СЕНТ-ЛЮСІ́Я (Saint Lucia),

дзяржава ў Вест-Індыі на аднайм. востраве ў групе Наветраных а-воў (архіпелаг М. Антыльскія а-вы). Пл. 620 км². Нас. 156,3 тыс. чал. (2000). Афіц. мова — англійская, шырока распаўсюджаны мясц. крэольскі дыялект франц. мовы (патуа). Сталіца, найб. горад і порт — Кастры. Адм. падзел — 11 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (22 лют.).

Дзяржаўны лад. С.-Л. — канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1979. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Орган заканад. улады — двухпалатны парламент, які складаецца з сената (11 чл., прызначаюцца ген.-губернатарам) і палаты сходу (17 чал., выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам (кіраўнік большасці ў палаце сходу).

Прырода. Востраў С.-Л. вулканічнага паходжання. Рэльеф горны, выш. да 959 м (г. Жымі). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднемесячныя т-ры 18—26 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 1500—1700 мм на ўзбярэжжы да 2500—3500 мм на ўсх. схілах гор. Ёсць гарачыя крыніцы. У гарах захаваліся вільготна-трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. Жывёльны свет прадстаўлены ў асн. птушкамі. Мора багатае рыбай, ракападобнымі і малюскамі. Ёсць некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. 96% складаюць сентлюсійцы, нашчадкі рабоў, прывезеных з Афрыкі, у антрапал. адносінах негры (больш за 90%) і мулаты. У гарадах невял. колькасць выхадцаў з Індыі і англічан. Вернікі пераважна католікі (90%), ёсць пратэстанты (7%) і англікане (3%). Сярэднегадавы прырост каля 1%. Сярэдняя шчыльн. каля 250 чал. на 1 км², на ўзбярэжжы каля 500 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва больш за 50%. Найб. гарады: Кастры (з прыгарадамі больш за 50 тыс. ж., 2000), В’е-Фор, Міку, Суфрыер. У сельскай гаспадарцы занята 43% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 18%, у абслуговых галінах — 39%. Значная эміграцыя, пераважна ў Вялікабрытанію.

Гісторыя. Стараж. насельнікі С.-Л. — індзейцы аравакі і карыбы, б.ч. якіх знішчана еўрапейцамі. Адкрыта Х.​Калумбам у 1502. У 1605 тут засн. англ. пасяленне. У 17—18 ст. за валоданне С.-Л. ішла барацьба паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй; канчаткова замацавана за апошняй паводле Парыжскага мірнага дагавора 1814. У 1958—62 чл. Вест-Індскай федэрацыі. З 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава». 22.2.1979 абвешчана незалежнасць С.-Л. ў складзе Садружнасці. У С.-Л. дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднаная рабочая партыя С.-Л., Лейбарысцкая партыя, Прагрэсіўная лейбарысцкая партыя. С.-Л. — чл. ААН (з 1979).

Гаспадарка. С.-Л. — аграрная краіна сярэдняга ўзроўню развіцця, важнае значэнне для эканомікі мае замежны турызм. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае 4100 дол. за год. 32% яго ствараецца ў прам-сці, 11% — у сельскай гаспадарцы, 57% — у абслуговых галінах, пераважна ў турысцкай справе. С.-Л. — краіна развітога міжнар. турызму (штогод наведваюць 300—350 тыс. замежных турыстаў, даход ад турызму ў 1998—291 млн. дол.). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 22 тыс. га зямлі, у т. л. каля 19 тыс. га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, 3 тыс. га пад пашай. Пераважаюць дробныя сялянскія гаспадаркі, ёсць плантацыі экспартных культур. Каля палавіны с.-г. зямель пад пасадкамі бананаў (штогадовы збор каля 100 тыс. т). Вырошчваюць таксама манга, какосавыя арэхі, цытрусавыя, какаву, батат, маніёк, цукр. трыснёг, рыс, вінаград. Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 15, свіней каля 10, авечак і коз каля 15. Птушкагадоўля (260 тыс. курэй у 1997). Марское рыбалоўства. Гал. прамысл. прадпрыемствы — нафтавы тэрмінал для перагрузкі супертанкераў (прывозяць нафту для ЗША з Б.​Усходу) і нафтаперапр. з-д (б. ч. прадукцыі экспартуецца). Працуюць невял. прадпрыемствы па зборцы электронных кампанентаў, вытв-сці паперы і кардону, тытунёвых вырабаў, тканін, адзення, цацак. Апрацоўчая прам-сць базіруецца на перапрацоўцы мясц. с.-г. сыравіны (вытв-сць копры, какосавага алею, мыла, рому, безалкагольных напіткаў). Лесанарыхтоўкі і дрэваапр. прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі — 110 млн. кВт∙гадз. (1998). Развіты саматужныя промыслы (ганчарныя вырабы, сувеніры і інш.). Транспарт аўтамаб. і марскі. На востраве 1,2 тыс. км аўтадарог, у т. л. каля 100 км з цвёрдым пакрыццём, 10 тыс. легкавых аўтамабіляў, 9,1 тыс. грузавых і аўтобусаў; 2 міжнар. аэрапорты. Марскія парты Кастры і В’е-Фор. У 1997 экспарт склаў 70,1 млн. дол., імпарт — 292,4 млн. дол. У экспарце пераважаюць бананы (41% па кошце), нафтапрадукты, адзенне, какава, агародніна, фрукты, какосавы алей і копра, у імпарце — харч. і прамысл. тавары, паліва. Гал. гандл. партнёры: ЗША (24% экспарту, 36% імпарту), Вялікабрытанія (50% экспарту, 11% імпарту), карыбскія краіны (16% экспарту і 22% імпарту), Японія, Канада. Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад Вялікабрытаніі. Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Сент-Люсіі.

т. 14, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ХМАТЫ (ад перс. шах мат — уладар памёр),

гульня, якая спалучае элементы спарт. саперніцтва, навук. і лагічнага мыслення і маст. творчасці; від спорту. Гуляюць 2 праціўнікі на квадратнай дошцы, падзеленай на 64 светлыя і цёмныя палі. У кожнага гульца па 8 фігур (кароль, ферзь, 2 ладдзі, 2 кані, 2 сланы) і 8 пешак, якія яны перамяшчаюць па дошцы паводле пэўных правіл. Мэта гульні — даць мат каралю (становішча, калі кароль не можа абараніцца ад нападу фігур праціўніка).

Ш., верагодна, узніклі ў Індыі ў канцы 5 ст. ў форме т.зв. чатурангі (гулялі 4 чалавекі). Археал. даследаванні на тэр. Узбекістана (1972) сведчаць, што гульня накшталт Ш. была вядома тут у 2 ст. У араб. краінах вядома з 7—8 ст., дзе трансфармавалася ў т.зв. шатрандж (шатранг; гулялі 2 чалавекі). Сучасную форму Ш. набылі ў 16 ст. ў еўрап. краінах (Іспанія, Італія, Францыя, Англія). Афіц. спаборніцтвы праводзяцца з 19 ст. (першы міжнар. турнір у Лондане ў 1851, першы матч на першынство свету ў 1886). У 1924 створана Міжнар. шахматная федэрацыя (ФІДЕ), якая аб’ядноўвае шахматныя арганізацыі больш чым 170 краін (2003). ФІДЕ арганізуе і праводзіць шахматныя Сусв. алімпіяды (камандныя, або т.зв. «турніры нацый») з 1927 мужчынскія і з 1957 жан.; чэмпіянаты свету: асабістыя (мужчынскія з 1886 і жан. з 1927) і камандныя з 1985 (мужчынскія). Званне міжнар. гросмайстра прысвойваецца ФІДЕ з 1950 (мужчыны) і з 1976 (жанчыны). Чэмпіёны свету: В.Стэйніц (1886—94), Э.Ласкер (1894—1921), Х.Р.Капабланка (1921—27), А.Алёхін (1927—35, 1937—46), М.Эйве (1935—37), М.Бацвіннік (1948—57, 1958—60, 1961—63), В.​Смыслоў (1957—58), М.Таль (1960—61), Т.​Петрасян (1963—69), Б.​Спаскі (1969—72), Р.Фішэр (1972—75), А.Карпаў (1975—85, 1993—1998), Г.Каспараў (1980; па версіі Прафес. шахматнай асацыяцыі, ПША — 1985—2000), А.​Халіфман (1999), У.​Крамнік (2000, па версіі ПША), В.​Ананд (2000, па версіі ФІДЕ), Р.​Панамароў (2002). Чэмпіёнкі свету: В.Менчык (1927—44), Л.​Рудэнка (1950—53), Л.​Быкава (1953—56, 1958—62), В.​Рубцова (1956—58), Н.Гапрындашвілі (1962—78), М.Чыбурданідзе (1978—91), Се Дзюнь (1992—94), Ж.​Полгар (1995—99), Жу (Чжу) Чэнь (з 2000). У галіне шахматнай кампазіцыі (складанне спец. пазіцый для рашэння за пэўную колькасць хадоў (задачы) або за адвольную іх колькасць (эцюды) разыгрываюцца пяршынствы краін і свету, прысвойваюцца міжнар. званні майстроў і гросмайстраў. Завочныя Ш. (гульня па перапісцы) існуюць з 1694 (адзначана паміж венецыянскімі і харвацкімі купцамі); у 1928 створаны міжнар. саюз гульні ў Ш. па перапісцы (з 1951 Міжнар. федэрацыя, ІКУФ).

На Беларусі Ш. вядомы з 12 ст. Першыя нац. шахматныя гурткі ўзніклі ў 1919—20 у Мінску, Барысаве, Віцебску, Магілёве і інш. 1-ы чэмпіянат Мінска праведзены ў 1922 (пераможца А.​Касперскі), у інш. гарадах Беларусі (Бабруйск, Віцебск, Гомель, Полацк) — у 1923. 1-ы чэмпіянат Беларусі сярод мужчын адбыўся ў 1924 (пераможца — С.Разенталь), сярод жанчын у 1928 (С.​Дукер). Першы майстар спорту па Ш. на Беларусі — У.​Сіліч. У пяршынствах СССР бел. шахматысты ўдзельнічалі з 1927 (перамаглі на ўсесаюзным камандным турніры), былі бронз. прызёрамі на III Спартакіядзе народаў СССР (1963). Паспяхова выступала каманда Беларусі (з 1955) у міжнар. матчах з камандамі Польшчы, Венгрыі, Германіі. Бел. шахматысты В.Купрэйчык і А.​Капенгут неаднаразова перамагалі ў чэмпіянатах свету сярод студэнтаў у складзе зборнай каманды СССР. Шахматная федэрацыя Беларусі створана ў 1992. Сярод найб. вядомых бел. спецыялістаў па Ш. — засл. трэнеры СССР І.Я.Баляслаўскі, А.П.Сакольскі, засл. трэнеры Беларусі С.​М.​Бягун, Т.​А.​Галавей, А.​З.​Капенгут, А.​І.​Шагаловіч, М.​І.​Шарашэўскі. Бел. шахматысты зрабілі значны ўклад у тэорыю Ш., іх імёнамі названы некат. дэбютныя варыянты (напр., дэбют Г.М.Верасава, дэбют Сакольскага) і інш. Каманда шахматных кампазітараў БССР — пераможца VI i VII камандных пяршынстваў СССР. Сярод шахматных кампазітараў вызначыліся М.​Бельчыкаў, І.​Бондар, В.​Гебельт, Я.​Дзвігаў, Я.​Камянецкі, Р.​Сляпян, У.​Сычоў, С.​Цырулік і інш. Найб. поспехаў сярод бел. шахматыстаў дасягнулі міжнар. гросмайстры С.​Азараў, А.​Аляксандраў, Баляслаўскі, Б.Гельфанд, В.Дыдышка, К.Зварыкіна, А.​Кавалёў, Купрэйчык, Г.​Лагвілава, І.​Смірын, А.​Суэцін, А.​Фёдараў, Ю.​Шульман, Р.​Эйдэльсон.

Літ.:

Карпов А.Е., Гик Е.Я. Все о шахматах. М., 2000;

Линдер В.И., Линдер И.М. Короли шахматного мира: Жизнь и игра сквозь призму энцикл. М., 2001;

Гик Е.Я. Необычные шахматы. М., 2002;

Давыдюк С.И. Начинающим шахматистам. 2 изд. Мн., 2002;

Каждан М.В. Урок ведет тренер. Мн., 2002.

В.​Д.​Купрэйчык, Я.​В.​Мачалаў.

т. 17, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯЎНІЧАЯ СПРАВА І ПАЛЯЎНІЧЫЯ ЗАКАЗНІКІ.

Паляванне і паляўнічая гаспадарка Беларусі маюць спартыўна-аматарскі кірунак, з’яўляюцца сферай матэрыяльнай вытворчасці (збор «ураджаю» дзічыны) і сродкам адпачынку людзей на ўлонні прыроды. У апошнія гады актыўна развіваецца міжнар. паляўнічы турызм — адна з крыніц валютнага прыбытку. У выніку палявання атрымліваюць далікатэсную мясную прадукцыю, пушніну, паляўнічыя трафеі. Паляўнічыя арганізацыі і юрыдычныя асобы арандуюць дзярж. паляўнічыя ўгоддзі агульнай пл. 17 635 тыс. га (на 1.1.2004) тэрмінам на 10 гадоў. Карыстальнікамі іх з’яўляюцца грамадскія аб’яднанні паляўнічых — 11 946 тыс. га (68%), Міністэрства лясной гаспадаркі (МЛГ) Рэспублікі Беларусь — 3635 тыс. га (21%), вытворчае аб’яднанне ваенных паляўнічых (ВАВП) — 1900 тыс. га (11%) і інш. Паляўнічым уладкаваннем ахоплена 84,6% усіх угоддзяў Беларусі, якія падзяляюцца на палявыя — 9408 тыс. га (53,4%), лясныя — 7024 тыс. га (39,8%), водна-балотныя — 1203 тыс. га (6,8%). Паляўнічая фауна ўключае 24 віды млекакормячых і каля 50 відаў птушак.

Кіраўніцтва паляўнічай гаспадаркай ажыццяўляе Мін-ва лясной гаспадаркі (прымае экзамены і выдае пасведчанні на права палявання) і Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Самая буйная паляўнічая арганізацыя — грамадскае аб’яднанне Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР; існуе з 1921), якое налічвае 66,5 тыс. чал. (на 1.1.2004). Кіруе таварыствам прэзідыум Рэспубліканскага савета на выбарнай аснове праз абласныя і раённыя саветы (больш за 2800 калектываў). БТПР існуе ў асноўным за кошт членскіх узносаў, якія складаюць 80% усіх даходаў таварыства. У паляўнічых гаспадарках працуе 1488 егераў, біёлагаў, паляўніцтвазнаўцаў-заолагаў, эколагаў і інш. На Беларусі 303 паляўнічыя гаспадаркі, у т. л. ў МЛГ — 138, БТПР — 114, ВАВП — 14, юрыдычных асоб — 10 і інш. Штогод паляўнічыя арганізацыі праводзяць улікі дзікіх жывёл, на аснове якіх плануецца здабыча; гл. табл.


Колькасць і аб’ём здабычы асноўных відаў дзікіх жывёл і птушак за 2002
Від Колькасць, тыс. асобін Аб’ём здабычы, тыс. асобін Здабыча, %
Алень высакародны 4,5 0,174 3,9
Андатра 78,6 5,3 6,7
Бабёр 33,2 0, 108 0,3
Воўк 1,3 0,7 53,8
Выдра 4,2 0,013 0,3
Дзік 35,0 4,21 12,0
Заяц-бяляк 77,2 10,8 14,0
Заяц-русак 150,0 61,7 41,1
Зубр 0,174 0,007 4,0
Казуля 49,6 2,8 5,6
Куніца лясная 24,3 5,0 20,6
Ліс 40,0 19,6 49,0
Лось 15,4 0,446 2,9
Норка 18,6 2,5 13,4
Сабака янотападобны 9,0 3,6 40,0
Глушэц 9,0 0,108 1,2
Качкі 673,0 95,0 14,1
Курапатка шэрая 108,0 4,160 3,9
Цецярук 51,0 1,788 3,5

У паляўнічых угоддзях Беларусі каля 100 мядзведзяў, 270 рысяў.

Штогод паляўнічыя здабываюць 16—30 тыс. асобін балотна-лугавой дзічыны (бакас, гаршнэп, драч, дупель, пагоніч, пастушок, турухтан і інш.). Запасы балотна-лугавой дзічыны больш за 1 млн. асобін, аб’ём здабычы 1%. Даходы ад паляўнічай гаспадаркі ў 2002 г. склалі 2 187 тыс. руб., у т. л. за продаж разавых пуцёвак і дазволаў 1286,9 тыс. руб. (58,8%), ад замежнага турызму 618,1 тыс. руб. (28,3%) і інш. З 1978 Беларусь першая сярод паляўнічых саюзаў перайшла на дыферэнцыраваную аплату па спарт. ліцэнзіях у адпаведнасці з узростам і полам жывёл, аптымізавала сярэднюю (чыстую) разліковую масу. Час палявання ўстанаўліваюць па сезонах на пэўныя віды дзічыны. Праводзяцца вывадкі, выстаўкі, іспыты і спаборніцтвы, у т. л. міжнародныя, паляўнічых сабак. Беларускія паляўнічыя неаднаразова ўдзельнічалі ў міжнар. выстаўках паляўнічых трафеяў і атрымлівалі перамогі. Напр., на міжнар. выстаўцы паляўнічай гаспадаркі і рыбалоўства «Жывая прырода» ў Чэхіі (2000) бел. паляўнічыя трафеі атрымалі 51 залатую, 12 сярэбраных і 2 бронзавыя медалі. Вышэйшую ўзнагароду выстаўкі «Гран-пры» і сусветны рэкорд атрымаў чэрап ваўка, здабытага на Беларусі.

Паляўнічыя (біялагічныя) заказнікі ствараюцца паводле палажэння аб паляўнічых заказніках і забароненых для паляўніцтва зонах, зацверджанага МЛГ Беларусі 25.7.1979. Яны арганізуюцца з мэтамі захавання запасаў паляўнічай фауны, стварэння спрыяльных умоў для яе аднаўлення і павелічэння колькасці дзікіх жывёл. Падзяляюцца на заказнікі рэспубліканскага і мясц. значэння. Рэспубліканскія заказнікі арганізуюцца не менш, чым на 10 гадоў паводле пастановы СМ Беларусі, мясцовыя — тэрмінам на 5 гадоў паводле рашэння абласных выканкомаў. Ахову паляўнічай фауны, правядзенне біятэхнічных, паляўніча-гаспадарчых і інш. мерапрыемстваў арганізуе і ажыццяўляе дзярж. лясная ахова пад кіраўніцтвам дырэктараў лясгасаў. На 1.1.2004 г. на Беларусі існуюць 52 заказнікі рэсп. значэння агульнай плошчай 261,3 тыс. га. Пытанні палявання, дзейнасць паляўнічых гаспадарак і арганізацый Беларусі і інш. асвятляе газета «Паляўнічы і рыбалоў».

В.​Б.​Вадкоўскі.

т. 18, кн. 2, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАХІ́МІЯ (ад геа... + хімія),

навука аб хім. саставе Зямлі, пашырэнні, размеркаванні і міграцыі хім. элементаў і іх ізатопаў у геасферах; частка касмахіміі. Даследуе колькасць і размеркаванне хім. элементаў і іх ізатопаў у мінералах, горных пародах, рудах, прыродных водах і газах, жывых арганізмах, зямной кары, мантыі і Зямлі цалкам, касм. аб’ектах, а таксама геахімічныя працэсы.

Падзяляецца на агульную геахімію, бія-, гідра-, газа- (атма-), літа-, радыегеахімію, геахімію ландшафтаў, глеб, магматычных, асадкавых, гідратэрмальных, гіперагенных працэсаў, асобных хім. элементаў, ізатопаў, арганічную, рэгіянальную, аналітычную, геахімію тэхнагенезу і інш. Цесна звязана з мінералогіяй, крышталяхіміяй, петралогіяй, геалогіяй карысных выкапняў, тэктонікай, геафізікай і інш. Геахім. даследаванні шырока выкарыстоўваюцца пры пошуках карысных выкапняў, рашэнні практычных задач сельскай гаспадаркі і рацыянальнага прыродакарыстання, у медыцыне, ахове навакольнага асяроддзя. Звесткі пра хім. склад прыродных аб’ектаў назапашваліся да канца 19 ст. дзякуючы працам Л.​Элі дэ Бамона (Францыя), Г.​Бішафа (Германія), Р.​Бойля (Вялікабрытанія), І.​Я.​Берцэліуса (Швецыя) і інш. Ролю геахім. працэсаў у геалогіі падкрэслівалі М.​В.​Ламаносаў, Дз.​І.​Мендзялееў, В.​М.​Севяргін, А.​Гумбальт. Тэрмін «геахімія» ўвёў у 1838 ням. вучоны К.​Ф.​Шонбайн. У 1889 амер. вучоны Ф.​Кларк вылічыў сярэднія колькасці элементаў у зямной кары, якія атрымалі назву кларкі. Як навука геахімія аформілася ў 1-й пал. 20 ст. Яе заснавальнікі: У.І.Вярнадскі, В.М.Гольдшміт, А.Я.Ферсман. Вял. ўклад у развіццё геахіміі зрабілі А.​П.​Вінаградаў, А.​А.​Саўкаў, В.​У.​Кавальскі (Расія), К.​Ранкама, Т.​Сахама (Японія) і інш.

На Беларусі геахім. даследаванні арганізаваны ў 1953 К.​І.​Лукашовым у БДУ, з 1957 у АН Беларусі. Сучасныя цэнтры даследаванняў — Ін-т геал. навук Нац. АН (К.І. і В.​К.​Лукашовы, У.​А.​Кузняцоў, В.​М.​Шчарбіна, А.С. і А.​А.​Махначы, Г.​В.​Багамолаў, А.​В.​Кудзельскі, А.​М.​Пап, І.​В.​Найдзянкоў), Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (Т.​Н.​Кулакоўская, С.​Н.​Іваноў), Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі (В.​Б.​Кадацкі і інш.), БДУ (І.​С.​Лупіновіч, Я.​П.​Пятраеў) і інш. Геахім. вывучэнне тэр. Беларусі накіравана на пашырэнне мінер.-сыравіннай базы, ацэнку геаэкалагічных умоў і змяншэнне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

У.​А.​Кузняцоў.

т. 5, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-ПАВЕ́ТРАНЫЯ СІ́ЛЫ (ВПС),

1) від узбр. сіл дзяржавы, прызначаных для баявых дзеянняў (пераважна ў паветры) сумесна з інш. відамі ўзбр. сіл і самастойна пры выкананні аператыўна-стратэг. задач.

2) Афіц. назва ваеннай авіяцыі ў Рэспубліцы Беларусь, Расійскай Федэрацыі, ЗША і інш. краінах.

Ваен. авіяцыя ў большасці развітых краін з’явілася на пач. 20 ст.; у баях упершыню ўдзельнічала ў 1911—12 у Трыпалітанскай вайне (Італія—Турцыя). Атрад самалётаў Рас. імперыі першы раз удзельнічаў у баях у 1913 у час 1-й Балканскай вайны. Напярэдадні 1-й сусв. вайны ВПС Англіі, Аўстра-Венгрыі, Германіі, Італіі, Расіі і Францыі налічвалі разам каля 900 ваен. самалётаў. У час 2-й сусв. вайны колькасць ВПС многіх краін рэзка павялічылася, узніклі буйныя авіяц. аб’яднанні. У Вял. Айч. вайну лётчыкі СССР здзейснілі каля 3 млн. 125 тыс. самалёта-вылетаў і прычынілі праціўніку вял. страты. Авіяцыя далёкалётнага дзеяння і Грамадз. паветр. флот зрабілі 110 тыс. самалёта-вылетаў, перавезлі каля 83 тыс. партызан, даставілі ім 17 тыс. т узбраення, боепрыпасаў, харчоў, медыкаментаў і інш.

Сучасныя ВПС здольныя наносіць удары па сухап., авіяц. і ваен.-марскіх групоўках праціўніка і аб’ектах глыбокага тылу; знішчаць пункты кіравання і сувязі; парушаць варожыя камунікацыі; ажыццяўляць авіяц. падтрымку войск і сіл флоту і іх прыкрыццё з паветра; праводзіць дэсантаванне і паветр. перавозку сваіх войск і матэрыяльных сродкаў; весці паветр. разведку. На ўзбраенні сучасных ВПС ёсць рэактыўныя, звышгукавыя, усепагодныя ракетаносцы і бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі, верталёты, аснашчаныя ракетамі і радыёэлектронным абсталяваннем. ВПС Рэспублікі Беларусь маюць групоўку авіяцыі рознага прызначэння. Арганізацыйна яны складаюцца з авіяц. баз і асобных часцей (тылу, сувязі, радыёэлектроннага забеспячэння). У залежнасці ад прызначэння ВПС падзяляюць на авіяцыю далёкалётную, франтавую, ваен.-трансп.; у залежнасці ад характару выканання задач і лётна-тэхн. характарыстык — на знішчальную, знішчальна-бамбардзіровачную, бамбардзіровачную, разведвальную і дапаможную (санітарную, сувязі). ВПС інш. буйных дзяржаў складаюцца са стратэг., тактычнай, ваен.-трансп. авіяцыі і авіяцыі ППА. У ЗША у склад ВПС уваходзяць таксама злучэнні міжкантынент. балістычных ракет і ваенна-касм. сродкаў. Пра развіццё авіяц. тэхнікі гл. ў арт. Авіяцыя.

В.​А.​Юшкевіч.

т. 3, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЧАСКАЯ МО́ВА,

адна з індаеўрапейскіх моў (грэч. група), афіц. мова Грэцыі і Кіпра (разам з турэцкай). Пашырана таксама ў Турцыі, Паўд. Албаніі, Паўд. Італіі, Егіпце, ЗША і інш. краінах. У гісторыі грэчаскай мовы вылучаюць 3 асн. перыяды: старажытнагрэчаскі (14 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.), сярэднегрэчаскі (5—15 ст.), новагрэчаскі (з 15 ст.). Стараж.-грэч. мова прайшла наст. этапы развіцця: архаічны (з 14 — 12 да 8 ст. да н.э.), класічны (з 8—7 да 4 ст. да н.э.), эліністычны — перыяд фарміравання агульна-грэч. мовы — кайнэ (4—1 ст. да н.э.), познагрэч. (1—4 ст.) і існавала ў выглядзе дыялектаў, паступова набываючы пісьмовую форму (гл. ў арт. Грэчаскае пісьмо). Захавалася багатая л-ра класічнага перыяду на эалійскім (творы Сапфо, Алкея), дарыйскім (творы Алкмана, Эпіхарма, Сафрона, Філалая, матэматыка Архімеда), іанійскім (творы Гамера, Герадота, Гіпакрата), атычных дыялектах (творы Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, Арыстафана і інш.). Стараж. грэчаская мова мела ў фанетыцы 5 (кароткіх і доўгіх) галосных фанем, асобны рад прыдыхальных зычных, муз. націск; у марфалогіі — развітую сістэму дзеяслоўных формаў, спрошчанае імянное скланенне, развітое словаўтварэнне.

З цягам часу стараж.-грэч. мова мянялася, і да сярэдзіны 15 ст. завяршыўся працэс станаўлення на нар. аснове важнейшых асаблівасцей новагрэч. мовы, што працякаў у кірунку звужэння галосных, манафтангізацыі дыфтонгаў, ператварэння прыдыхальных зычных у спіранты, замены муз. націску сілавым, спрашчэння сістэмы скланення, замены многіх сінтакс. формаў аналітычнымі канструкцыямі.

Грэчаская мова здаўна была вядома на Беларусі. У 16—17 ст. яе вывучалі ў брацкіх школах. Павялічвалася колькасць перакладаў з грэч. на бел. мову («Евангелле вучыцельнае», «Бяседы Макарыя», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і інш.). У лексічным складзе бел. мовы замацавалася шмат грэцызмаў. З канца 17 ст. папулярнасць грэчаскай мовы на Беларусі ў сувязі з паланізацыяй грамадскага жыцця пачала змяншацца. У 20 ст., калі бел. мова пачала абслугоўваць сферы навукі, асветы, культуры і інш. і ўзнікла патрэба ў разнастайнай навук. тэрміналогіі, грэчаская мова зноў стала адыгрываць прыкметную ролю, і гэты працэс працягваецца.

Літ.:

Соболевский С.И. Древнегреческий язык. М., 1948.

А.​М.​Булыка.

т. 5, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА ЖЫВЁЛ,

комплекс міжнародных, дзярж., рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні асобных відаў і ўсёй сукупнасці відаў дзікіх жывёл (генафонду) і інш. рэсурсаў жывёльнага свету; састаўная частка аховы прыроды і праблемы захавання біял. разнастайнасці Зямлі.

На Беларусі ахова жывёл рэгулюецца законамі Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету» (1981), «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992), Парадкам выдачы дазволаў на здабычу жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (1993), адпаведнымі палажэннямі зямельнага, воднага і ляснога заканадаўства, міжнар. пагадненнямі, канвенцыямі і інш. Заканадаўствам устаноўлены забаронныя, папераджальныя, рэгулятыўныя, аднаўленчыя і інш. абавязкі дзярж. і грамадскіх арг-цый, гаспадарак і грамадзян па захаванні аптымальнай колькасці жывёл і іх генафонду (гл. Ахова генафонду). Асаблівай аховы патрабуюць рэдкія і тыя, што знікаюць, рэліктавыя, асяроддзеўтваральныя і асяроддзефарміравальныя, гаспадарча карысныя, прамыслова- і спартыўна-паляўнічыя віды жывёл. Ахова рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў жывёл ажыццяўляецца ў адпаведнасці са спісам, прапанаваным Міжнар. саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП), Еўрапейскім Чырвоным спісам рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў жывёл, рэгіянальнымі і нац. Чырвонымі кнігамі (гл. Ахоўныя жывёлы). У адпаведнасці з міжнар. канвенцыяй аб гандлі відамі дзікай фауны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, на Беларусі забаронены здабыча, продаж і купля хахулі, гіганцкай вячэрніцы, сярэднееўрап. ляснога ката, зубра, скапы, змеяеда, арлана-белахвоста, беркута, сапсана, дзербніка, шулячка, звычайнай пустальгі, чорнага бусла, драфы. Ахова прамыслова- і спартыўна-паляўнічых відаў жывёл ажыццяўляецца праз ліцэнзаванне паляўнічага промыслу, правядзенне біятэхн. мерапрыемстваў, увядзенне часовых забаронаў на здабыванне (адлоў ці адстрэл) асобных відаў, арганізацыю месцаў спакою дзікіх жывёл. Колькасць прамысл. жывёл рэгулюецца Палажэннем аб паляванні і вядзенні паляўнічай гаспадаркі і Правіламі рыбалоўства ў вадаёмах Рэспублікі Беларусь (гл. Паляўніцтва, Рыбалоўства). Функцыю кантролю мерапрыемстваў па ахове жывёл выконваюць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Мін-ва лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь з далучэннем грамадскасці (гл. Беларускае таварыства аховы прыроды, Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў і інш.). Адной з формаў аховы жывёл з’яўляецца таксама ўтрыманне і развядзенне рэдкіх і гаспадарча карысных відаў у заапарках, заасадах, спецыялізаваных гадавальніках і інш.

Т.​А.​Філюкова.

т. 2, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у Бабруйску і Бабруйскім раёне; налічвала 29 груп, больш за 500 чал. Групы ўзначальвалі М.​Р.​Баглай, П.​С.​Вашукевіч, А.​К.​Калеснікаў і Я.​І.​Савацееў, В.​С.​Калеснікаў, Д.​М.​Лемяшонак, П.​Ф.​Маслёнак і В.​І.​Бутараў, П.​М.​Сцяржанаў, І.​В.​Стомаў (з крас. 1942 Я.​Е.​Царык) і С.​Г.​Акуліч, А.​Ф.​Фальковіч і інш., а таксама б. ваеннаслужачыя (групы С.​З.​Крамнёва, В.​І.​Лівенцава, А.​Н.​Сумбаева, І.​А.​Хімічова, К.​М.​Якаўлева). Апрача Бабруйска, падп. групы дзейнічалі на ст. Мошны, у р.п. Глуша, у вёсках Брожа, Варатынь, Васілеўка, Восава, Гарбацэвічы, Казакова, Каралёва Слабада, Кругланіва, Фартуны, Цялуша, Чыкілі, Шчаткава, Панюшкавічы і інш. Падпольшчыкі выводзілі са строю абсталяванне на лесакамбінаце, хлебазаводзе, электрастанцыі, здабывалі і выраблялі дакументы, пячаткі, мелі радыёпрыёмнікі, фоталабараторыю; учынялі дыверсіі на суднарамонтным і шпаларэзным з-дах, на радыёзаводзе; вялі прапаганду ў варожых фарміраваннях (70 ням. салдатаў у 1943 са зброяй перайшлі на бок партызанаў); перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, узрыўчатку, прадукты, медыкаменты, звесткі разведкі; арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з лагера смерці, ратавалі насельніцтва ад вывазу ў Германію. У друкарні акупантаў яны друкавалі лістоўкі, бланкі пропускаў, прадуктовыя карткі, пазней вынеслі з яе шрыфт і інш. абсталяванне, з якога ў студз. 1942 партызаны наладзілі выпуск лістовак і адозваў да насельніцтва. У снеж. 1941 акупанты раскрылі некалькі падп. груп, у студз. 1942 частка падпольшчыкаў пад пагрозай правалу пайшла да партызанаў. Некат. падп. групы, звязаныя са штабамі часцей Чырв. Арміі, рэгулярна забяспечвалі іх інфармацыяй пра колькасць, дыслакацыю і ўзбраенне часцей праціўніка. У 2-й пал. 1943 баявая дзейнасць падпольшчыкаў узмацнілася, створаны новыя падп. групы (на чыг. вузле, электра- і тэлефоннай станцыях). Восенню 1943 патрыёты ўзарвалі воінскі эшалон з жывой сілай і баявой тэхнікай праціўніка, цэментны з-д, падпалілі казармы. У Бабруйску помнік на брацкай магіле падпольшчыкаў.

Да арт. Бабруйскае патрыятычнае падполле. Помнік на брацкай магіле падпольшчыкаў.

т. 2, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛФАВІ́Т [ад назваў першых дзвюх літар грэч. алфавіта alpha і bēta (навагрэч. vita)], азбука,

сукупнасць графічных знакаў (літар) пэўнай сістэмы пісьма, размешчаных у замацаваным парадку. Уяўляе сабой пазнейшую стадыю развіцця графікі, наступную за піктаграфічным, ідэаграфічным пісьмом (гл. адпаведныя арт.). Асн. патрабаванні да кожнага алфавіта: дакладная колькасць адпаведных літар і асн. гукаў мовы (фанем), прастата малюнкаў літар і іх зручнасць для напісання, выразнае адрозненне адной літары ад другой пры захаванні адзінства іх графічнай будовы.

Алфавіт упершыню ўзнік у стараж. літарна-гукавых сістэмах. Яго маюць і некат. складовыя сістэмы, напр. катакана і хірагана (гл. Японскае пісьмо), дэванагары (гл. Індыйскае пісьмо) і інш. Першымі чыста гукавую сістэму пісьма стварылі фінікійцы каля 2000 г. да н. э. Фінікійскае пісьмо стала асновай для ўсіх наступных літарна-гукавых сістэм. Ад яго паходзіць арамейскае пісьмо, якое дало пачатак яўрэйскаму пісьму і арабскаму пісьму, а таксама грэчаскае пісьмо, на якім грунтуецца большасць еўрап. алфавіта. Грэч. алфавіт, найб. верагодна, створаны ў 11 ст. да н.э. Стараж. грэкі пакінулі без істотных змен фінікійскі алфавіт, толькі адкінулі графемы, не прыдатныя для перадачы гукаў сваёй мовы, і ўвялі некалькі новых. Грэч. алфавіт лёг у аснову італійскіх алфавітаў (этрускага, умбрыйскага, оскага, лацінскага, фаліскійскага і інш.). Пазнейшы візантыйскі варыянт грэч. алфавіта даў пачатак арм. і груз. пісьму (гл. адпаведныя арт.).

На грэка-візантыйскай аснове ўзнікла кірыліца, якая перайшла ў спадчыну беларусам і інш. усх.-слав. народам. Кірыліцкі алфавіт выкарыстоўваўся ў старабел. пісьменстве, а з пэўнымі зменамі і ў першых бел. друкаваных выданнях 16—17 ст. У 18 — пач. 20 ст. ў сувязі з яго заняпадам стаў ужывацца пераважна лацінскі алфавіт (гл. Лацінскае пісьмо). З узнікненнем легальнай бел. прэсы для перадачы гукавой сістэмы бел. мовы быў прыстасаваны рус. грамадзянскі шрыфт. Сучасны беларускі алфавіт замацаваўся як асноўны графічны сродак пісьмовай формы бел. літ. мовы пасля ўтварэння БССР.

Літ.:

Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;

Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963;

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Булыка.

т. 1, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЭ́НА (ад лац. antenna рэя),

прыстасаванне для выпрамянення і прыёму электрамагнітных хваляў, адзін з асн. элементаў ліній радыёсувязі. Перадавальная антэна пераўтварае энергію эл.-магн. ваганняў, засяроджаную ў выхадных вагальных ланцугах радыёперадатчыка, у энергію радыёхваляў. Прыёмная антэна выконвае адваротнае пераўтварэнне энергіі радыёхваляў у энергію ВЧ-ваганняў і аддзяляе карысны сігнал ад перашкод. У большасці перадавальных антэн інтэнсіўнасць выпрамянення залежыць ад напрамку (накіраванасць выпрамянення), што павышае напружанасць эл.-магн. хвалі ў бок найб. выпрамянення (раўназначная эфекту, выкліканаму павышэннем выпрамяняльнай магутнасці); вызначаецца каэфіцыентам накіраванага дзеяння (КНДз). Залежнасць напружанасці эл. поля ад напрамку назірання графічна адлюстроўваецца дыяграмай накіраванасці (ДН). Звычайна ДН мае многапялёсткавы характар (вынік інтэрферэнцыі выпрамянення ад асобных элементаў антэны); адрозніваюць гал. пялёстак і бакавыя. Чым большыя памеры антэны ў параўнанні з даўжынёй хвалі, тым вузейшы гал. пялёстак, большы яго КНДз і большая колькасць бакавых пялёсткаў. Асн. характарыстыкі антэны (ДН, КНДз і ўваходнае супраціўленне, што характарызуе ўзгадненне антэны з лініяй перадачы) аднолькавыя ў рэжымах перадачы і прыёму. Паводле канструкцыі і прынцыпу работы антэны бываюць: бягучай хвалі антэна, дыяпазонная антэна, рамачная антэна, хваляводна-рупарная антэна, люстраная антэна, вібратарная, шчылінная, лінзавая, антэнная рашотка і інш.

Вібратарная антэна — праваднік даўжынёй L = 0,5λ, дзе λ — даўж. хвалі; КНДз=1,64, для яго павелічэння звычайна выкарыстоўваюць многавібратарныя антэны (гл. Тэлевізійная антэна), выкарыстоўваюць ва ўсіх дыяпазонах радыёхваляў. Шчылінная антэна — метал. экран з прамавугольнымі адтулінамі; выкарыстоўваюць у дыяпазоне ЗВЧ. Лінзавая антэна складаецца з абпрамяняльніка (вібратарная, шчылінная або інш. антэны) і дыэлектрычнай лінзы, якая факусіруе хвалю ў вузкі прамень; КНДз да 10​4; выкарыстоўваецца ў радыёлакацыйных і вымяральных устаноўках. Антэнная рашотка — сістэма слабанакіраваных антэн, якія ў рэжыме перадачы далучаюцца да агульнага генератара праз сістэму размеркавання магутнасці, у рэжыме прыёму — да агульнага прыёмніка; КНДз прыблізна роўны здабытку КНДз асобнага выпрамяняльніка і іх колькасці. Асаблівасць — магчымасць павароту ДН адносна самой рашоткі (эл. сканіраванне), што дасягаецца зменай рознасці фазаў паміж суседнімі выпрамяняльнікамі з дапамогай спец. фазавярчальнікаў па камандах ЭВМ.

А.​А.​Юрцаў.

Антэна лінзавая і яе дыяграмы накіраванасці (ДН).
Антэна вібратарная.

т. 1, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)