САНЕ́Т (італьян. sonetto ад правансальскага sonet песенька),
адна з цвёрдых форм верша; верш з 14 радкоў: двух катрэнаў (4-радкоўяў) і двух тэрцэтаў (3-радкоўяў). Памер — 5-стопны, радзей 4- ці 6-стопны ямб. Радкі ў катрэнах рыфмуюцца па схемах: абба абба ці абаб абаб, у залежнасці ад іх рыфмы ў тэрцэтах размяшчаюцца: ввг дгд ці ввг ддг. Першы катрэн — экспазіцыя, у ім намячаецца тэма верша, развіццё якой складае змест другога 4-радкоўя. На першы тэрцэт прыпадае кульмінацыя, на заключны — развязка. Асаблівая роля належыць апошняму радку, т. зв. санетнаму замку — своеасабліваму ідэйнаму ключу ўсяго верша. У класічнай форме С. дапускаецца ўжыванне аднаго і таго ж слова (за выключэннем службовых) толькі адзін раз.
С. узнік у Італіі ў 1-й пал. 13 ст., росквіту дасягнуў у творчасці Дантэ, Ф.Петраркі, развіўся ў ісп., партуг., франц., англ. і інш. зах,еўрап. л-рах. У рус. паэзію ўведзены В.К.Традзьякоўскім. Карысталіся гэтай формай В.Жукоўскі, А.Пушкін і інш. Музычнасцю мовы вызначаюцца «Крымскія санеты» А.Міцкевіча. Напачатку С. належаў да інтымнай лірыкі. У.Шэкспір напоўніў яго філас. зместам, абнавіў форму.
У бел. паэзію С. увёў Я.Купала («Жніво», «Па межах родных і разорах», «Запушчаны палац», усе нап. 1910). Пэўны ўклад у развіццё С. зрабіў М.Багдановіч. У арт. «Санет» ён разглядаў не толькі страфічную структуру гэтага тыпу верша, але і яе сэнсавыяўленчыя магчымасці. Узорам у бел. л-ры лічыцца С. Багдановіча «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі». С. — пашыраная форма верша ў бел. паэзіі. Вядомыя санеты З.Бядулі («Тут неба — даль бязбрэжная, як мора»), У.Жылкі («Сёмуха», «Каханне», «Хараство»), П.Труса («Над кубкам возера»), М.Танка («Санет», «У век рэвалюцыйны, штармавы», «Трэска з дома Шэкспіра»), У.Дубоўкі («Ля Мядзела ёсць возера адно»), А.Звонака («Паэзія», «Вернасць», «Слава», «Жаданне») і інш. С. сустракаецца ў паэзіі Р.Барадуліна, Э.Валасевіча, С.Грахоўскага. Хв.Жычкі, К.Кірэенкі, Я.Сіпакова, М.Федзюковіча і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЁМУХА (Васіль Сяргеевіч) (н. 18.1.1936, хутар Ясенец Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1959). Настаўнічаў, працаваў у Белдзяржвыдавецтве і выд-ве «Беларусь», у газ. «Літаратура і мастацтва», у 1972—97 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Перакладае з ням., польскай, лат., укр. і інш. моў. Пераклаў кн. прозы ням. аўтараў В.Брэдэля «Ад Эбра да Волгі» (1959), Л.Рэна «Вайна без бітвы» (1962), Г. дэ Бройна «Прысуджэнне прэміі» (1977), Г.Гофэ «Фінальны акорд» (1979, з М.Навіцкім), Г.Фалады «Даўным-даўно ў нас дома» (1981), Т.Мана «Доктар Фаустус» (1989, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1992), Г.Гесэ «Гульня шкляных перлаў» (1992), Г.Грымельсгаўзена «Авантурнік Сімпліцысімус» (1997), кн. паэзіі І.В.Гётэ «Фауст» (1976), Р.М.Рыльке «Санеты Арфею» (1982), К.Маркса «Лірыка, 1836—1837» (1989), паэму Ф.Ніцшэ «Так сказаў Заратустра» (1994), з польскай мовы Ю.Тувіма «Польскія кветкі» (1984); з лат. мовы кн. лірыкі В.Бэлшэвіцы «Белы алень» (1985), драму Я.Райніса «Агонь і ноч» (1988); з ісп. мовы зб. вершаў К.Шэрмана «Сны» (1989, з Р.Барадуліным), з рус. мовы кн. Ю.Лабынцава «Напой росою благодати...»: Малітоўная паэзія Кірылы Тураўскага» (1992). Пераклаў паасобныя творы А.Міцкевіча, М.Канапніцкай, Ю.І.Крашэўскага, Ц.Норвіда, В.Борхерта, І.Бехера, Г.Гейне, Ф.Фюмана, Э.Штрыгматэра, В.Лаціса, А.Чака, А.Скалбе, І.Зіеданіса, М.Нага і інш. Выдаў зб. выбраных перакладаў «Прыйдзі, стваральны дух» (1986), пераклаў на бел. мову «Найвышэйшую песню Саламонаву» (1994), «Новы запавет. Псалтыр» (1995), «Біблію» (2002). Пераклаў для Нац.т-ра імя Я.Коласа драму Ф.Шылера «Марыя Сцюарт» (1968) і п’есу О’Ніла «Каханне пад вязамі» (1994), для Рэсп.т-рабел. драматургіі трагіфарс Б.Брэхта «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць» (1997), для Мінскага абл.драм.т-ра ў Маладзечне п’есу Т.Дорста «Гер Паўль» (1998).
Літ.:
Семяжон Я. Адкрыццё кантынента // Полымя. 1977. №8;
Караткевіч У. I наш «Фауст» // Маладосць. 1978. №5;
Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982;
Крупкіна Г. Мастацкі космас гётэўскага «Фаўста» і яго перастварэнне па-беларуску // Роднае слова. 2000. №7—10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Бры́ла ’глыба’; бры́ля ’валік зямлі’ (Жд.). Укр.бри́ла ’глыба, вялікі кусок; скала і г. д.’, польск.bryła. Цёмнае слова. Смешак (MPKJ, IV, 391–393) зыходзіць з і.-е.*bher‑ ’біць, рэзаць’: *bhrū‑lā. Параўн. яшчэ Слаўскі, 1, 45 (падтрымлівае гэту версію); Рудніцкі, 207 (сумняваецца). Паводле Бернекера, 93, няяснае слова. Адносна магчымай роднаснасці з літ.brilà ’вялікі кусок і г. д.’ гл. Фрэнкель, 1, 58.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Газо́н (БРС). Рус.газо́н, укр.газо́н. Запазычанне ў рус. мове (на пачатку XVIII ст.) з франц.gazon ’тс’ (а гэта са ст.-в.-ням.). Гл. Фасмер, 1, 382 (некалькі іначай гісторыю франц.слова прадстаўляе Шанскі, 1, Г, 10). Не зусім ясна, як франц.слова трапіла ў бел. мову: праз якую мову-пасрэднік? Рудніцкі (785–786) для ўсіх гэтых слоў прымае як непасрэдную крыніцу франц. мову.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гу́нсвот ’нягоднік’ (Нас.). Параўн. польск.huncwot, чэш.hundsvut, укр.гунцвот (сюды, відаць, і ўкр.гунство ’шальмоўства’). Запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. форму слова, якая ўзята з ням.Hundsfott ’тс’ (літаральна ’cunnus canis’). Гл. Слаўскі, 1, 436–437; Брукнер, 173; Кюнэ, Poln., 59. Бясспрэчна, сюды адносіцца і бел.дыял. лаянкавае словагунаво́та ’лянівае дзіця’ (Жд. 2), якое з’яўляецца сапсаваным гу́нсвот. Гл. яшчэ Кіпарскі, ScSl, 7, 62.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дані́на ’даніна’ (БРС, Нас.). Гэта слова можна лічыць вытворным ад прасл.*danь ’тс’. Аднак і форма *danina, магчыма, таксама ўжо была прасл. (*danina: параўн. укр.дани́на, рус.дани́на, польск.danina, серб.-харв.да̀нина). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 4, 187. Фармальна гэта ўтварэнне фармантам ‑n‑ ад da‑ ’даць, даваць’, але Трубачоў (там жа, 188) дапускае больш складаную гісторыю гэтага слова (магчыма, што тут гетэраклітычныя варыянты *dor‑; *don‑).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Калю́гі ’тапачкі для мерцвяка’ (навагр., Нар. сл.). Статус слова няясны. Знаходзіцца ў бясспрэчнай сувязі з адзначанымі ў розных гаворках рус.шуйск.калиги ’абутак для мерцвяка’, якое са с.-грэч.καλίγι(ον), καλίγα ’чаравік’ (да лац.caliga ’паўботы’), гл. Фасмер, 2, 167. Фанетыка ў бел. мове тлумачыцца, магчыма, народнаэтымалагічным збліжэннем з калюга ’лужына’ (у такім выпадку калюгі ’тапачкі ад гразі’), шлях пранікнення слова з рускіх гаворак няясны.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Асяро́ддзе. Утворана прэфіксальна-суфіксальным шляхам ад кораня, прадстаўленага ў слове сярэдзіна (гл.); *o‑serd‑ьje. Пазней утвараецца і словаасяродак ’цэнтр. стрыжань’ таксама з цыркумфіксам, аднак у гэтым выпадку прэфікс фактычна ўтрачвае значэнне; магчыма, першапачатковае значэнне словаасяродак было такое ж, як і асяроддзе, што тлумачыць прэфіксальнае а‑. Тады асяродак ’тое, што знаходзіцца вакол сярэдзіны’ > ’тое, што знаходзіцца ў сярэдзіне’. Аналагічныя словы і значэнні ва ўкраінскай мове.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Баўдзі́ла ’лаянкавае слова’ (Янк. БП), ’дурань’ (Янк. Мат., Бір. Дзярж., БРС), бо́ўдзіла ’дурань’ (Янк. Мат.), бо́ўдзіло (Арх. Бяльк., слонім.), боўдзіла ’вярзіла’ (Шат.), ’чалавек, які ў гутарцы ўжывае недарэчныя ці лаянкавыя словы’ (КЭС, лаг.), бо́ўціла ’лаянкавае слова’ (КЭС). Можна меркаваць, што ёсць сувязь з словам боўдзіла ’жэрдка, якой заганяюць рыбу ў сетку’ (гл.). Перанос значэння ’палка, дубіна, жэрдка’ → ’дурань’ добра вядомы амаль ва ўсіх мовах.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Абца́с, абсац (Гарэц., Др.-Падб., Сцяц., Яруш.). Запазычанне праз польск.obcas з ням.Absatz (Кюнэ, Poln., 82). У працэсе запазычання ў польскай мове адбылася дистантная метатэза — нерэгулярная з’ява, якая выклікана камбінаторнымі цяжкасцямі, не тыповымі для славянскай структуры слова (Absatz > obsac > obcas). Магчыма, што слова было непасрэдна запазычана ў беларускую мову, улічваючы распаўсюджанасць нямецкага рамяства ў гарадах Беларусі. Гл. Вольскі, Узв. 3, 9–10, 97.