эстэтычная катэгорыя, якая служыць для ацэнкі мізэрных з’яў быцця і маст. выяўлення бездухоўнасці ў грамадскім жыцці. У дачыненні да чалавечых учынкаў з’яўляецца крайняй ступенню агіднага і мае выразны маральна-этычны змест. Суадносіцца з камічным, процілеглае ўзнёсламу.
Для стараж., у т. л. антычнай, маст. свядомасці ўзнёслае і Н., як прыгожае і агіднае, мелі абс. характар, які пазбаўляў іх дынамікі і ўзаемапераходнасці. Сярэдневяковая хрысц. эстэтыка выпрацавала іерархію эстэт. каштоўнасцей: на яе вяршыні змяшчаўся боскі свет, а каля яе падножжа — нізкае матэрыяльнае быццё. Чалавек у гэтай іерархіі займаў прамежкавы стан, і ў яго душы адбывалася барацьба паміж узнёсла-духоўным і матэрыяльна-нізкім. Рэнесансавае мастацтва праўдзіва адлюстравала складанасць жыцця, у якім узнёслае і Н. нярэдка суіснуюць або мяняюцца месцамі. Тэарэтыкі класіцызму абгрунтоўвалі паняцце высокага і нізкага стыляў, якія былімаст. адпаведнікамі «высокага» (арыстакратычнага) і «нізкага» (простанароднага) ладаў жыцця. У л-ры крытычнага рэалізму значнае месца заняло праўдзівае выяўленне пачварных, нізкіх з’яў грамадскага быцця.
У гісторыі бел.маст. культуры катэгорыя Н. разам з камічным і агідным выявілася ў фальклоры, у чарадзейных казках. Фальклорны прыём травестацыі (зніжэнне афіц. высокага, перавод яго ў «матэрыяльна-цялесны план» па-майстэрску выявілі ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». В.Дунін-Марцінкевіч, пісьменнікі рэв.-дэмакр. кірунку (Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас і інш.) напоўнілі паняцце Н. глыбокім сац. гучаннем, выкарыстоўвалі яго для крытыкі негатыўных з’яў у жыцці грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУЛІ́ЗМ (франц. populisme ад лац. populus народ),
арыентацыя суб’ектаў палітыкі (паліт. дзеячаў, партый) на паліт. ідэі шырокіх мас, незадаволеных сац. рэчаіснасцю. З’явіўся з развіццём капіталізму сярод «прамежкавых» паміж пралетарыятам і буржуазіяй пластоў грамадства, звычайна яго носьбіты — сяляне, фермеры, дробныя прадпрымальнікі, частка рабочых, люмпенаў і інш. Пераважна развіваецца ў эпоху сац. крызісаў. Напр., разнавіднасцю П. лічаць рас.народніцтва 19 ст. У ЗША партыя папулістаў (1891—1900) узнікла як альянс фермерскіх і рабочых арг-цый. П. пашырыўся ў многіх краінах Афрыкі і Азіі ў перыяд іх барацьбы за вызваленне ад калан. залежнасці. Папулісцкімі лідэрамі быліСунь Ятсен у Кітаі, М.К.Гандзі ў Індыі, Сукарна ў Інданезіі і інш. У аснове П. ідэя роўнасці, роўных магчымасцей для ўсіх пластоў насельніцтва задавальняць свае жыццёвыя і грамадска-паліт. патрэбы. Адрозніваюць П. рэальны і спекуляцыйны. Рэальны П. — правядзенне правячай элітай палітыкі, накіраванай на абмежаванне пануючых сац. сіл (буйных капіталістаў і зямельных уласнікаў) на карысць шырокіх нар. мас (напр., палітыка прэзідэнта Чылі С.Альендэ Госенса ў 1970—73). Спекуляцыйны П. — паддобрыванне народа на ўзроўні лозунгаў дзеля прыходу да ўлады або яе ўтрымання, дасягнення карыслівых мэт і г.д. Гэтая форма П. асабліва характэрна для аўтарытарных, таталітарных, фаш. і інш. падобных рэжымаў. Такі П. — адзін з відаў сац. і паліт. дэмагогіі (гл.Дэмагог), маніпуліравання свядомасцю маладасведчаных людзей, галасамі выбаршчыкаў і г.д. Тэрмін П. (у спекуляцыйным значэнні) выкарыстоўваюць (часта ўзаемна) розныя паліт. партыі і плыні, каб абвінаваціць сваіх праціўнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫ́ЙНЫЯ ШКО́ЛЫў СССР,
вышэйшыя навучальныя ўстановы Камуністычнай партыі Савецкага Саюза па падрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кіруючых парт. і сав. работнікаў. Бяруць пачатак ад парт. школы ў Ланжумо (каля Парыжа), што дзейнічала ў 1911. Пасля Кастр. рэвалюцыі 19.17 у Расіі і інш.сав. рэспубліках ствараліся розныя школы парт.-сав. вучобы. У 1918 — пач. 1930-х г.асн. формай парт.ВНУбылікамуніст. ун-ты (45 у 1931, у т. л.Камуніст.ун-т Беларусі), сярод якіх вядучае становішча займаў Камуніст.ун-т імя Я.М.Свярдлова ў Маскве (1919—32), пазней — вышэйшыя парт. школы (ВПШ) пры ЦККПСС, ЦК кампартый саюзных рэспублік, крайкомах і абкомах партыі. З 1978 гал.парт.ВНУ і навук.-метадалагічным цэнтрам усёй сістэмы парт. адукацыі была Акадэмія грамадскіх навук пры ЦККПСС, створаная на базе аднайм. акадэміі (1946—78) і Вышэйшай парт. школы (1939—78) пры ЦККПСС. У 1980-я г. ў СССР дзейнічалі 15 рэсп. і міжабл. ВПШ (у т. л.Мінская вышэйшая партыйная школа) з тэрмінам навучання 2 гады для асоб з вышэйшай адукацыяй і 3 гады для асоб з сярэдняй адукацыяй (адпаведна 3 і 5 гадоў пры завочным навучанні). У 1991 адбываўся працэс трансфармацыі рэсп. ВПШ у парт. ін-ты паліталогіі і сац. кіравання, якія ў тым жа годзе спынілі існаванне ў сувязі з распадам СССР і роспускам КПСС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
адм.-тэр адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Ахоплівала тэр. ранейшай Полацкай зямлі, намеснікі якой з пач. 16 ст. называліся ваяводамі. Цэнтр — г. Полацк. Мела харугву ружовага (паводле інш. звестак — белага) колеру з выявай герба «Пагоня». Карысталася абласнымі прывілеямі, якія ўстанаўлівалі полацкае права; ваявода мог прызначацца толькі са згоды мясц. шляхты. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 ад П.в. да Расіі адышлі воласці Завалочча і Себеж. У час Інфлянцкай вайны 1558—82 у 1563 амаль усё П.в. было занята рас. войскамі; у 1564 большая частка тэр. П.в. на Пд ад Зах. Дзвіны адваявана ВКЛ. З 2-й пал. 16 ст. структура кіравання ў ваяводстве прыведзена ў адпаведнасць з адм. рэформай 1565—66 і Статутам ВКЛ 1566. П.в. не падзялялася на паветы. Буйнейшымі паселішчамі былі Асвея, Бешанковічы, Глыбокае, Дзісна, Друя, Лепель, Ула, Ушачы і інш. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у 1654—55 рас. армія цалкам заняла П.в.; большасць яго тэрыторыі вернута ў ВКЛ у 1658—60. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай 1772 паўн. частка П.в. (да р.Зах. Дзвіна, з г. Полацк) адышла да Расіі і ўвайшла ў склад Пскоўскай губерні. Астатняя частка П.в. існавала да 2-га падзелу Рэчы Паспалітай 1793; павятовыя сеймікі ў гэты час збіраліся ва Ушачах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРУЧЭ́ННЕ ЖЫВЁЛ.
адамашніванне жывёл, працяглы працэс пераўтварэння дзікіх жывёл у свойскіх, якіх расплоджваюць для задавальнення патрэб чалавека; першы этап узнікнення жывёлагадоўлі. Пад уплывам П.ж. і штучнага адбору жывёлы паступова страчваюць некат. рэфлексы, змяняюцца іх паводзіны, унутр. і знешняя будова. У параўнанні з дзікімі жывёламі, у свойскіх больш лёгкі шкілет, менш трывалыя косці, больш тонкая скура, знікла ахоўная афарбоўка, менш развіты галаўны мозг, органы пачуццяў, лёгкія, сэрца, ныркі. Лепш функцыянуюць млечныя залозы, органы размнажэння (свойскія жывёлы больш пладавітыя), у многіх знікла сезоннасць у расплоджванні.
Паводле звестак археалогіі, раней за інш.былі прыручаны сабака (каля 20—50 тыс.г. да н.э.), свіння, авечка, каза, буйн. раг. жывёла (8—3 тыс.г. да н.э.), пазней конь. Найб. буйныя ачагі П.ж. — Блізкі і Пярэдні Усход (Паўд. Турцыя, Палесціна, Ірак, Іран, Сярэдняя Азія), пазней раёны стараж. культур у бас. рэк. Ніл, Тыгр, Еўфрат, Ганг, Інд, Амудар’я і інш. Працэс П.ж. не спыняецца, працягваюцца спробы па прыручэнні і развядзенні ў няволі аленяў, ласёў, маралаў, антылоп, пушных звяроў, рэптылій (змей, кракадзілаў), амфібій і інш. Асаблівае значэнне набывае развядзенне ў няволі (зоакультура) жывёл, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння з мэтай узнаўлення іх колькасці ў прыродзе; драпежных і паразітычных беспазваночных для барацьбы са шкоднікамі; насякомых-апыляльнікаў, глебавых арганізмаў, гідрабіёнтаў-фільтрантаў для выкарыстання ў біягеацэналагічнай меліярацыі і ахове прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКА-ЖЛО́БІНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1941,
контрудар на Рагачоўска-Жлобінскім напрамку ў Вялікую Айчынную вайну. Праведзены 63-м стралк. корпусам (камкор Л.Р.Пятроўскі) 21-й арміі Зах. (з 24.7.1941 Цэнтр.) фронту з удзелам Жлобінскага і Рагачоўскага знішчальных батальёнаў 13 ліп. — 17 жн.; састаўная частка Смаленскай бітвы 1941. 6 ліп. часці 117-й дывізіі са складу корпуса пасля разведкі боем фарсіравалі Дняпро, авалодалі Жлобінам і прасунуліся на З уздоўж бабруйскай шашы. Гітлераўцы тэрмінова падцягнулі 10-ю матарызаваную і 255-ю пях. дывізіі. У выніку жорсткіх баёў сав. войскі ноччу адарваліся ад праціўніка і адышлі на зыходныя пазіцыі, сарваўшы разлікі ням. камандавання з ходу фарсіраваць Дняпро на гэтым участку. 13 ліп. войскі 21-й арміі перайшлі ў контрнаступленне. 63-і корпус фарсіраваў Дняпро, вызваліў Жлобін (з дапамогай нар. апалчэння), Рагачоў, развіў наступленне на Бабруйск і да канца ліпеня ўклініўся на 30 км у размяшчэнне ворага. Толькі з дапамогай перакінутых сюды 8 дывізій рэзерву ням. войскі здолелі замацавацца на зах. беразе Друці, 14 жн. прарвалі абарону і зайшлі ў тыл. корпуса. З 17 жн. часці корпуса з баямі пачалі выходзіць з акружэння, пры прарыве з якога быў смяротна паранены камкор Пятроўскі. У выніку контрудару ворагу нанесены значныя страты, 15 яго дывізій былі трывала скаваны ў прасоўванні на ўсход.
Літ.:
Беларусь у Вялікую Айчынную вайну, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 517.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАВО́ДНЫЯ КНІ́ГІў Расіі,
рукапісныя, пазней друкаваныя зводы радаводаў (генеалагічных запісаў пра паходжанне, роднасныя сувязі і службу продкаў) сем’яў свецкіх феадалаў Рас. дзяржавы, якія складаліся з 1540-х г. У 16—17 ст. утрымлівалі радаводы княжацкіх і баярскіх родаў, чые прадстаўнікі займалі вышэйшыя пасады ў дзярж. і ваен. апараце. Найб. вядомы «Гасудараў радасловец» 1555—56. Пасля адмены месніцтва ў 1682 створана Палата радаводных спраў для складання Р.к. рас.дваранства. Гэтая палата шляхам дапаўнення «Гасударава радаслоўца» стварыла Аксамітную кнігу. Пасля выдання Даравальнай граматы дваранству 1785 дваранскія сходы губерняў, у т. л. беларускіх, складалі Р.к. па сваіх губернях. У іх запісвалі дваран, якія валодалі ў губерні нерухомасцю; тых, чые продкі валодалі на тэр. губерні маёнткамі; асоб, якія мелі выслужанае дваранства і дваранства замежнага паходжання (у любой губерні па жаданні). Губ. Р.к. падзяляліся на 6 частак. У 1-ю частку запісвалі роды сапраўднага (пачатак радаводу не раней за 1685) і набілітаванага дваранства; у 2-ю — роды выслужанага дваранства ваеннай службай; у 3-ю — роды выслужанага дваранства цывільнай службай або атрыманнем ордэна, які прыносіў дваранскі статус; у 4-ю — роды замежнага паходжання; у 5-ю — тытулаваныя роды; у 6-ю — стараж. дваранскія роды, чый радавод пачынаўся раней 1685. З сярэдзіны 19 ст. асобныя аўтары складалі Р.к. рас. княжацкіх і дваранскіх родаў, якія ў адрозненне ад традыц. Р.к. былі не справаводнымі дакументамі, а навук. даследаваннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ імя Ф.Скарыны, навучальная ўстанова сярэдняга тыпу, гуманітарнага кірунку. Існавала ў мяст. Радашковічы ў 1922—28. Засн. Радашковіцкім таварыствам беларускай шкалы (ТБШ) па ініцыятыве А.Уласава і П.Крачкоўскага. У пач. 1922 атрымана канцэсія на ўтрыманне гімназіі. Дырэктарамі гімназіі былі Ф.Абрантовіч, А.Вернікоўскі, Ф.Стацкевіч. Выкладчыкамі ў розны час працавалі Я.Гаўрылік, В.Гаянкоў, С.Кароль, А.Крачкоўскі, М.Ласковіч, Л.Ліманоўская, Б.Тарашкевіч, І.Цішкевіч і інш. У гімназіі вучылася моладзь з навакольных вёсак і мястэчак. У 1925/26 навуч.г. ў 1—7-м і падрыхтоўчым класах займалася 150 вучняў. Быў інтэрнат для хлопцаў і дзяўчат. Настаўнікі і вучні сумесна з Радашковіцкім ТБШ праводзілі работу па прапагандзе бел. культуры. З ліст. 1923 вучні пастаянна ладзілі тэатр. прадстаўленні, выдавалі рукапісныя часопісы «Да сонца!» і «Гудок». На базе гімназіі ў час летніх канікул у 1926/27 і 1927/28 навуч.г. праводзіліся курсы для настаўнікаў бел.пач. школ. Уздым нац.-вызв. руху ў сярэдзіне 1920-х г. у Зах. Беларусі садзейнічаў радыкалізацыі поглядаў педагогаў і вучняў гімназіі, што стала падставай для закрыцця яе ў вер. 1928 па загадзе Маладзечанскага старасты з прычыны «небяспекі публічнага спакою». Большасць навучэнцаў гімназіі прадоўжылі вучобу за мяжой, у БССР; некат. скончылі вышэйшую школу ў Чэхаславакіі. Пэўны час у гэтай гімназіі вучыўся бел. паэт Максім Танк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖЖО́,
ручная агнястрэльная і пнеўматычная зброя з доўгім ненаразным ствалом; разнавіднасць стрэльбы. Агнястрэльныя Р. бываюць баявыя, паляўнічыя і спартыўныя; прызначаны для стральбы шротам, карцеччу і спец. свінцовымі кулямі. Пнеўматычныя (духавыя) Р. — спартыўныя, спружынныя або газабалонныя, дзейнічаюць ад сціснутага паветра ці інш. газу (гл.Пнеўматычная зброя).
Баявыя Р. (аркебуза, куляўрына, пішчаль, петрыналь) з’явіліся ў 14—15 ст., з 16 ст. пашырыліся кнотавыя Р. — мушкеты. Са стварэннем ударна-крамянёвага замка (16 ст.) і штыка з трубкай (17 ст.) усталяваўся тып баявога дульназараднага Р., якое стала асн. зброяй пяхоты да 1840-х г. (гл.Крамянёвая зброя), калі было заменена капсульным. У 2-й пал. 19 ст. гладкаствольныя Р. заменены наразнымі вінтоўкамі (гладкаствольныя Р. захаваліся як паляўнічыя). Паляўнічыя Р. больш лёгкія за баявыя; аднаствольныя з’явіліся ў 17 ст. (гл.Паляўнічая зброя). Яны былі шомпальныя (зараджаліся з дула з дапамогай шомпала), у пач. 20 ст. выцеснены казназараднымі Р. (зараджаліся унітарным патронам з задняй — т.зв. казённай — часткі ствала). Сучасныя паляўнічыя Р. прызначаны для прамысл. і спарт. (аматарскага) палявання, для спарт. стральбы на стэндзе (дакладная класіфікацыя Р. і тэрміналогія пакуль не ўсталяваліся). У 2-ю сусв. вайну шырока выкарыстоўвалася процітанкавая наразная стрэльба (усталяваная назва — процітанкавае ружжо).
В.І.Вараб’ёў.
Ружжо: а—г — кнотавы, калясцовы, крамянёвы і капсульны замкі (1 — курок, 2 — капсуль, 3 — запальны стрыжань, 4 — запал, 5 — зарад); д — ружжо аўтаматычнае магазіннае; е — двухствольнае з двума куркамі; ж — з ручным «помпавым» перазараджэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКАНКІ́СТА (ісп. Reconquista ад reconquistar адваёўваць),
адваяванне карэнным насельніцтвам Пірэнейскага п-ва зямель, захопленых у пач. 8 ст. арабамі і паўночнаафрыканскімі плямёнамі бербераў; працягвалася з 718 да канца 15 ст. Першай была перамога над арабамі ў 718 каля Кавадонгі. Да 11. ст. ўзніклі ісп. дзяржавы Леон, Кастылія, Арагон, Навара. Вырашальным этапам Р. былі 11—13 ст. У 1085 адваяваны Таледа, у 1212 аб’яднаныя сілы іспанцаў нанеслі маўрам канчатковае паражэнне ў бітве каля Лас-Навас-дэ-Талосы. У 1229—35 адваяваны Балеарскія а-вы, у 1236 — Кордава, у 1238 — Валенсія, у 1248 — Севілья, у 1492 — Гранадскі эмірат. Адваяванне суправаджалася засяленнем і эканам. асваеннем спустошаных вайною зямель. Гал. рухальнай сілай Р. было сялянства, якое ў пач. Р. атрымлівала зямлю і асабістую свабоду. Каралеўская ўлада падтрымлівала ўтварэнне сялянскіх і гар. абшчын (найб. іх росквіт у 11—13 ст.). З пашырэннем Р. феад. ўціск узмацніўся. Актыўна ўдзельнічалі ў Р. гараджане (гарады атрымлівалі самакіраванне), рыцарства (колькасць рыцараў павялічвалася за кошт сялян і гараджан). Р., якая вялася пад сцягам барацьбы хрысціян супраць «няверных», абумовіла рост ідэалаг. ўплыву і эканам. магутнасці каталіцкай царквы ў Іспаніі і Партугаліі. З Р. звязаны працэс фарміравання ісп. і партуг. народнасцей. У аснову ісп.літ. мовы лёг кастыльскі дыялект, што тлумачыцца пераважнай роляй Кастыліі ў Р. Эпоха Р. адлюстравана ў нар. эпасе (гераічны эпас пра Сіда Кампеадора, «Рамансера» і інш.).