ПАРТЭНАКАРПІ́Я (ад грэч. parthenos нявінніца + karpos плод),
утварэнне на расліне пладоў без апладнення. Адрозніваюць П.: вегетатыўную (або аўтаномную) — плады завязваюцца і развіваюцца без апладнення, і стымулятыўную — для ўтварэння плода неабходна раздражненне рыльца кветкі чужародным пылком (напр., пылок яблыні здольны выклікаць П. ў грушы, пылок памідора — у баклажана). Такія плады не маюць насення або маюць яго без зародка. Расліны з безнасеннымі пладамі размнажаюцца вегетатыўна. Вядома П. ў многіх пладовых раслін (вінаград, груша, мандарын, яблыня і інш.) і часта з’яўляецца замацаванай сартавой адзнакай. Штучная стымулятыўная П. (мех., хім. і інш. раздражненнямі) мае гасп. значэнне (безнасенныя плады маюць добрыя смакавыя якасці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧВА́РНАСЦЬ, тэратаморфа,
крайняя форма анамаліі развіцця, стойкія марфал., біяхім. і функцыян. парушэнні антагенезу, пераважна эмбрыягенезу. Вывучае тэраталогія. Да П. ў чалавека адносяць заечую губу, нераздзеленых блізнят, шасціпальцасць і інш. Бывае спадчынная (абумоўлена мутацыямі, неразыходжаннем храмасом, інш. зменамі генет. апарату) і неспадчынная (узнікае пад уздзеяннем тэратагенаў — агентаў хім., фіз. і біял. прыроды — на зародак у час развіцця). У жывёл трапляюцца двухгаловыя цяляты, парасяты; цяляты з двайным тулавам ці 2 парамі задніх канечнасцей; рыбы з падвоеным хвастом ці галавой; пчолы з недаразвітымі крыламі і інш.У раслін да П. адносяць анамальнае развіццё каранёў, лісця, кветак, суквеццяў, пладоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТА́Н (Platanus),
род кветкавых раслінсям. платанавых. 7—10 відаў. Пашыраны ў Амерыцы (ад Мексікі да Канады) і ў Еўразіі (ад Балканскага п-ва і Усх. Міжземнамор’я да Індакітая). З ант. часу культывуюць П. усходні, або чынару (P. orientalis).
Лістападныя дрэвы выш. да 50 м, дыяметр ствала да 5 м. Жывуць больш за 2 тыс. гадоў. Крона густая, шырокая, ствол прамы, калонападобны. Кара зеленавата-шэрая. Лісце буйное, доўгачаранковае, пальчаталопасцевае. Аднаполыя кветкі дробныя, у звіслых галоўчатых суквеццях. Плод — арэшак. Драўніна прыгожая, лёгкая, моцная, выкарыстоўваецца як дэкар. мэблевы матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦЭ́НТА (лац. placenta ад грэч. placus аладка),
1) дзіцячае месца, орган сувязі зародка з целам маці ў перыяд унутрычэраўнага развіцця. Ёсць у чалавека, плацэнтарных млекакормячых жывёл, у некат. хордавых і беспазваночных. Выконвае трафічную, дыхальную, выдзяляльную, бар’ерную, эндакрынную, імунапратэктыўную функцыі. П. млекакормячых утворана вырастамі вонкавай абалонкі зародка (харыёнам) і слізістай сценкі маткі. У даношанага плода чалавека П. мае форму плоскага дыска дыяметрам 17—20 см, таўшчынёй 2—4 см, масай 500—600 г. Парушэнні функцыі П. выклікаюць невыношванне цяжарнасці, таксікозы цяжарнасці.
2) У кветкавых раслін П., ці семяноід — месца закладкі і прымацавання семязавязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЮШЧ (Hedera),
род кветкавых раслінсям. араліевых. 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. Растуць у лясах, на камяністых месцах, падымаюцца на значную вышыню па дрэвах, якія з гэтай прычыны часта гінуць. На Беларусі 1 атлантычна-міжземнаморска-еўрап. рэліктавы від — П. звычайны (H. helix), занесены ў Чырв. кнігу (цвіценне ў вер.—кастр., плоданашэння не назіраецца, размнажэнне вегетатыўнае).
Вечназялёныя драўнінныя ліяны з паветранымі каранямі-прысоскамі на сцёблах. Лісце суцэльнае ці 3—5-лопасцевае. Кветкі дробныя, у шарападобных парасоніках ці сабраныя ў мяцёлкі. Плод — ягада. Выкарыстоўваюцца для прысценнага азелянення як хатнія і аранжарэйныя расліны. Меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІСПЕРМІ́Я (ад полі... + сперма),
у раслін — апладненне яйцаклеткі і другаснага ядра зародкавага мяшка некалькімі (звычайна двума) сперміямі; у жывёл — пранікненне ў яйцо пры апладненні да некалькіх дзесяткаў сперматазоідаў. Пры фізіялагічнай П. (вядома ў членістаногіх — насякомыя, павукападобныя, і хордавых — акулавыя рыбы, хвастатыя земнаводныя, паўзуны, птушкі) у цытаплазме яйца галоўкі сперматазоідаў ператвараюцца ў мужчынскія прануклеусы. Адзін з іх злучаецца з жаночым прануклеусам і ўтварае ядро зіготы, а астатнія дэгенерыруюць. Пры паталагічнай П. (у фізіялагічна манаспермных жывёл, у т. л. млекакормячых) механізмы, што абараняюць яйцо ад пранікнення звышколькасных сперматазоідаў, аказваюцца недастаткова эфектыўнымі. У выніку парушэнняў апладнення зародак звычайна гіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСЯ́НКА (Emberiza calandra, або Miliaria calandra),
птушка сям. аўсянкавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жыве ў стэпах, на сухадольных лугах з хмызняковымі зараснікамі, палях, каля населеных пунктаў. У канцы лета вывадкі П аб’ядноўваюцца ў чароды да 50 асобін і больш. На Беларусі рэдкі гнездавальны від. Занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 20 см, маса да 60 г. Апярэнне аднастайна-шэрае, святлейшае на горле, грудзях і брушку, з бурымі падоўжанымі стракацінамі. Дзюба высокая, моцная. Корміцца пераважна насеннем раслін, парасткамі, часткова дробнымі беспазваночнымі. Нясе 4—6 яец двойчы за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТРА́ВЫ,
хімічныя прэпараты для апрацоўкі (пратручвання) насення, клубняў, цыбулін і інш. пасяўнога і пасадачнага матэрыялу. Асн. кампанент большасці П. — фунгіцыд.
Паводле прызначэння бываюць аднамэтавыя (засцерагаюць расліны ад хвароб) і камбінаваныя. Камбінаваныя П. акрамя фунгіцыдаў маюць інсектыцыды, мікраэлементы і розныя дапаможныя рэчывы, дадаткова ахоўваюць насенне і ўсходы ад глебавай мікрафлоры і насякомых, што жывуць у глебе, засцерагаюць насенныя клубні і караняплоды пры захоўванні, насенне — ад здзёўбвання птушкамі, паляпшаюць развіццё раслін і павышаюць іх устойлівасць да неспрыяльных умоў надвор’я, а часам і да ўздзеяння гербіцыдаў. Пратручванне праводзяць пераважна ў спец. машынах — пратручвальніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ПАЛІС (грэч. propolis),
вуза, пчаліны клей, смалістае араматычнае рэчыва, якое выпрацоўваецца пчоламі меданоснымі; сумесь смалістых выдзяленняў пупышак і кветак раслін і сакрэту залоз пчол. Пчолы ім паліруюць ячэйкі сотаў, заклейваюць шчыліны ў вуллі і інш. З аднаго вулля за сезон збіраюць 100—200 г П.
Сіропападобная цёмна-зялёная ці бурая маса, пры захоўванні цвярдзее, робіцца крохкай. Раствараецца ў арган. растваральніках. Змяшчае раслінныя смолы (да 55%), воск (да 30%), эфірныя алеі (да 15%), вугляводы, амінакіслоты, вітаміны і інш. кампаненты (больш за 150). Выкарыстоўваецца ў медыцыне, ветэрынарыі, мае бактэрыцыдныя, антытаксічныя, процізапаленчыя, абязбольвальныя і стымулюючыя ўласцівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБЯРЭ́ЖНІК (Littorella),
род кветкавых раслінсям. трыпутнікавых. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе, Паўд. Амерыцы і на астравах Атлантычнага акіяна. На Беларусі атл.-еўрап. рэліктавы від П. аднакветкавы (L.uniflora), занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў прыбярэжнай зоне азёр да глыб. 2,5 м, уздоўж вільготных берагоў азёр і рэк утварае зараснікі.
П. аднакветкавы — шматгадовая бессцябловая травяністая расліна выш. 2—15 см з карэнішчам, прыдаткавымі каранямі і паўзучымі сталонападобнымі парасткамі. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, сядзячае, вузкалінейнае. Кветкі аднаполыя, цвітуць над вадой, аднак бутоны тычынкавых і песцікавых кветак развіваюцца пад вадой. Плод — арэшак.