протапекці́н

(ад прота- + пекціны)

субстанцыя, якая злучае абалонкі клетак у расліннай тканцы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

рыбасо́мы

[ад рыбо(за) + сома]

арганоіды клетак чалавека, жывёл і раслін, функцыяй якіх з’яўляецца біясінтэз бялкоў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

саркапла́зма

(ад гр. sarks, -rkos = мяса + плазма)

цытаплазма мышачных валокнаў і клетак.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

цытатрапі́зм

(ад цыта- + гр. trope = паварот, напрамак)

з’ява ўзаемапрыцягвання або ўзаемавыштурхоўвання клетак.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ БІЯЛО́ГІЯ,

навука пра малекулярныя асновы жыццёвых з’яў. Вывучае структурна-функцыян. арганізацыю генет. апарата клетак і механізмы рэалізацыі спадчыннай інфармацыі (малекулярная генетыка), малекулярныя механізмы ўзаемадзеяння вірусаў з клеткамі (малекулярная вірусалогія), заканамернасці імунных рэакцый арганізма (малекулярная імуналогія), зменлівасць і спецыялізацыю клетак у антагенезе (М.б. развіцця), а таксама структурную арганізацыю біямалекул, механізмы іх функцыянавання і рэгуляцыі актыўнасці, сувязь паміж структурай і функцыяй, узаемадзеянне з інш. малекуламі і інш.

М.б. ўзнікла ў сярэдзіне 20 ст. на стыку генетыкі, біяфізікі, біяхіміі (вылучылася з апошняй), асновай яе стала раскрыццё Ф.Крыкам і Дж.Уотсанам прасторавай будовы ДНК (1953). Вял. ўклад у развіццё М.б. зрабілі амер.. вучоныя К.Б.Анфінсен, С.​Ачоа, Д.Балтымар, П.​Берг, Дж.Ледэрберг, Х.Т.Карана, А.Корнберг, М.Нірэнберг, Р.Халі, англ. — М.Перуц, швейц. — В.Арбер, франц. — Ф.Жакоб, Ж.Мано і інш., сав. — Ю.А.Аўчыннікаў, А.​А.​Баеў. А.М.Белазерскі, А.С.Спірын, М.М.Шамякін, У.А.Энгельгарт і інш.

На Беларусі даследаванні па М.б. вядуцца ў ін-тах Нац. АН Беларусі: эксперым. батанікі, фотабіялогіі, генетыкі і цыталогіі, біяарган. хіміі, Цэнтр. бат. садзе, БДУ, НДІ гематалогіі і пералівання крыві, НДІ эпідэміялогіі і паразіталогіі і інш. Уклад у развіццё М.б. зрабілі Ю.М.Астроўскі, А.А.Ахрэм, І.​Дз.Валатоўскі, А.С.Вечар, С.В.Конеў, У.М.Рашэтнікаў, А.А.Шлык і інш.

М.​А.​Картэль.

т. 10, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭРЫЯЛІЗІ́НЫ,

антыцелы, якія выклікаюць разбурэнне і растварэнне клетак бактэрый (бактэрыёліз). Дзейнічаюць пры ўдзеле камплементу — бялковага комплексу свежай сывараткі крыві (фактар прыроднага імунітэту ў жывёл і чалавека), з якім звязана ўстойлівасць арганізма да хваробатворных мікробаў. Бактэрыялізіны выдзяляюцца жывёльнымі арганізмамі і многімі бактэрыямі, напрыклад сінягнойная палачка выдзяляе бактэрыялізін, які растварае бактэрыі сібірскай язвы, брушнога тыфу, дыфтэрыі. Бактэрыялізіны — адзін з фактараў імунітэту пры халеры, тыфапаратыфозных і інш. захворваннях. Бактэрыцыднае дзеянне бактэрыялізінаў павялічвае лізацым (выклікае неспецыфічны бактэрыёліз).

т. 2, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАСТАЦЫ́СТА (ад бласта... + грэч. kystis пузыр),

бластадэрмічны пузырок, стадыя развіцця зародка млекакормячых жывёл і чалавека ў выніку драблення аплодненага яйца. Бластацыста — пузырок, запоўнены вадкасцю. Вонкава нагадвае бластулу млекакормячых, але адрозніваецца ад яе дыферэнцыроўкай груп клетак на трафабласт і эмбрыяпласт (зародкавы вузельчык). З зародкавага вузельчыка ўтвараюцца зародкавыя лісткі (эктадэрма, эндадэрма і мезадэрма), якія фарміруюць цела зародка. На стадыі бластацысты зародак перамяшчаецца па яйцаводзе ў поласць маткі, абалонка яйца разрываецца, што стварае ўмовы для імплантацыі.

т. 3, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДАТО́ДЫ [ад грэч. hydōr (hydatos) вада + hodos шлях],

вадзяныя вусцейкі на лісці раслін, якія забяспечваюць выдаленне з расліны кропельна-воднай вільгаці і солей (гутацыю). Утвораны комплексам клетак і размешчаны часцей за ўсё па краях ліста, на зубчыках. Выдаленне вады праз гідатоды ідзе пасіўна, пад уплывам каранёвага ціску, ці актыўна, з дапамогай эпітэмы (парэнхіма ліста непасрэдна пад гідатодамі з буйнымі міжклетнікамі). Гідатоды характэрныя для раслін, пашыраных у вільготным клімаце. Функцыю гідатодаў могуць выконваць спец. залозістыя валаскі.

т. 5, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАБЛЕ́ННЕ яйца, сегментацыя яйца,

рад паслядоўных дзяленняў аплодненага яйца, у выніку якіх утвараюцца больш дробныя клеткі (бластамеры); стадыя развіцця ўсіх шматклетачных жывёл. Пачынаецца пасля збліжэння мужч. і жан. клетак (гл. Апладненне) і аб’яднання іх храмасом. У некат. жывёл бывае Д. неаплодненых яец (гл. Партэнагенез). Іншы раз аплодненыя яйцы знаходзяцца ў стане спакою (гл. Дыяпаўза) і пачынаюць развівацца пры змяненні знешніх умоў (напр., т-ры навакольнага асяроддзя). У чалавека Д. прыводзіць да ўтварэння комплексу бластамераў — морулы.

т. 6, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖКЛЕ́ТНІКІ,

поласці або міжклетачныя прасторы, якія ўзнікаюць у органах раслін у працэсе гістагенезу пры раз’яднанні суседніх клетак, іх растварэнні або разрыве з наступным адміраннем. Магчыма таксама змешанае ўзнікненне. Зліваючыся, М. ўтвараюць адзіную сістэму каналаў і сазлучаюцца з вонкавым асяроддзем праз вусцейкі. Спрыяюць паляпшэнню газаабмену ў клетках, у іх назапашваюцца прадукты сакрэцыі (камедзі, млечны сок, смала, слізі, эфірны алей і інш.), паступаюць пары вады пры выпарванні. Парэнхімная тканка з буйнымі М., напоўненымі паветрам, наз. аэрэнхімай.

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)