ВЯДЗЕ́ТА,
возера на мяжы Расонскага і Полацкага р-наў Віцебскай вобл., на водападзеле рэк Дрыса і Палата, за 45 км на ПнУ ад Полацка, сярод лясных масіваў. Пл. 4,68 км², даўж. 4,6 км, найб. шыр. 1,6 км. Пл. вадазбору 26 км². Схілы катлавіны выш. 4—1 м. Берагі месцамі забалочаныя, пад лесам і хмызняком. Востраў пл. 3,6 га. На З злучана ручаём з воз. Глыбочына, на Пд выцякае р. Вядзеціца.
т. 4, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТУРУ́П,
самы вялікі востраў у групе Курыльскіх астравоў, у Сахалінскай вобл. Расіі. Пл. 6725 км², даўж. 200 км, шыр. ад 7 да 27 км. Размешчаны ў паўд. градзе, складаецца з вулканічных масіваў і горных кражаў. Выш. да 1634 м. Берагі высокія, стромкія. На ПнУ альховае драбналессе, у цэнтр. ч. пералескі курыльскай лістоўніцы, на ПдЗ — хваёва-шыракалістыя лясы з ліянамі. У падлеску зараснікі курыльскага бамбуку. На І. — г. Курыльск.
т. 7, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДУ́РА (Madura),
востраў у Малайскім архіпелагу, каля паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Явы, паміж морамі Балі і Яванскім. Тэр. Інданезіі. Пл. каля 4,5 тыс. км². Берагі расчлянёны слаба, месцамі акаймаваны каралавымі рыфамі і водмелямі. Рэльеф узгорысты, выш. да 471 м. Складзены пераважна з мергеляў і вапнякоў, пашыраны карст. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Лістападныя трапічныя лясы, саванны, зараснікі хмызнякоў. Плантацыі рысу, кукурузы, тытуню. Жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Рамёствы. Радовішчы нафты, газу. На М. гарады Сампанг, Суменеп.
т. 9, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДАС (Rhodos),
востраў у Эгейскім м., каля ўзбярэжжа Малой Азіі; найб. ў групе астравоў Паўд. Спарады. Тэр. Грэцыі. Пл. 1404 км². Берагі слаба расчлянёныя. Выш. да 1215 м (г. Атавірас). Складзены пераважна з вапнякоў і мармураў. Характэрны горы, укрытыя міжземнаморскімі лясамі, і ўзгоркі, парослыя хмызнякамі. Вырошчванне збожжавых, цытрусавых, вінаграду, маслін; аліўкавыя гаі. Рыбалоўства, лоў губак. Р. — цэнтр стараж.-грэч. культуры. Помнікі ант. і сярэдневяковай архітэктуры. Курорты. Гал. горад і порт — Родас.
т. 13, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦІ-ЛЕ́ВУ (Viti Levu),
вулканічны востраў у Ціхім ак., самы буйны з а-воў Фіджы. Пл. 10,5 тыс. км². Выш. да 1322 м. Акаймаваны каралавымі рыфамі. Складзены са складкавых крышт. парод, перакрытых лавамі. Захаваліся вулканічныя конусы, якія ўтвараюць гарысты рэльеф. Клімат трапічны вільготны. Трапічныя вільготныя лясы, на падветраных схілах — саванны. Здабыча золата, марганцавых руд; лесараспрацоўкі. Вырошчваюць цукр. трыснёг, бананы, бавоўнік, какосавыя пальмы. Аэрапорт. Турызм. Лясны парк Тхалаісува. Гал. горад і порт — Сува.
т. 4, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЯРО́ДАК,
намнажэнне алювіяльных наносаў у рэчышчы ракі ў выглядзе невысокіх затопленых або часткова аголеных астравоў. Звычайна без расліннасці. Форма асяродку падоўжаная, выцягнутая па цячэнні, пл. да некалькіх дзесяткаў, радзей соцень квадратных метраў. Падзяляюць рэчышча на рукавы, паступова рухаюцца ўніз па цячэнні ракі (ніжняя ч. намываецца, верхняя размываецца). Замацаванне асяродку расліннасцю прыводзіць да ператварэння яго ва ўстойлівы востраў. Трапляюцца пераважна на рэках паўд. ч. Беларусі (на Прыпяці, Дняпры, Сажы, Іпуці і інш.). Месца гнездавання птушак.
т. 2, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́СІЦА,
возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ласіца (цячэ праз возера), за 33 км на У ад г. Паставы. Пл. 0,46 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 510 м, найб. глыб. 3,8 м, даўж. берагавой лініі 3,5 км. Пл. вадазбору 108 км². Схілы катлавіны выш. 11—15 м, пад хмызняком, на У, ПдУ і ПдЗ разараныя. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя. Мелкаводдзе пясчанае. У цэнтры — востраў пл. 0,2 га.
т. 9, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІ́МАВА,
возера ў Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Латвіяй, у бас. р. Росіца, за 23 км на ПнЗ ад г. Верхнядзвінск. Пл. 0,4 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 600 м, даўж. берагавой лініі каля 3,5 км. Пл. вадазбору 2,71 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, параслі лесам, на Пн разараныя. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя, пад лесам і хмызняком. У цэнтры востраў пл. 0,8 га. Выцякае ручай у р. Росіца.
т. 9, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎСІКА́Я, Наўзікая,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка цара феакаў (жыхароў казачнага в-ва Схерыя) Алкіноя. Паводле «Адысеі», Н., дзеянні якой накіроўвала багіня Афіна, сустрэла на беразе мора Адысея, якога напярэдадні бура выкінула на востраў феакаў. Н. накарміла і апранула Адысея, падказала яму, як прайсці да палаца Алкіноя і дамагчыся ад феакаў дапамогі ў вяртанні дадому. Паводле аднаго з міфаў, сын Адысея Тэлемах пасля смерці бацькі ажаніўся з Н. і меў ад яе сына Персептоліса.
т. 11, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВАЯ ГЕО́РГІЯ (South Georgia),
вулканічны востраў на ПдЗ Атлантычнага ак. ў Антарктыцы. Пл. каля 4,2 тыс. км². Выш. да 2934 м (г. Паджэнт). Значная ч. вострава ўкрыта снегам і лёдам. Шмат марскіх птушак, калоніі пінгвінаў, лежбішчы марскіх ільвоў і сланоў. Адкрыты ў 1775 экспедыцыяй Дж. Кука. Названы ў гонар англ. караля Георга III. У 1905—50 на востраве працавала аргенцінская метэаралагічная станцыя. Назіранні працягваюцца на англ. станцыі Грутвікен (порт на мысе Кінг-Эдуард).
т. 12, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)