правінцыя на ПдЗ Кітая. Пл. 174 тыс.км². Нас. 32,4 млн.чал. (1994), пераважна кітайцы; у гарах жывуць нац. меншасці (каля 1/4 насельніцтва) мяа, буі, тунцзя, чжуан, і, шуй, хуэй, яа і інш.Адм. ц. — г.Гуян. Размяшчаецца на Гуйчжоўскім нагор’і (вышыні ад 700 м да 2872 м). Клімат вільготны, субтрапічны. Сярэдняя т-растудз. 4—8 °C, ліп. — жн. 22—26 °C. Ападкаў 800—1300 мм за год. Верхнія часткі гор укрыты лясамі з каштоўнымі пародамі дрэў. Развіта сельская гаспадарка. Апрацоўваецца каля 15% тэр., палавіна яе арашаецца. У далінах збіраюць 2 ураджаі за год. Асн.с.-г. культуры: рыс (палова с.-г. плошчаў), кукуруза, пшаніца, рапс, тытунь. Пладаводства. Гадуюць цяглавую буйн. раг. жывёлу, свіней. Важны раён здабычы ртуці (1-е месца ў краіне), меднай, марганцавай, сурмянай, жал. руд, алюмініевай сыравіны, каменнага вугалю. Прам-сць: харч. (алейная і інш.), тытунёвая, тэкст., хім., чорная і каляровая металургія, машынабудаванне (гарнаруднае, трансп., хім. абсталяванне, электратэхніка, с.-г.); вытв-сцьбуд. матэрыялаў і паперы. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА СТАРО́ГА ДЗЕ́ДА»,
ананімны вершаваны твор бел. л-ры 19 ст. Напісаны ў пач. 1861. Надрукаваны ў выглядзе агітацыйнай брашуры Б.Шварцэ, А.Белакозам, Грынявіцкім у беластоцкай падп. друкарні напярэдадні паўстання 1863—64. Вядомыя 2 выданні: каб увесці ў зман цэнзуру, на тытуле аднаго пазначана Познань, другога — Парыж. Да аднаго з выданняў прыкладзены бел. верш У.Сыракомлі «Добрыя весці». Публікавалася ў львоўскай газ. «Dziennik literacki» («Літаратурны дзённік». 1861. № 89), распаўсюджвалася ў рукапісах і літаграфічна. Выкрывала царскія парадкі, заклікала бел. сялян падтрымліваць польскі вызв. рух. Складальнікі — шляхецкія рэвалюцыянеры — дапускалі ідэалізацыю мінулага Рэчы Паспалітай, заклікалі да класавага міру ў імя нац. адзінства. У навук. л-ры аўтарам «Гутаркі...» называлі В.Каратынскага, У.Сыракомлю, В.Дуніна-Марцінкевіча.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988;
Каратынскі В. Творы. 2 выд.Мн., 1994.
Літ.:
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963. С. 136—145;
Революционная Россия и революционная Польша. М., 1967. С. 39—63;
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 19—21.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІ́Д ((David) Жак Луі) (30.8.1748, Парыж — 29.12.1825),
французскі жывапісец; прадстаўнік класіцызму ў франц. мастацтве. У 1766—74 вучыўся ў Парыжы ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры (чл. акадэміі з 1784), у 1775—80 вывучаў ант. мастацтва ў Рыме. Дзеяч франц. рэвалюцыі 1789—94, чл. якабінскага Канвента; стварыў Нац. музей у Луўры. Яго творы вылучаюцца яскравым увасабленнем прынцыпаў класіцызму: «Клятва Гарацыяў» (1784), «Смерць Сакрата» (1787), «Ліктары прыносяць Бруту целы яго сыноў» (1789) і інш. У часы рэвалюцыі ствараў партрэты, карціны пра вядомыя гіст. падзеі сучаснасці: «Клятва ў зале для гульні ў мяч» (1791), «Забіты Лепелецье» і «Смерць Марата» (абедзве 1793). Вял.рэаліст. сілай вызначаюцца партрэты: «Аўтапартрэт» (1794), «Зяленіўшчыца» (1795). З 1804 Давід — прыдворны мастак Напалеона I; маляваў дэкар.-эфектныя парадныя партрэты і карціны («Напалеон пры пераходзе праз Сен-Бернар», 1800, «Каранацыя Жазефіны», 1805—07, і інш.). Пасля рэстаўрацыі манархіі Бурбонаў быў вымушаны пераехаць у Брусель. У Давіда вучыліся А.Гро, Ф.Жэрар, Ж.А.Д.Энгр і інш. мастакі.
Літ.:
Кузнецова И.А. Луи Давид М., 1965.
А.М.Пікулік.
Ж.Л.Давід. Сафо і Фаон. 1809.Ж.Л.Давід. Аўтапартрэт. 1794.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́КА,
горад, сталіца Бангладэш, на р. Бурыганга ў агульнай дэльце рэк Ганг і Брахмапутра. Адм. ц. вобласці Дака. 3,6 млн.ж., у гар. агламерацыі з г. Нараянгандж 6,1 млн.ж. (1991). Вузел унутр. водных шляхоў, аўтадарог. Порт даступны для марскіх суднаў. Чыг. станцыя. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: баваўняная, тэкст., шкляная, гарбарна-абутковая, джутавая (гал. цэнтр апрацоўкі джуту і вырабу з яго пераважна тэхн. тканін), харч., хім., паліграф., маш.-буд., металаапр., аўтазборачная. Суднабудаванне. Цэнтр стараж. ткацкага (вытв-сць мусліну) і інш. рамёстваў, у т. л. філігранная чаканка па серабры. Гандаль рысам, джутам, цукрам, алеем. 2 ун-ты. Арх. помнікі 17—18 ст.
Стараж. горад Бенгаліі, у 1608—1717 яе сталіца. У 17 — пач. 18 ст. буйны цэнтр рамесніцтва і гандлю. Заваяванне Англіяй Бенгаліі ў сярэдзіне 18 ст., увоз у Індыю англ.фабр. тканін разбурылі рамесніцтва і гандаль Д. У пач. 20 ст. цэнтр нац.-вызв. руху. У 1906 у Д. створана Мусульманская ліга. У 1947—71 адм. цэнтр Усх. Пакістана (Усх. Бенгаліі). З 1971 сталіца Рэспублікі Бангладэш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕМЯНЦЕ́Й (Мікалай Іванавіч) (н. 25.5.1930, в. Хотліна Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),
дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў БСГА (1959), ВПШ пры ЦККПСС (1964). З 1952 на выкладчыцкай і гасп. рабоце ў Віцебску і Полацкім р-не. У 1958—62 інструктар Віцебскага абкома, 2-і сакратар Віцебскага райкома КПБ, старшыня Віцебскага райвыканкома. З 1964 інструктар, нам. загадчыка, загадчык с.-г. аддзела Віцебскага абкома КПБ, 1-ы сакратар Ушацкага райкома КПБ. З 1970 інспектар ЦККПБ, з 1974 сакратар Віцебскага абкома КПБ, з 1977 заг.с.-г. аддзела ЦККПБ. У 1979—89 сакратар ЦККПБ. У 1989—90 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета, нам. Старшыні Вярх. Савета СССР, чл. Савета Федэрацыі СССР, у 1990—91 Старшыня Вярх. Савета БССР. Пад яго старшынствам Вярх. Савет 27.7.1990 прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце Беларускай ССР. Канд. у чл.ЦК у 1971—76, чл.ЦК з 1979, чл. Бюро ЦККПБ у 1979—91. Дэп. Вярх. СаветаБССР (з 1991 Рэспублікі Беларусь) у 1977—96, нар.дэп.СССР у 1989—91. З 1997 чл. Савета Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ РУ́СКІ ХОР Створаны ў Маскве ў 1936 на базе вак. ансамбля Усесаюзнага радыё як Дзярж. хор СССР. У 1942 рэарганізаваны ў Дзярж. хор рус.нар. песні, з 1955 акадэмічны, сучасная назва. Арганізатар, першы маст. кіраўнік і гал. дырыжор А.Свешнікаў (да 1980). З 1987 гал. дырыжор і маст. кіраўнік У.Мінін. Першапачатковай задачай калектыву было адраджэнне старадаўніх рус.нар. песень (сялянскіх, гар., фабрычных, студэнцкіх, салдацкіх), развіццё нац.вак.-харавых традыцый. Сярод найб. вядомых песень «Вячэрні звон», «Гібель «Варага», «Ах ты, стэп шырокі», песні гадоў Вял.Айч. вайны. З 1950-х г. у рэпертуары хар. музыка ўсіх часоў і народаў (каля 1000 твораў), у т. л. хары а капэла, буйнейшыя творы кантатна-аратарыяльнага і вак.-сімф. жанраў, з 2-й пал. 1980-х г. — шматлікія творы царк. музыкі. Гал. ўвага аддаецца развіццю традыцый рус.вак. мастацтва. Хору ўласцівыя дасканалае валоданне стылем а капэла, маналітнасць і стройнасць гучання, багацце каларыстычных адценняў, высокая хар. культура.
Літ.:
Локшин Д. Государственный хор русской песни. М., 1955;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ГРО́ДЗЕНСКАЙ ВО́БЛАСЦІ.
Засн. ў Гродне ў 1944. На 1.1.1997 у архіве 2135 фондаў, 347 745 спраў з 1919. Зберагае матэрыялы ўстаноў Польшчы з тэр. Навагрудскага ваяв. (акрамя Баранавіцкага і Валожынскага пав.), Ваўкавыскага, Гродзенскага, Аўгустоўскага (часткова) пав. Беластоцкага ваяв. за 1919—39 пра сац. становішча рабочых, сялян, правядзенне агр. рэформаў у Зах. Беларусі, стан асветы, нац. рух, дзейнасць БСРГ, ТБШ, КПЗБ, інш. грамадскіх, паліт. і рэліг. арг-цый. У дакументах ням.-фаш.акупац. устаноў перыяду Вял.Айч. вайны ёсць звесткі пра палітыку каланізацыі, масавыя расправы з мясц. насельніцтвам, барацьбу з партыз. і антыфаш. рухам, правядзенне гасп. мерапрыемстваў. Зберагае дакументы сав. устаноў, арг-цый і прадпрыемстваў за 1939—41 і з 1944; прыватныя калекцыі і архівы. Яны адлюстроўваюць працэс уз’яднання Зах. Беларусі з БССР, пасляваен. сац.-эканам. і культ. развіццё Гродзенскай вобл. Дакументы на бел., рус., польск., ням. і яўр. мовах.
Аддзелы: забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; інфарм.-пошукавых сістэм; камплектавання, ведамасных архіваў, справаводства і навук.-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў; інфармацыі, публікацыі і навук. выкарыстання дакументаў; матэрыяльна-тэхн. забеспячэння, эксплуатацыі і абслугоўвання будынка. С.А.Кандрашова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРО́МСКІ ((Żeromski) Стэфан) (14.10.1864, Страўчын, Келецкае ваяв., Польшча — 20.11.1925),
польскі пісьменнік. Працаваў хатнім настаўнікам, у 1892—1904 бібліятэкарам у Польскім музеі ў Раперсвілі і ў б-цы Замойскіх у Варшаве. У 1909—12 у эміграцыі ў Парыжы. Ужо для першых яго твораў характэрна сац. скіраванасць, зварот да тэмы нац.-вызв. руху (зб-кі «Апавяданні», «Раздзяўбуць нас крумкачы», абодва 1895). У цэнтры аўтабіягр. рамана «Сізіфава праца» (1897) пратэст супраць прымусовай русіфікацыі польскай школы. Раман «Бяздомныя» (т. 1—2, 1900) прысвечаны тэме духоўных пошукаў польскай інтэлігенцыі. Ідэя барацьбы за незалежнасць і трагічныя лёсы адданых ёй барацьбітоў аб’ядноўвае раманы «Попел» (т. 1—4, 1904, экранізаваны 1965), «Прыгажосць жыцця» (1912), «Верная рака» (1912, пра паўстанне 1863) і трылогію «Барацьба з сатаной» (1916—19). Аўтар драм «Ружа» (1909) і «Сулкоўскі» (1910), раманаў «Гісторыя граху» (т. 1—2, 1908, экранізаваны 1933 і 1975), «Прадвесне» (1925). На бел. мову творы Ж. перакладаў М.Ф.Дубянецкі (зб. «Верная рака», 1985).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫЦІЕ́ ЕФРАСІ́ННІ ПО́ЛАЦКАЙ»,
помнік бел. агіяграфічнай л-ры 12—13 ст. (дайшоў спіс 14 ст.); адзін з найб. ранніх твораў гістарычнай прозы на Беларусі. Напісана царк.-слав. мовай стараж.-рус. рэдакцыі. Аўтар невядомы. У творы апавядаецца пра жыццё і культ.асветніцкую -дзейнасць Ефрасінні Полацкай, першай жанчыны на Русі, якую царква кананізавала ў святыя. У помніку паўстае вобраз настойлівай і самаахвярнай жанчыны, сапраўднай гераіні свайго часу, услаўляецца яе імкненне да ведаў і духоўнай дасканаласці. Літаратурны схематызм (вобраз Ефрасінні ідэалізаваны, пазбаўлены многіх індывід. рыс жывога чалавека) і дыдактычная рытарычнасць прыглушаюцца яркімі рэаліямі часу, жыццёвай праўдзівасцю апавядання, якое грунтуецца на сапраўдных гіст. фактах. Важнае месца ў творы займаюць дыялогі і маналогі-разважанні, якія памагаюць раскрыць унутр. свет герояў. У помніку ёсць цікавыя звесткі пра Полацк, яго культ. жыццё, побыт княжацкай сям’і. Твор спалучае некалькі літ. жанраў: гіст.-маст. біяграфію гераіні (жыціе), сціслае апісанне яе падарожжа ў «святую зямлю» (хаджэнне) і пахвалу. Рукапіс зберагаецца ў Расійскай нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ЛАТАВАЛЮ́ТНЫЯ РЭЗЕ́РВЫ,
афіцыйныя запасы золата і замежнай валюты ў цэнтр. банку і фін. органах краіны, а таксама ў міжнар. валютна-крэдытных арганізацыях. У склад афіц. З.р. уключаюцца замежныя валюты, якія выконваюць ролю міжнар. плацежных сродкаў, калект. рэгіянальныя і міжнар. валютныя адзінкі (СДР, ЭКЮ), правы на аўтам. атрыманне сродкаў у МВФ, а таксама афіц. залатыя запасы, якія ўлічваюцца асобна. Сусв. З.р. (млрд. долараў): у 1980 валютныя рэзервы — 409,8, золата (рыначная ацэнка) — 563,3, у 1990 — адпаведна 907,3 і 361,5, у 1994—1186,4 і 348,7. Гал. ўладальнікамі З.р. (на канец 1994) з’яўляюцца прамыслова развітыя краіны — 927,6 млрд. долараў (у т. л. ЗША — 163,6, Японія — 135,2, Германія — 113,9); краіны, якія развіваюцца, маюць З.р. на суму 607,5 млрд. долараў. У складзе валютных рэзерваў асн. ролю адыгрываюць нац. валюты (асабліва рэзервовыя). Сярод рэзервовых валют на канец 1994 амер. долар (585,2 млрд.), марка ФРГ (151,1 млрд.), японская іена (83,4 млрд.), брытанскі фунт стэрлінгаў (37,2 млрд.). У апошнія гады залатыя запасы амаль не выкарыстоўваюцца, а ў міжнар. разліках выкарыстоўваюцца ў асноўным валютныя рэзервы.