КО́РАНЬ у матэматыцы,

1) К. ступені n з ліку a — лік x, n-я ступень x​n якога роўная a. Абазначаецца na, дзе a — падкарэнны выраз. Пры a ≠ 0 у полі камплексных лікаў існуе n розных значэнняў К., напр., 38 мае значэнні 2, 1+i3, 1i3 2) К. алгебраічнага ўраўнення — лік, які пасля падстаноўкі ва ўраўненне замест невядомага пераўтварае ўраўненне ў тоеснасць. Гл. таксама Алгебраічнае ўраўненне, Здабыванне кораня.

т. 8, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ШЫЦКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1374 Выдадзены польскім каралём Людовікам I Анжуйскім (ён жа і венг. кароль) 17 вер. пасля перагавораў з прадстаўнікамі польскай шляхты на з’ездзе ў г. Кошыцы (Славакія). Шляхта задаволіла дынастычныя прэтэнзіі Людовіка, ён у адказ пашырыў на ўсю шляхту правы і прывілеі, якімі раней карысталіся вышэйшыя свецкія і духоўныя феадалы. К.п. вызваляў шляхту ад усіх павіннасцей, акрамя невял. падатку з зямельных уладанняў і нясення вайск. службы, гарантаваў ёй выключнае права займаць дзярж. пасады.

т. 8, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЛЯ́НДСКАЕ ЕПІ́СКАПСТВА,

нямецкая тэакратычная дзяржава на ПдЗ Латвіі ў 1234—1559. Узнікла ў ходзе заваявання і прымусовай хрысціянізацыі крыжаносцамі балцкага племені куршаў. Складалася з 3 частак (Пілтэн, Айзпутэ, Сакаслея), між якімі ўкліньваліся ўладанні Лівонскага ордэна. У сярэдзіне 16 ст.2/3 зямель належала свецкім уладальнікам. У 1559 епіскап Іаган IV Мюнгаўзен прадаў К.е. дацкаму каралю, які перадаў яго пад уладу свайго брата Магнуса. Пасля смерці Магнуса (1583) епіскапства перайшло да Рэчы Паспалітай.

т. 9, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУШЧЭ́ННЕ,

адна з форм галінавання, што прыводзіць да ўтварэння куста. Пры К. з пупышак, якія знаходзяцца на цесна збліжаных вузлах каля асновы матчынага парастка, фарміруюцца прыземныя і падземныя бакавыя парасткі (часта на іх утвараюцца прыдатачныя карані). Бывае ў многіх злакаў, асок, некат. кустоў і кусцікаў. У аднагадовых збожжавых злакаў К. пачынаецца рана (фаза К.) і спыняецца пасля выхаду ў трубку. Забяспечвае павышэнне прадукцыйнасці. У культ. раслін залежыць ад сорту, умоў вырошчвання, агратэхн. прыёмаў.

т. 9, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАНСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ 1827,

пагадненне паміж Вялікабрытаніяй, Расіяй і Францыяй. Падпісана 6 ліп. ў Лондане. Прадугледжвала калект. дзеянні супраць Турцыі з мэтай прымусіць яе спыніць вайну супраць грэкаў, даць Грэцыі аўтаномію на ўмовах выплаты султану штогадовай даніны. Тур. ўлады адхілілі гэтыя прапановы. У выніку 20 кастр. аб’яднаная англа-франка-рус. эскадра ў Наварынскай бітве 1827 разграміла тур.-егіп. флот. Умовы Л.к. былі выкананы толькі пасля рус.-тур. вайны 1828—29 (гл. Адрыянопальскі мірны дагавор 1829).

т. 9, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БАНСКІ БОЙ 1794.

Адбыўся паміж 2-тысячным паўстанцкім атрадам С.Грабоўскага і рас. войскамі каля мяст. Любань Бабруйскага пав. ў час. паўстання 1794. Атрад накіраваны Цэнтральнай дэпутацыяй Вялікага княства Літоўскага ў рэйд па Мінскай губ. з мэтай актывізаваць там паўстанне. 4 вер. каля Любані паўстанцы сутыкнуліся з рэгулярнымі рас. войскамі князя П.​Д.​Цыцыянава, былі акружаны і пасля непрацяглага бою капітулявалі. Карнікі захапілі 250 палонных (у т. л. С.​Грабоўскага) і 5 гармат.

т. 9, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКУ́ХА,

пабочны прадукт алейнай вытворчасці, які застаецца пасля выціскання алею з насення алейных культур. Мае ў сабе да 40% бялкоў, 8—10% тлушчу, 6—8% мінер. рэчываў, шмат вітамінаў комплексу B. Канцэнтраваны корм для с.-г. жывёлы, таксама выкарыстоўваецца (як і шрот) у вытв-сці камбікармоў. Паводле амінакіслотнага складу і біяхім. каштоўнасці бялкоў, колькасці кальцыю і фосфару пераўзыходзіць злакавыя кармы. Найб. кармавая каштоўнасць ў сланечнікавай, ільняной, соевай М. Некаторыя віды М. маюць таксічныя рэчывы.

т. 9, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЎТГАЎЗЕН (Mauthausen),

нямецка-фашысцкі канцэнтрацыйны лагер каля г. Маўтгаўзен (Аўстрыя) у жн. 1938—45. Засн. як філіял канцлагера Дахау, з сак. 1939 самаст. лагер. Да мая 1945 тут зняволена каля 335 тыс. чал., забіта 120 тыс. чал. У лагеры дзейнічала падп. інтэрнац. арг-цыя супраціўлення, якая 5—7.5.1945 узняла антыфаш. паўстанне. Пасля 2-й сусв. вайны на месцы М. створаны мемарыяльны музей, у 1948 устаноўлены помнік закатаванаму тут у лют. 1945 Дз.М.Карбышаву.

т. 10, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́СЕРШМІТ ((Messerschmitt) Вілі) (26.6.1898, г. Франкфург-на-Майне, Германія — 15.9.1978),

нямецкі авіяканструктар і прамысловец. Стварыў шэраг самалётаў, верталётаў, планёраў рознага прызначэння. Найб. вядомыя: Ме-109 — асн. знішчальнік ВПС Германіі ў 1935—45 (гл. іл. да арт. Авіяцыя), Ме-110 — самалёт шматмэтавага прызначэння, Ме-262 — адзін з першых рэактыўных знішчальнікаў. Пасля 2-й сусв. вайны эмігрыраваў у Іспанію; у 1959 вярнуўся ў ФРГ, аднавіў вытв-сць самалётаў і стаў саўладальнікам канцэрна «Месершміт—Бёлькаў—Блом».

т. 10, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ ГЕАФІЗІ́ЧНЫ ГОД (МГГ),

перыяд з 1.7.1957 да 31.12.1958 (18 месяцаў), на працягу якога на зямным шары праводзіліся геафіз. назіранні за станам зямной кары, атмасферы, акіянаў паводле адзінай праграмы і адзінай методыкі. Праводзіўся пасля Міжнародных палярных гадоў у год макс. сонечнай актыўнасці вучонымі 67 краін. Арганізаваны комплексныя экспедыцыі, у т. л. ў Арктыку, Антарктыку, высакагорныя раёны, акіяны, запушчаны штучныя спадарожнікі Зямлі і інш. Даследаванні прадоўжаны да 31.12.1959 у межах праграмы міжнар. геафіз. супрацоўніцтва.

т. 10, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)