перабы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак.
Разм.
1. што і без дап. Пражыць нейкім чынам, перачакаць нейкі час, да якой‑н. пары. Перабыць ноч у знаёмых. □ [Шашура] перабыў зіму, а ўвесну з сваімі памочнікамі.. са зброяй накіраваўся ў лес. Мележ. Да раніцы студэнтам дазволілі перабыць у вагонах. Карпаў. Не ўрадзіў мак — перабудзем і так. Прыказка.
2. Пабываць у розны час у каго‑н., дзе‑н., наведаць каго‑, што‑н. — пра ўсіх, многіх. Бадай што ўсе перабылі ў нас, не зайшла толькі Аксеня. Лупсякоў. Такія госці тут не ў навіну: іх перабыло ўжо немаведама колькі. Новікаў. // Пабываць у каго‑н. у руках, трапіць пад чыё‑н. падпарадкаванне ў розны час. Шмат у яго [Максімавых] руках перабыло трохрадак. Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
першаро́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Уст. Які нарадзіўся першым, раней за ўсіх астатніх. Першарадны сын.
2. перан. Кніжн. Які захоўвае свой натуральны стан, некрануты. Удалечыні ад заводскіх гудкоў, шуму вялікіх гарадоў.. [у Карпатах] пануе першародная цішыня. «Звязда». [Веньямін:] — Перад намі некранутая першародная прыгажосць. Будзем жа убіраць яе вачамі і вушамі, удыхаць грудзямі. Навуменка. Вунь зубастым каўшом праразае канаву Экскаватар праз глей першародных пластоў. Звонак. // Першапачатковы. Заўсёды, як гляне даўніна сівая У вочы, нібыта настаўнік суровы, Свой сэнс першародны тады набываюць І фарбы і гукі, пачуцці і словы. Панчанка. Многія з запісаных этнографам варыянтаў даюць магчымасць сцвярджаць, што пэўныя беларускія народныя песні, якія спяваюцца цяпер і вядомы вельмі шырока, «выраслі» з тых, што бытавалі ў першароднай форме ў XIX ст. і яшчэ раней. Саламевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысту́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
1. Падножка, ступенька, па якіх падымаюцца ўверх або спускаюцца ўніз. Прыступка трамвая. □ Борзда падняўшыся па прыступках ганка, .. [Веньямін] зайшоў у калідорчык і пастукаў у першыя дзверы. Навуменка. Гэты нізенькі ў дзве прыступкі ганак быў улюбёным месцам адпачынку для ўсіх жыхароў нашай кватэры. Ракітны. Па добра знаёмай крутой лесвіцы з абцёртымі прыступкамі .. [Вера] ўзабралася на мансарду. Асіпенка.
2. перан. Разм. Асобны этап у развіцці чаго‑н., у якой‑н. справе. Вызваленне беларускага народа з царскіх і панскіх ярэм — яшчэ адна прыступка ў будыніне канчатковай свабоды чалавецтва. Лужанін. Але ні да чаго так не ляжала яго сэрца, як да працы журналіста. Ён зведаў усе прыступкі гэтай складанай справы — ад пасыльнага да рэдактара. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыўзня́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыўзняць.
2. у знач. прым. Злёгку падняты, узняты ўгару. Нос прыўзняты, губы прыпухлыя, над ілбом непакорліва звесіўся рыжы віхорчык. Гамолка. Чорны фрак утульна сядзеў на яго шырокіх прыўзнятых плячах. Галавач.
3. у знач. прым.; перан. Радасна-ўзбуджаны, ажыўлены. Ва ўсіх салдат быў прыўзняты настрой: нарэшце яны ў гэтай самай Германіі, вайне канец, цёплая вясна на дварэ. Карпюк. Ігнась зайшоў у хату, прыўзняты, як на крылах, і Марына заўважыла гэтую прыўзнятасць, гэтую яго радасць. Лупсякоў. // Высокі, урачысты. Тон ліста быў прыўзняты, урачысты. Гарэцкі. Вось чаму мы так лёгка адрозніваем свабодную, амаль гутарковую манеру апавядання Якуба Коласа ад крыху прыўзнятай, блізкай да кніжнай манеры З. Бядулі. Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пу́ста,
1. Прысл. да пусты.
2. безас. у знач. вык. Нічога няма, нічым не запоўнена. І вось пры частаванні зусім нечакана цукерак на ўсіх не хапіла, якраз не хапіла самому Сашку. Апошняму ён даў Толю, а потым, калі яшчэ раз усадзіў руку ў кішэню зрэбных портачак — там было пуста. Брыль. Хоць амаль што пуста ў чамадане, Лепш дарогі, чым дадому. Макаль. // Нікога няма, бязлюдна. Па вуліцы было пуста і бязлюдна. Кулакоўскі. Пуста і холадна цяпер там [на полі], вербы атрасаюць апошняе лісце, сцюдзёны вецер вее ад ракі. Чарнышэвіч.
3. безас. у знач. вык. Пра пачуццё адзіноты або душэўнай пустаты. Туравец устаў, адчуваючы, што ў грудзях стала адразу пуста. Мележ.
•••
Каб табе (яму, ёй, вам, ім) пуста было гл. быць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разва́л, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разваліць (у 3 знач.) і разваліцца (у 3 знач.).
2. Поўнае расстройства, разруха. У час змагання цёмных мас, У час галечы і развалу, Была апанавала нас Гання драпежная шакалаў. Крапіва. На ўсіх дварах развал І там тут. Куды ні глянь — Памыі, бруд. Корбан.
3. Разм. Раскіданыя, раскладзеныя ў беспарадку рэчы; беспарадак. Паходныя нашы манаткі — у поўным развале ляжаць на траве. Брыль.
4. Спец. Ворыва з адвалам пласта на абодва бакі і ўтварэннем у выніку гэтага шырокіх барознаў. Узараць у развал.
5. Уст. Месца, дзе гандлююць ужыванымі, старымі рэчамі, расклаўшы іх проста на зямлі. Да «Вярбы» было яшчэ далёка, але на развале, ля муроў, некалькі чалавек гандлявалі кнігамі. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́зны, ‑ая, ‑ае.
1. Неаднолькавы, непадобны. [Тацяна:] — Вы такія розныя, ані не падобныя адна на адну. Васілёнак.
2. Другі, іншы, не той самы. Трэба будзе ехаць рознымі дарогамі, каб, барані божа, ніхто не заўважыў. Скрыган.
3. Разнастайны. Сялянскія фурманкі партызанскіх абозаў развозілі па ўсіх кутках пушчы розныя віды зброі. Брыль. Пакуль Марыся ўпраўлялася на кухні, Іваноў гасцінна ўсаджваў Пятра і Міколу, гаварыў пра розныя дробязі. Новікаў. / у знач. наз. ро́знае, ‑ага, н. Лезе ў галаву рознае: вайна, незасеяны агарод, які не прыдумаць чым сеяць, і Глёкава Каця стаіць у вачах. Сяркоў.
•••
Апынуцца (быць) на розных берагах гл. апынуцца.
Гаварыць на розных мовах гл. гаварыць.
На розныя лады гл. лад 1.
Розных масцей гл. масць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стано́ўчы, ‑ая, ‑ае.
1. Які выражае адабрэнне. Станоўчы водзыў. Станоўчая характарыстыка. // Які выражае згоду. Станоўчы адказ.
2. Які мае дадатныя ўласцівасці, якасці; які заслугоўвае адабрэння. Станоўчы прыклад. Станоўчыя вынікі. □ Граматыка В. А. Тарашкевіча адыграла станоўчую ролю ў пашырэнні пачатковых ведаў па роднай мове і доўгі час служыла падставай для ўкладальнікаў пазнейшых школьных граматык. Суднік. Моўныя з’явы запазычваюцца ў выніку ўзрастаючых патрабаванняў да мовы, што з’яўляецца станоўчым фактам прагрэсіўнага развіцця. Жураўскі.
3. Які характарызуецца дадатнымі якасцямі. Станоўчы вобраз аповесці. □ Сам Лукаш быў чалавек станоўчы. Не курыў, піў у меру і пры выпадку. Чарнышэвіч. Пры ўсіх сваіх недахопах Рыгор Карпавіч меў адну вельмі станоўчую рысу: ніколі не хлусіў самому сабе, заўсёды дашукваўся прычыны сваіх паводзін. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сугу́чча, ‑а, н.
1. Адначасовае спалучэнне некалькіх гукаў рознай вышыні.
2. Спец. Паўтарэнне ў вершы падобных галосных гукаў, а таксама падобнае гучанне канцоў радкоў у ім; рыфма. Для фіксацыі .. [карціны] трэба слова. І яно не прыходзіць само, чакае рытмічнага штуршка, удалага сугучча, асновы, на якую наніжуцца радкі. Лужанін. Вядома, само па сабе абнаўленне рыфмы за кошт шырокага ўжывання прыблізных сугуччаў узбагачала фармальныя, выяўленчыя магчымасці верша. Бугаёў.
3. Унутраная адпаведнасці адзінства. У .. старанна адшліфаваных вершах не адчуваецца «павеву духу жывога», усе яны прыгожыя, але халодныя. І ў гэтай рысе мы зноў сустракаемся з сугуччам талентаў аўтара і перакладчыка. Бярозкін. / Пра колеры, фарбы. Што ж датычыць каляровага сугучча, то гэтае пачуццё моцна развіта ва ўсіх паляшучак. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцяг, ‑а; мн. сцягі, ‑оў; м.
1. Умацаванае на дрэўку палотнішча рознай формы і афарбоўкі з надпісамі, упрыгожаннямі і пад., якое служыць эмблемай дзяржавы, арганізацыі ці вайсковай часці, злучэння, карабля. Калоны за калонамі Пад сцягамі чырвонымі Ідуць, як хвалі рэк. Колас. Свет не забудзе сцяга над рэйхстагам: Нялёгка нам узняць было яго! Нібы з іскры гарачай, з таго сцяга — Прабітага — па ўсіх зямных абсягах Забушавала полымя сцягоў. Панчанка.
2. перан.; чаго. Ідэя, якая служыць асновай адзінства дзеянняў якой‑н. групы, арганізацыі; светапогляд, праграма. Пад сцягам міру. Пад сцягам свабоды. □ Хай сцягам служыць слава. Дзяліць паміж сабой Яе не маюць права Ні бог і ні герой! Непачаловіч.
•••
Падняць (узняць) сцяг гл. падняць.
Трымаць высока сцяг гл. трымаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)