.

Літ.:

Еругин Н.П., Красовский Н.Н. Е.​А.​Барбашин: (К 50-летию со дня рождения) // Дифференциальные уравнения. 1967. Т. 3, № 12.

Я.А.Барбашын.

т. 2, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́ЎСКАЯ (дзявочае Карвін-Крукоўская) Софія Васілеўна

(15.1.1850, Масква — 10.2.1891),

расійскі матэматык і механік, пісьменніца і публіцыстка, першая ў свеце жанчына-прафесар. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1889). Паходзіць з бел. шляхецкага роду. Вучылася ў Гайдэльбергскім (1869) і Берлінскім (1870) ун-тах. Д-р філасофіі Гётынгенскага, з 1884 праф. Стакгольмскага ун-таў. Навук. працы па матэм. аналізе, матэм. фізіцы і нябеснай механіцы. Значны ўклад яе ў тэорыю дыферэнцыяльных ураўненняў, адкрыла трэці класічны выпадак вырашальнасці задачы аб вярчэнні цвёрдага цела вакол нерухомага пункта, даследавала задачу Лапласа пра раўнавагу кольцаў Сатурна. У літ. творах імкнулася даць матэм. абгрунтаванне паводзін людзей. Прэміі Парыжскай АН 1888, Шведскай АН 1889.

Тв.:

Научные работы. М., 1948;

Воспоминания и письма. М., 1961.

Літ.:

Полубаринова-Кочина П.Я. С.​В.​Ковалевская. Ее жизнь и деятельность. М., 1955.

С.В.Кавалеўская.

т. 7, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЬЦАЎ Анатоль Іванавіч (27.11. 1909, г.п. Мішаронскі Шатурскага р-на Маскоўскай вобл. — 7.7.1967),

расійскі матэматык; адзін са стваральнікаў агульнай тэорыі мадэлей. Акад. АН СССР (1958; чл.-кар. 1953). Скончыў Маскоўскі ун-т (1931). З 1932 у Іванаўскім пед. ін-це (з 1943 праф.), адначасова з 1942 у Матэм. ін-це АН СССР; з 1960 у Ін-це матэматыкі Сібірскага аддз. АН СССР і Новасібірскім ун-це. Навук. працы па матэм. логіцы, тэорыі груп, тэорыі кольцаў і лінейнай алгебры, тэорыі алгарытмаў. Даследаванні М. далі пачатак сістэматычнаму выкарыстанню метадаў матэм. логікі ў алгебры. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэмія СССР 1946.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. М., 1976;

Алгоритмы и рекурсивные функции. 2 изд. М., 1986.

Літ.:

А.И. Мальцев // Успехи мат. наук. 1968. Т. 23, вып. 3.

А.І.Мальцаў.

т. 10, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАЎ Сяргей Пятровіч (н. 20.3.1938, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),

расійскі матэматык. Акад. АН Расіі (1981; чл.-кар. 1966). Сын П.С.Новікава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1960) і працаваў у ім. З 1963 у Матэм. ін-це імя У.​А.​Сцяклова (з 1983 заг. аддзела), з 1971 у Ін-це тэарэт. фізікі АН Расіі. Навук. працы па геаметрыі і тапалогіі, тэорыі салітонаў і агульнай тэорыі адноснасці. Даказаў тапалагічную інварыянтнасць характарыстычных класаў Пантрагіна, стварыў якасную тэорыю слаенняў і мнагазначных функцый, ’якасную тэорыю касмалагічных мадэлей, тэорыю канечназонных рашэнняў нелінейных сістэм. Ленінская прэмія 1967. Міжнар. прэмія імя М.​І.​Лабачэўскага АН СССР (1981). Залаты медаль і прэмія Дж.​Філдса (1970).

Тв.:

Теория солитонов. М., 1980 (у сааўт.);

Современная геометрия: Методы и приложения. 2 изд. М., 1986 (разам з Б.​А.​Дубровіным, А.​Ц.​Фаменкам).

С.П.Новікаў.

т. 11, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЭ́ЦКІ Платон Сяргеевіч (15.10.1846, г. Кіраваград, Украіна — 22.8.1907),

расійскі матэматык, астраном, логік. Скончыў Харкаўскі ун-т (1870). У 1876—89 у Казанскім ун-це (з 1886 прыват-дацэнт). Зрабіў значны ўклад у матэм. логіку. Абагульніў і развіў вынікі даследаванняў Дж.​Буля, У.​Джэванса, Э.​Шродэра ў галіне алгебры логікі, пабудаваў лагічную тэорыю, якая ўключае элементы камбінаванага вылічэння выказванняў і класаў. Яму належаць адно з абагульненняў класічнай тэорыі сілагізму, працы па аксіяматыцы, тэорыі лічбаў і інш. Паводле філас. поглядаў — матэрыяліст. Яго ідэі паўплывалі на праблематыку і даследаванні ў галіне традыц. і сімвалічнай логікі ў Расіі і на Захадзе.

Тв.:

О способах решения логических равенств и об обратном способе математической логики. Казань, 1884;

Из области математической логики. М., 1902;

Объединенная теория логических равенств и неравенств. Карань, 1908.

т. 12, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)