МІРО́НАЎ Піліп Кузьміч (26.10.1872, г. Серафімовіч Валгаградскай вобл., Расія — 2.4.1921),
удзельнік грамадз. вайны на Беларусі. Скончыў Новачаркаскае казацкае юнкерскае вучылішча (1898). Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05, рэвалюцыі 1905—07, 1-й сусв. вайны, устанаўлення сав. улады на Доне. З сак. 1919 на Зах. фронце: пам. камандуючага і камандуючы войскамі 16-й арміі. З чэрв. 1919 на Паўд. фронце, дзе сфарміраваў Асобы казацкі корпус. За самавольнае выступленне на фронт у вер. 1919 з часцямі корпуса прыгавораны да расстрэлу, але памілаваны ВЦВК. У 1920 камандаваў 2-й коннай арміяй у баях супраць Урангеля. У лют. 1921 па лжывым даносе арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна.
т. 10, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НГУЕ́Н ХЫЎ ТХО (Nguyễn Hu’u Tho; 10.7.1910, г. Шалон, В’етнам — 24.12.1996),
в’етнамскі дзярж. і паліт. дзеяч. Атрымаў вышэйшую юрыд. адукацыю ў Францыі. З пач. 1950-х г. адзін з арганізатараў антыфранц. і антыамер. руху на Пд В’етнама, змагаўся за аб’яднанне краіны. Двойчы арыштаваны і зняволены паўд.-в’етн. ўладамі (1950—52, 1954—61). У 1962—64 старшыня ЦК, у 1964—76 — прэзідыума ЦК Нацыянальнага фронту вызвалення Паўднёвага В’етнама. У 1969—76 кіраўнік Часовага рэв. ўрада Рэспублікі Паўд. В’етнам. У 1976—80 віцэ-прэзідэнт Сацыяліст. Рэспублікі В’етнам (СРВ). Нам. старшыні Дзярж. савета СРВ (1981—84, 1986—92), адначасова старшыня Пастаяннага савета Нац. сходу СРВ.
т. 11, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЛО́ЎСКІ Дзмітрый Сіманавіч (5.11.1876, г. Варонеж — 29.5.1948),
адзін з кіраўнікоў рэв. руху на Беларусі. За рэв. дзейнасць неаднойчы арыштаваны і сасланы. З вясны 1904 агент ЦК РСДРП па Паўн.-Зах. краі, чл. Паўн.Зах. к-та РСДРП. Дэлегат ад Паўн.-Зах. к-та на III з’ездзе РСДРП (1905), выбраны чл. ЦК. У парт. арг-цыях Мінска і Віцебска зрабіў даклады аб рабоце III з’езда РСДРП. З 1905 прадстаўнік ЦК РСДРП у Савеце партыі, афіц. прадстаўнік ЦК РСДРП у выканкоме Пецярб. Савета. З 1908 ад парт. дзейнасці адышоў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Дзярж. камісіі заканад. меркаванняў пры СНК РСФСР, з 1932 на юрыд. рабоце.
т. 12, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́БІНА (Sabina) Карал (29.12.1813, Прага — 9.11.1877),
дзеяч чэш. нац.-вызв. і рэв. руху, літаратар. Вучыўся ў Пражскім і Венскім ун-тах. Адзін з арганізатараў тайнага радыкальнага гуртка «Чэшскі рыпіл» (1844, на ўзор ірл. Асацыяцыі рыпілераў). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Чэхіі лідэр радыкальных дэмакратаў, рэдактар шэрагу іх газет і часопісаў, член Сватавацлаўскага к-та, яго ваен. арг-цыі «Сворнасць» і паліт. саюза «Слав. ліпа». У 1849 арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю (заменена на 18 гадоў зняволення), у 1857 амнісціраваны. У 1859—72 быў інфарматарам аўстр. паліцыі. Аўтар літ.-крытычных і літ.-тэарэт. твораў, рамантычных апавяданняў і раманаў сац. зместу, лібрэта оперы Б.Сметаны «Прададзеная нявеста».
т. 14, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯЎРУ́К Пётр Якаўлевіч (1905, г. Скідзель Гродзенскага р-на — 4.10.1929),
бел. паэт. У час. 1-й сусв. вайны жыў з бацькамі ў Тамбоўскай губ. З 1921 на радзіме. Удзельнічаў у рабоце Т-ва бел. школы, Бел. сялянска-работніцкай грамады. Неаднойчы быў арыштаваны польск. ўладамі. Паводле сцверджання У.Калесніка, у сярэдзіне 1920-х г. друкаваў допісы, вершы, фельетоны ў віленскіх газетах пад псеўд. Плебей. У вершах любоў да роднага краю, прац. чалавека, імкненне да сац. справядлівасці, нараканні на цяжкую долю. Быў пад уплывам паэзіі М.Багдановіча. Яго вершы надрукаваны ў час. «Полымя» (1986. № 10).
Літ.:
Калеснік У. Час і песні. Мн., 1962. С. 62.
т. 15, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРАСЮ́К Іван Паўлавіч (22.6.1902, Ерэван — 23.9.1939),
удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў ваен.-паліт. курсы (1928), Ленінградскі камуніст. ун-т (1931). У грамадз. вайну ў атрадзе ЧОН. За рэв. дзейнасць і стварэнне ячэек КПЗБ у 1923 арыштаваны польскімі ўладамі. З-пад арышту ўцёк у СССР. Быў на парт. рабоце ў г. Чыта (Расія). З пач. 1932 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар Віленскага, Брэсцкага акр. к-таў КПЗБ. У 1932—36 зняволены ў турму. У вер. 1939 стварыў і ўзначаліў т.зв. лятучы атрад, які памагаў Чырв. Арміі вызваляць Зах. Беларусь. Загінуў у баі ў г. Драгічын Брэсцкай вобл.
В.П.Ласковіч.
т. 15, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАТАМІ́ Сеед Махамад (н. 29.9.1943, Ардакан, Іран),
дзяржаўны дзеяч Ірана. Скончыў тэалагічныя ф-ты Ісфаханскага і Тэгеранскага ун-таў. За ўдзел у апазіцыі рэжыму шаха Мухамеда Рэза Пехлеві быў арыштаваны. У 1978—79 кіраўнік Ісламскага культ. цэнтра ў г. Гамбург (Германія). Пасля перамогі Іранскай рэвалюцыі 1978—79 дэп. іранскага парламента (меджліса), кіраўнік выд-ва «Кейхан», міністр культуры і ісламскай арыентацыі. З 1992 дырэктар Нац. б-кі і саветнік прэзідэнта Ірана. З мая 1997 прэзідэнт Ісламскай Рэспублікі Іран. Выступае за лібералізацыю паліт. рэжыму Ірана, за большую яго адкрытасць для свету.
Літ.:
Казеев К. Президент ИРИ Сейед Мохаммад Хатами // Азия и Африка сегодня. 1999. № 2.
В.У.Адзярыха.
т. 16, с. 560
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫХО́Н Антон Міхайлавіч (26.5.1887, в. Альшэўскія Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 7.3.1939),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917 у Маскве, чл. Басманнага райкома РСДРП(б), ВРК; у 1917—28 старшыня Басманнага райсавета. У 1928—30 старшыня ЦК саюза будаўнікоў. У 1930—33 нарком працы СССР. З 1935 у Мінску, упаўнаважаны Камісіі сав. кантролю пры СНК СССР па Беларусі. У 1923—24 чл. ЦКК, у 1925—27 чл. Цэнтр. рэвіз. камісіі, у 1927—30 канд. у чл. ЦК ВКП(б), у 1930—34 чл. ЦК ВКП(б). Чл. ВЦВК СССР у 1919—37. 21.8.1938 беспадстаўна арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1954.
Э.А.Карніловіч.
т. 17, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЙКО́ЎЦЫ, Вялікае таварыства прапаганды,
адна з буйных арг-цый рэв. народніцтва ў Расіі ў канцы 1860 — пач. 70-х г. Узнікла ў 1869 у Пецярбургу як гурток М.А.Натансона — М.В.Чайкоўскага (назва ад яго прозвішча), які ў 1871 аб’яднаўся з гуртком С.Л.Пяроўскай. Т-ва мела аддзяленні ў Маскве, Кіеве, Адэсе (агульная колькасць каля 100 чал.). Ч. рыхтавалі прапагандыстаў для работы ў «народзе», выдавалі і распаўсюджвалі рэв. л-ру, былі ініцыятарамі «хаджэння ў народ». Летам-восенню 1874 амаль усе арыштаваны, многія асуджаны на «працэсе 193-х». Пазней многія Ч. ўдзельнічалі ў стварэнні «Зямлі і волі», «Народнай волі», у пач. 20 ст. — партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
т. 17, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫЧЫБА́БІН (сапр. Палушын) Барыс Аляксеевіч
(9.1.1923, г. Крамянчуг, Украіна — 15.12.1994),
рускі паэт. У 1946—51 арыштаваны за антысав. агітацыю. Друкаваўся з 1958. У кн. паэзіі «Маладосць», «Мароз і сонца» (абедзве 1963), «Звон» (1989), «Мае шасцідзесятыя» (1990), «82 санеты плюс 28 вершаў пра каханне» (1993), «Цвіценне бульбы» (1994) і інш. маральны максімалізм, пафас жыццесцвярджэння змяняюцца паглыбленнем тэмы ўнутр. свабоды асобы, асэнсаваннем ахвярнага шляху і трагічнай адзіноты паэта. Дзярж. прэмія СССР 1990. На бел. мову асобныя вершы Ч. пераклалі П.Макаль, У.Папковіч, У.Скарынкін.
Тв.:
Борис Чичибабин в стихах и прозе. Харьков, 1995.
Літ.:
Всему живому не чужой ...: Борис Чичибабин в статьях и воспоминаниях. Харьков, 1998.
т. 17, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)