Калчада́н ’агульная назва мінералаў, якія з’яўляюцца сярністымі, мыш’яковістымі, а таксама сурменістымі злучэннямі металаў’ (ТСБМ). Тэрмін запазычан з рус. мовы, дзе праз франц. calcédoine узыходзіць да с.-лац. calcidonius, chalcedonius lapis. У сваю чаргу апошняе да χαλκηδών — мясцовай назвы ў Малай Азіі, прым. χαλκηδόνιος гл. Мацэнаўэр, Cizí sl., 210, дзе ў сувязі з рус. халцедон звяртаецца ўвага на рознае паходжанне рус. слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апа́рына (БРС), апа́ра ’крынічнае акно’ (лід., Яшк.). Укр. опар ’палонка’, ’акно ў балоце’, ’падталы снег’. Дзеяслоў апарыць ’падвергнуць уздзеянню пары’, вядомы ў слав. мовах, дае шэраг вытворных са значэннем месца: ’месца апёку’, ’выгарэлае месца ў лесе’ і г. д. Відаць, апарына — адзін з такіх вытворных назоўнікаў; уздзеянне пары, магчыма, меркавалася ў сувязі з тым, што над апарынай у халоднае надвор’е відаць пара.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ды́ня ’дыня’ (БРС). Слова, вядомае ў многіх слав. мовах: рус. ды́ня, укр. ди́ня, польск. dynia, чэш. dýně, серб.-харв. ди̏ња і г. д. Паходжанне слова не вельмі яснае. Ёсць версія аб сувязі з дзеясловам дуць (першаснае значэнне ’надутая’). Іншыя думаюць аб запазычанні з розных моў, што таксама не вельмі надзейна (дакладнага прататыпа няма). Агляд шматлікіх версій гл. у Фасмера, 1, 559.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галашча́чка ’непакрытая карова’ (Сцяц.). Няяснае слова. Сувязь з голы, здаецца, бясспрэчная, але словаўтварэнне вытлумачыць цяжка. Магчыма, складанае слова. Можна асцярожна ставіць пытанне: ці няма тут нейкай сувязі са словам галашчок (гл.)? У аснове такога называння мог ляжаць метафарычны перанос значэння ’непакрыты’: ’непакрытая (снегам) зямля (і таму замёрзлая)’ → ’непакрытая карова’ (гл. меркаванні адносна першаснай семантыкі слова галашчок).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПРА́ЎДЗІНСКІ,

рабочы пасёлак у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Пціч. Аўтадарогай злучаны з г.п. і чыг. ст. Рудзенск (12 км). За 23 км ад г. Мар’іна Горка, 53 км ад Мінска. 2,7 тыс. ж. (2000). Утварыўся ў 1966—68 у сувязі з буд-вам торфапрадпрыемства. Сучасная назва з 11.3.1977, з 29.12.1977 рабочы пасёлак. Працуюць торфабрыкетны з-д «Сяргеевіцкі», эксперым. база «БелНДІпалівапраект», ПМК, прафтэхвучылішча, сярэдняя і муз. школы, дашкольная ўстанова, Палац культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, аддз. сувязі.

т. 13, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕЦЫЯЛЬНЫЯ ВОЙСКІ.

Вайсковыя часці і падраздзяленні для забеспячэння баявой дзейнасці ўзбр. сіл і вырашэння ўласцівых ім задач. Уключаюць злучэнні, вайск. часці, арганізацыі: сувязі, інжынерныя, радыяцыйнай, хім. і біял. абароны, чыгуначныя, аўтамабільныя, дарожныя, тэхн. забеспячэння і інш. Войскі сувязі прызначаны для разгортвання і эксплуатацыі сістэм сувязі і забеспячэння кіраўніцтва войскамі (сіламі) ва ўсіх відах іх баявой дзейнасці. Уваходзяць у склад відаў і родаў войск. На іх ускладзены задачы па разгортванні і эксплуатацыі на пунктах кіравання сродкаў сувязі і аўтаматызаванай сістэмы кіравання (АСУ), па тэхн. забеспячэнні сувязі і АСУ, правядзенні арганізац. і тэхн. мерапрыемстваў па бяспецы сувязі і радыётэхн. забеспячэння, па радыёлакацыйным і радыёсвятлотэхнічным забеспячэнні палётаў авіяцыі. Інжынерныя войскі прызначаны для выканання найб. складанага інж. забеспячэння баявых дзеянняў аб’яднанняў, злучэнняў і вайск. часцей родаў войск, спец. войск відаў Узбр. Сіл, а таксама для выкарыстання інж. боепрыпасаў супраць праціўніка. Яны ўключаюць злучэнні, вайск. часці і падраздзяленні інж. разведкі, інж.-сапёрныя, інж. загарод, інж.-пазіцыйныя, пантонна-маставыя, інж.-маскіровачныя, інж.-тэхн. і інш. Войскі радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны прызначаны для хім. забеспячэння баявых дзеянняў. Складаюцца з часцей і падраздзяленняў, якія выконваюць задачы па радыяцыйнай, хім. і неспецыфічнай біял. (бактэрыял.) разведцы, дэзактывацыі, дэгазацыі і дэзінфекцыі ўзбраення, ваен. тэхнікі, транспарту, абмундзіравання, інш. матэрыяльных сродкаў, а таксама дэгазацыі і дэзактывацыі мясцовасці. У склад іх уваходзяць таксама падраздзяленні для выкарыстання агнямётна-запальных сродкаў і маскіровачных дымоў. Чыгуначныя войскі прызначаны для тэхн. прыкрыцця, аднаўлення, буд-ва і эксплуатацыі чыг. ліній з мэтай забеспячэння баявой дзейнасці ўзбр. сіл у ваен. час; у мірны час выкарыстоўваюцца для тэхн. прыкрыцця і павелічэння прапускной здольнасці існуючых ліній. Створаны ў студз. 1992 паводле пастановы СМ Рэспублікі Беларусь, складаюцца з часцей, прызначаных для збудавання землянога палатна, мастоў, рамонту чыг. тэхнікі і інш., а таксама інш. спец. падраздзяленняў. Аўтамабільныя войскі прызначаны для падвозу матэрыяльных сродкаў для забеспячэння баявой дзейнасці і штодзённага жыцця войск, перавозкі асабовага складу, эвакуацыі параненых і хворых, маёмасці і трафеяў. Складаюцца з органаў кіравання, аўтамаб. брыгад, батальёнаў, рот, узводаў і інш. падраздзяленняў. Дарожныя войскі прызначаны для выканання задач дарожнага забеспячэння. Складаюцца з дарожна-каменданцкіх і Мостабудаўнічых часцей і падраздзяленняў.

А.​Л.​Самовіч, В.​А.​Юшкевіч.

Воіны 14-га асобнага палка ўрадавай сувязі КДБ Рэспублікі Беларусь на аператыўна-тактычным вучэнні «Бярэзіна-2002».

т. 18, кн. 2, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАМЕТРЫ́ЧНАЯ ІЗАМЕ́РЫЯ, цыс-транс-ізамерыя,

з’ява існавання малекул рознай прасторавай будовы пры аднолькавай паслядоўнасці і тыпе хім. сувязей у злучэнні; від прасторавай ізамерыі. З’яву геаметрычнай ізаметрыі растлумачыў Я.Х. вант Гоф (1874).

Геаметрычная ізаметрыя ўласцівая злучэнням з падвойнымі сувязямі (найчасцей C=C і C=N), вакол якіх немагчыма свабоднае вярчэнне атамаў, і цыклічным злучэнням з малымі (неараматычнымі) цыкламі. Магчыма, калі атам вугляроду пры падвойнай сувязі ці ў цыкле мае неаднолькавыя замяшчальнікі (групоўку атамаў тыпу RR′C = CRR′), якія па-рознаму размешчаны адносна плоскасці падвойнай сувязі (гл. Кратныя сувязі) ці кольца ў цыклічных злучэннях. Існуюць 2 формы геам. ізамераў: цыс-ізамеры — аднолькавыя замяшчальнікі знаходзяцца па адзін бок ад плоскасці падвойнай сувязі (формула 1) ці кольца (формула 3), транс-ізамеры — па розныя бакі (формулы 2, 4). У цыклічных злучэннях адначасова з геаметрычнай ізаметрыяй магчыма і аптычная ізамерыя. Геам. ізамеры маюць розныя фіз. і хім. ўласцівасці. Цыс-ізамеры даволі лёгка (пад уздзеяннем святла, цяпла, хім. рэагентаў) пераходзяць у больш устойлівыя транс-ізамеры, напр., малеінавая кіслата. Геаметрычная ізамерыя ўласцівая і палімерам, напр., гутаперча (транс-поліізапрэн), каўчук натуральны (цыс-полііэалрэн).

Літ.:

Потапов В.М. Стереохимия. 2 изд. М., 1988.

М.​Р.​Пракапчук.

Геаметрычная ізамерыя: 1, 3 — цыс-ізамеры; 2, 4 — транс-ізамеры.

т. 5, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААРДЫНАЦЫ́ЙНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

від хімічнай сувязі, якая рэалізуецца ў комплексных злучэннях. Адрозніваюць двух- і шматцэнтравую К.с. Двухцэнтравая абумоўлена перадачай электроннай пары з цалкам запоўненай арбіталі атама ліганда (донара) на вакантную арбіталь цэнтр. атама (акцэптара) з утварэннем агульнай звязваючай малекулярнай арбіталі. Такую К.с. наз. донарна-акцэптарнай сувяззю. Яна з’яўляецца разнавіднасцю кавалентнай сувязі. У выпадку шматцэнтравай К.с. электронная пара ліганда дэлакалізавана ў прасторы трох ці большай колькасці атамаў малекулы (напр., трохцэнтравая мосцікавая сувязь B-H-B у боравадародах).

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калотка ’клін, які ўстаўляецца ў рукаў’ (маст., Сл. паўн.-зах.). Фармальная сувязь з калодка (< калода 1) як быццам відавочная, аднак матывацыя няясная. Магчыма, неабходна, мяркуючы па форме слова, суадносіць з калоць ’шчапаць’ і ўзнаўляць значэнне ’клін’ (калотка ’тое, чым колюць’), аднак гэта вельмі няпэўна. У сувязі з апошнім супастаўленнем звяртае на сябе ўвагу польск. klótka ’паленца, трэска’, якое Карловіч, 2, 337, адносіў да kłódka (< kłoda).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калю́гі ’тапачкі для мерцвяка’ (навагр., Нар. сл.). Статус слова няясны. Знаходзіцца ў бясспрэчнай сувязі з адзначанымі ў розных гаворках рус. шуйск. калиги ’абутак для мерцвяка’, якое са с.-грэч. καλίγι(ον), καλίγα ’чаравік’ (да лац. caliga ’паўботы’), гл. Фасмер, 2, 167. Фанетыка ў бел. мове тлумачыцца, магчыма, народнаэтымалагічным збліжэннем з калюга ’лужына’ (у такім выпадку калюгі ’тапачкі ад гразі’), шлях пранікнення слова з рускіх гаворак няясны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)